Новости / Спадчына

Вар’яты ў горадзе, бунт кінатэатраў і ажыўшы труп. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў чэрвені 1932 года

25.06.2022, 11:36  chat_bubble1

Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы чэрвеньскія нумары старых газет за 1932 год.

Вар’яты ў горадзе, бунт кінатэатраў і ажыўшы труп. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў чэрвені 1932 года

Kurier Nowogródzki

4 чэрвеня

Будаўніцтва рэзні ў Баранавічах

У Магістраце адбыўся тэндар на завяршэнне будаўніцтва і ўнутранага ўладкавання гарадской рэзні (бойні) у Баранавічах. Усе работы па тэндару былі перададзены пану Мордуху Садоўскаму, цяперашняму ўладальніку рэзні па вул. Шаптыцкага (цяпер Савецкая), якую гарадскія ўлады доўгі час здавалі ў арэнду за 10 тыс. злотых у год.

Садоўскі склаў вельмі добрыя ўмовы для Магістрату, згодна якіх праз тры месяцы пасля падпісання дамовы горад будзе мець уласную рэзню з найноўшым абсталяваннем.

Калі будаўніцтва бойні, у тым ліку ўнутранае абсталяванне, не будзе завершана ў тэрмін, Магістрат мае права бясплатна карыстацца рэзняй, якая належыць спадару Садоўскаму. Магістрат не мог атрымаць такіх спрыяльных умоў пры заключэнні кантрактаў з іншымі ўдзельнікамі тэндара.

Страшны выбух з-за дураты

Два пастухі, якія пасвілі быдла на выгане паміж вёскамі Адахаўшчына і Дарава, знайшлі гарматны снарад часоў вайны і пачалі яго разбіраць. У пэўны момант адбыўся страшэнны выбух, і абодва хлопцы паваліліся на зямлю, пасечаныя аскепкамі боепрыпасу. Гэта жыхары вёскі Адахаўшчына Ян Гаўрыленя і Канстанцін Александровіч. Іх у безнадзейным стане адвезлі ў павятовы баранавіцкі шпіталь (іншыя газеты напісалі, што Гаўрыленя загінуў на месцы, а Александровіч памёр па дарозе ў бальніцу).

Няўдалы самагубца

Вацлаў Клюйша, які здаваў іспыты аб сканчэнні дзяржаўнай гімназіі ў Баранавічах экстэрнам, праваліў некалькі прадметаў. У сувязі з гэтым вырашыў скончыць жыццё самагубствам і стрэліў з рэвальвера сабе ў грудзі. З-за таго, што патрон быў сапсаваны вільгаццю, куля вылецела з дула рэвальвера, але прабіла вопратку і затрымалася за кашуляй, набіўшы толькі сіняк на целе маладога пакутніка. Няўдалага самагубцу перадалі пад апеку старэйшага брата, які жыве ў Баранавічах.

5 чэрвеня

Будаўніцтва элеватара ў Баранавічах

Навагрудскае і Віленскае ваяводствы пазбаўлены цяпер нармальнага рэгулятара цэн на збожжа. Увесь гандаль збожжам знаходзіцца ў руках дробных купцоў, якія жыруюць на крывавых мазалях мясцовых сялян, а таксама карыстаюцца сусветным эканамічным крызісам.

Цэны на збожжа цяпер проста нерэальныя, бо дробныя купцы іх самі вызначаюць, на кожным кроку ўскладняючы збыт сельскагаспадарчых прадуктаў іншымі шляхамі. Адсутнасць нармальнага рэгулятара цэн на збожжа цяпер балюча адчуваецца, а селянін эксплуатуецца збожжавымі спекулянтамі.

На тэрыторыі двух ваяводстваў няма ніводнага нармальнага сховішча збожжа. Гэта асабліва адбіваецца на войску, якое пазбаўлена запасаў збожжа.

Да вайны на гэтай тэрыторыі ў Баранавічах існаваў такі склад збожжа, збудаваны Таварыствам Узаемнага крэдыту. Падчас нападу бальшавікоў у 1920 годзе сховішча было цалкам знішчана, засталіся ад яго толькі апаленыя муры. Месца, дзе знаходзіўся склад, было адпаведнае – знаходзілася ў цэнтры горада, на вуліцы Шасовай (цяпер Брэсцкая), каля таварнай станцыі, дзе рэйкі падыходзяць да самага сховішча. Пасля вайны мясцовы Сіндыкат сельскай гаспадаркі першым вырашыў збудаваць элеватар на руінах былога сховішча.

Ініцыятыва хутка пачала рэалізоўвацца, не гледзячы на цяжкія эканамічныя ўмовы, Сіндыкат выкупіў пляцоўку і руіны былога склада збожжа.

У Сельскагаспадарчы банк быў накіраваны праект на атрыманне доўгатэрміновай пазыкі на 96 тысяч злотых.  Але скончылася ўсё толькі кароткатэрміновым крэдытам на 35 тысяч. Ужо распачалася адбудова сховішча, якога пераробяць на элеватар.

Акрамя сціплай пазыкі Сельскагаспадарчага банка, сам мясцовы Сіндыкат сельскай гаспадаркі ўклаў у Баранавічах у будаўніцтва элеватара круглую суму ў 45 тысяч злотых. У выніку менш за год  паўстаў каля чыгуначнага вакзалу “Цэнтральны” прыгожы будынак, падобны да элеватару збожжа, які можа змясціць 1000 тон. Але ўнутраныя будаўнічыя працы нечакана скончыліся з-за адсутнасці грошай.

Сіндыкат сельскай гаспадаркі, які двойчы перажываў крызіс, цяпер не ў стане скончыць будаўніцтва элеватара за ўласныя сродкі. Адзіная надзея на дапамогу Сельскагаспадарчага банка ці Банка нацыянальнай гаспадаркі, якія павінны паспяшацца выдаць невялікі крэдыт на суму 30 тысяч злотых. Гэта дазволіць скончыць будаўніцтва і абсталяваць механізмамі элеватар.

Магчыма, гэта самая пільная патрэба ў такі цяжкі час, якую трэба развязаць тут, на Усходніх землях Польшчы, найперш для патрэб сялян. Дзяржаўныя службы павінны выкарыстаць усе пружыны для ўздыму з цяжкага заняпаду тутэйшых сялянскіх гаспадарак.

Рухавіком уздыму сельскай гаспадаркі будзе нармальная арганізацыя збыту збожжа, што зробіцца магчымым толькі пасля завяршэння будаўніцтва элеватара ў Баранавічах. Яго трэба тэрмінова дабудаваць. Бо кожны дзень балюча адбіваецца на сельскай гаспадарцы і ўсё больш разбурае яе.

6 чэрвеня

Выбары ў павятовым Коле акадэмікаў баранавічанаў

У павятовым Коле акадэмікаў баранавічанаў адбыліся чарговыя выбары новага кіраўніцтва. У яго ўвайшлі: Баляслаў Кміта – прэзідэнт, Анатоль Кашуркевіч – віцэ-прэзідэнт, Алёна Снарска – сакратар, Імельда Чыжова – скарбнік, Анатоль Турскі – сябра. У рэвізійную камісію ўвайшлі: Леанард Стэцкі – старшыня, Зыгмунт Харкевіч і Валер’ян Гарынскі – чальцы камісіі.

Першы футбольны матч за чэмпіёнства ў Баранавічах

4 чэрвеня а 17 гадзіне распачаўся першы матч чэмпіянату горада Баранавічы паміж баранавіцкім вайсковым спартовым клубам “78 полк пяхоты” і СК “Макабі”, які скончыўся паразай “Макабі” з лікам 2:1. Трэба адзначыць, што “78 п.п.” з часу апошняй таварыскай сустрэчы значна падвысіў свой узровень, з-за чаго вельмі моцная каманда “Макабі” атрымала на баранавіцкім полі сур’ёзнага суперніка, які сёлета можа забраць у іх чэмпіёнскі тытул горада Баранавічы.

Наступная сустрэча паміж камандамі хутчэй за ўсё адбудзецца 12 чэрвеня.

Авантура, якую своечасова патушылі

Два маладзёны з вёскі Малая Валахва Ястрамбельскай гміны – Філіп Кораб і Ян Ананька, едучы на возе па вуліцам Баранавіч, зачапілі купку жыдоў, што стаялі на ўзбоччы. А менавіта – адзін з маладзёнаў кінуў кавалак мяса ў твар жыду, які з цікавасцю пазіраў на хлапцоў, які праязджалі побач. “Вока за вока, зуб за зуб” – адвечны запавет старазаконнікаў – пабудзіў групку жыдоў заступіць дарогу едучым на возе маладзёнам.

Разгаралася авантура, на якую шчасліва патрапілі паліцэйскі разам Андрэям Столярам, солтысам в. Малая Валахва. Распачалася праверка дакументаў, падчас якой з’явіўся ваяўнічы жыдок Шлёма Задвін і, не доўга думаючы, ўдарыў у твар солтысу Малой Валахвы, які знаходзіўся пры выкананні сваіх абавязкаў.  Зразумела, на Шлёма склалі пратакол, і ён будзе адказваць за знявагу солтыса. Шчасце, што на гэтым усё і скончылася, бо авантура гэтая магла разгарэцца ў значных памерах.

7 чэрвеня 

Абвестка

Дырэкцыя гімназіі імя каралевы Барабары Радзівіл у Баранавічах (вул. Шасовая, 214 – цяпер Брэсцкая), паведамляе, што ўступныя іспыты ў першы клас адбудуцца 15 і 16 чэрвеня. Падача і прыём дакументаў адбываецца ў канцылярыі да 12 чэрвеня з 11 да 13 гадзін.

Kurier Nowogródzki ад 7-06-1932

9 чэрвеня

Бура над Баранавіцкім паветам

Учора ўвечары над Баранавіцкім паветам прайшла бура з перунамі. Пярун ударыў у воз, які вяртаўся з поля, і забіў ехаўшага на ім 25-гадовага Казіміра Астойка, жыхара вёскі Мелехавічы Сталовіцкай гміны. Конь прывёз труп на падворак гаспадаркі Астойкі.

Сутыкненне таксоўкі і фурманкі

Пры збегу вуліц Шаптыцкага (цяпер Савецкая) і Уланскай (цяпер Штакерау і Піянерская) таксоўка №79059, якой кіраваў Міхал Пашкевіч, з-за няўважлівасці сутыкнулася з аднаконнай фурманкай, якая належыць Паўлу Русаку. Вынікі аварыі фатальныя, фурманка была разбіта, конь паранены, Русак атрымаў траўмы па ўсім целе. Таксоўка і кіроўца выйшлі з катастрофы без пашкоджанняў. Моцна параненага Русака прывезлі ў цяжкім стане ў баранавіцкі павятовы шпіталь.

Збіццё

Уладзіслаў Хоміч паведаміў у камісарыят паліцыі, што Мікалай Сергель (жыве на вул. Жлобінскай – назва захавалася), які ў апошнія часы ўжо меў за сабою некалькі брудных спраў, ускочыў у яго кватэру, паламаў яго інструмент, патоўк хатнія рэчы, а яго самога моцна пабіў. Грозны авантурнік на працягу тыдня ўжо быў некалькі разоў у паліцыі, магчыма, трэба прадпрымаць нейкія больш сур’ёзныя меры.

Уладзіслаў Кітлінскі і Васілевіч, жыхары Баранавіч, напалі на вуліцы Сенатарскай (цяпер Горкага) на Евэля Фансоду і пабілі яго за тое, што не далучыўся да страйку работнікаў спажывецкай прамысловасці.

Савелі Кандзюра, што жыве на Сенатарскай, 79, паведаміў у паліцыю, што перыядычна яго збівае і прыніжае сын, Александр Кандзюра, сяржант 78 пяхотнага палка.

Д’ябальская помста працадаўцы

На днях у паліцыю звярнулася жыхарка в. Прылукі Цырынскай гміны Марыя Равінская і склала наступную заяву: летась Равінская паступіла на службу да Скатарковай, гаспадыні гатэлю ў Баранавічах на вуліцы Рынкавая, 12.

Праз некалькі месяцаў паміж працадаўцам і служкай паўсталі нейкія непаразуменні, якія сталі падставай да таго, што Равінская вымушана была пакінуць службу. Сыходзячы, Марыя папрасіла працадаўцу вярнуць ёй асабістае пасведчанне, якое падчас працы захоўвалася ў Скатарковай. Тая з станінскай усмешкай вярнула дакумент, які перад гэтым з помсты пашкодзіла. Менавіта Скатаркова, жадаючы нашкодзіць служцы, якая не ўмее чытаць, дапісала ў пасведчанні асобы ў графе прафесія: “кішэнная зладзейка”.

Цяпер помслівая працадаўца будзе адказваць перад судом за абразу былой служкі.

Няўдалы выступ камуніста

Жыхар вёскі Малахоўцы Уладзімір Лойша паразвешваў уласнаручна зробленыя улёткі з антыдзяржаўнымі лозунгамі. У іх ён заклікаў сялян не прымаць удзел у працах на палях навакольных маёнткаў. Лойша – выпускнік сельскагаспадарчай школы ў Кушылеве Навагрудскага ваяводства. Ён быў арыштаваны і дастаўлены ў мясцовы пастарунак паліцыі, дзе прызнаў сваю віну і сказаў, што з’яўляецца камуністам. Згодна з пастановай пана пракурора, Лойшу пасадзілі ў карна-следчую турму ў Баранавічах, дзе ён застанецца да суда.

10 чэрвеня

Футбольныя спаборніцтвы

11 чэрвеня на стадыёне “Макабі” у Баранавічах адбудзецца футбольны матч паміж камандай спартовага клубу “Агніска” (KS “Ognisko”) з Вільні і гаспадарамі поля. Пачатак гульні дакладна а 17 гадзіне без увагі на надвор’е.

Падкідыш на кірмашы

Каля кіёску на гарадскім кірмашы імя 3 мая (цяпер квартал паміж вул. Горкага, Прытыцкага, Чырвонаармейскай і Гагарына) знойдзена завітае ў лахманы немаўля мужчынскага полу прыкладна 6 месяцаў ад нараджэння. Падкідыша перадалі ў мясцовы прытулак на вуліцы Нарутовіча (цяпер Камсамольская).

11 чэрвеня

На забудову горада Баранавічы

Горад Баранавічы ў апошнія дні атрымаў крэдыт у суме 50 тысяч злотых ад Польскага Крэдытовага Банку  для будоўлі ў горадзе.

Гэтыя грошы прызначаныя для тых жыхароў, якія збіраюцца будаваць драўляныя дамы, дзе будзе не болей за 4 пакоі. Некалькі дзён таму па гэтай справе адбылося пасяджэнне адмысловай камісіі пад кіраўніцтвам пана інжынера Вінніка, які падзяліў 50 тысяч злотых паміж 18 жыхарамі горада, з той умовай, што яшчэ сёлета яны прыступяць да будоўлі згаданых домікаў.

У бліжэйшы час чакаецца яшчэ адзін крэдыт на такія мэты, грошы ад якога атрымаюць жыхары Баранавіч. Для гэтага камісія пры магістраце павінна прызнаць мэтазгоднасць выдачы такога крэдыту для будаўніцтва жылля.

12 чэрвеня

Апека над псіхічна хворымі

Наш горад Баранавічы багаты на розныя дзівацтва. Шмат тут крымінальных сенсацый, а таксама выбрыкаў псіхічна хворых, колькасць якіх на горад можа і завялікая.

Нядаўна магістрат пазбавіўся вар’яткі-авантурысткі Агаты, якая добра вядома ўсім мясцовым уладам. Часта эксцэсы гэтай вар’яткі збіралі людзей, якія з задавальненнем слухалі яе нецэраманіяльныя маналогі, ўпрыгожаныя жэстамі, часам не вельмі прыстойнымі.

Сёння ў Баранавічах няма ўжо Агаты, бо яе накіравалі ва ўстанову для псіхічна хворых. А зрабілі гэта асобы, якія адчулі яе паводзіны на ўласнай скуры.

Але засталася тут яшчэ адна вар’ятка, якая падчас прыступу можа быць вельмі небяспечнай для грамадскасці.

Калі нехта будзе ў Баранавічах, схадзіце на вуліцу Шасовую (цяпер Брэсцкая), тут пры павятовай камендатуры паліцыі напэўна спаткаеце рудую жанчыну з вядром, рыдлёўкаю і дзеркачом у руках. Яна ніводнага шпацыруючага беспакарана не прапусціць каля сваёй рэзідэнцыі, пры збегу вуліц Шасовай і Орлі (цяпер Лісіна).

Гэта псіхічна хворая – нейкая Шэрашэўская, сваякі якой, жадаючы мець спакой, купіла ёй невялікі домік з садам у Баранавічах, пакінулі яе тут і прысылаюць час ад часу трохі грошай на жыццё. Яна ж, зацыкленая на чыстаце, ад белай раніцы да позняй ночы ходзіць уздоўж вуліц Орля і Шасовай, дзе добраўпарадкуе кожны закуток. 

Чысціню пільнуе дасканала, нават каля суседніх сядзіб. Бяда, калі заўважыць сабе якую ахвяру. З надзвычайнай хуткасцю кідаецца ў пагоню і з жахлівым крыкам махае рыдлёўкаю ці дзеркачом, гатовая ў любы момант ударыць ахвяру па галаве.

Адчыненыя дзверы ці акно – гэта яе хвароба. Тады бегае і зачыняе іх з размаху, пры гэтым часта вылятаюць шыбы на шкоду іх уласнікаў.

Трэба мець на ўвазе, што на вуліцы Шасовай знаходзяцца ажно 2 гімназіі і сярэдняя школа. Школьнікі, якія праходзяць побач, увесь час пад пагрозай нападу гэтай вар’яткі, якая можа моцна пакрыўдзіць малое дзіця. Дзяцей тут ніколі не бракуе, бо яны маюць бясплатны атракцыён, назіраючы за выбрыкамі псіхічна хворай.

Надыходзіць час, каб магістрат звярнуў увагу на Шэрашэўскую і накіраваў яе следам за Агатай. Кожны дзень прамаруджвання пагражае грамадскай бяспецы. Не хацелася б, каб магістрат браў на сябе поўную адказнасць за ўчынкі вар’яткі, якія ў нейкі момант могуць мець трагічныя наступствы.

13 чэрвеня

Страйк кінатэатраў у Баранавічах

Ужо два тыдні страйкуюць баранавіцкія кінатэатры, у выніку чаго ўстановы не працуюць, а кіраўніцтва не прывозіць новых стужак. Як нам расказаў чалец адміністрацыі аднаго з кінатэатраў, установы спынілі працу з-за сталага дэфіцыту, якія расце ўжо другі месяц.

Кіраўніцтва спрабавала дамовіцца з магістратам, каб знізіць падаткі, накладзеныя на кінатэатры, бо народ цяпер праводзіць больш часу ў парку ці за горадам, а мне хоча душыцца, пазіраючы фільмы малой вартасці. Аднак на пасяджэнні Гарадской Рады нічога не было вырашана, і справу перадалі ў Камісію па бюджэце.

Цяжка аднак верыцца, што камісія нешта зменіць, бо яна павінна строга прытрымлівацца бюджэту, які сёлета і так быў абрэзаны на 50%. У цяперашні час рабіць нейкія змены бюджэту, асабліва па прыбытках, было б дзіўным для камісіі, бо бюджэт ізноў будзе выкананы са значным дэфіцытам.

Аднак адсутнасць культурнага адпачынку моцна адбіваецца на мясцовых жыхарах, але ў вясенні і летні час гэта не так трагічна, бо кожны з кінаманаў хоча праводзіць больш часу на свежым паветры. Можна толькі спадзявацца, што да асенне-зімовай пары непаразуменне паміж магістратам і кінатэатрамі будуць развязаныя. А калі не, дык самі кіношнікі павінны скарыстацца папулярным для кінатэатраў сезонам.

Праглядаючы рэпертуар замоўленых фільмаў, якія яшчэ не паказвалі ў Баранавічах, бачым там дасканалыя стужкі, якія павінны былі круціць у гэты летні сезон. Можна толькі цешыцца, што гэтыя стужкі падчас паказу панурымі асеннімі і зімовымі вечарамі будуць ствараць падвойнае ўражанне ў гледачоў.

Таксама прасілі б кіраўніцтва кінатэатраў на час летняга страйку пакінуць працаваць хаця бы адзін кінатэатр.

Пазней газета напісала, што 24 чэрвеня быў адчынены адзін з кінатэатраў – “Casino” – у Баранавічах. Кошт білетаў быў зніжаны на 20%. У рэпертуары толькі польскія фільмы.

14 чэрвеня

Абвестка

Чатырохгадовая суадукацыйная школа гандлю ў Баранавічах прымае ў першы клас вучняў з пасведчаннем заканчэння 7-гадовай пачатковай школы, а ў наступныя класы – з пасведчаннем іншых гандлёвых школ. Кваліфікацыя школы прыраўноўваецца да атэстата аб сярэдняй адукацыі. Ёсць інтэрнаты для хлопцаў і дзяўчат. Дзяржаўныя ўстановы і ўстановы мясцовага самакіравання аплачваюць поўную плату за навучанне дзяцей сваіх супрацоўнікаў. Прыём заявак і падрабязная інфармацыя (па запыце бясплатна рассылаецца немясцовым жыхарам) адбываецца ў школьным офісе (вул. Сенатарская, 121, тэлефон 177).

Kurier Nowogródzki ад 16-06-2022

18 чэрвеня

Хваля падкідышаў

За апошнія два дні ў Баранавічах было знойдзена чацвёра дзяцей, якіх перадалі ў мясцовы прытулак імя Аляксандры Пілсудскай.

На вуліцы Уланскай, 83 (цяпер Штакерау ці Піянерская), каля веранды знайшлі двухмесячную дзяўчынку, пры якой была запіска, што дзіцё пахрышчана ў праваслаўнай царкве на імя Рэгіна. Падкінула яе невядомая маці, якая не мае сродкаў на ўтрыманне дзіцяці.

У садзе афіцэрскага казіно казармаў Касцюшкі (цяпер Вайсковы гарадок) знайшлі 6-гадовага хлопчыка, закручанага ў лахманы.

Пад плотам маёнтка на вуліцы Нарутовіча (цяпер Камсамольская) знайшлі хлопчыка, якому было ўсяго 5 тыдняў. Паліцыя выявіла, што дзіця падкінула жыхарка Баранавіч, каханка нейкага Станіслава Тышкевіча.

У траве каля вуліцы Шасовай (цяпер Брэсцкая) знайшлі дзяўчынку, якой ад нараджэння 7 тыдняў. Якую таксама падкінула невядомая маці.

Аблава ў Баранавічах

На днях у Баранавічы прыбыла вазамі банда цыган, якая складалася з некалькіх дзесяткаў сямей. Цыганы расклалі свае намёты на лугах каля вайсковых канюшняў. Уначы крымінальная паліцыя зладзіла аблаву ў табары і затрымала 21 асобу, збольшага тых, каго шукалі суды і паліцэйскія органы.

Акрамя таго, у табары знайшлі прыгожага каштанавага мерына. Ніхто з цыганоў не хоча прызнавацца, чый ён. Некалькі чалавек пасля праверкі асобы вызвалілі, іншых затрымалі да вырашэння іх лёсу ў судах.

22 чэрвеня

Арышт акушэркі

На днях у павятовы шпіталь у Баранавічах прывезлі ў вельмі цяжкім стане нейкую Ганну Чартко. Абследаванне хворай доктарам Нахумоўскім выявіла, што за некалькі дзён да гэтага яна пазбавілася ад 7-месячнага плоду. Пра гэта было паведамлена ў Гарадскі суд.

Следства па гэтай справе вёў асабіста суддзя Фуцхс (Fuchs), якому хворая расказала ўсю праўду ды прызналася, што аборт выканала нелегальная акушэрка Алена Ракаўская, што жыве на вуліцы Каўпеніцкай, 44 (цяпер Прамінскага).

Выявілася, што Ракаўская выканала ўжо некалькі такіх аперацый, і нават яе ўжо за гэта караў суд. Па прапанове пракурора Ракаўскую арыштавалі да разгляду справы і накіравалі ў судова-следчую турму. 

22 чэрвеня

Аб прытулку “Наш дом”

Увечары 10 чэрвеня адбылося прадстаўленне ў сіроцкім прытулку “Наш дом” у Баранавічах. Дзеці паказалі прыгожую пастанову ў 4-х актах аб жыцці Святой Тэрэзы. Рэжысёрам у гэтага добра арганізаванага прадстаўлення была адна з сіротак, якой ледзьве споўнілася 15 год. Выступ прызначаўся для дзяцей пачатковых школ і быў для іх бясплатны.

Таксама тут сабралося шмат асобаў з мясцовай супольнасці, якія дапамагаюць існаваць прытулку пад кіраўніцтвам пані Карпушка. Яна стварыла мілую ўстанову ў Баранавічах, карыстаючыся дапамогаю павятовага баранавіцкага сейміку.

Аднак гэта апошняя імпрэза прытулку, бо ўжо ў наступным месяцы яго перанясуць у Навагрудак, каб вызваліць памяшканне для павятовага шпіталя ў Баранавічах.

Існуе аднак надзея, што як толькі выправіцца фінансавае становішча нашага самаўраду ў Баранавічах, тут будзе збудаваны новы гмах бальніцы, і тады мілы закуток на вуліцы Шасовай (цяпер Брэсцкая) ізноў запоўніцца дзіцячым шчэбетам сіротак, якія вернуцца ў Баранавічы. 

25 чэрвеня

Ажыўшы труп

Некалькі дзён таму на тэрыторыі Вольнаўскай гміны нейкі чалавек заўважыў у жыце скрываўлены труп жанчыны, з відавочнымі слядамі гвалту. На месца здарэння выехала судова-лекарская камісія. Труп аднак не знайшлі ні ў пазначаным месцы ў жыце, ні паблізу. Далейшыя пошукі трупа далі нечаканыя вынікі: як выявілася, труп узняўся і пайшоў дахаты. Гэта мясцовая вар’ятка ў прыступе шалу падрапала сабе цела, твар і падзерла сукенку, пасля чаго моцным сном заснула ў жыце. Праз нейкі час прачнулася і спакойна пайшла дахаты ў вёску Вольна.

Dziennik Wileński

28 чэрвеня

Баранавіцкія валейбалісты ў Вільні

25 чэрвеня гасціла ў Вільні валейбольная каманда з Дзяржаўнай школы імя Рэйтана ў Баранавічах, якая правяла некалькі гульняў.

  • Настаўніцкая семінарыя (Вільня) – Баранавічы 29:17 (14:15)
  • Гімназія Міцкевіча (Вільня) – Баранавічы 30:19 (15:11)
  • Баранавічы – Сокал (Вільня) 29:26. Гэты матч выйгралі госці ў складзе: Гурцэвіч, Рагіга, Лінчэўскі, Грыневіч, Габрык, Васілеўскі.

Баранавіцкая каманда гуляла добра. Як выявілася, і ў правінцыі спартовыя гульні пачынаюць развівацца, а прадстаўнікі правінцыі пачынаюць абыгрываць нават моцныя віленскія клубы.

Kurier Nowogródzki

29 чэрвеня

Вынік нядзельнага матчу “9 ДАК”

26 чэрвеня ў Навагрудку адбыўся матч паміж футбольнымі камандамі “Макабі” (Навагрудак) і 9-га Дывізіёну артылерыі коннай (Баранавічы). Сустрэча скончылася з лікам 2:3 на карысць баранавіцкай каманды “9 ДАК”.

Знайшлі труп зніклага гаспадара

18 чэрвеня загадкава знік 55-цігадовы Мікалай Міцкевіч, гаспадар фальварку Сінява (гміна Мядзведзічы), які моцна пасварыўся з сынам і з’ехаў з хаты. Пазней яго каня з фурманкаю знайшлі на чыгуначнай станцыі Ганчары. Але самога яго нідзе не было. Пасля працяглых пошукаў у рацэ Шчара, пад мастом на брэсцкай дарозе, знайшлі цела мужчыны, які цалкам адпавядае апісанню.

Мікалай Міцкевіч меў прывязаны да шыі мех, у якім было каля 20 кг камянёў. Акрамя таго, кішэні яго пінжака таксама былі набітыя камянямі. Пакуль паліцыі не атрымалася дазнацца, ці Міцкевіч здзейсніў самагубства, ці стаў ахвярай вытанчанага забойства.

Kurjer Warszawski

30 чэрвеня

Выстава нелегальнай літаратуры

У Баранавічах, у рэгіянальным музеі імя Рэйтана на вуліцы Міцкевіча (цяпер вул. Леніна, музей знаходзіўся прыкладна насупраць вечнага агню), пачала працаваць выстава польскай друкаванай нелегальнай літаратуры, якая адносіцца да часоў змагання за незалежнасць у 1914-1918 гадах. Акрамя ўлётак, адозваў, абвестак і бюлетэняў ёсць там перыядычныя газеты і вайсковыя падручнікі, які з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для будучых даследчыкаў. Большасць матэрыялаў паходзіць з калекцыі двух жыхароў Баранавіч.

Чытайце таксама: Батальная пастанова з 700 чалавек, бітва з ваўком і новы кегельбан. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў маі 1932 года

 Затоплены горад, скрадзеныя зубы і “карэта” начальніка дэпо. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў красавіку 1932 года

Лыжны фурор сярод гараджан ды шмат крывавых і дзіўных злачынстваў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў сакавіку 1932-га

Эміграцыя ў Бразілію, вар’яты-самагубцы і баль-маскарад для беспрацоўных. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лютым 1932 года

Рабунак з відэльцам, звальненне бурмістра і вынікі перапісу ў горадзе. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў студзені 1932 года

Дачка павешанага месяц жыла на вуліцы і арышт дэпутата. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў снежні 1931

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Катастрофа самолета, дуэль на шпагах и первые банкоматы. О чем писали барановичские газеты в октябре 1931 и 2001 годов

Посадка первого самолета на новый аэродром и пачка бюллетеней на помойке. О чем писали барановичские газеты в сентябре 1931 и 2001 годов

Приезд Лукашенко на электричке, трагедия на полигоне и сокращение в магистрате. О чем писали барановичские газеты в августе 1931 и 2001 годов

Смерть на дне колодца, Ляховичи признали городом, и первый автобус – в старый микрорайон. О чем писали барановичские газеты в июле 1931 и 2001 годов

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
1 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии