Новости / Спадчына

Затоплены горад, скрадзеныя зубы і “карэта” начальніка дэпо. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў красавіку 1932 года

30.04.2022, 9:53  / remove_red_eye 242   / chat_bubble0

Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведалася Intex-press, пагартаў красавіцкія нумары старых газет.

Затоплены горад, скрадзеныя зубы і “карэта” начальніка дэпо. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў красавіку 1932 года

Кавярня "Залаты кут" на рагу сучасных вуліц Савецкая і Камсамольская. Даваенная поштоўка з калекцыі Руслана Равякі

Kurier Nowogródzki

2 красавіка

З будоўлі рэзні

Баранавіцкі магістрат пастанавіў прыступіць да заканчэння будаўніцтва новага будынка – гарадской рэзні (бойня, цяпер частка мясакамбіната). 12 красавіка адбудзецца тэндар для вызначэння арганізацыі, якая будзе весці будаўнічыя работы.

Справы беспрацоўных

31 сакавіка былі ліквідаваны дзве кухні (Чырвонага крыжа і рытуальная жыдоўская), арганізаваныя зімой для харчавання беспрацоўных у Баранавічах. Дакладная справаздача аб дапамозе беспрацоўным будзе пададзена бліжэйшым часам.

Пазыкі на разбудову Баранавіч

У апошнія дні магістрат гораду атрымаў паведамленне з Банку Нацыянальнай Гаспадаркі, што ў бліжэйшы час Баранавічы атрымаюць крэдыт на будаўніцтва малых домікаў, не болей за 4-хпакаёвыя, пераважна драўляных. Пазыкі будуць выдадзеныя зацікаўленым асобам на суму да 4000 злотых. Згаданыя крэдыты дазволяць павялічыць будаўніцкі рух у Баранавічах і прывядуць да больш шчыльнай забудовы ў самім горадзе.

3 красавіка

Новыя планы магістрату

Напрыканцы году магістрат Баранавіч паспрабаваў любымі спосабамі развязаць большасць праблем горада. Найперш быў зацверджаны бюджэт на 1932-33 гг. – Баранавічы стаў сёлета першым горадам, які зрабіў гэта ў ваяводстве. Магістрат паспрабуе да канца года завяршыць распачатую будоўлю гарадской рэзні. Адбудзецца тэндар на ўтрыманне гарадской лазні, якая з’яўляецца дабрадзействам для горада, пазбаўленага ракі. Абсталяваная найноўшымі тэхналогіямі і басейнамі для плавання яна б вырашыла  праблемы горада ў плане гігіены. Пакуль што ўтрымліваць лазню даводзіцца гораду, а выдаткі абцяжарваюць яго бюджэт. Каб не пазбаўляць жыхароў гораду гэтай выгады, магістрат пастанавіў аддаць яе ў арэнду.

Акрамя таго, магістрат носіцца з ідэяй наладжвання аўтобуснага руху ў горадзе. У бліжэйшы час адбудзецца тэндар па гэтаму пытанню. Ажыццяўленне нармальнага аўтобуснага руху знішчыць шматлікія праблемы, якія ёсць цяпер у такім вялікім горадзе, як Баранавічы. На вуліцах з’явяцца прыпынкі, ад якіх кожныя паўгадзіны будуць ад’язджаць аўтобусы ў розных накірунках. 

Магістрат таксама разгледзеў пытанне атрымання крэдыту для ліквідацыі запазычанасці перад электрастанцыяй чыгункі, якая пастаўляе ток на патрэбы горада.

У бліжэйшыя дні пан бурмістр Віннікаў паедзе да Варшавы, дзеля ўзгаднення пытанняў па крэдытам. Як бачым, планы новага кіраўніцтва горада вельмі добрыя, і маем надзею, яны будуць рэалізаваныя.

Абвестка пра тэндар гарадскога аўтобуснага транспарту ў Баранавічах. 23-04-1932, Kurjer Nowogródzki

Нават вады шкадуе

Нейкі Панцеляймон Судзіч, які жыве па вуліцы Шасовай, 164 (цяпер Брэсцкая) такі прагны, што нават не дазваляе суседзям браць ваду з яго студні. На днях ён спаткаў каля студні свайго суседа Аляксандра Харкова з 2 вёдрамі і не дазволіў яму гэта зрабіць. Да таго ж рэквізаваў у яго два вядра, якія пасля меў нахабнасць забраць сабе.

5 красавіка

Сур’ёзны павадак пад Баранавічамі

Рэкі Шчара і Грыўда ў Баранавіцкім павеце хутка ўздымаюцца, не гледзячы на тое, што лёд яшчэ не паплыў. На тэрыторыі Дабромысльскай гміны вада выступіла з берагоў і затапіла дарогу паміж Даманава і мястэчкам Быцень на 120 метраў, паміж Даманава і Гнойна (з 1964 – вёска Вішнеўка) – на 50 метраў, а паміж вёскамі Гнойна і Дабромысль – на працягу 60 м. Вёскам Гнойна і Каханова пагражае сур’ёзнае затапленне. Да гэтай пары некалькі гаспадарак у гэтых вёска ўжо падтапіла.

Пад мястэчкам Палонка выйшла з берагоў рака Ніса ды пагражае затапленню моста і млына ў маёнтку Гажэльня Навамышскай гміны.

Плямісты тыф

На тэрыторыі Баранавіцкага павету ў Вальнянскай гміне паўторна выявілі выпадкі плямістага тыфу. Захварэла некалькі чалавек, якіх даставілі ў інфекцыйны шпіталь у Баранавічах. Павятовыя лекары праводзяць адпаведныя мерапрыемствы.

7 красавіка

Патоп у Баранавічах

Вада ў Шчыры паднялася яшчэ на 1 м. Пад Сталовічамі вада затапіла грэблю і пагражае сарваць мост. Нават пешая сувязь з мястэчкам перарваная. У саміх Баранавічах у выніку ападкаў і моцных дажджоў залітыя амаль усе вуліцы ў Новых Баранавічах (раён Палескага вакзалу) і частка вуліц у Старых Баранавічах. Гарадскі магістрат распачаў інтэнсіўныя працы па ліквідацыі наступстваў, што цягне за сабой вялікія выдаткі з бюджэту горада.

П’яныя авантурысты супраціўляюцца паліцыі

Некалькі дзён таму на рагу вуліц Сенатарскай (цяпер Горкага) і Шаптыцкага (Савецкая) з’явіліся тры п’яныя авантурысты, якія чапляліся да мінакоў ды нават моцна пабілі плутановага (малодшы сяржант) 78 пяхотнага палка Рыгора Валасевіча. Імі занялася паліцыя, аднак падчас суправаджэння да камісарыяту авантурысты пачалі актыўна супраціўляцца. Не гледзячы на гэта, усіх траіх затрымалі і перадалі судовым уладам. Авантурыстамі аказаліся жыхары Баранавіч: Мікола Краўчанка (Шасовая, 166 – вуліца Брэсцкая), Міхал Раўгейша (Шасовая, 168) і Казік Руды (Міцкевіча, 39 – вуліца Леніна).

Няўдзячны братка

Соня Познанская, якая жыве ў Баранавічах на вуліцы Віленскай, 31 (цяпер Гагарына), звярнулася ў мясцовы камісарыят і паведаміла, што яе родны брат Давід Ліўшыц, які часова пражываў у яе, знік мінулым вечарам, прыхапіўшы мужчынскі гарнітур і дзве кашулі, што належалі яе мужу. Вартасць скрадзеных рэчаў – 160 злотых.

Абвестка аб продажы фальварку (60 га) каля станцыі Моўчадзь. 3 красавіка 1932, Kurjer Nowogródzki

9 красавіка

Гарэлка ў кавярні

У апошнія дні ў кавярні на вуліцы Шаптыцкага, 18 (цяпер Савецкая), яка належыць пані Беластоцкай, паліцэйскія спаткалі трох нецвярозых асоб, якія смакавалі “чыстую”, прададзеную ім зычлівай гаспадыняй. Гарэлку канфіскавалі. Справу перадалі ў адпаведную інспекцыю. (Пра спрэчку канкурэнтаў Эмы Белстоцкай і Файвеля Зелікоўскага чытайце ў аглядзе сакавіцкіх газет).

Новы доктар у Гарадзішчы

Малітвы жыхароў Гарадзішча былі пачутыя, і ў мястэчка прыбыў новы лекар, які займецца людам ва ўсёй гміне. Ям мы даведаліся, новы доктар пан Юзэф Нівінскі ў бліжэйшыя дні таксама зойме пасаду арганізацыі «Каса хворых» у Гарадзішчы.

Помста кватаранта

Самуэль Вальфовіч, які здымаў кватэру ў Іўкі Лістгартэна на вуліцы Уланскай, 47 (цяпер Штакерау), увесь час жыў у нязгодзе са сваім гаспадаром. Нарэшце яму гэта надакучыла і ён пастанавіў знайсці іншае жыллё з лепшым гаспадаром. Але перад ад’ездам добра пастараўся і разабраў печ у кухні і пакоі. Лістгартэн пасля ад’езду Вальфовіча зайшоў у пакой і стаў як саляны слуп. Найперш ён збіраўся дагнаць былога кватаранта і пакараць самастойна, але падумаўшы – паведаміў аб самаўпраўстве ў паліцыю.

Рэпертуар кінатэатраў

З учарашняга дня ў кінатэатры “Апола” паказваюць прыгожы фільм “Давід Голд”, у якім адлюстроўваецца драматызм сям’і Голдэраў. У кінатэатры “Казіно” ад сёння круцяць выдатную “Венгерскую рапсодыю”.

14 красавіка

Крывавая спрэчка паміж братамі

У вёсцы Малая Сваротва Моўчадскай гміны паміж братамі Андрэем і Янам Піваварчыкамі адбылася спрэчка з-за падзелу зямлі. Спрэчка перарасла ў бойку, падчас якой старэйшы Андрэй тройчы стрэліў у Яна, параніўшы таго лёгка ў руку, а калі скончыліся патроны, кінуўся на брата і некалькі разоў ударыў нажом у раёне сэрца. Пасля гэтага Андрэй уцёк з месца здарэння, а цяжкапараненага Яна адвезлі ў шпіталь.

Ліквідацыя зладзейскай шайкі

На днях следчы аддзел паліцыі ў Баранавічах ліквідаваў грозную банду зладзеяў, якая нядаўна прыехала ў горад з намерам ажыццявіць шэраг ўзломаў і крадзяжоў. Цэлая групоўка зладзеяў, нічога не падазраваючы, затрымалася ў гатэлях Левінбука і Жмудзяка ў Новых Баранавічах (раён Палескага вакзалу), дзе іх усіх адразу арыштавала паліцыя.

Затрыманыя: Абрам Гамельклапер з Белай Падляскі, Фішэль Шнэйдэр з Варшавы, Хава Дубенка і Гутман Перэлстад з Брэст-Літоўскага, Саламон Фішэр з Цеханова і Балеслаў Вішнеўскі з Роўна. Усіх перадалі судовым органам, бо ўсе без выключэння знаходзіліся ў вышуку за розныя злачынствы, здзейсненыя ў розных кутках краіны.

15 красавіка

Змаганне за “Залаты кут”

Паўгады ўжо мінула, як Мойша Бэрэнштэйн частку свайго будынку на вуліцы Міцкевіча (цяпер вуліца Леніна) пачаў здаваць пані Я. Шулевіч пад закусачную. Гэта меўся быць бар пад назвай “Залаты кут” (Złaty róg), але з-за помніка Невядомаму салдату, які знаходзіцца побач, і праваслаўных могілак (цяпер плошча Леніна і гарвыканкам), Шулевіч не атрымала дазволу на гандаль моцным алкаголем. Таму і адчыніла закусачную, якая без гарэлкі не мела папулярнасці.

Высокая арэндная плата і малыя прыбыткі справакавалі канфлікт паміж гаспадаром і арандатаркай. Нават хадзілі чуткі, што пан Бэрэнштэйн пагражаў гвалтам выкінуць з будынку Шулевіч. Мінула некалькі месяцаў, і ў гаспадара з’явілася свежая ідэя.

Ён залез на дах свайго дому і ўночы з нядзелі на панядзелак разабраў комін, які злучаў закусачную з галоўным комінам, ды напхаў туды рознага смецця. На наступны дзень Шулевіч растапіла печы, нічога не падазраваючы. Дым засціў усю закусачную і ледзь-ледзь не справакаваў пажар у цэнтры горада.

На шчасце, пажарная каманда прыбыла вельмі хутка і выкрыла вар’яцкую штуку, якую справакаваў гаспадар будынка. На Бэрэнштэйна складзены пратакол, які перадалі ў суд. Спадзяваемся, што ён панясе пакаранне за свой дзіўны выбрык.

Помнік Пілсудскаму

У сувязі з набліжаючымся Днём канстытуцыі 3 мая жыхары мястэчка Новая Мыш пастанавілі ўсталяваць на рынку помнік маршалу Пілсудскаму. Помнік паводле праекта мясцовага архітэктара з Баранавіч інж. Свентахоўскага будзе зроблены ўжо ў гэтым месяцы. Урачыстае адкрыццё адбудзецца на свята 3 мая.

Крадзяжы

Невах Вайнер, жыхар Вільні, затрымаўся часова ў Баранавічах, жывучы ў пакоі дома на вуліцы Шаптыцкага, 35 (Савецкая). Падчас нядоўгай адсутнасці Вайнера з памяшкання невядомы злодзей скраў яго пакунак з мужской вопраткай вартасцю 153 злотых.

Калі Вайнер пабачыў адсутнасць сваіх рэчаў, дык накіраваўся ў пастарунак паліцыі. Аднак па дарозе пабачыў невядомага яму чалавека, які нёс яго пакунак. З дапамогай паліцыі таго затрымалі. Гэта быў Юліян Гэнбіцкі, які жыве на вуліцы Рынкавай, 152 (цяпер вул. Фралянкова). Гэта прафесійны злодзей.

16 красавіка

Суд над забойцамі

Навагрудскі акруговы суд разгледзеў у Баранавічах справу жыхароў вёскі Балабанавічы Навамышскай гміны. Мікалай Варэнік, Мікалай Шыла, Ян Калюта і Уладзімір Кеба абвінавачваліся ў забойстве жыхара Баранавіч Дзям’яна Краўчука падчас адной з вечарын у Балабанавічах. Суд паслухаў сведак і пакараў усіх чатырох на 5 год турмы суровага рэжыму.

17 красавіка

Рэха таямнічага забойства пад Ляхавічамі

Восенню 1930 года ў вёсцы Шавялі адбылося таямнічае забойства ў сям’і Маеўскіх. Сымон Маеўскі, у паважным ужо веку, сядзеў за сталом са сваім 30-гадовым сынам Рыгорам і збіраўся вячэраць. Калі першую лыжку стравы абодва толькі паднеслі да вуснаў, нечакана пачуўся стрэл, і куля праз акно паклала напавал старога і цяжка параніла яго сына. На гвалт, узняты сваякамі, збегліся суседзі, аднак забойца паспеў збегчы ў невядомым накірунку, заціраючы за сабой сляды.

Следства не дало рады выкрыць злачынцу. Па падазрэнні ў забойстве быў затрыманы другі сын забітага старога – Стэфан Маеўскі, а таксама Уладзімір Бурак з суседняй вёскі. Учора іх справу разгледзеў Акруговы суд, аднак з-за недахопу доказаў віны абодва былі вызваленыя.

19 красавіка

Абражаў уладу

Жыхар вёскі Дарава Ян Калюжа любіў кампаніі і часта сярод сваіх суседзяў – сялян, праводзіў папулярызацыю сваіх не зусім правільных поглядаў. Нядаўна адзін з іх вярнуўся з Баранавіч і пачаў наракаць на цяжкія часы, бо за выкармленага ім кабана прапанавалі вельмі нізкую цану. Сабралася каля яго некалькі вяскоўцаў і прыйшоў наш “сялянскі філосаф” Калюжа. Добрая аказія… Пачаў прапаведаваць свае погляды. І так, ад купцоў да пенсіянераў, ад чыноўнікаў да міністраў, ажно скончыў на пане прэзідэнце Рэчы Паспалітай. І кожнаму знайшоў непрыгожыя эпітэты.

Аднак лёс склаўся так, што сведкай гэтай пропаведзі стала жонка паліцэйскага. Яна данесла пра пачутае свайму мужу, які зрабіў пэўныя высновы. Учора “сялянскі філосаф” паўстаў перад акруговым судом і за свае нефартунныя высновы быў асуджаны на 6 месяцаў турмы. Будзе гэта добрая навука як яму, так і ўсім іншым людзям такога кшталту.

21 красавіка

Мілы таварыш у падарожжы

Нейкая Я. Камінская, жыхарка Баранавіч, вярталася дахаты з Навагрудку. Каля в. Лозы Гарадзішчанскай гміны спаткала знаёмага музыку Зыгмунта Крынскага, які займаецца ў вольны час варажбою. Той пайшоў з Камінскай разам у падарожжа. Калі ж маладзён апынуўся з ёю ў лесе каля Свіцязі, дык сілай зацягнуў у лес і згвалтаваў. Ясная справа – пра гэта стала вядома органам бяспекі. Цікава, што варажбіт нават не думаў, што за свае дзеянні давядзецца адказваць перад судом і панесці заслужаную кару.

Напіўся ёду

На днях на лаве на вуліцы Шаптыцкага, 24, каля могілак (цяпер вул. Савецкая каля выканкаму) скончыў жыццё самагубствам 64-гадовы Юзаф Казакоўскі, які жыве на вуліцы Шасовай, 24 (Брэсцкая). Ён выпіў вялікую колькасць ёду і памёр пасля доўгіх пакут у шпіталі. Якая падстава была для самагубства – невядома.

22 красавіка

Дзе зубы пані Баярскай?

Пані Баярская заявіла ў камісарыят паліцыі, што месяц таму паверыла тэхніку-дантысту Пухавіцкаму (Сасновая, 8, цяпер Грыцаўца) і аддала зубы з залатымі каронкамі разам з залатым мастом на рамонт. Аднак тэхнік прысвоіў тыя зубы, якія каштуюць 220 злотых. Паліцыя распачала праверку.

27 красавіка

Труп немаўляці

Некалькі дзён таму паліцэйскі баранавіцкага камісарыяту знайшоў у кустах, каля вуліцы Гувэра (цяпер Царука), труп нованароджанага хлопчыка, спавітага ў лахманы. Праводзяцца пошукі маці дзіцяці.

28 красавіка

Нахабства нягоднікаў

У Баранавічы часта прыязджаў з Пружан нейкі Алекс Мадалінскі, які прадаваў на кірмашы рыбу па цане не вельмі высокай. Не падабалася гэта толькі некалькім нягоднікам, якім Мадалінскі ствараў канкурэнцыю. Таму пачалі яны да яго чапляцца, а 26 красавіка спрабавалі нават пабіць, з-за чаго Мадалінскі пабег да камісарыяту паліцыі. Ганімы сваімі крыўдзіцелямі і разумеючы, што яго яны ўжо даганяюць, забег у памяшканне «Касы хворых», дзе схаваўся за бюро ў бухгалтэрыі.

Адзін з крыўдзіцеляў, нейкі Андрэй Сергель (так кажа пацярпелы), ускочыў у бюро і, на вялікі жах прысутных, ударыў Мадалінскага вострым прадметам па галаве, чым нанёс моцнае пашкоджанне. Не марнуючы часу, нягоднік выбег з памяшкання і дагэтуль хаваецца беспакарана. Справай займаецца паліцыя, апытваючы параненага Мадалінскага.

29 красавіка

Чырвоны сцяг у акне вагона

Сёння ў хуткасным цягніку Парыж-Варшава-Стаўбцы адбылося цікавае здарэнне. Каля Ваўкавыску генерал брыгады кавалерыі “Баранавічы” Станіслаў Гжмот-Скатніцкі, які ехаў там пасажырам, заўважыў малую дзяўчынку, якая махала ў акне вагону чырвоным сцяжком. Убачыўшы польскага генерала, дзяўчынка пачала махаць сваім сцяжком вельмі дэманстратыўна.

Генерал адрэагаваў на такую відавочную дэманстрацыю, і гэта прывяло да таго, што чужаземцы, якія ехалі ў купэ, прыбралі сцяг.

Пасля прыезду ў Слонім генерал паведаміў пра здарэнне ў паліцыю. Быў праведзены ператрус і арышт 6 асоб. Як выявілася, малалетняя дэманстрантка — замежніца, якая ехала з бацькамі ў Маскву. Штандар у купэ не знайшлі. Пасля гадзіны затрымкі цягнік паехаў далей.

Трэба адзначыць, што каля чыгункі, на адрэзку Слонім-Альберцін, пасля праезду гэтага цягніка знайшлі вялікую колькасць раскіданай камуністычнай літаратуры. хутчэй за ўсё яе выкінулі падазроныя пасажырамі ў акно.

Rabotnik (ворган польскай сацыялістычнай партыі PPS)

6 красавіка

Справа адной “карэты” у Баранавічах

З-за таго, што Баранавічы – моцна расцягнуты горад, чыгуначныя ўлады арганізавалі для патрэб супрацоўнікаў так званую “карэту”, паміж майстэрнямі, таварнай і пасажырскай станцыямі (ад Палескга вакзалу да дэпо). Такі цягнік мае дакладна вызначаны расклад руху, і таму ім карыстаюцца таксама жыхары гораду.

Але як выявілася, служыць гэты транспартны сродак не для ўсеагульнага ўжытку, а для начальніка дэпо, пана Вайткоўскага. Расклад руху не выконваецца, бо… пан начальнік яшчэ не скончыў працу, таму “карэта” павінна чакаць. Чакаюць школьнікі, працоўныя, што едуць на працу ці з працы, бо… пан начальнік не спяшаецца. Спазненне на паўгадзіны – гэта норма.

Нядаўна пасажыры былі сведкамі цікавай кадрылі. “Карэта” выехала з дэпо, не ўдакладніўшы, што “уладар” сеў у яе. Калі на наступным прыпынку выявілася, што начальніка не забралі, перапалоханыя машыністы паехалі назад з пасажырамі ў дэпо. Тут жа выявілася, што “уладар”, сыплючы маланкамі і страсаючы паветра за “балаган”, пайшоў дахаты пешкі. “Карэту” перагналі на іншыя шляхі, і яна паехала за начальствам. На рэйках злавілі згубу і даставілі яе да месца прызначэння.

Варта можа вызначыцца: “карэта” існуе для пана начальніка ці для людзей? І калі ўжо нарэшце будзе выконвацца расклад руху?

Чытайце таксама: Лыжны фурор сярод гараджан ды шмат крывавых і дзіўных злачынстваў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў сакавіку 1932-га

Эміграцыя ў Бразілію, вар’яты-самагубцы і баль-маскарад для беспрацоўных. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лютым 1932 года

Рабунак з відэльцам, звальненне бурмістра і вынікі перапісу ў горадзе. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў студзені 1932 года

Дачка павешанага месяц жыла на вуліцы і арышт дэпутата. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў снежні 1931

Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Катастрофа самолета, дуэль на шпагах и первые банкоматы. О чем писали барановичские газеты в октябре 1931 и 2001 годов

Посадка первого самолета на новый аэродром и пачка бюллетеней на помойке. О чем писали барановичские газеты в сентябре 1931 и 2001 годов

Приезд Лукашенко на электричке, трагедия на полигоне и сокращение в магистрате. О чем писали барановичские газеты в августе 1931 и 2001 годов

Смерть на дне колодца, Ляховичи признали городом, и первый автобус – в старый микрорайон. О чем писали барановичские газеты в июле 1931 и 2001 годов

Труп девушки у дороги, новый «Бьюик» главы города и «левые» доходы у офицеров. О чем писали барановичские газеты в июне 1931 и 2001 годов

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии