Новости / Спадчына

Батальная пастанова з 700 чалавек, бітва з ваўком і новы кегельбан. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў маі 1932 года

29.05.2022, 8:58  chat_bubble0

Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы майскія нумары старых газет.

Батальная пастанова з 700 чалавек, бітва з ваўком і новы кегельбан. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў маі 1932 года

Рамізнік з пасажырам на вуліцы Нарутовіча (цяпер Камсамольская), 1936 год. Ззаду відаць кінатэатар Apollo - цяпер пляцоўка паміж гатэлямі "Марыінскі" і "Гарызонт". Здымак з архіву Сяргея Русака

Kurier Nowogródzki, 1932 год 

1 мая

Злая варажба

Некалькі дзён таму да Тэадоры Галінскай, якая жыве на вуліцы Азёрнай (назва засталася дасюль), 15, зашлі 2 вандроўныя цыганкі, якія прапанавалі ёй за невялікую плату паваражыць. Галінская, як і ўсялякая звычайная кабета, што цікавіцца сваёй недалёкай будучыняй, пагадзілася на цыганскую варажбу.

Незнаёмкі загадалі падаць поўную мядніцу (медны таз) вады, дасталі свечы зялёнага колеру і, запаліўшы іх, пачалі ліць воск на ваду, а дымам ад свечак абкурваць Галінскую. Праз некалькі секунд гаспадыня страціла свядомасць і пачала падпарадкоўвацца загадам цыганак. Прынесла ў пакой усе свае каштоўныя рэчы і біжутэрыю ды аддала вядзьмаркам усё, што яны хацелі.

Праз нейкі час Галінская ачомалася і пабачыла, што цыганкі сышлі ў невядомым накірунку з усёй біжутэрыяй і грашыма. Засталася толькі мядніца з вадою, у якой плавалі дзіўныя кавалкі воску. Толькі цяпер Галінская зразумела, што была проста ашуканая.

Падалася ў пастарунак паліцыі, дзе паведаміла аб крадзяжы і склала падрабязнае апісанне ашуканак. Толькі вось ці атрымаецца цяпер затрымаць спрытных варажбітак, цяжка сказаць, бо, верагодна, Галінская задураная невядомым дымам не зможа ў сапраўднасці пазнаць тых цыганак.

3 мая

З жыцця кааператыву “Сноп” у Вольна

У памяшканні клубу ў Вольна адбылося вельмі важнае паседжанне чальцоў кааператыва “Сноп” пры ўдзеле інспектара Аб’ядання спажыўцоў — пана Будзькі.

Кіраўніцтва кааператыву склада справаздачу за 1931 год, якая была закрыта з прыбыткам 679 злотых. Усю гэтую суму вырашылі накіраваць на будаўніцтва ўласнага дому, якое пастанавілі распачаць ужо сёлета. Для гэтага быў створаны Камітэт пабудовы дому. Належыць адзначыць, што ў гэтых цяжкіх варунках эканамічнага крызісу кааператыў “Сноп” добра завіваецца, дзякуючы інтэнсіўнай працы кіраўніка кааператыва Уладзіслава Урбановіча і чальца з кіраўніцтва пана Макарэвіча.

Падкідыш

На верандзе на алее Післудскага знайшлі немаўля-хлопчыка, узросту прыкладна 5 месяцаў, якога кінула яго маці.

 5 мая

Першамай у Баранавічах

Голасна абвешчанае сацыялістамі святкаванне 1-га мая ў Баранавічах выйшла вельмі мізэрным. Нешматлікае шэсце, якое складалася ў асноўным з маленькіх груп, рушыла ад будынку “Jutrzni” на кірмаш, дзе было сказана некалькі прамоў не вельмі шматслоўных. Наогул 1-га мая ў Баранавічах прайшло вельмі спакойна, без ніякіх здарэнняў.

Сацыялістычная газета Robotnik 10 мая зусім па-іншаму апісала гэтую імпрэзу

Святкаванне сёлета 1 мая ў Баранавічах Сацыялістычная партыя Польшчы (PPS), Бунд і Паалей Цыон («Працоўныя Сіона») правялі найлепей за мінулыя гады. У шэсці ўзяло ўдзел каля 3000 чалавек, а ў мітынгу на кірмашы – болей за 5000. Гарадская адміністрацыя зрабіла ўсё, каб адхіліцца ад удзелу ў маніфестацыі. Тых, хто з вёсак накіроўваўся на мітынг, страшылі пакараннем і не пускалі ў Баранавічы.

Пад чыстым небам прамаўлялі Махай, Мукасей, Канігзбер, Лапінскі, Лахоўскі і Ружанскі. Пасля прамовы калона рушыла па вуліцам горада на чале з аркестрам.

Падчас прамоў на кірмашы паліцыя адлоўлівала вучняў, хапаючы іх сярод слухачоў!

Увечары адбылася ўрачыстая Акадэмія, якая скончылася танцамі. Рабочыя і работніцы, палякі, жыды, беларусы і расейцы ахвотна адпачывалі.

8 мая

Анонс першага баксёрскага матчу

Намаганнямі 78 пяхотнага палка разам з павятовым камендантам PW (Przysposobienie Wojskowe — вайсковая падрыхтоўка) у Баранавічах адбудзецца першы турнір па боксу 8 мая, а 13-й гадзіне ў Рашынскім лесе (казармы Касцюшкі – цяпер Вайсковы гарадок). У ім возьмуць удзел спартоўцы з 78 пяхотнага палка (Вайсковы спартовы клуб), 26 уланскага палка (каманда “Стралец”) і мясцовага спартовага клубу “Макабі”. Гэта першая падобная імпрэза ў Баранавічах, якая павінна зацікавіць мясцовых жыхароў. Уваход у лес каштуе вельмі танна – усяго па 50 грошай з чалавека.

Свята пасадкі дрэваў

4 мая адбылося ў Баранавічах “Свята пасадкі дрэваў”, у якім ўзялі ўдзел усе мясцовыя сярэднія школы і аддзел Аб’яднання Стралецкага. А 9-й гадзіне раніцы каля Помніка невядомаму жаўнеру (цяпер клумба на вул. Савецкай, насупраць гатэлю “Горизонт”) ксёндз-вікарый Лявон Спакач асвяціў дрэвы, пасля чаго зрабіў прамову, у якой заахвоціў прысутных да апекі над высаджанымі ў гэты дзень дрэвамі, як гэта робіцца ў заходняй частцы Польшчы.

Пасля выканання гімну школьным аркестрам прамовіў намеснік старасты Генрык Курачыцкі і школьны інспектар Ставовы. Затым школьнікі разабралі складзеныя тут дрэўцы, якія прывезла дарожная служба, і пад наглядам знаўцаў пачалі высаджваць дрэвы ў загадзя прыгатаваныя ямкі. Высаджана больш за 600 саджанцаў на вуліцах: Шасовай (Брэсцкая), Касінераў (Войкава), Мінскай (Прытыцкага), Рынкавай (Фраленкова) і Шырокай (Тэльмана).

Першыя два дрэвы высадзілі намеснік старасты Генрык Курачыцкі і школьны інспектар Ставовы на вуліцы Міцкевіча (цяпер Леніна), каля Помніка невядомаму жаўнеру. Кожны з удзельнікаў навязаў да свайго дрэва картку з прозвішчам і абавязаўся даглядаць яго.

Падкідыш

Ужо другі раз у Баранавічах на верандзе па адрасе Нарутовіча, 88 (цяпер Камсамольская) знойдзена немаўля. Побач з дзіцём была картка з надпісам: “Макух Толя, 8 месяцаў”.

10 мая

Бура з градам над Баранавічамі

Сёння ўночы над баранавіцкім паветам прайшла нечаканая бура з перунамі і градам. У вёсцы Вольна пярун ударыў у гаспадарчыя забудовы, забіў кабылу, спаліў хлеў і канюшню з інвентаром. Падчас акцыі тушэння пажару моцна пацярпеў гаспадар спаленых будынкаў Якуб Валожын.

Баксёрскі матч

Упершыню ў Баранавічах адбыўся баксёрскі матч, арганізаваны 78 полк пяхоты і камендатурай павятовага PW.У ім прынялі ўдзел 22 спартоўцаў мясцовых клубаў і аб’яднанняў. Упершыню арганізаваная такая імпрэза прыцягнула вялікую ўвагу жыхароў горада. Пры мясцовых спартовых клубах цяпер утвараюцца баксёрскія секцыі.

13 мая

Святатацтва ў парафіяльным касцёле

Сёння ўночы адбыўся ўзлом парафіяльнага касцёлу ў Баранавічах. Святатаццы скралі з табернакулума некалькі дзесяткаў аплатак і некалькі штук гастыі, пакінуўшы на месцы дарагія прыборы для літургіі. У тую самую ноч злодзеі ўламаліся ў царкву ў вёсцы Вялікія Лукі, але спужаныя раней часу не паспелі нічога скрасці.

18 мая

Вясна ў Баранавічах

Пасля пахмурных і дажджлівых дзён у Баранавічах і на тэрыторыі павету ўсталявалася цёплая і лагодная вясна. У самім горадзе Магістрат, нягледзячы на эканамічны крызіс, вырашыў высадзіць кветнікі каля: будынку стараства, Польскага банку, калоніі ўраднікаў, помніка Невядомаму жаўнеру, што значна ўпрыгожыць Баранавічы.

Адно кепска, што горад дасюль не мае цыстэрны для паліву вуліц, што моцна адбіваецца на прахожых і шпацыруючых, якія вымушаны душыцца цэлымі хмарамі пылу, якія ўздымаюць дворнікі, выконваючы свае штодзённыя абавязкі па падмятанню.

19 мая

Першы кегельбан на Крэсах — у Баранавічах

Адбылося  урачыстае адкрыццё кегельбану, пабудаванага Вайсковым кааператывам (казармы Траўгута – Вайсковы гарадок) у Баранавічах. Гэта яшчэ адзін спартовы аб’ект у горадзе, дзе іх увесь час робіцца ўсё болей.

Выпадкі і здарэнні

Хвалі Жлобінскага возера вынеслі на бераг цела ўтопленага немаўляці. Паліцыя шукае цяпер яго маці.

Герш Еўрфановіч (Шаптыцкага, 18 – цяпер Савецкая) паведаміў у паліцыю, што нейкі Сяргей Ганчарык прыйшоў да яго ў майстэрню і папрасіў прыкруціць да ровара новыя балотнікі, пасля чаго нечакана ўцёк з памяшкання, не заплаціўшы.

Некалі дзён таму на шкоду Вольгі Шкодзік (вул. Т. Галуўкі, 6 — Куйбышава) яе сусед Берка Палячок разабраў сцяну складу і скраў у яе дошкі, якімі тапіў печку. Шкода склала некалькі дзесяткаў злотых.

Спорт у Баранавічах

14 мая на спартовай пляцоўцы спартовага клубу “Макабі” адбыўся футбольны матч паміж вайсковым спартовым клубам “78 полк пяхоты” і СК “Макабі”. Нягледзячы на тое, што гэта была таварыская сустрэча, гледачоў хапала.

Першая сустрэча двух самых магутных мясцовых футбольных каманд дае падставы для разважанняў і не можа быць падставай для прагнозаў на будучыню, калі адбудзецца барацьба за чэмпіёнства ў горадзе Баранавічы. Свежаствораная каманда ВКС “78 п.п.” валодае салідным матэрыялам, але як звычайна бракуе тут прафесійных навыкаў, у тым ліку тэхнічнага майстэрства. Затое “Макабі” валодае добрай тэхнікай, але не выкарыстоўвае найлепшыя сітуацыі. Цэлы матч “Макабі” меў перавагу на полі, але не мог выкарыстаць свае надзвычайна карысныя пазіцыі. У той самы час ВКС “78 п.п.”, найперш дзякуючы падтрымцы знакамітага галкіпера і некалькіх дасканалых гульцоў, прабівалі адну брамку за другой.

Вынік неспадзявана быў на карысць “78 п.п.” – 7:0 (4:0).

Аднак не азначае тое, што ВКС “78 п.п.” павінен спачываць на лаўрах сваёй сілы. Трэба адзначыць, што СК “Макабі” з’яўляецца грозным супернікам і можа нанесці паразу ў афіцыйных сустрэчах, бо тэхнічна значна пераўзыходзіць вайсковую каманду.

У выніку гэтай сустрэчы “78 п.п.” павінен заняцца сур’ёзнымі трэніроўкамі, каб выправіць хібы, якімі скарыстаецца супернік.

20 мая

Суд над шпіёнамі

Навагрудскі акруговы суд на выязной сесіі ў Баранавічах разгледзеў справу двух братоў Мікалая і Габрыеля Чыгіроў, жыхароў Стаўпецкага павету, якія абвінавачваліся ў шпіёнстве на карысць іншай дзяржавы. Суд разгледзеў доказы іх віны і асудзіў абодвух падсудных да кары смерці праз павешанне. Абарона падала апеляцыю да пана прэзідэнта аб змяненні вырака.

21 мая

Як выканалі вырак смерці ў Баранавічах

20 мая, а 12.30, быў выкананы вырак смерці праз павешанне адносна Мікалая Чыгіра, жыхара Стаўпецкага павету. Вырак выканаў памочнік ката Браўн на тэрыторыі карна-следчай турмы ў Баранавічах. Асуджаны перад смерць плакаў увесь час. Яго малодшы 19-гадовы брат Габрыель Чыгір быў памілаваны панам прэзідэнтам Рэчы Паспалітай, і кара смерці была замененая на бестэрміновую турму пад строгім наглядам.

22 мая

Батальная сцэна ў Баранавічах

22 мая (у нядзелю), а 16 гадзіне, на пляцу Легіёнаў у казармах Касцюшкі (знаходзіўся паміж сучаснымі вуліцамі Заслонава, Арджанікідзе, Ракасоўскага, Камарова) адбудзецца пастаноўка масштабнай батальнай сцэны “1920 год. Цуд над Віслай” паводле сцэнара Яна Пянткоўскага, якая прадставіць змаганне з бальшавіцкай агрэсіяй. Акрамя артыстаў у пастанове возьмуць удзел аддзелы Брыгады кавалерыі, артылерыя і пяхота – агульнай колькасцю 700 чалавек. Уваход каштуе ад 50 грошай да 2 злотых. 

Надзвычайнае паседжанне гарадской рады

У баранавіцкім магістраце адбылося надзвычайнае паседжанне гарадской рады на чале з бурмістрам — панам інжынерам Віннікам. Адразу быў разгледжаны ліст Павятовага аддзелу у справе тэндару на будаўніцтва гарадской рэзні (цяпер мясакамбінат). Мінулы тэндар не быў прызнаны Павятовым аддзелам, бо не былі выкананыя ўсе законныя фармальнасці. Гарадская рада ўхваліла правядзенне новага тэндару, аб якім паведамяць у прэсе.

Пасля была разгледжана справа пабудовы ў гарадскім парку (цяпер Стары парк) пляцоўкі для спорту і імпрэз для адпачынку. Рада разгледзела магчымасці павысіць сродкі, выдаткаваныя на пабудову пляцоўкі. З-за таго, што кошт будовы пляцу значна вышэйшы, за грошы, якія можа выдаткаваць гарадскі бюджэт, рада пастанавіла ў кожны святочны дзень ладзіць у парку канцэрты з вельмі малымі цэнамі на ўваходныя квіткі – не больш за 20 грошай з асобы і 10 грошай з моладзі. Прыбытак ад гэтага пойдзе цалкам на будаўніцтва спартовай пляцоўкі. Канцэрты будзе даваць вайсковы аркестр з ласкавай згоды камандавання 26 уланскага палка, што стаіць у Баранавічах. Гэткім чынам ініцыятыва пана бурмістра інж. Вінніка ажыццявіцца яшчэ сёлета з вялікай карысцю для спорту.

Трэба адзначыць, што будаўніцтва тэніснага корту ў парку гэтай вясной ужо скончана, і ён перададзены для грамадскага карыстання.

23 мая

Аблава ў Баранавічах

Следчыя органы ў Баранавічах мінулай ноччу ладзілі аблаву па хованках і малінах, а таксама ў іншых падазроных месцах горада і на перыферыі.

У выніку аблавы арыштавана 13 чалавек без дакументаў. Акрамя таго, знойдзены скрадзены ровар, які хавалі ў адным з пустых вагонаў, што стаяў на запасных шляхах на таварнай станцыі. Зладжанае сачэнне за роварам прынесла вынік – апоўначы да вагону прыйшла нейкая асоба з намерам забраць скрадзенае. Пасля затрымання выявілася, што гэта Юзаф Лясінскі, жыхар Варшавы, які ўжо некалькі разоў сядзеў у турме пад строгім наглядам за падобныя злачынства.

25 мая

Бой з шалёным ваўком

Вёска Люшнева Моўчадскай гміны сталася месцам незвычайнага здарэння. Некалькі дзён таму ўночы на падворак М. Пракопа ўскочыў шалёны воўк, які пачаў ганяцца за сабакамі. Разбуджаны сабачым брэхам гаспадар выбег у кашулі на двор, схапіўшы ў руку па дарозе сякеру. Калі Пракоп апынуўся на падворку, дык знянацку быў атакаваны ваўком, які, намагаючыся схапіць за горла мужчыну, цапнуў таго за левую руку. Некалькімі ўдарамі сякеры Пракоп забіў ваўка. Галава жывёлы перададзеная ў Дзяржаўны інстытут гігіены ў Варшаве для даследавання. Параненаму Пракопу мясцовы лекар зрабіў прышчэпкі ад шаленства.

Конны рэйд

21 мая з горада рушыў конны рэйд афіцэраў Брыгады кавалерыі “Баранавічы”. У ім удзельнічаюць 22 афіцэры з камандзірам брыгады генералам Гжмот-Скатніцкім. Маршрут рэйду праходзіць праз Сувалкі і Аўгустоў да Варшавы, куды рэйд павінен прыехаць 31 мая.

Першай батальная сцэна ў гісторыі Польшчы

Згодна папярэдняй абвестцы 22 мая адбылася на пляцы Легіёнаў у Баранавічах маштабная батальная сцэна, якую арганізаваў мясцовы Жаночы грамадскі працоўны саюз (ZPOK) упершыню на тэрыторыі Польшчы. “1920 год. Цуд над Віслай” – баявое відовішча паводле сцэнара Яна Пянткоўскага, прадстаўляе жывое змаганне польскага войска падчас адбіцця бальшавіцкай навалы.

Цяжкае заданне дасканала выканалі артысты, пад кіраўніцтвам пана Шпакоўскага, пры ўдзеле Брыгады кавалерыі, артылерыі і пяхоты – агулам 700 жаўнераў.

Неверагоднае відовішча, напэўна, упершыню пастаўленае ў Польшчы, прыцягнула натоўпы публікі на пляц Легіёнаў, якая з вялікай цікавасцю назірала за зацятым змаганнем польскай кавалерыі і пяхоты з бальшавікамі.

Уся пастанова была выканана дасканала і ўразліва, а паказ баявых дзеянняў аздобіла выдатная форма статыстычных армейскіх падраздзяленняў.

28 мая

Адмена конных спаборніцтваў

Усходне-крэсовы конны клуб паведамляе, што конныя спаборніцтва, запланаваныя на 6 і 12 чэрвеня – адмяняюцца па прычынах, незалежных ад клубу. Затое ў гэтыя дні адбудуцца конныя гонкі.

Барбар у Баранавічах

Пан Х. выбраўся з дубальтоўкаю на возера Жлобін у Новых Баранавічах у таварыстве адной дамы. Пара тая села ў лодку і пачала катацца па возеры. У пэўны момант пан Х. захацеў пахваліцца перад дамаю свайго сэрца, як ён умее страляць, і, не думаючы доўга, падплыў да берага, дзе спакойна блукаў па багне бусел. Х. прыцэліўся і двойчы стрэлі па буслу, забіўшы птушку на вачах некалькіх дзясяткаў асоб, якія адпачывалі на пляжы. Лічым, што ён павінен быць вельмі сурова пакараны за свой паляўнічы выбрык. 

Трагедыя на чыгуначным пераездзе

На пераездзе ў Баранавічах паміж таварнай станцыяй і дэпо (хутчэй за ўсё цяперашні «Крывы пераезд») пад пасажырскі цягнік Ваўкавыск-Баранавічы патрапіла фурманка, на якой сядзеў жыхар вёскі Антанова Павал Васілевіч. Фурманка ад удару была цалкам знішчана, а сам Васілевіч быў адкінуты ў бок з вельмі цяжкімі пашкоджаннямі па ўсім целе. У безнадзейным стане яго перавезлі ў павятовы баранавіцкі шпіталь.

Летась, таксама ў маі, пярун забіў 18-гадовую дачку Васілевіча.

Трэба адзначыць, што з-за недастатковага забеспячэння пераезду Баранавічах штогод тут адбываецца некалькі падобных здарэнняў. Калі чыгуначныя ўлады не возьмуцца за гэтую справу, дык на пераездзе можа адбыцца катастрофа, бо па ім едуць не толькі фурманкі, але аўтобусы і аўтамабілі. Да здарэнне недалёка, бо вазы з фурманкамі едуць па пераезду цэлымі шэрагамі.

30 мая

Несумленны кіроўца

Гірш Пінчук (Нарутовіча,63 – цяпер Камсамольская) паведаміў у камісарыят паліцыі, што наняў кіроўцу з аўтобусам Кушчынскага, каб той адвёз дзяцей са школы на Мышанку і даў за гэта 20 злотых задатку. Кушчынскі не толькі не прыехаў, але адмовіўся аддаваць грошы.

Чытайце таксама: Затоплены горад, скрадзеныя зубы і “карэта” начальніка дэпо. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў красавіку 1932 года

Лыжны фурор сярод гараджан ды шмат крывавых і дзіўных злачынстваў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў сакавіку 1932-га

Эміграцыя ў Бразілію, вар’яты-самагубцы і баль-маскарад для беспрацоўных. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лютым 1932 года

Рабунак з відэльцам, звальненне бурмістра і вынікі перапісу ў горадзе. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў студзені 1932 года

Дачка павешанага месяц жыла на вуліцы і арышт дэпутата. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў снежні 1931

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Катастрофа самолета, дуэль на шпагах и первые банкоматы. О чем писали барановичские газеты в октябре 1931 и 2001 годов

Посадка первого самолета на новый аэродром и пачка бюллетеней на помойке. О чем писали барановичские газеты в сентябре 1931 и 2001 годов

Приезд Лукашенко на электричке, трагедия на полигоне и сокращение в магистрате. О чем писали барановичские газеты в августе 1931 и 2001 годов

Смерть на дне колодца, Ляховичи признали городом, и первый автобус – в старый микрорайон. О чем писали барановичские газеты в июле 1931 и 2001 годов

Труп девушки у дороги, новый «Бьюик» главы города и «левые» доходы у офицеров. О чем писали барановичские газеты в июне 1931 и 2001 годов

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

 

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии