Крывавая разня ў доме палясоўшчыка, праблемы з ліхтарамі і лыжныя курсы. Аб чым пісалі газеты ў студзені 1933 года
Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы студзеньскія нумары старых газет.
Kurjer Nowogródzki
3 студзеня
Курсы садоўніцтва
Клуб чыгуначнікаў распачынае курсы садоўніцтва для супрацоўнікаў чыгункі і прыватных асоб. Курсы будуць праводзіцца 3, 4, 10, 11, 12 студзеня ў клубе чыгуначнікаў з 19 да 21 гадзіны.
На курсах будуць выкладаць наступныя прадметы: 1. Правілы раллі і яе ўгнаення; 2. Садаводства на малой тэрыторыі; 3. Агародніцтва; 4. Эстэтыка сядзібы.
Выкладанне будзе праводзіць дырэктар Школы садоўніцтва ў Вільні. Уваход для ўсіх вольны.
Нешчаслівы выпадак
30 снежня, падчас праезду праз Ляхавічы аўтобуса “Баранавічы-Клецк”, спалохаўся конь, што стаяў на кірмашы. Конь належаў Яну Калядзе з вёскі Ляхавічы. Конь наляцеў на Міхала Зялінскага, жыхара вёскі Гута, які праходзіў праз кірмаш, ударыў яго і моцна пабіў галаву. Пасля першай медыцынскай дапамогі Зялінскага ў безнадзейным стане прывезлі ў шпіталь у Баранавічы.
5 студзеня
Забойства
28 снежня жыхары вёскі Навасады гміны Востраў – Сымон і Міхал Наўмовічы, а таксама Васіль Якута – паехалі да Слоніма, каб прадаць свіней. Увечары 29 снежня Сымон Наўмовіч і Васіль Якута вярнуліся дахаты, а Міхала Наўмовіча не было. Затое вярнуўся конь з пустым возам.
На возе знайшлі сляды крыві, таму родныя Наўмовіча падаліся на росшукі і знайшлі труп з ранамі на галаве за 1,5 км ад вёскі Навасады.
Сям’я Наўмовічаў да таго, як паведаміць у паліцыю, прывезла цела дахаты. Пасля паведамлення на месца здарэння выехаў кіраўнік следчага аддзелу. Як здарылася забойства, пакуль не вядома.
6 студзеня
Крывавы напад на дом палясоўшчыка
Сёння ноччу невядомыя асобы ўварваліся ў дом пры маёнтку Рудня (Дабромысльская гміна) і жорстка забілі палясоўшчыка (па-польску “gajowy”, падпарадкоўваўся ляснічаму) Яна Мізгеру. Пасля забойцы ізноў уварваліся ў яго дом ды цяжка паранілі нажамі жонку Мізгеры і дзяцей 6 і 11 год, а таксама нейкую Кацярыну Касянік, якая там была.
Пасля нападнікі зачынілі з вуліцы дзверы і вокны ды падпалілі дом палясоўшчыка. З палаючага дому няшчасных выратавалі жыхары маёнтку Рудня. На месца здарэння выехалі пракурор Вілямовіч, следчы суддзя Гротус, доктар з хуткай карэтай Пагатова і кіраўнік мясцовага следчага аддзелу Буткевіч.
З-за таго, што справа сур’ёзная, больш падрабязнасцей следства не паведамляе.
Ці вуліца Нарутовіча горшая за іншыя?
Шмат можна напісаць пра асвятленне вуліц у Баранавічах, бо ўсе ведаюць, што яно недастатковае. Але не можам мы даць гэтаму рады, пакуль магістрат не пабудуе ўласную электрастанцыю.
Ужо некалькі дзён перагарэлі лямпачкі на скрыжаваннях некаторых вуліц, і дагэтуль іх не замянілі. Напрыклад, на такой вуліцы Нарутовіча (цяпер Камсамольская) знаходзіцца старастава (будынак былой медвучэльні), і лічаць яго найлепшым у ваяводстве.
Можа, пан бурмістр горада надзярэ каму трэба вушы, бо гэта справа, якую можна вырашыць без вялікіх выдаткаў.
10 студзеня
Гарэлку піў, яшчэ і біў!
8 студзеня паліцэйскі Францішак Прушынскі зайшоў у гандлёвую будку Антона Цыкмана і застаў там людзей, што пілі алкаголь.
Адзін з іх – Францішак Крамарчык, схапіў пляшку гарэлкі і паспрабаваў уцячы. Паліцэйскі забраў бутэльку, тады п’яны кінуўся да яго і спрабаваў сілай забраць гарэлку, але нічога ў яго не выйшла.
Трэба адзначыць, што акрамя барацьбы з нелегальным разлівам гарэлкі, які ладзяць у будках, адбываюцца там проста скандальныя рэчы.
Напад?
Сяргей Праванскі, жыхар вёскі Савічы гміны Вольна, паведаміў у паліцыю, што 8 студзеня прыкладна а 23.30 яго 60-гадовая маці Кацярына была закідана камянямі, некаторыя з якіх трапілі ў галаву.
Намагаючыся абараніць маці, Сяргей Праванскі пагнаўся за хуліганамі, але тыя 20 разоў у яго стрэлілі, аднак не патрапілі.
Пашкоджанні цела Кацярыны дактары прызналі цяжкімі, бо маецца трэшчына чэрапа. Паліцэйскі з Вольна ўжо ідзе па слядах злачынцаў.

Гарсэты і лячэбныя пасы, а таксама школьныя заплечнікі Крама Л.Віннікава на вуліцы Шасова (цяпер Брэсцкая). Kurjer Nowogródzki 29-01-1933
12 студзеня
Злавілі забойцаў палясоўшчыка Мізгера
Некалькі дзён таму мы пісалі пра напад на дом каля маёнтку Рудня і забойства палясоўшчыка Мізгера. Сёння нам паведамілі, што, дзякуючы энергічнай працы Следчага аддзелу з Баранавіч, забойцы былі схопленыя. Гэта Ян Барашка, Язэп Хоміч, Антон Карачун – усе жыхары суседняй вёскі Волька (Дабромысльская гміна).
Паводле апошняй інфармацыі, падставай да забойства былі асабістыя стасункі паміж гэтымі трыма асобамі і палясоўшчыкам Мізгерам.
Яны найперш выманілі палясоўшчыка з хаты да лесу, дзе яго і забілі. Пасля, каб пазбавіцца сведкаў, вярнуліся да будынка, каб забіць усіх, хто знаходзіўся там. Акрамя палясоўшчыка Яна Мізгера была на месцы акушэрка Кацярына Касянік (яна забітая). Яна як раз прыбыла, каб дапамагчы пры родах дзіцяці Мізгера. Іншыя людзі, а менавіта: жонка палясоўшчыка Ганна і чацвёра дзяцей – 11-ці і 5-цігадовая дочкі ды 7-мі і 5-цігадовы сыны, атрымалі такія цяжкія раны, што цяпер знаходзяцца амаль у безнадзейным стане ў Баранавіцкім шпіталі. Такім чынам, ахвярай забойцаў сталі 7 чалавек.
Для таго, каб схаваць сляды, хату палясоўшчыка падпалілі.
Забойцы разам з рэчавымі доказамі былі перададзены судовым уладам і хутка паўстануць перад судом.
17 студзеня
Хітры злодзей
Пані Кацярына Чарняўская летам трымала на возеры Жлобін (цяпер Жлобінскае) буфет і байдаркі, якія здавала ў арэнду. Усё гэта на зіму пакінула ў адрыне каля возера. Гэтым скарыстаўся нейкі злодзей, які забраў усе рэчы п.Чарняўскай – 12 вёсел, 5 сталоў, 3 лавы і 2 байдаркі.
Не засталося ёй нічога больш, як звярнуцца ў камісарыят паліцыі, які, мы спадзяемся, знойдзе злодзея.
Смерць дзіцяці
У Лясной 13 студзеня падчас адсутнасці ў хаце пана Канстанціна Качынскага і яго жонкі звалілася з лавы іх двухгадовае дзіця. З-за ўдару галавой малое памерла. Гэтае дзіцё было ўзята на выхаванне ад Валерыі Ешка з Баранавіч. Падрабязнасці здарэння высвятляюць паліцэйскія з пастарунка ў Лясной.
20 студзеня
Барацьба з беспрацоўем
14 студзеня, дзякуючы намаганням Камітэту беспрацоўя, у клубе чыгуначнікаў адбыліся танцы. Прыбытак у суме 25 злотых 50 грошай быў перададзены Камітэту.
24 студзеня
Лыжныя курсы
Аб’яднанне рэзервістаў ладзіць у Баранавічах лыжныя курсы. Запісацца можна ў іх офісе на вуліцы Уланскай (цяпер бульвар Штакераў). Для чальцоў аб’яднання курсы бясплатныя.
Пажар
20 студзеня а 22.30 у вёсцы Мілавіды адбыўся пажар у гаспадарцы Яна Ваўчка. З-за моцнага ветру і густой забудовы агонь перакінуўся на іншыя будынкі. Згарэла 11 дамоў, 7 хлявоў і 5 адрын. Страты ацэньваюцца да 21 000 злотых. Страхоўка ўсіх гэтых будынкаў ледзь складае 9210 злотых. Падчас пажару згарэлі 2 каровы. Людзі не пацярпелі.
Пажар дапамагалі тушыць пажарныя каманды з вёсак Скарынкі і Востраў. Пажар паўстаў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём.
25 студзеня
Забойства дзяўчыны
22 студзеня капрал 79 пяхотнага палка са Слоніма Антон Данюка, які праходзіў навучаньне ў Баранавічах у 78 пяхотным палку, забіў 22-гадовую Вольгу Тысяневіч. Забойства адбылося на побытавай глебе. Капрал быў затрыманы вайсковай жандармерыяй.
Таксама затрыманы Антон Някрута, які быў разам з Данюкам і, нібыта, адбіраў у таго рэвальвер, чым справакаваў стрэл і забойства Тысяневіч. Следства вядзе жандармерыя разам з паліцыяй.
28 студзеня
Спрытная матка
25 студзеня ў Баранавіцкі прытулак для малых дзяцей прыйшла невядомая жанчына з 2-хтыднёвым немаўля. Яна назвалася карміцелькай дзіцяці. Гэтая жанчына прабыла там некалькі гадзін, пасля выйшла ў горад і больш не вярнулася. Затое сваё дзіцё пакінула. Спрытную маці шукае паліцыя.
Акрамя гэтага да прытулку падкінулі яшчэ адно 2-хтыднёвае немаўля, якое ўжо ўзялі пад апеку.
29 студзеня
Праезд пана ваяводы
Раніцай 28 студзеня праз Баранавічы праехаў ваявода Навагрудскага ваяводства – пан Свідэрскі, які накіроўваўся на інспекцыю Нясвіжскага стараства.
Пан ваявода ехаў чыгуначнай дрызінай. На вакзале яго спаткалі: баранавіцкі стараста Нэўгебаўэр, кіраўнік камісарыяту паліцыі Кучынскі і ад кіраўніцтва чыгункі пан інжынер Лайман.
30 студзеня
Яшчэ адно забойства
Раніцай 28 студзеня ў вёсцы Падасоўцы Дабромысльскай гміны быў застрэлены з карабіну праз акно 50-гадовы Міхась Лесік, калі снедаў за сталом. Куля прабіла грудзі, і Лесік памёр на месцы. Забойца здолеў уцячы нікім не заўважаны. На месца выехаў кіраўнік следчага аддзелу.
Гэта ўжо другое забойства (пасля егера Мізгеры) у гміне за студзень.
Пасяджэнне гарадской Рады
(скарочана)
28 студзеня адбылося пасяджэнне гарадской Рады, якая павінна была разглядзець 11 пытанняў. Пасля доўгіх дыскусій быў зменшаны гарадскі бюджэт на 1933 год.
Таксама быў абмеркаваны продаж крыві з гарадской бойні (цяпер мясакамбінат). Па прапанове віцэ-бурмістра Вінніка зацверджана цана 10 злотых за бочку крыві.
Па прапанове раднага (дэпутата) Глонбіка было разгледжана пытанне дапамогі беспрацоўным. Ён прапанаваў унесці ў бюджэт 1932/33 гг 3000 злотых на гэтыя мэты. Магістрат прапануе 2000 злотых. Прапанова была прынята прыхільна і зацверджаны бюджэт на суму 3000 злотых.
Пры гэтым сацыялістычная фракцыя ў Радзе ўстрымалася ад галасавання. У сувязі з гэтым бурмістр звярнуўся да сацыялістаў: “Чаму вы не галасуеце за беспрацоўных?”. На гэта атрымаў адказ, што прадстаўнікі сацыялістычнай фракцыі адносяцца да такой дапамогі беспрацоўным негатыўна. Пан бурмістр тады сказаў, што калі будзе прымацца бюджэт на наступны год, ён запросіць сацыялістаў, каб тыя расказалі, як і што належыць зрабіць.
Потым разгледзелі пытанне абавязковага ўсталявання электрычных лічыльнікаў. Пасля гарачых дэбатаў на прапанову раднага Глонбіка ад гэтага вызвалілі аднапакаёвыя памяшканні (кватэра з кухняй).
Агульны гаспадарчы каляндар на 1933 год
Спіс кірмашоў у Баранавіцкім павеце
- Баранавічы – гандаль кожны панядзелак і чацвер
- Ляхавічы – гандаль кожную сераду. Ярмаркі на свята Ўнебаўшэсце, Божага цела і 1 лістапада.
- Моўчадзь – гандаль кожную сераду.
- Гарадзішча – гандаль кожны панядзелак, тры штогадовыя ярмаркі.
- Новая Мыш – рынак зачынены.
- Востраў – рынак зачынены.
Чытайце таксама: Патануў школьнік, баранавіцкі Чыкага і хросны бацька – прэзідэнт. Аб чым пісалі газеты ў снежні 1932 года
Cвіное пытанне, страйк муляроў і забойства падчарыцы. Аб чым пісалі газеты ў кастрычніку 1932 года
Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber, Instagram, ВКонтакте или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.