Новости / Спадчына

Дачка павешанага месяц жыла на вуліцы і арышт дэпутата. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў снежні 1931

31.12.2021, 13:25  / remove_red_eye 330   / chat_bubble0

Як жылі Баранавічы і рэгіён 90 год назад, даведаўся Intex-press, пагартаўшы снежаньскія нумары газеты Kurier Nowogródzki.

Дачка павешанага месяц жыла на вуліцы і арышт дэпутата. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў снежні 1931

Баранавічы. Выгляд з пажарнай вежы на могілкі і царкву. Цяпер гэты пляцоўка каля фантана на плошчы Леніна. Царская паштоўка з калекцыі Руслана Равякі

3 снежня

Прыезд знакамітага жыдоўскага паэта ў Баранавічы

1 снежня цягніком з Беластоку прыбыў у Баранавічы вядомы народны паэт Хаім Нахман Бялік, які прыехаў сюды з Палестыны і наведвае па чарзе ўсе гарады ў краіне. У Баранавічах на чыгуначным вакзале паэта сустракаў амаль 2-тысячны тлум народу жыдоўскага, школьны аркестр і ўся баранавіцкая эліта жыдоўскай народнасці.

Увечары ў залі кінатэатра “Apollo” паэт  Х.Н. Бялік выступіў з праграмай на тэму “Жыды і іх культура”, на якой прысутнічаў намеснік старасты пан Зажыцкі, які замяняе адсутнага цяпер пана Пржэпалкоўскага. На выступе прысутнічала каля тысячы чалавек.

5 снежня

З жыцця Кола заўзятараў сцэны

2 снежня ў кінатэатры “Apollo” чальцы нядаўна створанага Кола заўзятараў сцэны далі ўжо трэцяе прадстаўленне, прыбытак з якога пайшоў на развіццё гэтай арганізацыі. Яны адыгралі 3-актавую п’есу Балуцкага “Адчынены дом”, пад рэжысурай пана Галагоўскага, старшыні Кола. Чальцы дасканала справіліся са сваімі задачамі, чым выклікалі сімпатыі сярод шырокіх слаёў баранавіцкага грамадства.

Асабліва вызначыліся п. Галагоўскі і п. Папук, якія сваёй дасканалай гульнёй выклікалі ў гледачоў  каскады смеху і буру воплескаў. Таксама гульня панн Гайжэўскай, Ляшэўскай і Асечка заслугоўвае асобнай згадкі.

З прыкрасцю аднак трэба адзначыць, што на спектаклі прысутнічала толькі некалькі дзясяткаў асобаў, таму на кожным кроку можна было чуць, што нашыя людзі не заўсёды ўмеюць цаніць культурную вартасць імпрэзаў.

Баранавіцкі люд прызвычаіўся да наведвання нізкавартых рэв’ю і рэўетак, якімі кормяць нашыя правінцыйныя гарады вандроўныя артысты, якія не маюць ужо поспеху ў вялікіх гарадах.

У кожным разе маем надзею, што мясцовае аб’яднанне, што ставіць п’есы ў нашым горадзе, не будзе пераймацца часоваму малому поспеху і будзе далей працаваць над сур’езнымі творамі, тым больш, што ўжо цяпер відаць, складаецца яно з дасканалых актораў, якія б у будучыні мелі вялікі поспех.

8 снежня

Арышт былога дэпутата

Учора, падчас сходу ў Баранавічах Беспартыйнага Блоку Супрацы з урадам Пілсудзкага і прамовы віцэ-маршалка Сенату доктара Багуцкага, меў месца інцыдэнт з былым дэпутатам ад Сацыялістычнай Польскай Партыі, радным Махаем (у наступных нумарах газеты было ўдакладненне, што Юзік Махай ніколі не быў дэпутатам, а толькі кандыдатам у дэпутаты).

Падчас дыскусіі, якая развязалася пасля дакладу Багуцкага (сітуацыя палітычная і эканамічная), Махай спрабаваў справакаваць інцыдэнт, выкрыкваючы розныя абразлівыя воклічы.

Па просьбе прысутнага на сходзе пана старасты Пржэпалкоўскага, паліцыя арыштавала Махая.

10 снежня

Былога дэпутата пасадзілі ў турму

У выніку аб’яднання цэлага шэрагу сведчанняў антыдзяржаўнай дзейнасці былога дэпутата ад Сацыялістычнай Польскай Партыі, раднага Махая, следчы суддзя пастанавіў арыштаваць яго да судовага паседжання. Да акту справы далучаны таксама пратакол аб інцыдэнце, які адбыўся 7 снежня падчас дыскусіі над дакладам віцэ-маршалка Сенату док. Багуцкага.

Крадзяжы з узломам

Пазаўчора ўночы да сталярскай майстэрні Гіршы Лісоўскага (вул. Орля, 28 цяпер Лісіна), уламаліся невядомыя злодзеі і скралі сталярнае абсталяванне на 200 злотых.

У тую саму ноч у гімназію імя каралевы Барбары Радзівіл уламаліся невядомыя злодзеі і разбілі замкі на пісьмовых сталах у трох пакоях. У выніку яны скралі 31 злоты.

На шкоду Самуэля Цукерніка (вул. Уланская, 58 цяпер Пінерская) невядомыя злачынцы ўламаліся ў камору, адкуль скралі рэчы і 3 пуды аўса на агульную суму 300 злотых.

У Яніны Лісакоўскай, што жыве на Графскай, 55 (цяпер Куйбышава паміж Брэсцкай і Камсамольскай), невядомыя злодзеі ўламаліся ў склеп, адкуль скралі слоікі варэння, налівак, марынаваных грыбоў і іншых дробных рэчаў на агульную суму 105 злотых.

Акрамя гэтага, на тэрыторі гораду зарэгістраваны 4 дробных крадзяжа і адно збіццё.

11 снежня

Курсы хатняга вырабу лыж

З ініцыятывы капітана Сікорскага, павятовага камісара Ваеннай падрыхтоўкі (Przysposobienie wojskowe) ў Баранавічах, быў арганізаваны курсы хатняга вырабу лыж, якія праходзілі ў два этапы з 3 па 7 і з 9 па 14 лістапада. На іх навучалася 13 чалавек, чальцоў PW.

Навучэнцы курса ўласнаручна, пад кіраўніцтвам прафесійнага настаўніка, зрабілі некалькі дзесяткаў пар лыж карыстаючыся хатнім інструментам.

Неучцівы каханак

Марыя Анчуковіч, якая жыве на рагу Шасова (цяпер Брэсцкая)-Цэнтральна (цяпер Агранамічная), паведаміла ў паліцыю, што яе каханак Ян Рыхлінскі, з якім яна жыла тры гады, прадаў без яе згоды свінню і іншыя рэчы, што ёй належалі, агулам на 60 злотых. Грошы каханак выдаткаваў на свае патрэбы. Жадаючы адпомсціць свайму каханку, Анчуковіч таксама паведаміла паліцыі, што Рыхлінскі мае і карыстаецца ваенным білетам на імя Яна Загорскага.

Рэклама доктара А. Бусла, які лячыў хваробы вачэй. Kurier Nowogródzki

12 снежня

Святліца пажарнікаў просіць аб кніжках для новай бібліятэцы

Мала хто з жыхароў горада ведае, што Гарадская пажарная каманда ў Баранавічах мае ўтульны міла абстаўлены свой клуб. Вялікая перавага гэтай святліцы ў тым, што тут пры пажарных будынках чыста, цёпла і нават элегантна.

Ёсць газеты, гульні і нават радыё.

Бракуе кніжак у бібліятэцы, аб чым пажарнікі вельмі-вельмі просяць. Кнігі могуць быць ужываныя і нават без вокладкі, арганізацыя сама зробіць пераплёт. Ахвотных да чытання вельмі шмат, бо заўсёды ў клубе ёсць людзі, якія цягнуцца да кніг. Асабліва цікавяць гістарычныя раманы (Крашэўскі, Сянкевіч, Прус, Асяндоўскі). Амаль у кожным доме нешта такое знойдзецца. Не разважайце доўга, а нясіце свае кнігі ў пажарны клуб.

Стэфанія Баярская

13 снежня

Суд над шпіёнам

12 снежня на лаве Акруговага суда ў Баранавічах сядзеў вядомы ў горадзе Баранавічы Васіль Югаў, які быў арыштаваны яшчэ летась па падазрэнні ў шпіёнстве на карысць Савецкай Расіі. Суд паслухаўшы сведкаў і беручы пад увагу яго век – 62 гады, пастанавіў прызнаць Югава вінаватым і асудзіць на 8 гадоў цяжкай турмы з пазбаўленнем правоў. Трэба адзначыць, што адзін з таварышаў Юдава па гэтай самай справе, быў асуджаны Вайсковым судом у Пінску да растрэла, а вырак быў  выкананы сёлета вясной.

Асудзілі бандыта

11 снежня Акруговым судом Навагрудка на выязной сесіі ў Баранавічах была разгледжана справа Дзмітрыя Падрушы, жыхара вёскі Бобкі, Нясвіжскага павету. Яго абвінавачвалі ў рабунковым нападзе летам гэтага года ў мястэчку Заастравечча, дзе стэрарызаваўшы сям’ю аднаго з жыдоўскіх купцоў, забраў 500 румынскіх леваў і некалькі сот злотых гатоўкаю. Падсудны прызнаў сваю віну, у сувязі з чым, беручы пад увагу яго малады ўзрост (20 год), суд пакараў яго на 15 год цяжкай турмы.

Крадзяжы

Марыя Стральчэня (Віленская, 68 – цяпер Гагарына), паведаміла ў паліцыю, што выходзячы з жылля на вуліцы Шасовай, 26 (цяпер Брэсцкая), замкнула там дзверы. Тым часам гаспадар гэтага дому Шмаеўскі выламаў замок ды забраў два крэслы і адзін табурэт, якія належалі Стральчэні.

Зоф’я Рабкова (завулак Траўгута, 13 цяпер завулак Дзімітрава) паведаміла ў паліцыю, што Лявон Васілевіч і Мікалай Нацковіч скралі ў яе адну пляшку гарэлкі.

На школу Саламона Гірвіча (Гувэра, 39 цяпер Царука) з замкнёнага хлява, выламаўшы акно, скралі 2 пары конскай збруі, а таксама мех фасолі, на 120 злотых.

Падкідыш

Некалькі дзён таму на падворку прыюту “Нашага дому” пакінулі дзяўчынку ўзростам да 6-ці гадоў. Вядзецца пошук яе сваякоў.

15 снежня

Падкідыш – дачка павешанага ў Баранавічах

У мінулым нумары пісалі мы пра 6-гадовую дзяўчынку, якую падкінулі да “Нашага дому”. Як выявілася, гэта Марыя Казей, дачка Мітрафана Казея з Баранавіч, якога павесілі 27 лістапада разам з іншымі шпіёнамі. Маці Марыі ўжо некалькі год як звар’яцела і памерла ў адным са шпіталяў для псіхічна хворых. Малалетняя сірата ад часу арышта яго бацькі блукала па вуліцах Баранавічаў, пакуль не сустрэла яе адна незнаёмая жанчына і не адвяла на падворак прыюту, дзе пакінула, паклаўшы ў кішэньку аркушык з імёнамі бацькоў. Кіраўніцтва “Нашага дому” шчыра заапекавалася пакінутай дзяўчынай і прытуліла да свайго вялікага звязка іншых нешчаслівых дзяцей. Такім чынам самотныя дзеці знаходзяць апеку ў прыюце, дзе павінны забыцца пра свае смутнае сіроцтва.

Дадатковае харчаванне беднай моладзі ў гімназіі

Справа дадаткова на харчавання беднай моладзі ў Дзяржаўнай гімназіі ў Баранавічах, дзякуючы энэргіі пана дырэктара Завіроўскага і паразумення з Бацькоўскім камітэтам, рушыла вялікімі крокамі наперад. Таму моладзь, якая дагэтага не атрымлівала моцнай апекі, цяпер атрымае дапамогу. Хацелася б верыць, што, дзякуючы кіраўніцтву гімназіі і Камітэту, дапамогу атрымаюць усе вучні. Якім гэта патрэбна.

Фота банка у Баранавічах. Kurier Nowogródzki ад 16-12-1931

18 снежня

Вакол Магілы невядомага салдата

Некалькі дзён таму ў памяшканні Таварыства Рамеснікаў-хрысціян у Баранавічах адбыўся арганізаваны сход, у якім прынялі ўдзел 25 рамеснікаў і купцоў-хрысціян, жыхароў горада. Сход быў скліканы па справе развіцця царкоўная тэрыторыі, што знаходзіцца ў цэнтры горада на скрыжаванні вуліц Шаптыцкага і Міцкевіча (цяпер Савецкая і Леніна) з аднаго і другога боку Магілы невядомага салдата. Сход распачаў пан Яроцкі, пасля чаго аднагалосна быў абраны старшыня, праваслаўны пробашч баранавіцкай парафіі дэкан Павал Мацкевіч. Справаздачу аб выкананых працах па развіцці царкоўнай тэрыторыі склаў пан Яроцкі, пры чым ён падкрэсліў, якое вялікае значэнне меў бы той пункт, калі б мясцовыя ўлады пайшлі Камітэту насустрач і дапамаглі б рэалізаваць праект развіцця гэтай тэрыторыі.

Далей дакладчык дадаў, што занядбаная тэрыторыя ў самым цэнтры горада стала бы добраўпарадкаванай “вялікай, найноўшай канструкцыяй і эстэтычнага выгляду гмахам, а з другога боку тут бы была наладжаны вытворчасць рамеснікаў і хрысціянскі гандаль”. Прысутныя пагадзіліся з довадамі і пастанавілі аднагалосна скласці пэтыцыю да адпаведных уладаў, а самую справу разбудовы даручыць Камітэту, у які ўвашлі 7 чалавек начале з айцом Мацкевічам. Прывабнай рэччу быў бы для Баранавіч вялічэзны гмах у цэнтры горада, а яшчэ больш прывабным было б размяшчэнне ў ім хрысціянскага промыслу і гандлю.

Дзівіць нас толькі тое, што ніхто з прысутных у гэтай важнай справе не згадаў пра адну значную рэч. Ініцыятары праекту забыліся пра Магілу невядомага салдата, да якой ставяцца з павагай і шанаваннем мясцовыя жыхары. Калі сапраўды з’явіцца гэты вялічэзны гмах з абодвух бакоў Магілы невядомага салдата, што будзе з самім помнікам у гонар загінулых салдат за незалежнасць краіны? Да таго ж, не для таго будавалі помнік, каб неўзабаве ён знік у абдымках вялікага гмаху для прамысловасці і гандлю. Як відаць з размоваў, грамадзяне, якія хочуць стварыць тут пляцоўку для гандлю, не збіраюцца супольна будаваць адзін будынак, а кожны хоча збудаваць аб’екты, згодна сваіх фантазій. І хто гарантуе, што ў будучым у цэнтры пазней не з’явяцца рэстараны і піўніцы.

Ці пагодзяцца жыхары гораду да такога аздаблення Помніка невядомаму салдату? Нагадаем, што менавіта каля яго адбываюцца ўсе парады, імпрэзы і святкаванні.

Дзівіць нас факт, што такія планы будаўніцтва ў цэнтры горада абмяркоўваюцца без узгаднення з мясцовымі ўладамі. Акрамя таго, як нам вядома, увесь абшар старых могілак плануецца ператварыць у гарадскі парк, адсутнасць якога балюча адчуваецца жыхарамі горада, бо цяперашні парк (цяпер Стары парк), што знаходзіцца за мяжой горада, не задавальняе патрэб гараджан такога вялікага горада, як Баранавічы.

Да ўсяго гэтага трэба дадаць вельмі цяжкі стан гаспадаркі і адсутнасць інвестыцыйных крэдытаў нават на больш значныя патрэбы. Таму ўсё абмеркаванае на сходзе не рэальнае і не вытрымлівае крытыкі.

19 сьнежня

Замах на забойства

Учора на падворку дома на вуліцы Каперніка, 76 (цяпер Халасьцякова), які належыць Апанасу Гунашу, з’явілася невядомая асоба, якая паклікала да сябе Надзею Берташ, якая там жыве. Калі тая пераступіла парог свайго жытла, асоба кінулася на яе і ударыла сякерай у плечы. Безпрытомная Берташ павалілася на зямлю. Цяжка параненая яна змагаецца са смерцю ў шпіталі.

Ліквідацыя зладзейскай шайкі

На днях следчыя органы на чале з падкамісарам Крэмесам ліквідавалі небяспечную зладзейскую шайку, якая некалькі месяцаў “працавала” ў Баранавічах. Выкрыта некалькі “малін” зладзейскіх, дзе было знойдзены багата трафеяў, скрадзеных у горадзе на працягу месяца. Арыштаваныя Александр Лапко, жыхар Баранавіч, Казімір Рынкевіч, жыхар Вільні, і Люба Медушэўская, з вёскі Падасоўцы. Іх абвінавачваюць у некалькіх крадзяжах. Арышты працягваюцца.

Адначасова арыштаваны Юзік-Збігнеў Каліноўскі, сталы жыхар Лодзі, які скраў дамскі гадзіннік у Марыі Купіч з Баранавіч. Як выявілася, элегантны франт Каліноўскі, які дбаў пра свой выгляд, даўно ў вышуку ў Варшаве, Пултуску і Ядаве, за некалькі крадзяжоў і ашуканстваў.

20 снежня

Новы баранавіцкі стараста

Учора ў Баранавічы прыбаў новапрызначаны стараста павету пан Юры (Ежы) Неўгебаўер, які працаваў да гэтага старастам у Вілейцы. У панядзелак, 21 снежня, былы баранавіцкі стараста, пан Зыгмунд Пржэпалкоўскі, пачне перадаваць павет свайму наступніку.

 

Баранавічцкі стараста Зыгмунт Пржэпалкоўскі.

30 снежня

Трагічнае здарэнне на вуліцы Шаптыцкага

Некалькі дзён таму на вуліцы Шаптыцкага (цяпер Савецкая), адбылася надзвычайная сітуацыя, якая толькі выпадкова не пацягнула за сабою шмат ахвяр. Падчас, калі праязджаючы лакаматыў падаў гукавы сігнал, на завулку Свяцілаўскім (цяпер Свяцілавіцкая вуліца), вайсковыя коні, што стаялі, сарваліся і панеслі з санямі ў накірунку вуліцы Шаптыцкага. На павароце сані разбіліся аб будынак, а спалоханыя коні наляцелі на Геню Гарфінгельд, што пераходзіла вуліцу. Яе моцна патапталі. Потым пара ашалелых коней наляцела на запрэжаныя сані з фальварку Чарамнік, які перавярнулі. У гэтым выпадку пацярпела гаспадыня фальварку пані Соф’я Чудзінская. Абедзвух ахвяр даставілі ў бальніцу, іх стан не вельмі цяжкі. Ашалелых коней затрымаў паліцэйскі, які нёс службу на вуліцы Шаптыцкага.

Нешчаслівы выпадак

Міхаіл Васілевіч з вёскі Яхімавічы Сіняўскай гміны, едучы цягніком №314 Лунінец-Баранавічы, праз сваю неасцярожнасць выпаў з вагону каля мосту на Шчары. Ён атрымаў шматлікія траўмы па ўсім целе. Васілевіча перавезлі на дрызіне ў Баранавічы, дзе аказалі медыцынскую дапамогу.

Чытайце таксама: Павесілі 7 шпіёнаў, падстаўны алкаголік і дэзынфекцыя тэлефонаў. Аб чым пісалі баранавіцкія газеты ў лістападзе 1931 года

Катастрофа самолета, дуэль на шпагах и первые банкоматы. О чем писали барановичские газеты в октябре 1931 и 2001 годов

Посадка первого самолета на новый аэродром и пачка бюллетеней на помойке. О чем писали барановичские газеты в сентябре 1931 и 2001 годов

Приезд Лукашенко на электричке, трагедия на полигоне и сокращение в магистрате. О чем писали барановичские газеты в августе 1931 и 2001 годов

Смерть на дне колодца, Ляховичи признали городом, и первый автобус – в старый микрорайон. О чем писали барановичские газеты в июле 1931 и 2001 годов

Труп девушки у дороги, новый «Бьюик» главы города и «левые» доходы у офицеров. О чем писали барановичские газеты в июне 1931 и 2001 годов

Атлета закопали на два метра в Барановичах и трагедия на дороге под Вольно. О чем писали барановичские газеты в мае 1931 и 2001 годов

Почему погас свет во время визита президента и крупная кража конфет из буфета кинотеатра. О чем писали барановичские газеты в апреле 1931 и 2001 годов

Крестьяне разоружили полицейских, труп ребенка в колодце и горожане на покосе. О чем писали барановичские газеты в марте 1931 и 2001 годов

 

Присоединяйтесь к нам в ViberInstagramВКонтакте или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии