Новости / Спадчына

Слесар-педафіл, праблема са шпіталем і як бура знішчала Баранавічы. Аб чым пісалі газеты ў ліпені 1932 года

31.07.2022, 14:34  chat_bubble0

Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы ліпеньскія нумары старых газет.

Слесар-педафіл, праблема са шпіталем і як бура знішчала Баранавічы. Аб чым пісалі газеты ў ліпені 1932 года

Сучасная вуліца Вільчкоўскага каля вакзала. Паштоўка часоў Расійскай імперыі

Kurjer Nowogródzki

5 ліпеня

Бойка ў Літве

Жыхар вёскі Літва Дараўскай гміны Ян Марчыль быў вельмі моцна збіты нажамі і пажарнай сякеркай жыхарамі той самай вёскі — Юзікам Нусанкевічам, Канстанцінам Цыкманам і Браніславам Адаська. Параненага даставілі ў павятовы шпіталь у Баранавічы, а супраць хуліганаў узбуджана крымінальная справа.

Першыя спаборніцтвы ў супрацьгазавых масках

2 ліпеня ў Баранавічах адбыліся першыя спаборніцтвы па маршу ў супрацьгазавых масках на адлегласць 3 км. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 7 дружын, з якіх тры дружыны выставіў 78 пяхотны полк, 2 – спартовае аб’яднанне горада Баранавічы, а таксама дружыны добраахвотнай пажарнай каманды і Дывізіёну коннай артылерыі (DAK).

Перамагло спартовае аб’яднанне, каманда якога прыйшла першай з часам 17 хв. 3 сек. Другое месца заняла дружына 78 п.п. – 17 хв. 53 сек. Трэцяе месца ў дружыны DAK – 22 хв. 31 сек.

6 ліпеня

Футбольныя спаборніцтвы

2 ліпеня на стадыёне 78 пяхотнага палка (Вайсковы гарадок) адбыліся спаборніцтвы па футболу паміж Вайсковай спартовай камандай 78 пяхотнага палка (WKS 78p.p.) і Жыдоўскім таварыствам гімнастычна-спартовым “Макабі” (ŻTGS „Makabi”) за чэмпіёнства ў групе А і В баранавіцкай падакругі.

У групе А перамогу атрымала каманда 78 пяхотнага палка, якая разграміла “Макабі” з безапеляцыйным лікам 4:0. У групе В няўстойлівую перамогу атрымалі таксама вайскоўцы. Трэба адзначыць, што яны маюць выдатную форму, таму мелі ўвесь час перавагу над супернікам, канцэнтруючы гульню каля брамкі “Макабі”.

Пад канец матчу гульцоў “Макабі” разбудзіў першы гол у іх брамку, прабіты са штрафнога, а потым і другі — нанесены цэнтральным нападаючым з правага боку.

У бліжэйшы час адбудуцца гульні за чэмпіёнства ў класе А у Віленскай акрузе. Наш горад будуць прадстаўляць чэмпіёны Баранавіч – ВСК “78 п.п.”.

Футбольныя клубы, што гулялі у класе А Віленскай акругі ў 1932 годзе.

7 ліпеня

Урачыстасці да 10-годдзя “Макабі” ў Баранавічах

Да адных з найстарэйшых пляцовак ва Усходніх Крэсах адносіцца Жыдоўскае гімнастычна-спартовае таварыства “Макабі” (ŻTGS „Makabi”) ў Баранавічах, якое існуе з 1922 года. Належыць яно да Жыдоўскай рады Фізічнага выхавання (WF), пры гэтым увайшло ў гісторыю польскага спорту, як адна з найлепшых спартовых арганізацый, што ўдзельнічае ва ўсіх прафесійных відах спорту ў рэгіёнах. У Баранавічах у яе ўваходзіць каля 150 чальцоў, як мужчын, так і жанчын.

Вялікія заслугі для развіцця гэтай арганізацыі прыклалі паны: Бытынскі, Крашынскі, Рабіновіч і Мінц.

16 і 17 ліпеня з нагоды 10-й гадавіны існавання гэтай арганізацыі адбудуцца юбілейныя ўрачыстасці, у якіх ласкава згадзіўся прыняць удзел баранавіцкі стараста Юры Неўгебаўэр.

У праграме 16 ліпеня (субота): а 22 гадзіне ўрачысты сход у залі кінатэатра “Casino” (прамовы, прывітанне ўладаў і грамадскіх арганізацый, сімфанічны канцэрт і шчырыя размовы).

17 ліпеня (нядзеля): а 8 гадзіне збор гімнастычных груп на спартовым пляцы “Макабі” і даклад; а 9-й гадзіне шэсце вуліцамі горада ўсіх гімнастычных груп з аркестрам да сінагогі, дзе адбудзецца набажэнства; а 11-й гадзіне ўскладанне вянкоў да Магілы невядомага жаўнера (цяпер кветнік каля крамы “Тканіны”, насупраць гатэлю “Гарызонт”). Ад 14.30 да 19-й гадзіны выступы жаночых і мужчынскіх груп з удзелам запрошаных іншых спартыўных таварыстваў горада. Валейбол, футбол і забавы. А 22 гадзіне баль у залі кінатэатра “Casino” і ў садзе пажарнай каманды.

Падзяка

Дырэктару гімназіі імя каралевы Барабары Радзівіл у Баранавічах (вул. Шасовая, 214 – цяпер Брэсцкая, будынак знаходзіўся насупраць вуліцы Лісіна) пану Бараноўскаму, а таксама ўсім выкладчыкам гэтай установы за шляхетнае выхаванне навучэнцаў, цалкам бедных, якіх вызвалілі ад аплаты з-за фінансавага стану, даючы ім тым самым магчымасць далей навучацца – складаю сардэчную падзяку.

Язэп Карась

8 ліпеня

Вячэра на “халяву”

Два прыяцеля — Караль Петух і Фердынанд Стэфанскі, абодва з Баранавіч, падаліся да рэстарацыі Парфумовіча на вуліцы Садовай, 6 (цяпер Міцкевіча) і замовілі сабе вячэру, якую моцна “замачылі”. У пэўны момант, пасля піравання, скарыстаўшыся няўважлівасцю ўласнікаў, незаўважна зніклі з установы, не заплаціўшы па рахунку. Вячэра на “халяву” не пайшла на карысць сябрукам. Іх абвінавацілі ў ашуканстве.

Залатыя рублі яшчэ ў абароце

Аб гэтым сведчыць той факт, што ў пана Лявона Фядотава, які жыве на вуліцы Шырокай, 22 (цяпер Тэльмана), з кішэні пінжака скралі 5 рублёў золатам і 40 рублёў банкнотамі, якія цяпер нічога не вартыя. У крадзяжы пан Фядотаў падазрае сваю кватарантку Зосю Смаленка, у торбе якой ён заўважыў 40 рублёў банкнотамі. Натуральна ад залатога пяцірублёвіка не засталося нават следу.

Адозва да пана Керцнера, баранавіцкага адваката

Паколькі на аснове фактаў і неабвержных доказаў я пераканаўся, што найбольшую частку віны ў прайгранай справе Шылейнер супраць Рабіновіча нясе адвакат пан Керцнер,  я заклікаю неадкладнага ўрэгулявання вышэйзгаданай справы і пры сваім пасрэдніцтве вярнуць справу ў першапачатковы стан. Хачу зазначыць, што калі спадар Керцнер не прыме неадкладных захадаў, каб залагодзіць вышэйзгаданую справу, я буду вымушаны апублікаваць у мясцовай прэсе (Kurj. Nowogr.) усе двудушныя і гнюсныя дзеянні, да якіх пан Керцнер свядома прыклаў руку.

Э. Рабіновіч

Камунальны шпіталь ў Баранавічах

Цяжка ідзе справа аб’яднання гарадскога і павятовага шпіталяў. Бо цяжка пазбавіцца той куры, што нясе залатыя яйкі (але не для горада).

Створаная 29 чэрвеня Гарадской Радай “шпітальная камісія” правяла пасяджэнне, падчас якога некаторыя чальцы ізноў спрабавалі пахаваць гэтую справу. Іх падтрымліваў дзейсны кіраўнік гарадскога шпіталю доктар Нахумоўскі. У яго будынку і размешчана гарадская бальніца.

Адзін з дэпутатаў Рады нават намагаўся даказаць, што ён моцна разбіраецца ў справах шпітальных і лекарскіх, таму пакуль сам не прызнае, што прапанаваныя ўладамі будынкі падыходзяць пад аб’яднаны шпіталь, дасюль меркаванне трох паважаных мясцовых дактароў нельга браць пад увагу.

Адным словам кожны выпякае сваё печыва.

Пасля прафесійнага дакладу і адказаў на пытанні мясцовага доктара Кізевіча, а таксама расповеду пра рэальныя справы прадстаўніка павятовага Сейму пана А.Брушкевіча, камісія ўхваліла наступную рэзалюцыю:

1) горад уваходзіць у Міжкамунальнае аб’яднанне з баранавіцкім сеймікам (цяпер гэта падобна да дамовы паміж гарадскімі і раённымі ўладамі) з мэтай стварэння сумеснага шпіталя;

2) у будучым Міжкамунальным аб’яднанні гарадская рада будзе мець на адзін голас менш, чым у прадстаўнікоў павятовага сейміка;

3) сеймік і магістрат прадставяць існуючыя памяшканні сваіх шпіталяў, якія будуць ацэнены спецыяльнай камісіяй;

4) выдаткі на ўтрыманне аб’яднанага шпіталя на дзве траціны пакрывае павятовы бюджэт, на адну траціну – магістрат горада Баранавічы;

5) у выпадку ліквідацыі Аб’яднання падзел маёмасці адбудзецца прапарцыянальна ўнесеным долям.

Цяжка ідзе аб’ядзенне шпіталяў, але ідзе.

12 ліпеня

Вырадак у скуры майстра-слесара

П.М., што жыве ў Баранавічах, паслала сваю 7-гадовую дачку Соф’ю загастрыць нажніцы ў слясарную майстэрню, якая знаходзіцца на вуліцу Шасовай, 166 (цяпер Брэсцкая). Дзяўчынка прыйшла ў майстэрню, дзе асабіста сустрэла яе гаспадара Сухарэбскага, які замест таго, каб выконваць свае абавязкі, пачаў прыставаць да дзяўчынкі. Нягледзячы на супраціў з боку дзіцяці, вырадак прыступіў да ажыццяўлення сваіх любоўных практык з бяззбройным дзіцяткам.

Свае намеры вырадак не паспеў здзейсніць толькі дзякуючы таму, што ў майстэрню прыйшоў іншы кліент, і дзяўчынка здолела вырвацца з рук гвалтаўніка. Змучанае дзіцё, якомы вырадак павыкручваў і пашкодзіў рукі і ногі, прыбегла дахаты, дзе ўсё расказала сваёй маці, якая адразу паведаміла пра гэта ў паліцыю.

Справай занялася пракуратура, таму вырадак будзе адказваць за свае дзеянні ў судзе. Як стала вядома, Сухарэбскі ўжо меў падобную справу 2 гады таму, з якой шчасліва здолеў выслізнуць. Цяпер ён панясе заслужаную кару.

Нефартунныя раварысты

Зыгмунт Дубоўскі паведаміў у камісарыят паліцыі, што на днях сын фельшара-ветэрынара Каралёва з-за няўважлівай язды на ровары наехаў на яго 7-гадовую дачку, ды выбіў ёй 3 пярэднія зубы.

На падворку дома №44 на вуліцы Каперніка (цяпер Халасцякова) малодшы сяржант Полець пераехаў роварам дзіця Міхаіла Новака, з-за чаго пашкодзіў яму правае вока і патоўк усё цела.

13 ліпеня

Крадзеж на возеры

Юзік Пацэвіч (вул. Калеёвая, 24 — цяпер Вільчкоўскага) купаўся ў возеры “Жлобін” пад Баранавічамі. У пэўны момант злодзей, скарыстаўшыся няўважлівасцю Пацэвіча, скраў у плаўца абутак, а таксама партманэ з 3 злотымі і 80 грошамі. Злодзея аднак своечасова заўважылі, затрымалі ды забралі ў яго скрадзеныя прадметы. Гэта нейкі Вярэнаў з Лідскага павету.

Акрамя таго,  у горадзе зарэгістраваны 2 выпадкі крадзяжоў: гадзінніка з аўтамабіля і тэлефонных слупоў.

Баранавіцкія прыгажуні, міжваенная Польшча. Здымак размаляваны штучным інтэлектам.

14 ліпеня

Жахлівыя наступсты недагляду

У вёсцы Малыя Лукі, Ястрамбельскай гміны, з-за недагляду дарослых, у цэбры з вадой утапілася аднагадовая дзяўчынка Люба Юрэжык. Яе бацькоў прыцягнуць да адказнасці за тое, што пакінулі дзіцё без нагляду.

15 ліпеня

Цырк у Баранавічах

14 ліпеня прыбыў у Баранавічы багата абсталяваны цырк братоў Станеўскіх, які сваімі памерамі заняў вялізную пляцоўку каля Калоніі Чыноўнікаў на вуліцы Шаптыцкага (цяпер вуліца Савецкая ў раёне райвыканкама). Як нам стала вядома, цырк прабудзе ў горадзе 4-5 дзён, даючы па два прадстаўленні штодня. Да абеду можна таксама паглядзець на шматлікіх жывёл, якіх трымаюць у цырку.

Фатальная суседская спрэчка

У вёсцы Альхоўцы Баранавіцкага павету паміж суседзямі Раманам Трэман і Церанейшам Капыткай адбылася спрэчка з-за асабістай непрыязні, якая скончылася фатальна для абодвух. У нейкі момант Капытка, ахоплены гневам, схапіўся за вялікі кол і ўдарыў ім па галаве Трэману, які без прытомнасці зваліўся на зямлю. У безнадзейным стане ахвяру прывезлі ў павятовы шпіталь у Баранавічах, а Капытку забрала паліцыя.

Надзвычайнае пасяджэнне гарадской Рады

14 ліпеня ў будынку магістрата г. Баранавічы адбылося пасяджэнне гарадской Рады пад кіраўніцтвам в.а. бурмістра інж. Віннікава. Была ўжо трэці раз разгледжана справа ліквідацыі гарадскога шпіталя і аб’яднання яго з павятовым шпіталем, а таксама стварэння супольнай бальніцы з утварэннем хірургічнага, гінекалагічнага і інфекцыйнага аддзелаў. Сабраныя зацвердзілі 8 пунктаў статуту, якія тычыліся кіравання і існавання аб’яднанага шпіталя. Жыдоўская фракцыя пасля доўгага абмеркавання прапанавала прыняць 9-ты пункт — аб стварэнні рытуальнай кухні для хворых жыдоў у новай бальніцы. Большасць галасоў падтрымала прапанову.

Пасля было разгледжана пытанне аб зніжэнні цэн на паслугі гарадской лазні і бясплатным уваходзе туды беспрацоўных, якія маюць патрэбнае пасведчанне.

Пасля быў зачытаны адказ ад пажарнай службы, да якой магістрат звяртаўся дзеля субсідыі на будаўніцтва матарызаванай студні на супрацьпажарныя мэты (брак вады ў Баранавічах). У адказе гораду было прапанавана ўзяць крэдыт, на што Рада цяпер не можа пагадзіцца. Пасля абмеркавання было вырашана ізноў звярнуцца да пажарнага ведамства з просьбай выдаць субсідыю на студню.

16 ліпеня

Бура і перуны над Баранавіцкім паветам

15 ліпеня па Баранавіцкаму павету прайшла нечаканая бура з навальніцай і залевай, якая знішчыла пасевы ды нанесла шкоды прыкладна на мільён злотых.

Ад перуноў згарэла некалькіх гаспадарчых забудоваў у Навамышскай, Вальнянскай, Гарадзішчанскай гмінах. Так, каля вёскі Канюхоўшчына Гарадзішчанскай гміны пярун забіў карову Яна Савіцкага. У Баранавічах пярун ударыў у павятовы шпіталь, чым знішчыў тэлефонную сувязь і электрычны дрот.

Пазней паведамлялася, што ад удару маланкі згарэлі: гумно ў мястэчку Палонка, якое належала Тэклі Абаткоўскай, гумно Барбары Ананьчык ў Вольна, гумно з сенам і канюшынай Юрыя Ліхуты ў вёсцы Вялікае Сяло Гарадзішчанскай гміны, гумно ў вёсцы Канюхоўшчына Бэнедыкта Пазняка, гумно Лявона Часевіча ў вёсцы Пятроўшчына. У вёсцы Русіны Ястрамбельскай гміны пярун ударыў у дом Вінсэнта Пятроўскага, пачаўся пажар, які знішчыў жытло з маёмасцю на 6 тысяч злотых.

Паўлагер для дзяцей жыдоўскіх у Баранавічах

10 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё летняга паўлагера на вуліцы Тадэвуша Галуўкі, 42 (цяпер Куйбышава), які быў арганізаваны мясцовым аддзелам Таварыства аховы здароўя жыдоўскага насельніцтва (TOŻ). У гэтым годзе паўлагер адзначае пяцігоддзе свайго існавання ў Баранавічах.

Падчас ганаровага адкрыцця выступілі айцы горада і кіраўнікі розных аб’яднанняў. Напрыканцы ўрачыстасцяў дзеці, што прыбылі ў паўлагер, праспявалі некалькі песняў на іўрыце і сказалі некалькі прамоў да агульнага задавальнення прысутных.

Сам лагер ужо пяты год размяшчаецца ў прыгожым, хаця і маленькім лесе каля вуліцы Тадэвуша Галуўкі. Збудаваны тут вялікі барак, дзе дзеці могуць схавацца ад непагоды. У паўлагеры змяшчаецца каля 100 дзяцей, якім патрабуецца найбольшая дапамога для паратунку здароўя на свежым паветры.

Дзеці атрымліваюць тут штодня двухразовае бясплатнае харчаванне, якое складаецца з малака, малочных прадуктаў і ягад. Кіраўніцтва знаходзіцца ў руках настаўніцы, якая мае ў дапамогу некалькі іншых прафесіяналаў.

Першая партыя дзяцей будзе карыстацца паўлагерам увесь месяц ліпень. Другая партыя дзяцей, якая складаецца таксама прыкладна са 100 чалавек, будзе ў лагеры на працягу жніўня.

Шмат працы для гэтага прыклалі жонка інжынера Вінніка, доктар Нахумоўскі і доктар Русэл, якім належыць выказаць падзяку за заслугі, якія яны выканалі бясплатна.

17 ліпеня

Уцёкі савецкага шпіёна

На днях з следча-карнай турмы ў Баранавічах уцёк прэвентыўна затрыманы Даніел Бобка, жыхар вёскі Бобкі Сіняўскай гміны. Ён падазраваўся ў шпіёнстве на карысць замежнай дзяржавы.

Даніел Бобка адносіўся да шайкі шпіёнаў, з якой па прыгавору суда былі асуджаны да смяротнай кары два жыхара вёскі Бобкі – Канстанцін і Мікалай Бобкі. Справа Даніела Бобкі была перададзеная ў Акруговы суд. Следства адносна яго было скончана, аднак Бобка здолеў скарыстацца хвіліннай няўвагай вартаўнікоў вязніцы і ўцёк відавочна ў бок савецкай граніцы.

23 ліпеня

Катастрофа аўтобуса пад Слонімам

На 25 км ад Слоніма, на шасэ Слонім-Баранавічы, насупраць тартака Рабніл, адбылася аварыя аўтобуса. Аўтобус, які належыць Гетлу Кушчынскаму з Баранавіч, з-за таго, што кіроўца заснуў, з’ехаў у прыдарожны роў і разбіўся. У салоне знаходзілася 7 пасажыраў, якія атрымалі цяжкія ці лёгкія траўмы. Нешчаслівы кіроўца Уладзіслаў Юрчык таксама атрымаў раны па ўсяму целу і знаходзіцца ў шпіталі пад наглядам паліцыі.

Новыя ахвяры перуна

Падчас мінулай буры ў Баранавіцкім павеце згарэлі наступныя будынкі ад удару маланкі:

У вёсцы Дамашы Дараўскай гімны ад удару перуна была забіта Тэадора Шчэрба, а таксама згарэў жылы дом, які ёй належаў. У памяшканні падчас удару маланкі знаходзілася 5 дзяцей забітай Шчэрбы, якія аднак цудоўным чынам выйшлі жывымі з будынка падчас буры.

У вёсцы Петухоўшчына Ляхавіцкай гміны ад удару перуна згарэў дашчэнту жылы дом, хлеў і камора са збожжам, сталярскім варштатам і сельскагаспадарчымі прыладамі Васіля Макоўскага.

У вёсцы Русінавічы Нясвіжскай гміны ад удару перуна згарэў дашчэнту жылы дом Дамініка Юніка.

26 ліпеня

Бура з градам над Баранавічамі

Учора ўвечары над паветам і горадам Баранавічы прайшла моцная бура з залевамі. У некаторых мясцовасцях прайшоў град велічынёю з галубінае яйка, які значна пашкодзіў пасевы.

У вёсцы Баранавічы пярун забіў мясцовую жыхарку Марыю Вашчылка, якая бегла з поля. Ад маланкі згарала на тэрыторыі павета некалькі гаспадарчых пабудоў.

У саміх Баранавічах пярун ударыў у комін аднаго будынка і расшчапіў яго надвое. Адна палова коміну ператварылася ў пыл, ды так, што не засталося па ім і следу.

Чытайце таксама: Вар’яты ў горадзе, бунт кінатэатраў і ажыўшы труп. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў чэрвені 1932 года

 Батальная пастанова з 700 чалавек, бітва з ваўком і новы кегельбан. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў маі 1932 года

 Затоплены горад, скрадзеныя зубы і “карэта” начальніка дэпо. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў красавіку 1932 года

Лыжны фурор сярод гараджан ды шмат крывавых і дзіўных злачынстваў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў сакавіку 1932-га

Эміграцыя ў Бразілію, вар’яты-самагубцы і баль-маскарад для беспрацоўных. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лютым 1932 года

Рабунак з відэльцам, звальненне бурмістра і вынікі перапісу ў горадзе. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў студзені 1932 года

Дачка павешанага месяц жыла на вуліцы і арышт дэпутата. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў снежні 1931

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Катастрофа самолета, дуэль на шпагах и первые банкоматы. О чем писали барановичские газеты в октябре 1931 и 2001 годов

Посадка первого самолета на новый аэродром и пачка бюллетеней на помойке. О чем писали барановичские газеты в сентябре 1931 и 2001 годов

Приезд Лукашенко на электричке, трагедия на полигоне и сокращение в магистрате. О чем писали барановичские газеты в августе 1931 и 2001 годов

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии