Абакралі старасту ў Баранавічах, банды на кірмашы і катастрофа на чыгунцы. Аб чым пісалі газеты ў лютым 1933 года
Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы лютаўскія нумары старых газет.
Kurjer Nowogródzki
1 лютага
Знойдзены забойца
Некалькі дзён таму мы пісалі пра Мікалая Лешыка з вёскі Падасоўцы Дабромысльскай гміны, які быў застрэлены з карабіну праз акно. Сёння можам паведаміць, што, дзякуючы працы паліцыі, забойца быў выяўлены і арыштаваны.
Горш за ўсё, што вінаваты ў смерці яго зяць Юзік Шахмуць, які замовіў выканаць забойства Юрыю Шымчуку, паабяцаўшы заплаціць 1000 злотых, пасля таго як атрымае ў спадчыну маёнтак.
Шымчук застрэліў Лешыка з абрэзанага карабіну. Абодва вінаватыя цяпер сядзяць і разважаюць аб здзейсненым учынку.
2 лютага
Абакралі старасту
Ноччу з 29 на 30 студзеня з гаража баранавіцкага старасты пана Неўгебаўэра адарвалі калодку (накладны замок). Адтуль скралі аўчыну, плед і аўтамабільную камеру.
4 лютага
Хто абакраў гараж старасты
З нагоды нашай папярэдняй публікацыі аб крадзяжы з гаража баранавіцкага старасты — паліцыя затрымала злодзея. Гэта Канстанцін Брэчка, у яго знайшлі скрадзеныя рэчы і забралі. Пры гэтым выявіліся і іншыя брудныя справы Брэчкі. Яго перадалі судовым уладам.
Ці можа быць лёд брудным?
Гэтае пытанне мы адрасуем санітарным уладам горада. Штодня назіраючы за тым, як возяць на закладку лёд у горад, пераканаліся, што ён брудны і перапэцканы гноем. Але летам мы будзем яго спажываць з лядоўняў, напрыклад ,для вырабу марожанага і г.д.
Можа трэба, каб гэтым зацікавіліся адпаведныя людзі?

Абвестка аб продажы аўтамабіля Chevrolet на 19 асобаў. Сталовічы, Я.Волчак. Tygodnik Baranowicki №2 ад 26-02-1933
6 лютага
Асвячэнне званоў у Новай Мышы
4 лютага віленскім цягніком прыбыў у Баранавічы Пінскі біскуп Казмір Букраба, які ў той самы дзень паехаў у Новую Мыш. 5 лютага ён асвяціў там новыя званы ў касцёле. Увечары біскуп прыбыў у Баранавічы і накіраваўся на сустрэчу з вязнямі ў турме.
Біскуп Букраба застанецца ў Баранавічах да 6 лютага, ён плануе наведаць пару школ.
Вынікі збораў на Камітэт беспрацоўных
Зладжаныя Камітэтам па справах беспрацоўных 1 і 2 лютага зборы далі выдатныя вынікі – было сабрана каля 1500 злотых.
Гэта вельмі добры вынік, бо нават пры больш спрыяльных умовах раней столькі ў Баранавічах не збіралі. Заслуга камітэта ў належным выкананні сваёй працы.
У сувязі з правядзеннем збораў Камітэт выдаў аднадзённую газету.
Шчасце ў няшчасці
Днём 3 лютага ехала сабе спакойна на санях Марыя Чабатар ды разважала аб нябесных міндалях, як раптам конь напалохаўся і панёс. Чабатар выкінула з саней, але, на шчасце, атрымала толькі лёгкія пашкоджанні.
7 лютага
Сыраварная канферэнцыя ў Баранавічах
4 лютага ў залі стараства адбылася сыраварская канферэнцыя, скліканая Урадам Навагрудскага ваяводства. У ёй прынялі ўдзел вытворцы сыра з шасці паветаў нашага ваяводства, а таксама прадстаўнікі малочных прадпрыемстваў. Прысутнічаў і дэпутат Вішнеўскі, дэлегат Міністэрства сельскай гаспадаркі і рэформаў з Галоўнай школы вясковай гаспадаркі ў Варшаве, дырэктар Рудніцкі, дэлегат Асацыяцыі малочных і яечных кааператываў у Варшаве, дырэктар Ігнатовіч, дэлегат Асацыяцыі польскіх кааператываў і г.д., агулам 37 асобаў.
Напачатку канферэнцыі выступіў Эдвард Бакун, начальнік сельскагаспадарчага аддзелу ва Урадзе Навагрудскага ваяводства. Ён адзначыў значнасць сыраварства ў нашым ваяводстве і падаў шэраг лічбаў, якія тычацца вытворчасці сыра за 1931 год.
Пасля быў агучаны рэферат Конрада Мацкевіча (старшыня Асацыяцыі вытворцаў сыра ў Баранавічах) на тэму “Цяперашні стан сыраварства на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства і яе патрэбы па тэхнічнай і гандлёвай арганізацыі”. Пасля чытання адбылася актыўная дыскусія. План Мацкевіча па развіццю сыраварства быў прыняты большасцю галасоў.
9 лютага
Надакучыла ёй жыццё
5 лютага а 13.30 Ева Анупрэйчык у памяшканні на вуліцы Сенатарскай (цяпер Горкага) паспрабавала скончыць жыццё самагубствам праз піццё воцатнай эсэнцыі.
Падставай для самагубства стала непаразуменне паміж ёй і яе прыхільнікам Асінскім. Анупрэйчык адвезлі ў міжкамунальны шпіталь.
Хацелі гарэлкі
Спакойны абывацель Аляксандар Пятроў спраўляў вяселле. У разгар святкавання да яго зайшлі некалькі шалапутаў, а менавіта двое Дзядовічаў, Дрэка і Асіповіч, ды запатрабавалі пад пагрозай разгрому вяселля тры бутэлькі гарэлкі. Калі гаспадар ім адмовіў, пачалі біць яго жонку і швагерку.
Пасля такіх аргументаў Пятроў выдаў ім тры пляшкі гарэлкі, а таксама паведаміў аб гэтым у паліцыю, якая цяпер праводзіць праверку.

Гандаль він, гарэлак і каланіальна-спажыўчых тавараў. «Ekonomja», вул. Шаптыцкага, 50 (цяпер Савецкая). Tygodnik Baranowicki №1 ад 19-02-1933
12 лютага
Аб працы бібліятэкі
Публічная бібліятэка Польскага асветнага таварыства (Polskiej Macierzy Szkolnej), размешчаная на вуліцы Шаптыцкага, 55 (цяпер на гэтым месцы праход паміж будынкам каледжа лёгкай прамысловасці і домам №69 па вул. Савецкая ), працуе штодня ад 15 да 18 гадзін, а ў гандлёвыя дні дадаткова з 11 да 12-й.
Дзе грошы?
8 лютага Мойша Гімельфарб паведаміў у камісарыят паліцыі, што ён галіўся ў цырульніка Томкеля і забыўся там 70 злотых. Пасля вяртання ён грошай не знайшоў і падазрае ў крадзяжы вучняў цырульніка.
Але пан Гімельфарб, калі мае такія праблемы з памяццю, магчыма, забыў грошы ў нейкім іншым месцы. Спадзяемся, што камісарыят выявіць, дзе ён забыў тыя грошы.
Біць, так біць
Падчас спрэчкі 8 лютага з-за жыллёвага пытання быў пабіты гаспадаром кватэры Пятром Івашкам яго кватарант Міхаіл Новак, ды так моцна, што беднага кватэранта адвезлі ў мясцовы шпіталь.
13 лютага
Нарэшце яго злавілі
Вельмі часта людзі скардзіліся на гарадскія вагі на кірмашы ў Баранавічах, але нарэшце знайшоўся селянін, які паставіў усё на свае месцы. Жыхар вёскі Стайкі гміны Вольна прывёз 6 лютага ў Баранавічы на продаж парсюка. Прадаў яго як за 129 кг, як паказалі вагі магістрата на кірмашы. Але селянін быў не з гліны злеплены ды ўзважыў парсюка па дарозе другі раз, калі адвозіў яго пакупніку. Выявілася, што ён стаў ахвярай падману, бо свіння важыла 150 кг.
Нічога нікому не кажучы, ён паехаў у баранавіцкае стараства і пра ўсё там расказаў. Разам з ім да гарадскіх вагаў пайшоў паліцэйскі.
Пасля важання выявілася, што парсюк важыць 148 кг, што падверадзіў доктар Новак, а паліцэйскі склаў пратакол на работніка вагаў — Яна Кухарскага, якога магістрат звольніў з працы. Акрамя таго будзе мець прыкрасць, калі суд яму нагадае, што ашукваць нельга.
Яшчэ адзін падкідыш
Раніцай 6 лютага да брамы прытулку было падкінута немаўля мужчынга полу ўзростам прыкладна 4 месяцы. Супрацоўнікам магістрату яшчэ адзін клопат на галаву – утрыманне падкідыша.
Пасрэдніца па працаўладкаванню
9 лютага Адэля Шычэўская, жыхарка Пастарыння, паведаміла ў камісію, што тры тыдні да таго, калі шукала ў Баранавічах працу, выпадкам зайшла да Ходы Міскін на уліцы Каляёвай, 36 (цяпер Вільчкоўскага). Міскін сказала, што дапаможа знайсці працу, але запатрабавала грошы за пасрэдніцтва. Шычэўская дала ёй 2 злотых, але за 3 тыдні пасады так і не дачакалася. Грошы ёй таксама не вярнулі.
Гэтай загадкавай і арыгінальнай справай давядзецца займацца камісарыяту паліцыі.
Фальшывая манета
Днём 9 лютага Міхал Лапаце прадаваў на кірмашы жыта. Нейкі невядомы жыд даў яму 2 злотых. Манета была фальшывай. Паліцыя распачала пошукі.
Перарваная забава
Кола вясковай моладзі ладзіла ў вёсцы Тартакі гміны Новая Мыш танцы. Падчас забавы туды прыйшоў у нецвярозым стане Стэфан Пераход, які пабіў інструменты музыкам. У сувязі з гэтым арганізатары спынілі танцы і вярнулі наведвальнікам грошы за выкупленыя квіткі.
На авантурніка пададзены скарга ў паліцыю.
16 лютага
Лепей не гуляць
11 лютага Стэфанія Грацкая паведаміла ў паліцыю, што калі была ў кавярні Гарфінкеля на вуліцы Шаптыцкага, 43 (цяпер Савецкая), дык гуляла на шакаладным апараце Suchard. За першыя два разы яны выйграла шакаладкі, а трэці раз вялікую скрыню з цукеркамі. Гарфінкель, бачачы выйгрыш, не захацеў аддаваць ёй скрыню, а ізноў даў шакаладку.
Не жадаючы дараваць свае страты, Грацкая звярнулася ў камісарыят паліцыі.
Чыгуначная катастрофа
14 лютага а 23.59 пасажырскі цягнік №152, які прыбываў са станцыі Баранавічы-Палескія на станцыю Баранавічы-Цэнтральныя, наехаў на пустыя платформы, што знаходзіліся на стрэлцы №96. У выніку моцна пашкоджаныя тры платформы і часткова паравоз пасажырскага цягніка. Людскіх ахвяр не было, а цягнік праз 20 хвілін прастою рушыў у далейшы шлях.
Аварыя адбылася з-за няправільнага размяшчэння на шляхах платформ. Следства вядуць чыгуначныя ўлады.
17 лютага
Ізноў банда на кірмашы?
14 лютага на кірмашы 3 мая (цяпер раён паміж вуліцамі Прытыцкага, Чырвонарамейская, Гагарына і Горкага) у кіёск Паўла Лапы зайшло 2 незнаёмцы, якія, пагражаючы збіццём, запатрабавалі грошы на бутэльку гарэлкі.
Лапа, баючыся біцця, пайшоў з імі да будкі, купіў 2 пляшкі гарэлкі і закуску. Праз пэўны час тыя самы тыпы вярнуліся, жадаючы яшчэ гарэлкі (апетыты растуць). Тады Лапа не вытрымаў і звярнуўся ў паліцыю, якая затрымала аднаго з тыпаў, нейкага Кульбіцкага.
І там знайшлі
Кацярына Шляхцін прыйшла ў слязах 14 лютага ў камісарыят паліцыі і паскардзілася, што ў яе скралі 100 злотых, якія яна схавала так, што ніхто б не знайшоў. Завязала іх у хустачку і прывязала да бэлькі на столі. У паліцыі суцешылі бедную жанчыну, што пачнуць пошук злачынцаў. Шляхцін падазрае ў крадзяжы сваіх служкаў.
18 лютага
Кара смерці для забойцаў палясоўшчыка
Сёння вынесены вырак неадкладнага суда (sąd doraźny –суд у міжвеннай Польшчы, прызначаўся ў выпадку пагрозы дзяржаўнай бяспецы, разглядаў крымінальныя справы ў скарочаным парадку (звычыйна справы шпіёнаў і забойцаў). Звычайна на ім выносіліся смяротныя прысуды, якія выконваліся пра 2-3 дні. Адмяніць іх мог толькі прэзідэнт) супраць трох жыхароў вёскі Волька (Дабромысльскай гміны): Яна Барашкі, Язэпа Хоміча і Антона Карача, абвінавачаных у тым, што 4 студзеня выманілі з хаты палясоўшчыка Яна Мізгера і жорстка забілі яго ў лесе.
Пасля, каб схаваць сляды забойства, прыйшлі ў хату, дзе цяжка паранілі жонку Мізгера Ганну, якая ляжала ў ложку пасля родаў, якія адбыліся за дзень да гэтага, чатырох дзяцей ва ўзросце ад 4 да 9 год, а таксама Кацярыну Касянік, якая выконвала там абавязкі бабкі-павітухі.
Пасля нападу забойцы звонку забарыкадавалі дзверы і вокны хаты і падпалілі будынак.
Толькі дзякуючы супрацоўнікам маёнтку Рудня, а менавіта аб’ездчыка Адамовіча і палясоўшчыка Касяніка, параненых вынеслі з палаючага будынку. Медыкі здолелі выратаваць жыццё жонцы Мізгера і чатыром яго дзецям. Былі яны на судзе галоўнымі сведкамі. Бабка Касянік жа памерла ад ран.
Усе трое падсудных прызнаныя судом вінаватымі. Ім прызначана кара смерці праз павешанне.
Абарона звярнулася да пана прэзідэнта з просьбай аб памілаванні.
19 лютага
Вырак смерці выкананы ў Баранавічах
З-за таго, што пан прэзідэнт Рэчы Паспалітай не скарыстаўся правам памілавання да трох выканаўцаў агіднага забойства на хутары Сосенка, 18 лютага а 12.17 у карна-следчай турме ў Баранавічах вырак смерці праз павешанне быў выкананы. Экзекуцыю правёў кат Браўн і яго памочнік. Найстарэйшы з асуджаных, Карач – плакаў, Барашка і Хоміч трымаліся спакойна.
23 лютага
Узнагарода ветэрана 1863 года
22 лютага баранавіцкі стараста Неўгебаўэр выехаў у Ляхавічы, дзе ўзнагародзіць паўстанцкім крыжам 1863 году ветэрана Райскага.
Мерапрыемства адбудзецца на кірмашы, дзе збярэцца мясцовая грамада з аркестрам.
Знікла дрэва
Тэадор Плець вырашыў пабудаваць сабе дом, закупіў дрэва і склаў яго на сваім падворку на вуліцы Каперніка, 68 (цяпер Халасцякова).
Праз пэўны час ён заўважыў, што знікае па некалькі бярвенняў ды робіцца яго ўсё меней. Паведаміў пра гэта ў паліцыю, якая знайшло дрэва ў Андрэя Сергеля на той самай вуліцы, на падворку №96. Уся драўніна вернута пацярпеламу гаспадару.

Рэклама Фабрыкі камянёў і млынарскіх машын «Рагузніцкі і Бук». Таварыства «Мукамол»,вул Нарутовіча (раней Пачтовая, 13 — цяпер Камсамольская), Trybuna Akademicka, люты-сакавік 1933
24 лютага
Інфармацыя для жадаючых з’ехаць
Людзі, якія жадаюць эміграваць з Польшчы, вымушаны выдаткоўваць грошы, каб з’ездзіць з Баранавіч у Варшаву, дзе яны даведваюцца пра ўмовы бяспечнага выезду за граніцу
Нацыянальнае агенцтва занятасці (Panstwowy Urząd Pośrednictwa Pracy) паведамляе, што людзі, якія жывуць на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства і маюць намер выехаць за граніцу, могуць звяртацца ў філіял Нацыянальнага агенцтва занятасці ў Баранавічах – вул. Сенатарская, 71 (цяпер Горкага), тэлефон – 70. Там можна атрымаць бясплатную і вычарпальную інфармацыю аб выездзе за граніцу і магчымага накіравання да агентаў эміграцыйнага сіндыкату, якія дапамагаюць бясплатна зрабіць загранічны пашпарт і іншыя дакументы для падарожжа.
Выязджаючым эмігрантам Агенцтва выдае даведку на зніжку для пакупкі чыгуначных білетаў і ільготы на правоз багажу да станцыі на граніцы.
Tygodnik Baranowicki
19 лютага, №1
Колькі каштуе будаўніцтва школы
Агульная школа, што будуецца ва ўрадніцкім пасёлку (з 1929 году), ужо каштавала гораду 130 тысяч злотых. На заканчэнне трэба яшчэ 100 тысяч. Горад спрабуе атрымаць крэдыт.
Праца новай рэзні
Па нашых звестках, будаўніцтва гарадской рэзні (бойня, цяпер мясакамбінат) скончыцца на наступным тыдні. Каштавала яна гораду – 200 тысяч злотых. Яе запуск плануецца на сакавік месяц.
Опера ў Баранавічах
Оперу “Жабін кароль” пакажуць выхаванцы жаночай гімназіі імя Барбары Радзівіл. На ёй будзе прысутнічаць каля 90 чалавек. Прадстаўленне адбудзецца ў першыя дні сакавіка.
У гімназіі вучыцца 279 вучаніц. З іх рыма-каталікоў – 149, абраду Майсеевага – 93, праваслаўнага – 46.
Баранавіцкі рынак
На баранавіцкім кірмашы збожжа падаражала на 1 злоты. У мінулы чацвер плацілі за:
- 1 пуд бульбы – 60 грошай
- 1 пуд жыта – 2,8 злотых
- 1 пуд пшаніцы – 3,8 злотых
- 1 пуд ячменю – 2,2 злотых
- 1 пуд аўса – 2,10 злотых
- За 1 воз бярозавых дроў – 2,5-3,5 злотых
- За 10 яек – 80 грошай -1 злоты
- За 1 кг масла – 2,8-3 злотых
- За 1 кг сыра звычайнага – 50-60 грошай
- За 1 кг сыра літоўскага – 1,75 злотага
- За 1 курыцу –1,8-3,5 злотых
- За 1 гуся – 2,8-3 злотых
26 лютага №2
З фронту змагання з бядою
Лічба беспрацоўных у Баранавічах складае каля 400 чалавек.
Штодня ў горадзе бясплатна кормяць каля 800 дзяцей.
У Баранавіцкім павеце штодня кормяць 160 дзяцей.
Абвестка
Есць пасада САДОЎНІКА Ў МАЁНТКУ. Звяртацца ў дзяржаўную службу занятасці ў Баранавічах.
Сканчэння школьнага года
Школьны год скончыўся 15 чэрвеня. Новы распачнецца 15 жніўня.
Што паказваюць
У кінатэатры “Apollo” ідуць “Невядомы спявак” і “Горад кахання” — нямыя фільмы, агучаныя аркестрам з 10 музыкаў.
Чытайце таксама: Крывавая разня ў доме палясоўшчыка, праблемы з ліхтарамі і лыжныя курсы. Аб чым пісалі газеты ў студзені 1933 года
Cвіное пытанне, страйк муляроў і забойства падчарыцы. Аб чым пісалі газеты ў кастрычніку 1932 года
Присоединяйтесь к нам в Viber, Instagram, ВКонтакте или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.