Новости / Общество

«Прэмію яму плацяць найбольшую». Ваенрукі ў школах: што яны робяць і за чым (кім) сочаць

10.01.2022, 9:39  / remove_red_eye 116   / chat_bubble0

Пры канцы жніўня гэтага года на сайтах беларускіх школ пачалі з’яўляцца вакансіі ваенрукоў, а можа палітрукоў — спецыялістаў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Акрамя таго, у сталічных школах вахцёраў замянілі супрацоўнікамі Дэпартамента аховы МУС. Як гэтыя змены паўплывалі на навучальны працэс — «Наша Ніва» пацікавілася ў настаўнікаў.

«Прэмію яму плацяць найбольшую». Ваенрукі ў школах: што яны робяць і за чым (кім) сочаць

Выхаваўчая, ідэалагічная і сацыяльная работа школы. Фота: sch143.minsk.edu.by

«Спачатку хадзілі чуткі, але ўсё лета не было ніякай канкрэтыкі. Надышоў верасень, а ў нашай школе таксама ніхто не з’явіўся. Так было ва многіх школах раёна. У нас гэты «спецыяліст» быў наняты 1 кастрычніка. Спачатку ўвогуле ніхто не разумеў, што гэта за пасада і чым ён павінен займацца. Да канца і зараз ніхто гэтага не разумее. Яго «пасялілі» ў былую камору, выкінулі адтуль увесь хлам, які складавалі гадамі. Пасля ён актыўна ўзяўся за правядзенне ШАГ (Школа актыўнага грамадзяніна): да нас пачалі прыходзіць прафарыентацыйныя брыгады з вайсковых ВНУ, ветэраны.

Ведаю, што прэмію яму плацяць адну з найбольшых сярод усіх, пры тым нейкай канкрэтнай справы (карыснай ці некарыснай), якую б ён рабіў, я асабіста не заўважаю. — кажа настаўніца адной са сталічных школ.

— Ёсць у мяне меркаванне, што глебу для ўвядзення такой пасады падрыхтоўвалі загадзя, бо былі праведзеныя вельмі дзіўныя змены ў выплаце стымулюючых і кампенсуючых выплат (тое, што раней звычайна прэміяй называлася). Цяпер і высветлілася, куды ідзе тая рэшта грошай, якую недаатрымоўваюць настаўнікі. Яна ідзе на гэтага чалавека плюс на Дэпартамент аховы (бо частка іх заробку кладзецца менавіта на ўстанову адукацыі).

Гэта не столькі шкоднікі, колькі такія паразіты, якія нічога не робяць, а проста высмоктваюць бюджэт, ні за што атрымліваюць тыя грошы, якія б маглі дадаткова атрымаць лепшыя настаўнікі», — кажа педагог.

Настаўнік іншай школы кажа: «Палітрук з’явіўся ў нас перад пачаткам другой чвэрці, пахадзіў па кабінетах, спрабаваў пазнаёміцца, на пытанне «А што вы будзеце рабіць, ці чакаць ад вас праверак нейкіх?» адказаў, што і сам не надта ведае пакуль. Асабіста я яго бачыў у школе разы тры: аднойчы на калідоры і ў кабінеце завуча па выхаваўчай рабоце, ён там «лапаціў» нейкія дакументы. Ніякіх мерапрыемстваў, класных/інфармацыйных гадзін ён не праводзіць — увесь час сядзіць у сваёй каморы. І ўсё. Можа, і дзякуй Богу!»

У іншай школе жанчына-палітрук актыўна арганізоўвае экскурсіі ў кадэцкую вучэльню, запрашае прадстаўнікоў з авіяцыйнага каледжа.

«Ідэалагічную працу настаўнікі праводзяць, як і раней, пераважна толькі на паперы», — кажа педагог-арганізатар.

«У нашай школе, — распавядае настаўніца з Мінскай вобласці. — Кіраўнік па ВПВ актыўна ўзяўся за БРСМ: імкнецца, каб уступілі ў арганізацыю ўсе, праводзіць, напрыклад, дыскатэку, уваход на якую толькі па членскім білеце. Таксама раней у нас не было такой практыкі, каб ахвяраваць адукацыйным працэсам дзеля нейкіх мерапрыемстваў — усё пасля заняткаў. А цяпер могуць дзяцей забраць проста з заняткаў, каб паказаць дакументальны фільм пра вайну ці нешта падобнае».

Проста зараз можна знайсці дзясяткі вакансій на пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. У мінскіх школах 24 і 126, напрыклад, абяцаюць заробак ад 700 рублёў, у СШ№77 — ад 850 (гэта ўсё без уліку тых самых прэмій).

Абавязкі: «арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў вайскова-патрыятычнай накіраванасці ва ўстанове адукацыі. Правядзенне прафарыентацыйнай работы з вучнямі. Ажыццяўленне ўліку вайсковаабавязаных ва ўстанове», патрабуюць вышэйшую адукацыю і абавязковы вопыт службы ва Узброеных сілах.

«Наша Ніва»

Читайте также: «Метали гранаты в школьный подвал». Как проходили уроки допризывной военной подготовки в 1980-х – начале 2000-х

Присоединяйтесь к нам в ViberInstagramВКонтакте или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии