Новости / Общество

Апошняе слова Алеся Бяляцкага ў судзе: «Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне»

13.02.2023, 20:56 

На думку праваабаронцы, у такім дыялогу павінны ўзяць удзел, як прадстаўнікі ўладаў, так і тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах.

Апошняе слова Алеся Бяляцкага ў судзе: «Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне»

Алесь Беляцкий, фото БЕЛТА

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі выступіў на судзе з апошнім словам. «Салiдарнасць «публікуе фрагменты з ягонага выступу.

Алесь падкрэсліў, што крымінальная справа супраць праваабаронцаў палітычна матываваная:

— Уся гэтая эпапея на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне не мае нічога агульнага з папярэднім следствам, плюс палітычны падтэкст, — заявил ен. — А за ім не было і справядлівага судовага разбіральніцтва.

Паўтара года цягнулася расследаванне гэтак званай крымінальнай справы. З чатырох адвакатаў, якія на розных этапах абаранялі мяне, адзін з іх — Віталь Брагінец, які апынуўся ў турме і быў зняволены на восем гадоў, яшчэ двое былі пазбаўленыя ліцэнзіі цягам апошніх месяцаў, і толькі адна дайшла да фініша. Такі беспрэцэндэнтны ціск на адвакатаў паказвае, у якіх цяжкіх і небяспечных умовах ім прыходзіцца абараняць сваіх кліентаў.

Замест таго, каб пачуць голас народу, у Беларусь прыйшла мацнейшая рэакцыя. Відавочна, палітычным рашэннем уладаў было разграміць і знішчыць грамадзянскую супольнасць Беларусі.

Пад катком апынуліся незалежныя журналісты і блогеры, самастойныя аналітыкі і палітолагі, прафсаюзныя актывісты з незалежных прафсаюзаў, лідары і актывісты палітычных партый і рухаў, актывісты выбарчых штабоў кандыдатаў у прэзідэнты, як і самі кандыдаты ў прэзідэнты, дзеячы беларускай культуры, пісьменнікі, музыкі, мастакі, выкладчыкі і студэнты, спартсмены, шараговыя ўдзельнікі мірных пратэстаў ды і проста выпадковыя людзі.

Сотні за апошнія два з паловай гады ўжо прайшлі праз турмы і пасля пакарання выйшлі на волю. Дзясяткі тысяч мірных актывістаў былі арыштаваныя і асуджаныя за гэты час па адміністрацыйных справах.

Неверагодныя, неўяўляльныя і нябачныя дагэтуль узровень  усемагчымага ціску на грамадства з боку ўладаў! У нашай гісторыі такое было толькі ў царскія і сталінскія змрочныя гады аж да смерці Сталіна ў 53-м годзе.

Напачатку 80-х гадоў, калі ў СССР быў пік змагання з дысідэнтамі, праваабаронцамі, актывістамі нацыянальных і рэлігійных рухаў, палітзняволеных было каля трох тысячаў на ўсю агромністую савецкую імперыю, у якой жыло 250 мільёнаў чалавек. А зараз на адну Беларусь — паўтары тысячы.

Я перакананы, што курс узяты ўладамі на татальны кантроль грамадства і жорсткае падаўленне іншадумства, поўную адмову ад плюралізму думак, пераўладкаванне дзяржаўнага ладу па ўзору таталітарнага грамадства а-ля «Савецкі саюз 70-х гадоў» зусім бесперспектыўны.

Свет ідзе наперад — у постіндустрыяльную эпоху. Ужо вырасла новае пакаленне, і мільёны беларусаў, якія маюць інакшае ад яшчэ той савецкай эпохі цывілізацыйныя каштоўнасці. Яны не хочуць жыць у савецкай казарме.

Для іх мала скіркі хлебы палітай вадой і пасыпанай цукрам, ці сала пасмажанае на ражончыку. Яны хочуць і патрабуюць, каб іх голас быў пачуты, улічаным і палічаным. Яны хочуць жыць у эканамічна развітай дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.

Падзеі 2020-га году, масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый вынікаў выбараў, супраць парушэнняў правоў чалавека выразна паказалі лепей за любую сацыялогію. Багата для каго гэтыя падзеі былі нечаканасцю, а для ўладаў — непрыемным сюрпрызам.

Трэба прызнаць, што грамадства і людзі ў краіне моцна падзеленыя біялагічна, каштоўнасна, ментальна, але тым, хто жыве ў грамадстве, відаць, што гэты падзел ідзе па ўзросце, па месцы пражывання, па ўзроўню адукацыі, хаця нічога дзіўнага, адметнага і ўнікальнага ў гэтым няма.

Па ўсім свеце грамадствы неаднародныя. Яны складаюцца з розных людзей розных поглядаў, іхныя інтарэсы прадстаўляюць палітычныя партыі, а сапраўды справядлівыя выбары даюць магчымасць адносіцца з больш-менш пэўным даверам да ўлады.

Падзел беларускага грамадства не фатальны. З ім і грамадства, і дзяржава могуць жыць, але яго існаванне трэба ясна ўсведамляць, а не заплюшчваць вочы і не будаваць сабе ўтульны свет, так, як камусьці хацелася б. Мільёны беларусаў думаюць і разважаюць, урэшце жывуць, вось так, а мільёны — па-іншаму. І не так важна, каго сёння больш. І адных, і другіх мільёны.

Важна зразумець, што такі ўнутраны падзел грамадства надоўга. І з гэтым падзелам нам усім — усяму беларускаму грамадству незалежна ад нашых поглядаў і перакананняў — прыйдзецца яшчэ доўга жыць.

У гэтай сітуацыі курс на канфрантацыю, калі адная частка — сілавыя структуры, спецслужбы, пракуратура, следчы апарат, суды — цісне і душыць другую, небяспечны і бесперспектыўны. Ён вядзе ў нікуды.

Гісторыя краінаў Лацінскай Амерыкі XX стагоддзя — Чылі, Аргенціна, Гаіці і іншых краін — гэтаму пацверджанне. Хунты Бананавай рэспублікі, дыктатуры не маюць перспектывы для доўгага жыцця і развіцця. Вынікі такой палітыкі нецярпімасці, канфрантацыі і поўнай адмовы ад палітычнага плюралізму — гэта няспынны грамадска-палітычны, сацыяльны, эканамічны крызісы, масавая міграцыя. Усё гэта туга завязана паміж сабой.

Сітуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве моцна небяспечная для суверэнітэту Беларусі. Перад намі агромністыя геапалітычныя выклікі — краіна зайшла ў тупік. Як казалі нашыя продкі: «Той самы нерат, з якога ні ўзад, ні ўперад». Адзіным магчымым выйсцем з усебаковага крызісу, у якой апынулася Беларусь, бачыцца пастаянны доўгатэрміновы пошук кансэнсусу, раўнавагі ў грамадстве з улікам інтарэсаў розных слаёў грамадства.

Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка ні здавалася камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць правядзенне шырокамаштабнай амністыі.

У такім дыялогу павінны ўзяць удзел, як прадстаўнікі ўладаў, так і прадстаўнікі шырокай грамадскасці, палітычных партый і рухаў, тыя, хто зараз знаходзіцца ў турмах і тыя, хто ратуецца і вымушаны быў з’ехаць за мяжу. Гэта рэальная прапанова, абы было жаданне і палітычная воля.

Грамадска-палітычны крызіс у Беларусі не ўнікальны. Вось проста зараз выхадам з падобных крызісаў займаюцца іншыя краіны ў розных кутках свету. Улады і грамадскасць у Казахстане, у Венесуэле і нават у Іране.

Трэба ясна ўсвядоміць, што лепей цяжкія перамовы і паступовы выхад з крызісу, чым бязлітаснае супрацьстаянне, якое можа прывесці да вельмі сур’ёзных наступстваў: да беднасці і жабрацтва, да гвалту і несправядлівасці, якія спустошаць Беларусь.

Калі мы думаем пра Беларусь як пра нашу супольную для ўсіх беларускіх грамадзянаў Радзіму, у якой нягледзячы на розныя палітычныя погляды і геапалітычныя прыхільнасці, ёсць месца ўсім.

Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць.

gazetaby.com

Чытайце таксама: Для обвиняемых по делу «Вясны» запросили сроки. Нобелевскому лауреату от Беларуси просят больше всех

Нобелевскую премию присудили белорусскому правозащитнику, который сейчас в заключении

Нобелевский лауреат просил вести процесс на белорусском языке или предоставить переводчика. Вот что решил суд

Алесю Беляцкому вручили Нобелевскую премию мира. От имени белорусского правозащитника награду получила его жена

Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.