Новости / Военный конфликт

«Мёртвых хавалі там, дзе іх забілі — у парках і дварах». Аб перажытам у Ірпені і эвакуацыі па міннаму полю, рассказала беларуска

15.03.2022, 16:14  / remove_red_eye 306   / chat_bubble0

Беларуская актывістка Алена Талстая выйшла з заблакаванага расійцамі Ірпеню проста па мінным полі. Цяпер яна ў Кіеве і пакуль што не збіраецца адтуль эвакуявацца. Яна кажа, што «самотна ў вайне не выжывае ні чалавек, ні краіна». А таму збіраецца і надалей, як яна кажа, «працаваць на абарону Украіны і абарону Кіева».

«Мёртвых хавалі там, дзе іх забілі — у парках і дварах». Аб перажытам у Ірпені і эвакуацыі па міннаму полю, рассказала беларуска

Алена Талстая. Фота з соцсетак

Што такое Ірпень, як яна выйшла з заблакаванага гораду і як пабачыла на свае вочы «рускі мір», Алена Талстая распавяла ў інтэрв’ю «Новаму Часу»

Кіеўскі ўмацаваны раён

— Ірпень — гэта было вельмі прыгожае мястэчка, якое лічылася курортным. Геаграфічна гэта прадмесце Кіева, і знаходзіцца горад паміж двух трас — Варшаўская траса і Жытомірская траса. Якраз ля Варшаўскай трасы знаходзяцца мястэчкі, якія цяпер ва ўсіх на слыху — Буча, Гастомель, Ворзель. Падавалася, што Ірпень — крыху зправа ад «варшаўкі», і ён пазбегне лёсу Бучы і Гастомеля. Цяпер за Ірпень яшчэ ідуць баі, і, напэўна, ад яго цяпер залежыць, наколькі блізка акупанты змогуць падабрацца да ўласна Кіева.

Ірпень да вайны

Ірпень быў знакаміты яшчэ ў часы Другой сусветнай — па гэтай маленечкай рацы Ірпень праходзіў Кіеўскі ўмацаваны раён, там вельмі шчыльна стаяць ДОТы, якія Саветы будавалі, а потым Саветы жа і знішчалі. Я ў свой час з гумарам казала, што Саветы знішчалі ДОТы таму, што, мусіць, Кіеў будзе абараняцца ад іх. На вялікі жаль, гэта спраўдзілася. Якраз у гэтым накірунку ідуць расійскія часткі ад мяжы з Беларуссю.

Мая праца знаходзілася ў Гастомелі, у трох кіламетрах ад аэрадрома «Антонаў» — самага вялікага, дзе стаяла «Мрія». І ўласна 24 лютага я ехала туды на працу, спроба захопу аэрапорта і пачатак вайны адбываліся у мяне фактычна на вачах. Жыхары Гастомеля, Бучы, Ворзеля і Ірпеня адчулі, што такое вайна, літаральна ў першы ж дзень.

Людзі ўсе як адзін, і суседзі, і ў чарзе па дапамогу, ненавідзяць расійскіх акупантаў. Раней для мяне была розніца паміж украінамоўным Гастомелем, дзе ўсе і на працы былі ўкраінамоўныя, і рускамоўным Ірпенём. Але ў гэтыя дні абсалютна ўсе — ва ўсіх было толькі адно слова: «Ненавідзім. Ненавідзім. Ненавідзім».

Мае суседзі пыталіся: «А вы былі ў гэтым парку? А вы бачылі тое? А вы бачылі, якое было прыгожае гэта?». Калі параўноўваць Ірпень з аналагічнымі гарадамі-спадарожнікамі ў Беларусі, такімі як Фаніпаль ці Дзяржынск, Ірпень быў вельмі прыгожым і дагледжаным горадам. Дзіцячыя пляцоўкі, футбольныя, валейбольныя, набярэжная Ірпеня — настолькі ўсё прыгожа было зроблена, што ў жыхароў проста балела сэрца за ўсё.

Ірпень цяпер

«Беспілотнікі наводзяць ракеты на вогнішчы»

— Баі за Ірпень былі бясконцыя. Ніякай паветранай трывогі, як у Кіеве не агалошвалася, таму што абстрэлы былі ўвесь час. Калі скідалі бомбы ці пускалі ракеты, ты толькі чуў такі прыцішаны гук ад ракет, як шалясценне лісця, а потым — выбухі.

Першае бамбаванне менавіта цывільных будынкаў было 6 сакавіка. У 7:30 мы прачнуліся ад жахлівага выбуху праз квартал, — на наступнай вуліцы ад нас проста знесла дом.

Колькасць загінулых і параненых проста немагчыма падлічыць і нават усіх апазнаць.

Сядзелі ў падвалах, без святла, без газа, без сувязі, без вады. Спачатку гатавалі на вуліцы, проста збіралі дровы, распальвалі вогнішчы. Але потым нас папярэдзілі, што і гэтага рабіць нельга. Тэрабарона сказала, што, па-першае, у горадзе працуюць расійскія дыверсійныя групы, па-другое — лётаюць беспілотнікі і наводзяць ракеты на вогнішчы, менавіта па месцах, дзе збіраюцца людзі. А потым лупяць па гэтых месцах.

Ірпень цяпер

Безумоўна ўражвала самаадданасць валанцёраў. Валанцёры самі пяклі хлеб, раздавалі яго людзям, хадзілі да пажылых людзей, да нямоглых, дапамагалі людзям, дапамагалі тэрытарыяльнай абароне…

Насамрэч стала страшна, калі ў горадзе не было каго пабачыць на вуліцы. Апошнімі днямі былі яшчэ пункты раздачы ежы, вады, неабходнага, але потым спынілася… Калі не стала магчымасці працаваць пажарным, ратаваць людзей, старых, якія не маглі пакінуць дамы. І калі ўжо паўстала рэальная пагроза, што прыйдуць расійскія вайскоўцы…

Эвакуацыя Ірпеня

Няма ніякіх «зялёных калідораў»

— Людзі былі гатовыя да аблогі, але горш за аблогу былі моманты, калі ў гэтыя гарады уваходзілі расійскія салдаты. Праз Ірпень праходзіла эвакуацыя людзей з Ворзеля, з Бучы, і яны расказвалі, што расійцы марадзёраць, яны залазілі ў дамы,  расстрэльвалі людзей.

Мёртвых хаваюць проста ці не там, дзе іх забілі. У брацкіх магілах, у парку, у дварах — каб забітыя проста не ляжалі на вуліцах. Гэта тое, што прыносіць «рускі мір». Абсалютна ва ўсіх цяпер адмоўныя адносіны да «рускага міру». Гэта выявілася адразу ж у першыя дні ўварвання . Гэта руйнаванне жыцця…

Дзеці, якія сядзелі поруч са мной у падвале, калі ты ім распавядаеш казкі, каб неяк суцешыць… Маці, якія ішлі на свой страх і рызыку на эвакуацыю, якія разумелі, што заставацца небяспечна — проста дзеля дзяцей.

Людзі, якія ішлі на эвакуацыю праз Раманаўку, праз Стоянку расказвалі, што рускія могуць прапусціць калону, а потым чэргамі расстрэльваць хвост калоны. У Стоянцы людзей, якія ехалі на машынах, проста расстрэльвалі з машынамі. Людзі, якія вырываліся са Стоянцы, расказвалі, што ўздоўж дарогі трупы проста ляжаць поруч са сваімі аўтамабілямі. Мясцовыя, якія засталіся, спрабуюць пахаваць іх хаця б уздоўж дарогі.

Гэта цяжка, але пра гэта трэба казаць, каб увесь свет ведаў пра гэта і аказваў падтрымку Украіне не словамі, а дзеяннямі. Бо Украіна цяпер ратуе, фактычна, усю Еўропу ад гэтага жахлівага «рускага міра». Ён зруйнуе на сваім шляху ўсё, што пабачыць — і ва Украіне, і ў Беларусі, і на гэтым ён, канешне ж, не спыніцца, калі яго не спыніць цяпер.

Эвакуация из города Ирпень. Люди укрываются от обстрела

Пра карысць краязнаўства

— Я заставалася да апошняга, пакуль была магчымасць дапамагаць тым, хто поруч са мной. Мне падавалася, што пакуль я там, дом наш будзе стаяць, людзі будуць вакол жывыя… У мяне было такое пачуццё адказнасці за тое месца, якое мяне фактычна прытуліла і якое я палюбіла. Бо мой свет ужо быў зруйнаваны немагчымасцю вярнуцца ў Беларусь, і я не хацела, каб гэты свет руйнаваўся вакол мяне ў другі раз. Але суседзі паступова ўсе з’ехалі, я засталася ў доме адна, — у доме з разбураным дахам, з разбітай столлю у кватэры, дзе жыла…

Людзі з прыватнага сектара сказалі, што ў парк уваходзяць расійцы, едуць расійскія танкі, і я зразумела, што пасля будзе «зачыстка» — акупанты зазвычай ходзяць па дамах, правяраюць дакументы. Тых, хто не спадабаўся — расстрэльваюць.

Перажыць «зачыстку» ў мяне было мала шанцаў. Беларускі пашпарт, у заплечніку — сцягі Украіны, з якім мы выходзілі на акцыі яшчэ ў Мінску, бел-чырвона-белы сцяг, які я прывезла з Беларусі, з якім мы выходзілі на акцыі тут, сцяг Літвы, які таксама быў на нашых акцыях. І зразумела, што з усім гэтым я проста не прайшла бы праз расійскі блок-пост. А іначай з Ірпеня было выйсці ўжо немагчыма.

Але ў мяне быў з сабою ровар, і я ведала той самы Кіеўскі ўмацаваны раён, дзе ДОТы, пра які я распавядала. Таму я перайшла праз рэчку Ірпень па пешаходным мастку, і праз гэты раён выйшла на трасу да ўкраінскіх вайскоўцаў.

Аказалася, яны ўвесь час трымалі мяне «на мушцы». Потым разгледзелі, што я жанчына, і супакоіліся крыху. Праверылі ў мяне дакументы і потым распавялі, што я ішла праз міннае поле — бераг Ірпеня быў замінаваны.

Для мяне гэта проста нейкі промысел Божы, малітвы людзей і іх добрыя думкі пра мяне, якія дапамаглі выйсці і захаваць тое, што важна і для мяне.

Лёгкая дарога да Кіева

— Канешне, украінскія ваенныя мяне дбайна праверылі — усё ж беларускі пашпарт. Патэлефанавалі свайму кіраўніцтву, але ставіліся да мяне прыязна, ніякага негатыву, апроч звычайнай праверкі, абсалютна не было. І яны выправілі мяне ў Раманаўку, дзе збіраюцца эвакуяваныя, людзі, якія ідуць пад разбітым мастам, вы, напэўна, бачылі гэтыя кадры.

Гэта шматкіламетровая чарга, якая ўвесь час прыцягвае ўвагу расійцаў: яны пачынаюць працаваць устаноўкамі «Град» па гэтай чарзе, калі выбухі кладуцца за 200 метраў ад людзей, — гэта страшна, так запужваюць людзей. Былі расповеды пра тое, што міна проста трапіла ў калону… Канешне, эвакуацыя ў такіх умовах пры адсутнасці «зялёных калідораў» выглядае вельмі страшна і жахліва.

А ў самой Раманаўцы, дзе стаіць украінскі блок-пост і ўкраінскія вайскоўцы, ўсё адладжана добра і дакладна. Там адразу стаяць «хуткія дапамогі», там валанцёры са сваімі мікрааўтобусамі… Я не паспела вокам міргнуць, як мяне падхапілі нават з маім роварам, які, як я думала, мне давядзецца кінуць, загрузілі ў мікрааўтобус, вельмі хутка адвезлі ў Кіеў.

У Раманаўцы, дарэчы, я бачыла мэра Ірпеня Аляксандра Маркушына, які апекуецца сваімі жыхарамі. Для мяне гэта таксама прыклад таго, што азначае мэр, якога абіраюць людзі. Гэта не прызначэнец, які баіцца зрабіць крок управа, крок улева без ухвалення Лукашэнкі альбо больш высокай адміністрацыі — гэта чалавек, які адказвае за сваё месца і яго жыхароў. Які ў касцы і бронекамізэльцы з тэрытарыяльнай абаронай. Які да апошняга клапаціўся, каб працавала інфраструктура, каб не было марадзёрства, каб былі адчыненыя крамы, каб раздавалі прадукты людзям, каб была дысцыпліна і парадак. Гэта сапраўды паказчык таго, што азначае выбарная пасада, калі яму даверыліся людзі, і ён перад гэтымі людзьмі нясе адказнасць.

У Раманаўцы людзі не чакаюць ніводнай лішняй хвіліны — іх сустракаюць адразу, давозяць людзей да Кіева, дзе таксама стаяць аўтобусы, якія развозяць людзей па горадзе, стаяць намёты з ежай, у тым ліку гарачай ежай, стаяць «хуткія», адразу аказваюць медычную дапамогу, каму трэба…

Што далей?

— Беларусы салідарныя, як заўсёды. Мяне прытуліла сям’я такіх жа бежанцаў-беларусаў. Беларусы дапамагаюць адзін аднаму, бо ўсё, што было, давялося пакінуць там, дзе жыў.

Самае горшае ў гэтых умовах — гэта чагосьці чакаць альбо спрабаваць выжыць у адзіночку. Такога не можа быць. Ва ўмовах вайны ані чалавек, ані дзяржава не выжываюць самотна. Гэта змаганне, у якім людзі адно аднаму робяцца братамі, і нават калі ў іх раней былі розныя палітычныя погляды… Салідарнасць украінскай нацыі, салідарнасць беларусаў насамрэч натхняе і дае сілы працаваць далей.

І зараз для мяне важна дапамагаць Украіне і абароне Кіева. Пакуль што гэта для мяне — валанцёрства. Як будзе далей — я не ведаю.

Чытайце таксама: Тышкевич: «Один мой сосед вышел покурить — его застрелили, второй выносил мусор — его застрелили»

Дневник войны, глава 3: «Никогда еще Львов не был настолько русскоговорящим. Восточная Украина переехала на запад»

Дневник войны, глава вторая: «На перроне посадка при помощи вооруженных сил, СБУ, полиции и теробороны. И снова воздушная тревога»

Белоруска, выехавшая из Украины: «Дочка закричала: «Смотри —звездопад!» — и я с ужасом поняла, что это не звездопад, а ракеты»

Если статья не открывается, включите, пожалуйста, VPN. Присоединяйтесь к нам в Viber Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии