Новости / Спадчына

«Ад ранку да ночы стаяў, 3 злотых нагандляваў. Бяда!» Што адбывалася на кірмашы ў Баранавічах 90 год таму

15.09.2022, 16:09  chat_bubble0

"На Баранавіцкім кірмашы. Там, дзе гусь каштуе злоты", пад такім загалоўка быў нарукаваны 15.09.1932 году рэпартаж у міжваеннай польскай газеце "ABC", які пасля перадрукавалі ўсе вядучыя выданні. Intex-press пераклала той артыкул на беларускую мову.

«Ад ранку да ночы стаяў, 3 злотых нагандляваў. Бяда!» Што адбывалася на кірмашы ў Баранавічах 90 год таму

Рынкавая плошча ў Баранавічах. Паштоўка міжваеннай Польшчы.

15 верасня. Кірмаш у Баранавічах – адзін з самых вялікіх на ўсходніх крэсах Польшчы. У гандлёвыя дні: панядзелкі і чацвяргі, з’язджаюцца сюды сотні вазоў беларусаў. Некаторыя едуць 30-40 км, каб нагандляваць якіх 10 злотых.

А 8-й гадзіне накіроўваюся на рыначны пляц (цяпер раён паміж вуліцамі Гагарына, Горкага, Прытыцкага і Чырвонаармейскай). Ужо на падыходзе чуваць узрастаючы людскі гул. Тлум на кірмашы – нязвыклы. Сотні вазоў займаюць нават бакавыя вуліцы. Паміж вазамі расклалі тавар мясцовыя бабы і сяляне, якія пехатой прыйшлі са сваім таварам у Баранавічы.

Людскія галасы, крыкі гандлючыхся, гагатанне велічэзнай колькасці гусей, рыкі кароў, енк свіней – усё гэта мяшаецца ў адзіны гул і носіцца над роем людзей і жывёл.

– Паночак, паночак, – чапляецца да мяне старая беларуска. – Купі, паночак, гуся.

Паказвае мне ладную маладую гуску.

– Колькі каштуе?

– Злоты пяцьдзясят. Добрая гуска, паночак.

Сялянка бачыць, што я сыходжу і хапае мяне за крысо паліто.

– За злоты аддам, абы прадаць, паночку.

Збянтэжаны тлумачу, што мне наогул не трэба гусь.

У некалькі крокаў ад мяне распачынаецца адна з тысяч баталій паміж прадаўцом і пакупніком. Нейкая жыдоўка гандлюецца з беларускай за велічэзную вязанку цыбулі. Кошт – 25 грошай. Размова адбываецца на нейкай нязвыклай гаворцы, мешанцы расійскай, беларускай, польскай і жыдоўскай моў. Трансакцыя канчаецца нічым.

– І не сорамна табе? – крычыць услед беларуска.

Баранавіцкі рынак на міжваеннай паштоўцы. Знаходзіўся паміж сучаснымі вуліцамі Прытыцкага, Горкага, Гагарына, Чырвонаармейская. Са збораў Руслана РАВЯКІ

Цікаўлюся цэнамі. Капа агуркоў каштуе 25 грошай. Мой таварыш, які жыве тут, кажа, што на вёсцы можна купіць агуркі за 5 грошай і нават танней.

Кіло мёду – 70 грошай. Сушаныя грыбы, якія ў Варшаве прадаюць па 15-18 злотых за кіло, тут ідуць за 3 злотых. Мясцовыя скупшчыкі набываюць іх як найхутчэй, каб выслаць у Варшаву і зарабіць больш за 500%!

Яйкі тут прадаюць “дзясяткамі”. За адно яйка выходзіць 4-5 грошай. За добрага парсюка даюць 4 злотых. За пуд мукі плацяць тут 2-2,2 злотых, за 100 кг – каля 14 злотых.

Я звяртаю ўвагу, што не гледзячы на дождж і холад, большасць сялян – басанож. Выяўляецца, што большасць з іх проста не можа набыць боты. Тут часцей сустракаюцца лапці, хаця яны знікалі ў гэтай мясцовасці перад вайною.

Беднасць беларускай вёскі найяскравей праяўляецца тут на кірмашы. Сяляне гатовыя аддаваць прадукты хоць за які кошт.

– Усе грошы людзі паспускалі, – скардзіцца стары, сівы селянін. – У апошні панядзелак ад ранку да ночы стаяў, тры злотых нагандляваў. Бяда!

J.Z.

Чытайце таксама: Рэпартаж са змрочнай турмы ў Баранавічах. Як сядзелі там вязні ў 1931 годзе і як вешалі асуджаных на смерць

Баранавіцкія банды, страйк кінатэатраў і новы бурмістр. Аб чым пісалі газеты ў жніўні 1932 года

Дот времен Первой мировой войны нашли при строительстве нового микрорайона в Барановичах. Его снесут?

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии