Новости / Политика

Лідэр АГП рассказаў, як правёў 3 месяцы ў адзіночцы ў баранавіцкім СІЗА

30.03.2022, 11:56  / remove_red_eye 142   / chat_bubble0

Мікалая Казлова асудзілі на 3 месяцы за тое, што ён не пагадзіўся падпісаць паперу аб наразгалошванні зместу яго допыту следчым. Абарона партыйнага лідара падавала апеляцыю, аднак вышэйшая інстанцыя пакінула прысуд у сіле.

Лідэр АГП рассказаў, як правёў 3 месяцы ў адзіночцы ў баранавіцкім СІЗА

Николай Козлов, фото Facebook

26 сакавіка, пасля адбыцця трохмесячнага пакарання, з баранавіцкага СІЗА выйшаў на волю старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Палітык распавёў «Народнай Волі», як яму даводзілася ў зняволенні, а таксама падзяліўся сваімі планамі на будучыню.

Адбываць пакаранне ў баранавіцкім СІЗА ён пачаў у снежні мінулага года…

– Усе тры месяцы я правёў у адзіночнай камеры, – кажа Мікалай КАЗЛОЎ. – Быў абсалютна адзін, без навін, ізаляваны ад знешняга свету. І, паверце, калі ты вымаўляеш усяго дзясятак слоў за некалькі дзён, то ў гэтым ёсць свае складанасці. Часам, каб не згубіць моўныя навыкі, нават чытаў кнігі ўслых.

У той жа час вельмі дапякала радыё, якое вельмі гучна працавала ў камеры з шасці ранку да дзесяці вечара, і адключыць яго было немагчыма. Гэта вельмі ціснула на псіхіку, і я нават неяк спытаўся ў ахоўнікаў: «Можа, вы тут, у СІЗА, псіхалагічны эксперымент праводзіце: паедзе дах у чалавека ад радыё або не?»

– У адміністрацыі ізалятара было асаблівае стаўленне да «палітычных»?

– Шчыра скажу: стаўленне персаналу да мяне было даволі ветлівае, усё ў межах закона. Хаця, безумоўна, ведалі, што я з ліку «палітычных», таму ставіліся крыху насцярожана.

У той жа час лічу рэжым адбыцця пакарання даволі складаным. На ложку сядзець нельга, ляжаць нельга, днём спаць катэгарычна забаронена. І знайдзі чым заняцца з шасці раніцы да дзесяці вечара. Толькі чытаць кнігі.

Хаця былі прагулкі. Спачатку рэдка, а вось апошні месяц прагульваўся амаль штодзень.

– Была інфармацыя, што вас неаднойчы пераводзілі з камеры ў камеру…

– Так, але я не ведаю, дзеля чаго гэта рабілася. Казалі, што, маўляў, так складваюцца абставіны. Быў, напрыклад, у камеры для вязняў з заразнымі захворваннямі. Сядзеў пад кварцавай лямпай.

Пабываў таксама ў камеры для буяных зняволеных. Не зразумела, хто там знаходзіўся раней, але памяшканне было вельмі запушчанае – нават прыбіральня непрыстасаваная для карыстання. Мне прыйшлося адмовіцца ад ежы, каб перавялі ў іншае месца, і ў рэшце рэшт дамогся свайго.

– На харчаванне не скардзіліся?

– Звычайнае для турмы харчаванне. У баранавіцкім СІЗА, як мне падаецца, кармілі лепш, чым у Мінску на Акрэсціна, хаця, калі казаць пра рыбныя катлеты ці кіслую капусту, то гэта проста жах! Есці такое немагчыма! Але ж нейкія прадукты з дому перадавалі, таму не ўсё так страшна.

– Аднапартыйцы вам пісалі, падтрымлівалі?

– З перапіскай была самая сапраўдная праблема. Даходзілі толькі лісты ад блізкіх, а многія элементарна не аддавалі. Разводзілі рукамі і казалі: «Для вас нічога няма». Хаця я дакладна ведаю, што мне пісала шмат людзей. Не вядома, куды зніклі гэтыя лісты, але пры вызваленні мне іх таксама не аддалі. Магчыма, проста выкінулі ў сметніцу ці спалілі.

Я толькі не разумею, навошта парушаюць закон тыя, хто найперш павінен яго выконваць? Арыштанты маюць права на перапіску, але мяне гэтага права пазбавілі.

Таксама паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці». Патлумачылі: маўляў, таму, што раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. А паставілі на ўлік – гэта дадатковыя праверкі ў камеры, дадатковыя даклады. Павінен быў штодзень распавядаць, што я «схільны да экстрэмізму».

Гэта, на мой погляд, дастаткова прыніжальна і незаконна. Думаю, ёсць сэнс звярнуцца ў суд, каб высветліць стаўленне суда да такой ганебнай практыкі. Я, дарэчы, пісаў заяву з гэтай нагоды адміністрацыі СІЗА, але ніякай рэакцыі ў адказ не было.

– Пісалі, што ў вас з’явіліся ў СІЗА пэўныя праблемы са здароўем…

– Зрок пагоршыўся, бо асвятленне ў камеры, мякка кажучы, не самае лепшае. А аказанне медыцынскай дапамогі ў следчым ізалятары – гэта асобная песня. У мяне склалася ўражанне, што турэмных медыкаў наогул у такіх установах нельга доўгі час пакідаць на працы. Іх трэба мяняць, бо праз нейкі час чалавек у белым халаце становіцца часткай турэмнай сістэмы. Адбываецца прафесійная дэфармацыя.

Мне, напрыклад, было дзіўна, калі ў такім вялікім СІЗА немагчыма выклікаць урача ноччу, хаця кантынгент розны, чалавеку можа стаць дрэнна ў любы час.

– Якія вашы бліжэйшыя планы?

– Трэба спачатку агледзецца, хаця па вялікім рахунку ў маім жыцці нічога не змянілася. Я па-ранейшаму з’яўляюся старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Тры месяцы мяне не было, таму трэба крыху разабрацца з партыйнымі справамі і далей займацца тым, чым і раней займаўся.

Я знаходжуся ў Беларусі і нікуды не збіраюся з’язджаць. Таму будзем і далей змагацца за лепшае жыццё.

– Намеры добрыя, але зараз пра апазіцыйныя партыі наогул практычна нічога не чуваць…

– Такія часы надышлі, што сёння любая апазіцыйнасць успрымаецца ўладамі варожа і нават агрэсіўна. У такіх умовах мы, безумоўна, павінны памятаць пра гэта і не падстаўляць сябраў нашай партыі.

Але тым не менш мы жывыя, існуём і маем намер далей займацца палітычнай дзейнасцю. Так, часы няпростыя, але гэта не нагода апускаць рукі і разыходзіцца. Гэта, наадварот, нагода мабілізавацца.

Читайте также: Лидер ОГП, который отбывает наказание в барановичском СИЗО, рассказал, что там происходит

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии