Новости / Спадчына

Баранавіцкія банды, страйк кінатэатраў і новы бурмістр. Аб чым пісалі газеты ў жніўні 1932 года

28.08.2022, 14:04  chat_bubble0

Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы жнівеньскія нумары старых газет.

Баранавіцкія банды, страйк кінатэатраў і новы бурмістр. Аб чым пісалі газеты ў жніўні 1932 года

Будаўніча-дарожная школа ў Баранавічах. 2-гі курс пасля заняткаў. 1931/32 школьны год. Здымак са збораў Руслан Равякі

Kurjer Nowogródzki

2 жніўня

Авантура ў рэстаране

Якуб Ронэк, які жыве на Шасовай, 18 (цяпер Брэсцкая) у нецвярозым стане зайшоў у рэстарацыю Юліі Шубемшовай пры вуліцы Пілсудскага (цяпер Чырвонаармейская), без прычыны разбіў буфет і пачаў пагражаць рэвальверам, жадаючы застрэліць гаспадыню ўстановы. Яго раззброіў Адам Пазняк, які жыве на Шасовай, 42. Пакліканы паліцыянт забраў рэвальвер і правеў да камісарыяту абодвух выпіўшых мужчын.

Свята мора ў Баранавічах

31 ліпеня, як і па ўсёй Польшчы, у Баранавічах адзначылі Свята мора. Ад раніцы на многіх дамах людзі вывесілі дзяржаўныя сцягі. Адбыліся набажэнствы ва ўсіх гарадскіх храмах.

А 11 гадзіне ў касцёле сабраліся грамадскія актывісты, вайскоўцы і ўлада горада. Ксёндз Карповіч прамовіў казанне, прысвечанае гэтаму дню. Пасля імшы адбылося шэсце да Магілы невядомага жаўнера (цяпер клумба на рагу плошчы Леніна і вул. Савецкай, насупраць гатэлю). На чале калоны крочыў аркестр і грамадскія аб’яднанні са штандарамі.

Каля помніка сабралася некалькі тысяч чалавек. Усе прамоўцы адзначалі значнасць мора для дзяржавы і кляліся, што ніколі яго не аддадуць немцам. Асабліва вылучалася прамова пана Кэржнэра, які ад усёй грамады жыдоў у Баранавічах пакляўся пайсці і да апошняй кроплі крыві бараніць граніцы дзяржавы.

Пасля ўсе прысутныя накіраваліся да стараства, дзе да іх з балкона звярнуўся пан стараста Неўгебаўэр. Пасля яго прамовы натхнёныя людзі разышліся па дамам.

3 жніўня

Пасяджэнне гарадской Рады

Учора адбылося пазачарговае пасяджэнне гарадской Рады, галоўным пунктам якога павінны былі стаць выбары новага бурмістра. На гэту пасаду фракцыя палякаў выставіла свайго кандыдата ў асобе пана Ярмульскага. Выбары аднак не адбыліся з-за адсутнасці кворуму.

Затое былі развязаныя іншыя праблемы, а менавіта: вызначэнне жылля для войска і завяршэнне будаўніцтва новай рэзні (бойні, цяпер – мясакамбінат).

З-за таго, што ў Баранавічы прыйшлі два новыя вайсковыя фармаванні, рада вырашыла павялічыць колькасць месцаў арэнднага жылля для іх да пяці тысяч, але адначасова звярнулася ў Аб’яднанне гарадоў з просьбай звярнуцца да ўладаў, каб у будучым вызваліць Баранавічы ад вышэйзгаданых датацый на размяшчэнне войска ды перадаць дзве траціны аплаты на ўрад, а траціну – для гаспадароў дамоў.

Права на будаўніцтва новай рэзні аддалі фірме Фалькоўскага на вельмі выгадных умовах. Тая фірма будзе плаціць арэнду на працягу 22 месяцаў, пасля чаго бойня пяройдзе ва ўласнасць горада.

Паведамленні, што прадстаўніком газеты Kurjer Nowogródzki у Баранавічах з’яўляецца Серафім Галубок, які жыве на Уланскай вуліцы (цяпер Піянерская), а абвесткі прымаюцца на вуліцы Шасэйнай (цяпер Брэсцкая). Kurjer Nowogródzki 11-08-1932

5 жніўня

Баранавіцкія банды

Чаму Баранавічы, якія маюць амбіцыі стаць вялікім горадам, не могуць мець свайго мясцовага “Тасемку”? (“Тата Тасемка” – вядомы варшаўскі гангстар, які са сваёй бандай тэрарызаваў польскую сталіцу, збіраў “падаткі” з купцоў, гандляроў ды кантраляваў самы вялікі кірмаш. У 1932 годзе быў асуджаны на 3 гады, але пазней памілаваны). Дык вось знайшоўся і ў нас такі.

Стэфан Равінскі паведаміў у камісарыят паліцыі, што некалькі месяцаў банда, на чале якой стаіць Юзік Луй, са сваімі кампаньёнамі пад пагрозай збіцця патрабуе грошы на гарэлку і закуску ад уласнікаў кіёскаў і будак на кірмашы імя 3 мая (цяпер забудова паміж вуліцамі Прытыцкага, Чырвонаармейскай, Гагарына і Горкага).

Як Тасемка ў Варшаве, Луй і яго найбліжэйшы таварыш Каза бралі даніну ў выглядзе гарэлкі ці тавараў. Але дзякуючы заяве ў паліцыю, мясцовымі “Тасемкамі” занялася пракуратура.

Бяруць усё, што даюць

Каля гарнізоннага казіно (Вайсковы гарадок) 26 ліпеня ў Юзэфы Майсевіч скралі ровар вартасцю 150 злотых.

У Рыгора Карповіча скралі вясковую тканіну вартасцю 100 злотых.

У Анастасіі Шулейка – дамскі гадзіннік, абруч і пярсцёнак вартасцю 100 злотых.

Паліцыя, якой паведамілі ад гэтых крадзяжах, напэўна, знойдзе зладзеяў і рэчы.

6 жніўня

Бура над Баранавічамі

Учора над Баранавічамі шалела бура з градам і перунамі. Град памерам з галубінае яйка прычыніў шмат шкоды на палях. Шалёная віхура павыварочвала дрэвы ў некаторых месцах. У горадзе парваны электрычны дрот.

На падворку дома №51 на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая) – адбылася трагедыя: Юзэфу Калюта (26 год) зачапіла сарваным электрычным дротам, яна атрымала ўдар токам і памерла на месцы. Выкліканы лекар адвёз жанчыну ў шпіталь, дзе яе спрабавалі выратаваць, але ўсе намаганні былі марныя.

8 жніўня

Захацелася яму вайны

Паліцэйскія ў Крывошыне затрымалі чалавека з дакументамі на імя Стэфана Свёнтка, які расказваў людзям, што праз тры тыдні пачнецца вайна паміж Польшчай, Расіяй і немцамі, а тут, на Крэсах, будзе ў гэты час рэвалюцыя. Пасля разбіральніцтва паліцыя накіравала справу ў суд, які, напэўна, дапаможа перачакаць Свёнтку гэтую вайну ў камеры.

Баранавіцкі “Тасемка” з кампаніяй ужо сядзіць

Пісалі мы на днях пра з’яўленне ў Баранавічах мясцовага “Тасемкі”. У выніку ўсё больш і больш нахабных паводзін банды, паліцыя зрабіла адпаведны крок і затрымала галоўнага любіцеля лёгкай здабычы – Юзіка Луя і яго кампаньёнаў: Юліяна Сенкевіча, Казіміра Дмоўскага, Аляксандра Радкевіча і Эдварда Юрэвіча. Цяпер сядзяць і разважаюць пра сваю будучыню.

Ажыўленне гарадскога парку

26 уланскі полк час ад часу ажыўляе гарадскі парк (цяпер Стары парк) арганізацыяй конных спаборніцтваў. Апошні раз такое мерапрыемства полк ладзіў 7 жніўня. Публікі, якой быў бы цікавы гэты віду спорту, было мала, бо полк зрабіў гэта без усялякай аб’явы. Вынікі спаборніцтва абвесцім заўтра.

Конная язда, асабліва афіцэраў, – годная відовішча, традыцыя польскай язды захоўваецца нават тут на памежжы.

Абвестка аб продажы фартэп’яна фірмы Будзіновіча «па прыемлівым кошце». вуліца Каперніка, 20 (цяпер Халасцякова). Kurjer Wileński, 23-08-1932

11 жніўня

Кіно і магістрат

Як вядома, у Баранавічах з вясны застрайкавалі кінатэатры (калі так гэта можна назваць), ці попросту перасталі паказваць фільмы з-за вельмі вялікіх падаткаў, прызначаных Магістратам.

Добра гэта было летам, калі людзі не вельмі ахвотна наведваюць кінатэатры, бо аўтамабілямі і роварамі ездзяць на Мышанку, каб скарыстацца цёплым надвор’ем. Але калі набліжаецца восень, адпачынак у выглядзе кіно вельмі патрэбны, не думаем, каб Баранавічы маглі без гэтага абысціся.

Цяпер кінатэатр “Апола” (Apollo) ужо адрамантаваны і набыў еўрапейскі выгляд, аднак не распачынае сеансы з-за ўзгаднення з Магістратам выплаты падаткаў.

Добра, што Магістрат дбае аб сваёй касе, але няхай падумае і пра сваіх гараджан. Не ведаем, ці падаткі гэтак абцяжарваюць кінатэатры, але калі 4 месяцы не круцілі стужкі, дык відавочна не мелі і заробкаў.

А ці зарабіў нешта Магістрат, за тыя 4 месяцы, пакуль не працавалі кінатэатры?

Прапаганда спорту

Мы ўжо пісалі пра конныя спаборніцтвы, якія ў нядзелю правёў у гарадскім парку 26 уланскі полк. Жадаючы прапагандаваць конны спорт у Баранавічах, камандзір 26 уланскага палка – палкоўнік Махальскі, дамовіўся з Магістратам, які са свайго боку аддаў вялікі пляц у парку, які вайскоўцы прывядуць у належны стан (заараюць і прабарануюць).

На гэтым пляцу штонядзелю полк будзе праводзіць конныя спаборніцтвы, падчас якіх будзе граць вайсковы аркестр.

Мерапрыемства будзе даступнае для ўсіх, бо каштуе толькі 25 грошай. Увесь прыбытак пойдзе на ўзнагароды вершнікам.

Коней абяруць для выступу спакойных і нават для цывільных людзей бяспечных. Грамадства вельмі прыхільна ўспрымае запрашэнне палка, бо нават у “крызісныя часы” патрэбны ўсім забавы і адпачынак.

Kurjer Lwowski

Махляр працаваў намеснікам турмы ў Баранавічах

У адной з варшаўскіх кандытарскіх учора ўвечары быў арыштаваны намеснік баранавіцкай турмы – нейкі Казімір Уладзіслаў Попінг-Ягайла (Władysław Kazimierz  PopingJagiełło).

Ён здзейсніў вялікае махлярства, галоўнымі ахвярамі якога стаў вядомы дырыжор Эміль Млынарскі і дырэктар дэпартамента Вышэйшай палаты дзяржаўнага кантролю інж. Мячаслаў Дэмбскі.

Вытокі гэтага скандалу пачынаюцца ў 1907 годзе, калі ў Лондане памёр інж. Рымкевіч, які пакінуў пасля сябе вялікія землі ў Бразіліі. Спадкаемцамі гэтых абшараў сталі каля 20 чалавек, у т.л. спадарыня Млынарска. Паўнамоцныя прадстаўнікі спадчыннікаў з’ехалі ў Бразілію ў 1911 годзе, дзе заявілі аб праве ўласнасці і потым падцвердзілі, што землі тыя малакаштоўныя, таму што яны знаходзяцца ў цяжкадаступнай частцы краіны.

Два гады таму ў Варшаве з’явіўся шыкоўна апрануты пан, які прадставіўся як Попінг-Ягайла, прадстаўнік групы бразільскіх капіталістаў, і распачаў перамовы са спадчыннікам памерлага інж. Рымкевіча пра бразільскія землі. Яны зайшлі даволі далёка, але не былі завершаныя.

Тым часам Ягайла прыехаў у Бразілію, там падрабіў свае паўнамоцтва і прадаў зямлю за бясцэнак, а потым знік. Усе пошукі да гэтага часу былі беспаспяховымі. Некалькі тыдняў таму самазванец быў знойдзены на пасадзе намесніка начальніка баранавіцкай турмы. Ён прыехаў па нейкіх справах у Варшаву і яго тут арыштавалі.

Вядома, што старэйшы сяржант рэзэрвы Władysław Kazimierz  PopingJagiełło (1898 г.н.) недзе за месяц да затрымання быў звольнены за нейкі праступак з турмы і нават адседзеў месяц у вязніцы. У Варшаву ён прыехаў, спрабуючы праз сувязі ўладкавацца на працу ў паліцыю. Падчас следства Попінг-Ягайла ўсё адмаўляў, але ў Бразіліі выявілі яго хаўрусніка, які дапамагаў прадаваць зямлю, якога затрымала паліцыя ў Рыа-дэ-Жанэйра па просьбе польскіх уладаў. Праз 18 месяцаў, у 1933 годзе Попінг-Ягайлу асудзілі на 3 гады.

Kurjer Nowogródzki

12 жніўня

Баранавіцкі футбольны клуб разграмілі ў Вільні – 8:1

У любой каманды вышэйшай лігі, калі б яна захацела згуляць з камандай ніжэйшай В лігі, атрымалася б такое самае відовішча, як падчас гульні 11 жніўня за чэмпіёнства ў класе А па Віленскай акрузе паміж камандай 1 палка пяхоты з Вільні і пераможцам баранавіцкай падкатэгорыі – камандай 78 пяхотнага палка з Баранавіч (WKS 78p.p.).

Розніца паміж камандамі была такая вялікая, што моцна ўплывала на гульцоў… 1 палка, што перамог у матчы. Гульня нагадвала расійскую прыказку “ляжачага не б’юць”.

Гэтым “ляжачым” былі гульцы баранавіцкай каманды. Відаць таму гаспадары, хоць і сядзелі на полі суперніка да перапынку, але больш за два разы забіць не здолелі. Маглі восем, а забілі два!

Віленчыкі Паўлоўскі і Зброя змарнавалі шмат сітуацый. Гулялі дасканала, але не білі па брамцы. Ад сэрца шкадавалі Баранавічы. Броўка падцягваў гульню, ствараў сітуацыі, а яны не карысталіся гэтым. Аж шкада было дасканала створаных момантаў.

Пасля перапынку хлопцам відаць “надакучыла” шкадаваць гасцей, і прабілі яны яшчэ 6 раз брамку. Але ізноў, магло быць і болей.

Забілі 8 галоў, а прапусцілі адзін. І той недарэчна. Брамнік Рогаў чагосьці выбег з брамкі, а ў гэты час Высоцкі адбіў мяч так нешчасліва, што той трапіў у гульца гасцей, адскочыў і заляцеў у брамку. Вось такі быў ганаровы гол баранавіцкай каманды.

Гэты вынік развязаў пытанне чэмпіёнства ў Віленскай акрузе, бо 1 полк пяхоты не павінен прайграць у Баранавічах падчас матчу ў адказ. Таму гэтая каманда хутка будзе гуляць з пераможцамі Брэсцкай і Беластоцкай акруг.

13 жніўня

Нешчаслівы выпадак

Пастух Міхаіл Бецька з Ляхавіч, пасвячы быдла, знайшоў у лесе галоўку ад артылерыйскага снараду, які пачаў абмацваць. Падчас тых маніпуляцый адбыўся выбух, які адарваў хлопцу два пальцы на руцэ, а таксама пашкодзіў вока і жывот. Бецьку ў цяжкім стане адвезлі ў сеймікавы шпіталь у Баранавічах.

Замок не дапамог

Ксаверы Наркевіч паведаміў у камісарыят паліцыі, што ў ночы з 9 на 10 жніўня пакуль невядомы злодзей пашкодзіў навясны замок і скраў ровар “Duks” вартасцю 100 злотых. Паліцыя шукае аматара чужых равароў.

15 жніўня

Праезд амерыканак

Як вядома, дзве багатыя амерыканскія панны – Марыя Левіс дэ Курэ і Алівія Хрыстэнс – выехалі аўтамабілем да СССР. Пасля побыту ў Варшаве прыехалі яны ў Баранавічы, адкуль накіраваліся да савецкай граніцы, якую ўжо праехалі.

Раскрыццё справы крадзяжу ровару

На днях пісалі мы пра крадзеж ровара ў Ксаверыя Наркевіча і выказвалі надзею, што паліцыя знойдзе аматара язды за дарма. Так і адбылося, бо не прайшло і тыдня, як быў знойдзены і ровар, і злачынца. Гэта нейкі Кукала, які пакуль уцёк, але хіба ненадоўга – калі паліцыя яго знойдзе, дык пасадзіць у адпаведнае месца.

17 жніўня

Выбары бурмістра ў Баранавічах

Учора на пасяджэнні гарадской Рады адбыліся выбары новага бурмістра Баранавіч. На пасяджэнне прыбыла 21 радны з 24. Сацыялістычная фракцыя ўстрымалася ад галасавання і заявіла, што тэрмін дзейнасці цяперашняй Рады скончыўся, таму не можа яна абіраць новага бурмістра.

Падчас галасавання аднагалосна (15 галасамі) новым бурмістрам г. Баранавічы быў абраны Максімільян Ярмульскі.

Сам сабе нашкодзіў

Тэадор Лік 12 жніўня самавольна заняў на кірмашы імя 3 мая свой кіёск, які ў яго арандаваў Браніслаў Баранцэвіч. Такім чынам у будкі гэтай было 2 уласніка. Пасля скаргі Баранцэвіча справу мясцовая паліцыя перадала ў гарадскі суд.

Чыё дзіця?

13 жніўня ўночы нейкая агідная маці падкінула 2-хтыднёвую дзяўчынку пад брамку “Дзіцячых ясляў”. Раніцай дзіця знайшлі і забралі ў гэтыя яслі для сірот.

Абвестка

Чатырохгадовая сумесная гандлёвая школа ў Баранавічах прымае ў першы клас вучняў з пасведчаннем заканчэння 7-гадовай пачатковай школы, у наступныя класы – з пасведчаннем іншых гандлёвых школ. Кваліфікацыя школы прыраўноўваецца да атэстата аб сярэдняй адукацыі. Ёсць інтэрнаты для хлопцаў і дзяўчат. Дзяржаўныя ўстановы і ўстановы мясцовага самакіравання аплачваюць поўную плату за навучанне дзяцей сваіх супрацоўнікаў. Прыём заявак і падрабязная інфармацыя (па запыце бясплатна рассылаецца немясцовым жыхарам) адбываецца ў школьным офісе (вул. Сенатарская, 121, тэлефон 177).

Ізноў крадзяжы

У Антоніі Гіль з шафы гатэлю “Брыстоль” скралі 200 злотых. Бедная жанчына паведаміла пра гэта ў паліцыю, якая шукае злачынцаў. Скрадзеныя грошы зразумела лёгка схаваць, але як можна было ў Хрона Хмяльніцкага скрасці 20 мяхоў тканіны з каноплі, гэтага дасюль ніхто не ведае.

18 жніўня

Перайменаванне Будаўніча-дарожнай школы

Будаўніча-дарожная школа, якая прайшла розныя павароты і праблемы, пераназваная ў 4-хгадовую школу. Гэта азначае, што яна стала проста сярэдняй школай. Такім чынам у Баранавічах з’явілася яшчэ адна сярэдняя школа, але толькі спецыяльнага прафесійнага тыпу.

Абвестка аб наборы вучняў у будаўніча-дарожну школу. Kurjer Wileński, 20-08-1932

19 жніўня

Адважны хлопец

Днём 17 жніўня падчас купання на возеры Жлобін, магчыма з-за сутаргі, пачала тануць стрыечная сястра генерала Крок-Пашкоўскага (з 1930 па 1936 год – камандзір 20 пяхотнай дывізіі ў Баранавічах). Негледзячы на тое, што прысутнічалі там дарослыя людзі, усе апусцілі галовы і ніхто не кінуўся на дапамогу.

Не разгубіўся толькі малы 12-гадовы харцэр (польская назва скаўтаў) Януш Плахецкі, які даў нырца з лодкі і выратаваў жанчыну.

Шофер-злодзей

Уночы з 13 на 14 жніўня паліцыя затрымала кіроўцу Уладзіслава Юрчыка, які нёс мех з аўтамабільнымі запчасткамі. Пры гэтым ён меў пры сабе рэвальвер. Калі яго прывялі ў камісарыят, Юрчык прызнаўся, што запчасткі ён скраў са складу Лэйбы Губара, куды ўночы і ўламаўся.

Падчас далейшага допыту Юрчык расказаў, што краў разам з Шымонам Клецкім аўтамабільныя дэталі, якія яны пасля прадавалі. Падчас ператрусу ў абодвух знайшлі запчасткі да аўто з 6 крадзяжоў.

Цяпер тыя двое сядзяць і  разважаюць аб сваім лёсе.

Ратуйма дрэвы

Амаль усе павятовыя дарогі былі абсаджаны маладымі дрэўцамі, некаторыя нават садовымі.

Але якое расчараванне адчувае кожны культурны чалавек, які кожны дзень заўважае новае зламанае дрэўца на дарозе.

Як жа яшчэ мясцовы люд далёкі ад заходняй культуры, як жа горка глядзець на свежазламанае дрэва,ці вырванае з коранем! Ці можна гэтаму перашкодзіць?

Адміністрацыйнае пакаранне і ахова паліцыі тут не дапаможа. Трэба патлумачыць людзям аб значэнні і патрэбе дрэваў.

Вядома, што кожную вясну ладзіцца свята дрэваў. Ці ўласна ў гэты дзень не належыць праводзіць шырокую адукацыю паміж людзей, асабліва на вёсках? Ці ў той дзень, а лепей на працягу 2-3, не праводзіць чытанне лекцый, раздачу ўлётак? Арганізаваць гэта вельмі лёгка, а мясцовыя настаўнікі дапамаглі бы ў гэтым.

Крычым усе: ратуйма дрэвы, пакуль не позна! Але з’яўляецца думка: можа мы нешта не так робім?

20 жніўня

Ці гэта праўда?

У Баранавічах шмат дактароў, таму для зручнасці сваёй і грамадства размеркавалі яны начныя дзяжурства.

Звычайна ўночы едзе да хворых дзяжурны лекар, але лічыцца, што, калі ён заняты, кожны іншы медык павінен дапамагчы.

Інакш гэта відаць разумее пан доктар Нахумоўскі, які на падобную просьбу Фрумы Моўчадзкай не захацеў ехаць да яе маці і зачыніў перад ёю дзверы. Справы гэтай мы не ведаем і пішам з-за журналісцкага абавязку на падставе скаргі, складзенай у адміністрацыйныя органы, якія займаюцца праверкай інцыдэнту.

Праверка выявіць, хто меў рацыю – д. Нахумоўскі ці Фрума Моўчадзкая, і ці сапраўды яе маці памерла з-за позняга звароту да доктара.

Паведамленне аб вяртанні ў Баранавічы доктара Шэніцкага, спецыяліста па скураным, венэрычным і палавым хваробам. Kurjer Wileński, 28-08-1932

23 жніўня

Страх перад адказнасцю

Паліцыя занялася справай Адама Сталярчыка, які жыў на вуліцы Каўпеніцкай (цяпер Прамінскага), якога абвінавачвалі ў інцэсце (жыў са сваёй роднай сястрой).

Ужо само следства так паўплывала на Сталярчыка, што 19 жніўня ён павесіўся ва ўласнай кватэры. Пасля таго, як павешанага заўважылі, выратаваць яго ўжо было немагчыма.

Футбольны матч клубаў “Макабі” Слонім-Баранавічы

У суботу, 20 жніўня, галоўнай сенсацыяй дня ў Слоніме быў матч паміж камандамі аднаго клубу. На спартовую імпрэзу прыйшло небывалая колькасць гледачоў, дасягаючы 2000.

Прыгожая гульня каманды “Макабі” Баранавічы ў тэхнічным плане пераўзыходзіла сланімчан, якія хутка страцілі азарт і знеахвоціліся няўдачамі. Гэта стала відавочна пасля першага голу, які забіла баранавіцкая каманда.

Таму без адмысловых высілкаў баранавіцкая каманда забіла 5 галоў і перамагла з лікам 0:5.

Параза слонімскай “Макабі” павінна паўплываць на ўзмацненне трэніровак гэтага клубу, каб яны маглі змагацца падчас матч-рэваншу.

25 жніўня

Нешчаслівы выпадак

Сямігадовай Марыі Кожынай бацька загадаў адвесці паўтарагадовае жарабя на поле. Каля яна вяла яго на ланцугу, конь спалохаўся і панёсся ў поле, цягнучы за сабою дзяўчынку прыкладна 250 метраў. Не маючы мажлівасці вырвацца ад ашалелай жывёлы, дзяўчынка атрымала шматлікія траўмы цела і галавы ды памерла праз 15 хвілін. Які розум маюць старэйшыя людзі, загадваючы 7-гадоваму дзіцяці вадзіць каня?

26 жніўня

Начныя вучэнні пажарных

Добраахвотная пажарная дружына, якая ўжо мае добрую практыку і якая давяла, што можа абараняць горад ад пажараў, праводзіць начныя вучэнні, каб падрыхтаваць яшчэ больш сваіх удзельнікаў каманды да тушэння агню.

Уночы з 22 на 23 жніўня пажарная дружына правяла вучэнні на рагу вуліц Уланскай (цяпер Піянерская) і Гандлёвай (Torgowa цяпер Калініна), дзе знаходзіцца новы густа забудаваны раён амаль цалкам з дрэва.

Як выявілася, небяспека для гэтага раёну вельмі вялікая, бо тут бракуе вады. Пасля вучэнняў кіраўнік Анатанавіцкі паказаў на праблемы пры верагодным ратаванні гэтага раёна і навучаў, што ў такіх выпадках трэба рабіць.

29 жніўня

Ці будзе рэалізаваны праект?

27 жніўня да пана павятовага старасты звярнулася дэлегацыя Новых Баранавіч, якая падала прапанову аб скверы каля станцыі Баранавічы-Палескія, дзе жыхары Новых Баранавіч пастанавілі ўсталяваць помнік Тадэвушу Галоўку (польскі палітычны дзеяч, забіты 29.08.1931 чальцамі ўкраінскай АУН на тэрыторыі манастыра ў Трускаўцы, дзе знаходзіўся на лячэнні). Помнік прапанавана паставіць на тым месцы, дзе Галоўка прамаўляў у Баранавічах перад выбарамі да Сейму ў 1930 годзе.

Дэлегацыя запэўнівае, што сродкі на пабудову жыхары Новых Баранавіч маюць, і трэба толькі вызначыцца з месцам, дзе яго належыць паставіць.

Асцярожна з гранатамі

Маем яшчэ шмат спадчыны ад сусветнай вайны на нашых землях, ды час ад часу чуем яшчэ весткі аб розных нешчаслівых здарэннях, якія адбываюцца па неасцярожнасці саміх людзей.

Гэткае здарэнне адбылося ў вёсцы Цыгань Мядведзіцкай гімны. 17-гадовы Ян Азімка знайшоў старую гранату, якая выбухнула, калі ён пачаў яе разбіраць. Азімку разарвала на кавалкі.

Ці быў крадзеж?

Пётр Лапатка паведаміў у паліцыю, што калі ехаў да рэзні (цяпер мясакамбінат), яго затрымаў Юзік Пільняк, які падчас размовы скраў 50 злотых. Трэба адзначыць, што Юзаф Пільняк з’яўляецца прызначаным Магістратам па барацьбе з нелегальным забоем быдла ў Баранавічах.

Чытайце таксама: Слесар-педафіл, праблема са шпіталем і як бура знішчала Баранавічы. Аб чым пісалі газеты ў ліпені 1932 года

Вар’яты ў горадзе, бунт кінатэатраў і ажыўшы труп. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў чэрвені 1932 года

 Батальная пастанова з 700 чалавек, бітва з ваўком і новы кегельбан. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў маі 1932 года

 Затоплены горад, скрадзеныя зубы і “карэта” начальніка дэпо. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў красавіку 1932 года

Лыжны фурор сярод гараджан ды шмат крывавых і дзіўных злачынстваў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў сакавіку 1932-га

Эміграцыя ў Бразілію, вар’яты-самагубцы і баль-маскарад для беспрацоўных. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лютым 1932 года

Рабунак з відэльцам, звальненне бурмістра і вынікі перапісу ў горадзе. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў студзені 1932 года

Дачка павешанага месяц жыла на вуліцы і арышт дэпутата. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў снежні 1931

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Катастрофа самолета, дуэль на шпагах и первые банкоматы. О чем писали барановичские газеты в октябре 1931 и 2001 годов

Посадка первого самолета на новый аэродром и пачка бюллетеней на помойке. О чем писали барановичские газеты в сентябре 1931 и 2001 годов

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии