Новости / Общество

Зварот Мітрапаліта Веніяміна да ўсіх праваслаўных вернікаў Беларусі

23.04.2022, 17:42  / remove_red_eye 124   / chat_bubble0

Пасхальнае пасланне Мітрапаліта мінскага і заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, архіпастырам, свяшчэннаслужыцелям, манахам і ўсім верным дзецям Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Зварот Мітрапаліта Веніяміна да ўсіх праваслаўных вернікаў Беларусі

Фото: Алексей ТОМАШЕВСКИЙ

Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя сыны і дочкі Беларускай Праваслаўнай Царквы! Хрыстос уваскрэс!

Зноў разліваецца над зямлёй Пасхальны звон, храмы напоўнены людзьмі,  якія ў вялікай радасці вітаюць адзін аднаго ўзнёслымі святочнымі словамі: «Хрыстос уваскрэс!»

Зусім нядаўна мы духоўна суправаджалі Госпада на Галгофу, смуткавалі разам з Маці Божай, святымі Апосталамі і жанчынамі-міраносіцамі, суперажываючы пакутам Спасіцеля, пераносячы са слязьмі прачыстае цела ў магільную пячору. Разам з прарокам Ісаіем наша сэрца і наш розум схіляліся ў глыбокай пашане перад неспасціжным вобразам Госпада Славы, Які скарыў Сябе да смерці на крыжы:

«Ён быў пакрыты ранамі за грахі нашы і пакутаваў за беззаконні нашы; пакаранне міру нашага было на Ім… Як авечку, вялі Яго на смерць, і як ягня, якое маўчыць перад тым, хто стрыжэ яго, так Ён не адкрываў вуснаў Сваіх» (Іс. 53, 5, 7).

Тыдню пакут папярэднічаў Вялікі Пост — час пакаяння, малітвы і духоўнай працы, калі мы з дапамогай Божай намагаліся ачысціць сябе ад усяго марнага і грэшнага, каб адкрыць сваё сэрца благадаці Божай.

І вось цяпер, у дзень, які стварыў Гасподзь, мы прыйшлі ў храмы Божыя, каб узрадавацца і ўзвесяліцца ў гэты дзень (Пс. 117, 24), і каб, паводле словаў свяціцеля Іаана Залатавуста, «увайсці ў радасць Госпада свайго і атрымаць асалоду ад гэтай цудоўнай і светлай урачыстасці» (Слова аглашальнае на Святую Пасху).

Гасподзь наш Іісус Хрыстос паказвае нам, як трэба перажываць радасці і выпрабаванні, якія сустракаюцца на нашым шляху, у чым шукаць суцяшэнне і чэрпаць жыццёвыя сілы. «Мая ежа — выконваць волю Таго,  Хто паслаў Мяне і здзейсніць справу Яго» (Ін. 4, 34), — вучыць Сын Божы. Пры гэтым Ён знаходзіцца ў няспыннай малітве і сувязі са Сваім Нябесным Айцом.

Менавіта таму на працягу Вялікікага посту мы столькі ўвагі і сіл аддавалі малітве дамашняй і царкоўнай. І кожны, хто спазнаў вопыт шчырай і пастаяннай малітвы, пераконваецца, што чым больш мы схіляем сябе да яе, тым больш, паводле словаў апостала Паўла, здабываем духоўнай радасці: «Заўсёды радуйцеся. Няспынна маліцеся» (1 Фес. 5, 16). І вельмі важна такі настрой нашага сэрца зберагчы ва ўсе астатнія дні года.

У свеце сёння нарастае напружанасць і супрацьстаянне: свет уступіў у эпоху перамен, і гэта ўсё больш трывожыць людзей на зямлі. Але ў нас ёсць вялікае суцяшэнне і трывалы падмурак нашай надзеі, бо хрысціяне маюць унікальную магчымасць ацэньваць усё тое, што адбываецца, з пункту гледжання вечнасці і ў святле той вялікай Пасхальнай перамогі, якую атрымаў Сын Божы і Сын Чалавечы над злом і смерцю. «Вось, Я кладу ў падмурак на Сіёне камень, камень выбрабаваны, краевугольны,  каштоўны, добра ўмацаваны: той, хто веруя ў Яго, не будзе пасаромлены» (Іс. 28, 16).

 У гэтым годзе мы ўрачыста святкуем 1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях. Гэта змушае нас асабліва ўважліва звярнуцца да нашага гістарычнага вопыту. Няпростым быў шлях, пройдзены Праваслаўнай Царквой, нямала выпрабаванняў і цяжкасцей давялося перажыць нашым продкам. І менавіта вера ў Бога дапамагла захавацца нашаму народу, выхаваўшы ў ім такія хрысціянскія дабрадзейнасці, як любоў да бліжняга, лагоднасць, цярплівасць і міласэрнасць, уменне зразумець адзін аднаго.

 Зносіны з Богам, выкананне Яго запаведзяў — вось пуцяводная зорка ў няпростым сучасным свеце. Кіруючыся ёю, мы захаваем наша сэрца адкрытым для благадаці, а нашы духоўныя вочы будуць ясна бачыць Промысел Божы і знаходзіць адпаведны яму правільны шлях. Пры гэтым, несумненна, будзем мець цвёрдую надзею на ўсемагутную дапамогу ад Госпада. «А надзея не пасароміць, бо любоў Божая вылілася ў сэрцы нашы Духам Святым, Які дадзены нам» (Рым. 5, 5).

Віншую Вас, дарагія, з урачыстасцю Светлай Пасхі! Малітоўна жадаю, каб нашы сэрцы напоўніліся Пасхальнай радасцю і яна асвячала ўсе нашы думкі і ўчынкі. Панясем добрую вестку пра Хрыста Уваскрэслага нашым братам і сёстрам, блізкім і далёкім, асабліва тым, хто знаходзіцца ў смутку і хваробе, каб кожны дакрануўся да той радасці, якую Гасподзь дараваў нам Сваім Уваскрасеннем.

Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!

 + ВЕНІЯМІН, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Пасха Хрыстова, 2022, горад Мінск

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии