Новости / Спадчына

Патануў школьнік, баранавіцкі Чыкага і хросны бацька – прэзідэнт. Аб чым пісалі газеты ў снежні 1932 года

24.12.2022, 10:25 

Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы снежаньскія нумары старых газет.

Патануў школьнік, баранавіцкі Чыкага і хросны бацька – прэзідэнт. Аб чым пісалі газеты ў снежні 1932 года

Ялінка на Свята Божага нараджэння для дзяцей чыгуначнікаў у Баранавічах 1936 год. Здымак з калекцыі Руслана Равякі. Размаляваны штучным інтэлектам.

Kurjer Nowogródzki

1 студзеня

Барацьба з беспрацоўем

Кіраўніцтва Навагрудскага ваяводства вызначыла для Баранавіцкага стараства на снежань крэдыт у памеры 5000 злотых для ўладкавання беспрацоўных на дарожных работах.

Такім чынам, штодня працу атрымаюць 100 чалавек, і колькасць беспрацоўных на нашых землях не будзе такой высокай. Застанецца нэндза (галеча), якая заўсёды была і над якой заўсёды трэба апекавацца.

Не пускайце кароў на самапас

27 лістапада хуткі цягнік, які ехаў з Баранавіч да Стаўбцоў, збіў дзве каровы, якія належалі Яну Лукашэвічу і Шлёме Красуцкаму, жыхарам в. Крошын. Цягнік спыніўся на 10 хвілін, а потым рушыў далей. Праверку праводзіць пастарунак паліцыі са Стаўбцоў.

Труп немаўляці

27 лістапада а 15 гадзіне гаспадар маёнтку Арабаўшчына Антон Хмялеўскі знайшоў труп немаўляці каля вёскі Арабаўшчына. Аб гэтым ён паведаміў у паліцыю.

Калі на месца прыбыў паліцэйскі, выявілася, што труп дзіцяці з’елі сабакі. Сляды знішчаныя. Следства вядзе пастарунак з мястэчка Сталовічы.

Забойства ў Новай Мышы

Ноччу з 24 на 25 лістапада ў мястэчку Новая Мыш была забіта 65-гадовая Марыя Кныш. Яе цела знайшлі ў калідоры зачыненага дома. Памяшканне было разгромлена, шыбы выбітыя. Падазрэнне падае на сына забітай – Станіслава Кныша, які мог здзейсніць гэта з помсты, бо маці сварылася на яго, што вядзе неадпаведны вобраз жыцця.

Агляд трупа паказаў, што жанчына магла памерці сама, а рана на галаве ад удару тупым прадметам магла быць атрыманая, калі яна падала.

Яе сына Станіслава арыштавалі 25 лістапада ў Баранавічах на рынку імя 3 мая (цяпер квартал паміж вуліцамі Гагарына, Горкага, Прытыцкага і Чырвонаармейская). Ён быў у п’яным стане. 

На месца здарэння выехаў асабіста Уладзіслаў Галоўка, камендант паліцыі Баранавіцкага павету.

2 снежня

Амаль як у Чыкага

На вуліцы Пілсудскага (цяпер Чырвонаармейская) а 20 гадзіне 26 лістапада да гаспадыні кілбаснай фабрыкі Браніславы Баранцэвіч падбег нейкі невядомы спраўца, ударыў яе і выхапіў з рук торбачку, дзе было прыкладна 200 злотых, пасля чаго збег.

Рэклама савецкага фільма «Волга, Волга». Kurjer Nowogródzki, 17-12-1932

4 снежня

Сход гільдыі цырульнікаў

28 лістапада пад кіраўніцтвам старшыні гільдыі Вінаграда, пры ўдзеле 12 чалавек, адбыўся сход чальцоў гільдыі цырульнікаў у Баранавічах. Сход быў сабраны, каб абраць новае кіраўніцтва, бо старое не дзейнічала. У выніку былі абраныя: Абрам Вінаград, Рубін Кравецкі, Ян Млезян, Фейвель Тункель, Вільгельм Вулкан і Шлёма Ленкін.

7 снежня

Як было на самой справе

Янкель Гарбус паведаміў у паліцыю, што 2 снежня прыйшоў да яго ў кватэру Леў Каган і запатрабаваў разлічыцца з ім за працу. Калі ж Гарбус адмовіўся гэта рабіць, то Каган дастаў з кішэні рэвальвер, паваліў Янкеля на зямлю і забраў у яго з кішэні 180 злотых.

Арон Германоўскі таксама паведаміў у камісарыят, што яго брат Ліпа без ніякай прычыны ўдарыў па галаве ліхтаром і забраў шапку, у якой было зашыта 50 долараў.

Ці гэта ўсё байкі, ці праўда, будзе вызначаць паліцыя.

8 снежня

Заканчэнне будаўніцтва гарадской рэзні

Не гледзячы на цяжкія часы, нараканне на “крызіс”, магістрат здолеў скончыць будоўлю гарадской рэзні (бойні, цяпер будынак мясакамбіната). Цяпер там адбываецца мантаж абсталявання і 15 студзеня пачне працаваць новы, узорна збудаваны будынак, які з’явіўся дзякуючы ашчаднасці магістрата.

Рыдлёўкай па галаве

Падчас суседскай спрэчкі з-за маёмасці паміж Соф’яй Тарасевіч і Юзікам Сакуном апошні ўдарыў жанчыну па галаве. Цяжка параненую адвезлі ў бальніцу, Сакун жа арыштаваны.

9 снежня

Падатковыя свавольствы

З выканаўчым апаратам нашага магістрату відавочна нешта нарабілася, аб чым сведчыць наступны выпадак.

На вуліцы Цеснай, №6 (на жаль, дзе знаходзілася гэтая вуліца, не вядома) ёсць прадуктовая крама нейкага Шустэра, які акуратна сплачвае камунальныя падаткі. Як жа ён быў здзіўлены, калі атрымаў ад падаткавай службы напамін аб аплаце пратэрмінаванага муніцыпальнага падатку за 1927-32 гады. Атрымаўшы ліст, пан Шустэр пайшоў у магістрат, прыхапіўшы ўсе квітанцыі. Там яму сказалі напісаць заяву, што ён і зрабіў.

Але праз нейкі час атрымаў яшчэ адзін ліст з напамінам і так як не меў ахвоты другі раз аплачваць падатак, да яго з’явіўся секвестр і апісаў тавар.

Пасля доўгіх і досыць вострых тлумачэнняў Шустэра пра выплату ўсіх падаткаў, што было даведзена і квітанцыямі магістрату, секвестр тавар не забраў. Але запатрабаваў, каб Шустэр заплаціў яму 4 злотых за выдаткі на выкананне канфіскацыі, што Шустэр мусіў выканаць.

Няўжо выканаўчы апарат нашага магістрату не можа адсочваць аплату падаткаў, каб не раздражняць тых, хто іх плаціць?

Бандыцкі напад

6 снежня ў пастарунак паліцыі ў Мілавідах звярнуўся жыхар в. Станаўшчына Косаўскай гміны, які паведаміў, што 5 снежня а 22 гадзіне, калі ён ехаў з Сіняўкі ў Косава, на шасэ заступілі яму дарогу два невядомых. Яны забралі 25 садовых дрэваў, што належалі пацярпеламу. На месца рабунку накіраваны супрацоўнікі паліцыі.

15 снежня

Пільнуйце дзяцей

Каля Баранавіч ёсць маленькая сажалка, што завуць “Галынка” (цяпер кар’ер у раёне завулку Саўгасны і вуліцы 50 год БССР), там штозіму адбываюцца катанні на каньках, лыжах, санках.

Возера Галынка на карце 1929 года.

Возера Галынка на карце 1929 года.

Выпаў снег, лёд трохі трымае, дык моладзь паспяшалася на Галынку і, як звычайна бывае, без нагляду там здарыўся няшчасны выпадак.

Падчас катання на санках 12 снежня вучань пачатковай школы Струтынскі захацеў праехаць праз лёд. Але лёд быў слабы, і Струтынскі пайшоў на дно. На жаль, выцягнулі ўжо труп.

Кар'ер на месцы возера Галынка. Лістапад 2022

Кар’ер на месцы возера Галынка. Лістапад 2022

Бушко – пацыфіст

Некалькі дзён таму паліцэйскі патруль з Дарава затрымаў жыхара вёскі Літва Юзіка Бушко з двума сынамі на гарачым учынку – яны займаліся дэмантажом былых нямецкіх бліндажоў з часоў вайны.

Пацыфіскі настроены вораг нямчуры, як кажа Бушко, не разумеў, што бліндажы з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы. З-за вядомага мілітарызму нашых улад адпакутуе ён пад арыштам і забяруць у яго “здабытае для ўласнай патрэбы” жалеза з бункераў.

Крадзеж рэвальвераў

Некалькі дзён таму скралі рэвальвер з паліто пана Алькзыксона, а 12 снежня скралі яшчэ адзін рэвальвер Sauer №48098 у пана Зыгмунта Сабілы. Трэба падкрэсліць, што п. Сабіла жыве ў вайсковым гарадку ў казармах.

16 снежня

Пан прэзідэнт – хросны бацька

Пан прэзідэнт пагадзіўся стаць хросным бацькам сёмага сына Лапкоўскага, селяніна з вёскі Пастарынне Сталовіцкай гміны. Пан прэзідэнт даслаў малому Ігнату падарунак у выглядзе ашчаднай кніжкі з укладам 50 злотых.

У 1926 годзе польскі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі заявіў, што будзе хросным бацькам кожнага сёмага хлопца, які народзіцца ў любой сям’і. Хросныя сыны прэзідэнта мелі прывілей на бясплатную адукацыю ў краіне і за граніцай, таксама ва ўніверсітэце, стыпендыі, бясплатны праезд і ахову здароўя, а таксама ашчадную кніжку з укладам на 50 злотых, зробленым прэзідэнтам для пачатку. Да верасня 1939 году ў Масціцкага было 911 хросных сыноў.

Як хутка скралі – так хутка і папалі

12 снежня а 16-17 гадзінах з незамкнёнага пакою рэстарацыі Пятра Мая ў Гарадзішчы скралі, папярэдне разламаўшы, скрыню 25 пляшак гарэлкі розных гатункаў. На крадзеж пайшлі Ян Вярбіла і Юзаф Ліхута, жыхары паселішча Слінкевічы Гарадзішчанскай гміны. У іх знайшлі гарэлку, якую разам з затрыманымі перевезлі ў гарадскі суд у Баранавічах.

22 снежня

Калядны кірмаш

Арганізаваны Камітэтам калядны кірмаш у Баранавічах карыстаецца вялікай папулярнасцю. Сотні людзей наведалі яго, і гандаль там ідзе патроху. Пане-гаспадары скарыстайцеся магчымасцю, бо кірмаш на гэтым тыдні скончыцца. Таму ўсе на кірмаш! Купляйма ўсё на кірмашы!

Крадзеж дрэва

Уласнік склада дрэва Мойша Сурзан паведаміў у камісарыят паліцыі, што ноччу з 14 на 15 снежня нейкі Ян Казакоў, які жыве на вуліцы Шырокай (цяпер Тэльмана), прыйшоў на склад і пачаў красці дрэва. Калі вартаўнік Мікола Лайша гэта заўважыў, дык быў пабіты Казаковым.

Праз паўгадзіны ён зноў з’явіўся на складзе разам з таварышам і нажом у руцэ ды пагражаў зарэзаць вартаўніка. Тады Лайша схаваўся ў сваёй будцы, а Казакоў з сябрам працягваў красці дрэва.

Гэтак гучыць версія вартаўніка, а адбывалася ўсё тое ў некалькіх кроках ад чыгуначнага вакзала і пастарунка паліцыі.

Каталіся задарма

Шклярэўскі са сваім сябрам нанялі таксоўку Гобрыка, зрабілі 3-4 рэйсы, а калі кіроўца запатрабаваў аплату – адмовіліся даваць грошы. Цяпер камісарыят праводзіць праверку.

Абвестка аб продажы калядных упрыгожванняў з шакаладу ўласнага вырабу ад фабрыкі цукерак «Універсал» (знаходзілася на вул. Уланскай, 13 — цяпер бульвар Штакераў, будынак аптэкі). Kurjer Wileński, 20-12-1932

29 снежня

Штучныя каткі

У Баранавічах не трэба турбавацца аб штучных катках: маем іх дастаткова, бо кожны ходнік з’яўляецца катком, дзе можна пакатацца, а таксама зламаць сабе нагу ці руку.

Можа быць, гарадскія ўлады заняліся б справай і абавязалі пасыпаць слізкія ходнікі пяском ці попелам, калі самі жыхары гэтага годнага гораду тое не робяць каля сваіх дамоў.

Хаця і зіма, а ровар знік

21 снежня Ігнат Ярмаковіч прыехаў на ровары да паштовага ўпраўлення №1 і пакінуў яго каля будынка. Калі ж пасля вырашэння спраў ён выйшаў на двор, дык ровар маркі “Нёман” (ровары гэтай маркі ў міжвенны час рабілі ў Гродна), вартасцю 250 злотых знік. Што ж ён яшчэ мог зрабіць? Паскардзіўся ў паліцыю.

Сямейнае самагубства

20 снежня а 4 гадзіны раніцы дзяжурнаму пажарнаму паведамілі, што ў студню на вуліцы Пілсудскага, 13 (цяпер Чырвонаармейская) зваліліся два чалавекі. Адразу ж на тое месца накіравалася пажарная каманда, якая праз некалькі хвілін дастала са студні 28-гадовую Хаю Пулін ды Хаіма Меламеда, якія знаходзіліся на глыбіні 20 метраў.

Як выявілася, Хая Пулін у нервовым зрыве сарвалася з ложка і ў адной бялізне кінулася ў студню з мэтаю самагубства. Бацька Хаі паклікаў на дапамогу суседзяў. Адзін з іх – Хаім Меламед – з дапамогай бацькі жанчыны пачаў па вяроўцы спускацца ў студню. Вяроўка парвалася, і герой зваліўся з вышыні 10 метраў. Толькі пажарныя выцягнулі абодвух на паверхню. Хая Пулін атрымала лёгкія пашкоджанні цела, і ёй на месцы дапамог доктар Ізыксон.

Нагадаем, што брат Хаі Пулін летась скончыў жыццё самагубствам, скочыўшы ў тую самую студню. Тады выцягнулі толькі яго цела.

30 снежня

Уздым магістрата

Камунальны банк у Варшаве вылучыў 30000 злотых беззваротнай дапамогі для магістрата горада Баранавічы. Грошы пойдуць на выплату запазычанасці па заробкам супрацоўнікам магістрата за некалькі месяцаў.

Нарэшце работнікі гарадской улады хаця б часткова атрымаюць грошы за сваю працу.

Kurjer Wileński

30 снежня

Чыгуначны доктар, у якога не хочуць лячыцца чыгуначнікі

Дантыстам па кантракту чыгуначнага вузла Баранавічы ўжо некалькі год працуе пан М. Ясіноўскі, які па дамове з дырэкцыяй чыгункі ў Вільні павінен лячыць супрацоўнікаў чыгункі бясплатна, а за тэхнічныя работы ён мае ўсталяваную таксу.

Аб тым, як выглядае праца пана Ясіноўскага, можа сведчыць тое, што большасць чыгуначнікаў і іх родных паслугамі гэтага доктара не карыстаюцца. Яны лічаць за лепшае лячыць зубы за ўласныя грошы ў іншых дантыстаў прыватных, чым у Ясіноўскага бясплатна. Чаму? Гэта таямніца лячэння ад Ясіноўскага. Магчыма, гэта з-за таго, што Ясіноўскі таксама працуе дантыстам у гарадскім аддзеле аховы здароўя, старшынёй аб’яднання жыдоў горада і, напэўна, не мае часу на чыгуначнікаў, якія церпіць ад болю і якіх павінен бясплатна лячыць. Факт у тым, што чыгуначнікі яго абмінаюць.

Цікавая “такса”, якую пан Ясіноўскі ўзгадніў з дырэкцыяй чыгункі ў Вільні. Яна вышэйшая за цэны, якія ўсталяваныя прыватнымі дантыстамі ў Баранавічах! Таму пан Ясіноўскі такім чынам можа “на скуры чыгуначнікаў” вырашаць свае інтарэсы.

Паўстае пытанне, куды сыходзяць складкі чыгуначнікаў, якія тыя плацяць, але паслугамі лекара па кантракту не могуць карыстацца. Чаму дырэкцыя чыгункі ў Вільні дапускае такія рэчы?

Ходзяць чуткі, што дырэкцыя чыгункі ў Вільні, хацела пазбавіць Ясіноўкага пасады. Гэта вельмі прыхільна ўспрынялі чыгуначнікі. Не зразумела аднак, чаму дантыст дасюль займае гэтую пасаду?

Пры выбары іншага лекара належыць прымаць да ўвагі пажаданні ўсіх чыгуначнікаў.

Чытайце таксама: Напад на бардэль, смерць на вагоне і шаленства ў Баранавічах. Аб чым пісалі газеты ў лістападзе 1932 года

Cвіное пытанне, страйк муляроў і забойства падчарыцы. Аб чым пісалі газеты ў кастрычніку 1932 года

Сустрэча вязняў з Салаўкоў, рэпартаж з кірмаша і праблема з дарогамі ў Баранавічах. Аб чым пісалі газеты ў верасні 1932 года

Вар’яты ў горадзе, бунт кінатэатраў і ажыўшы труп. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў чэрвені 1932 года

Батальная пастанова з 700 чалавек, бітва з ваўком і новы кегельбан. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў маі 1932 года

 Затоплены горад, скрадзеныя зубы і “карэта” начальніка дэпо. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў красавіку 1932 года

Лыжны фурор сярод гараджан ды шмат крывавых і дзіўных злачынстваў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў сакавіку 1932-га

Эміграцыя ў Бразілію, вар’яты-самагубцы і баль-маскарад для беспрацоўных. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лютым 1932 года

Рабунак з відэльцам, звальненне бурмістра і вынікі перапісу ў горадзе. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў студзені 1932 года

Дачка павешанага месяц жыла на вуліцы і арышт дэпутата. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў снежні 1931

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

 

Если вы стали свидетелем необычного явления или происшествия, вас волнует какая-то проблема, пишите и присылайте фото в наш телеграм-бот @IntexPress_Bot.