Новости / Общество

Дэпутат з Баранавічаў прапанаваў забараніць карту паляка ў Беларусі і прыраўняць яе да другога грамадзянства

10.12.2021, 17:34  / remove_red_eye 1661   / chat_bubble7

Дэпутат Ігар Хлабукін (у мінулым — спецыяліст па пажарнай бяспецы) лічыць, што на заканадаўчым узроўні трэба прыраўняць атрыманне карты паляка да другога грамадзянства, якое, па яго словах, «у нас не дапускаецца практычна», адпаведна, «карта паляка павінна быць забароненая». Такія карты маюць больш за 130 тысяч грамадзян Беларусі. Дакумент дае пэўныя прэферэнцыі на тэрыторыі Польшчы, але яго ўладальнікі не з’яўляцца грамадзянамі іншай дзяржавы. Незразумела, як Хлабукін мяркуе ануляваць карткі і забараняць Польшчы іх выдаваць.

Дэпутат з Баранавічаў прапанаваў забараніць карту паляка ў Беларусі і прыраўняць яе да другога грамадзянства

Ігар Хлабукін, фота з сайта дэпутата

«Спрабуюць правесці апалячванне насельніцтва»

Разбярэм падрабязна заяву дэпутата Ігара Хлабукіна ў эфіры СТВ. Так, ён сцвярджае, што «льготы, якія дае карта паляка, практычна палова тых правоў і абавязкаў, якімі валодаюць грамадзяне Польшчы».

Насамрэч, уладальнік карткі мае права:

  • атрымаць доўгатэрміновую шматразовую візу на знаходжанне ў Польшчы;
  • легальна працаваць на тэрыторыі Польшчы без атрымання дазволу на працу;
  • займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю нароўні з польскімі грамадзянамі;
  • у першачарговым парадку прэтэндаваць на фінансавыя сродкі, якія выдзяляюцца для падтрымкі палякаў за мяжой з дзяржаўнага або мясцовага бюджэту;
  • праязджаць па чыгунцы са зніжкай.

Як вядома, грамадзянам не патрэбная віза для знаходжання на тэрыторыі сваёй краіны. Таксама грамадзяне маюць права абіраць уладу і быць абранымі ва ўладу, зразумела, што ўладальнікі карт паляка такіх правоў не маюць.

«Ёсць жа для выезду замежны пашпарт, ёсць віза», — працягвае Хлабукін.

У Беларусі ніякага асобнага пашпарта для выезду за мяжу няма, у адрозненне, напрыклад, ад Расіі. Наяўнасць іншага грамадзянства, па дзейсным законе, не з’яўляецца нагодай пазбавіць чалавека беларускага грамадзянства.

«Сёння карта паляка сапраўды можа выдавацца не толькі тым, хто мае нейкія польскія карані ці, як яны кажуць, належыць да польскага народа, але і тым, у каго на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі, Украіны пражывалі нейкія сваякі, бабулі, дзядулі. Гэта значыць, можна знайсці зачэпку за любую генеалагічную галіну дрэва, — разважае дэпутат. — Ідзе насаджэнне польскага права, польскіх культурных традыцый у нас, у Беларусі.

Яны спрабуюць працаваць з маладым пакаленнем, правесці апалячванне нашага насельніцтва.

Паглядзіце, што гэтая картка прапануе. Сёння здаць іспыт, прайсці курсы ў той жа Украіне, у тым жа Кіеве прапануецца на кожным куце, практычна вось гэтымі агенцтвамі, якія дапамагаюць і прывядуць прама да консула, каб здаць іспыт. Кошты вагаюцца — 2500 грыўняў (каля 230 рублёў, — заўв. НН) за восем гадзін навучання».

На курсы польскай мовы высокі попыт і ў Беларусі. Праўда, за восем гадзін наўрад ці атрымаецца падтрыхтавацца да іспыту, звычайна на гэта сыходзіць некалькі месяцаў. Але паслуга падрыхтоўкі менавіта да атрымання карткі паляка існуе з моманту, калі Польша пачала іх выдаваць — з 2008 года.

Больш за тое, існуе паслуга «пад ключ» — падрыхтаваць усе неабходныя пацвярджаючыя дакументы, каб прадаставіць іх у консульства (каштуе каля 1,5 тысячы еўра).

Прагматычны складнік у атрыманні карты паляка сапраўды існуе: узровень жыцця ў Польшчы вышэйшы, атрымаць візу на агульных умовах складаней.

У 2008 годзе польскія ўлады тлумачылі ініцыятыву маральным абавязкам і клопатам пра нашчадкаў этнічных палякаў, якія воляй гісторыі апынуліся за межамі сучаснай Польшчы. Першапачаткова карта паляка сама па сабе не давала яе ўладальніку ні права на сталае жыхарства ў Польшчы, ні права на набыццё польскага грамадзянства.

Аднак у 2014 годзе былі прынятыя змены ў закон «Аб замежніках», якія значна пашырылі магчымасці для ўладальнікаў дакументаў, у першую чаргу, з працаўладкаваннем.

Пры гэтым наяўнасць карты паляка не значыць, што чалавек аўтаматычна атрымлівае грамадзянства. Сацыяльна-палітычны крызіс у Беларусі пасля выбараў-2020 павялічыў міграцыйны адток грамадзян, відавочна, вырас попыт і на візы, і на карты паляка. Але справакавалі гэта падзеі ў Беларусі, а не ў Польшчы.

Чыноўнікам і дэпутатам даўно нельга мець карту паляка, на сваякоў забарона не распаўсюджваецца

Беларускія ўлады не першы год змагаюцца з картай паляка. У 2012 годзе былі ўнесеныя змены ў закон «Аб дзяржаўнай службе», чыноўнікам забаранілі карыстацца картамі паляка і аналагічнымі дакументамі, якія прадастаўляюць іншыя дзяржавы.

Гэтаму папярэднічала рашэнне Канстытуцыйнага суда, у якім адзначаецца, што нормы польскага закона не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам суверэннай роўнасці дзяржаў і неўмяшання ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю іншай дзяржавы.

Каб атрымаць карту паляка, заяўнік павінен указаць, што яго родная мова польская і ў прысутнасці консула пацвердзіць прыналежнасць да польскай нацыі. Адзначым, што на сваякоў чыноўнікаў забарона не распаўсюджваецца — члены сям’і па-ранейшаму могуць і атрымліваюць і карты паляка, і амерыканскія грын-карты.

Як толькі папраўкі набылі моц, дзяржслужачых азнаёмілі з новымі палажэннямі. Далей з імі заключылі дадатковыя пагадненні, дзе ўказвалася, што льготы ад замежных дзяржаў з’яўляюцца перашкодай для дзяржслужбы. Тыя, хто меў карту паляка, былі абавязаныя добраахвотна здаць яе ў кадравую службу.

Калі выявіцца, што хто-небудзь з чыноўнікаў схаваў гэтую інфармацыю, яго могуць вызваліць ад пасады. Публічна не агалошвалася інфармацыя, колькі чыноўнікаў мелі карты паляка і пасля здалі іх. Таксама карту забаронена мець дэпутатам — і парламента, і мясцовых саветаў.

Андрэй Швед, фота прэс-службы Генпракуратуры

Сёлета генпракурор Андрэй Швед далучыўся да крытыкі карты паляка:

«Гэта ўсяго толькі элемент падрыўной працы, антыдзяржаўнай, форма гэтай працы, якая праводзілася і, на жаль, праводзіцца да гэтага часу».

Унутраны польскі дакумент. Як беларускія ўлады могуць яго забараніць?

У 2020 годзе Польшча заявіла, што за дзесяць год больш за 130 тысяч грамадзян Беларусі атрымалі карты паляка, больш дакументаў выдалі толькі ва Украіне, там улады лаяльна ставяцца да палітыкі суседняй краіны.

Падобную пазіцыю займае і Літва, дзе таксама жыве багата этнічных палякаў, літоўскія ўлады да карты ставяцца так: гэта ўнутраны польскі дакумент, які не мае юрыдычнай сілы на тэрыторыі Літвы.

Дэпутат Хлабукін паабяцаў, што пытанне аб забароне карты паляка ў Беларусі разгледзяць пры абмеркаванні зменаў у закон аб грамадзянстве. Асноўнае пытанне, як улады мяркуюць адсочваць, хто мае дакумент, і як збіраюцца яго ануляваць ці забараняць Польшчы выдаваць.

Запіс аб атрыманні карты паляка не робіцца ў пашпарце, пры перасячэнні беларускай мяжы грамадзянін не павінен яе паказваць. Па законе аб абароне персанальных даных, звесткі пра жадаючых атрымаць карту не перадаюцца польскім бокам беларускім уладам.

Аднак вядомыя выпадкі, калі беларусаў, якія атрымлівалі візы ў еўрапейскіх консульскіх установах, выклікалі ў КДБ.

Гэта кажа пра тое, што ў спецслужбаў ёсць магчымасці адсочваць такія звароты.

Адзначым таксама, што Расія не першы год заяўляе, што хоча стварыць свой аналаг — картку рускага, якую збіраюцца выдаваць былым суайчыннікам па СССР. Такая картка будзе даваць шэраг прывілеяў — ад бясплатнага навучання ў ВНУ да льгот на праезд у грамадскім транспарце.

Расійскія палітыкі лічаць, гэта будзе спрыяць аб’яднанню рускіх, якія апынуліся за мяжой пасля распаду СССР, — ідэя, сугучная з палітыкай Польшчы. Беларускія палітыкі ідэю калег з Расіі не крытыкуюць.

Пры гэтым у Беларусі пражывае амаль 707 тысяч грамадзян, якія лічаць сябе рускімі, палякаў, для параўнання, — амаль 288 тысяч.

Меркаванне рэдакцыі можа не супадаць з меркаваннем аўтара.

Чытайце таксама: Генпрокурор о «карте поляка»: Все это элементы гибридной войны

«Напугать тех, кто хочет «карту поляка»: что значат слова генпрокурора Шведа?

Присоединяйтесь к нам в Viber,  Instagram,  ВКонтакте  или Telegram, подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
7 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
zolak

Идей по созданию людям всяких пакостей у чиновников хоть отбавляй. Не могут они без этого. Вот польскую школу для детей закрыли у нас, тоже из этой серии. Теперь довольные потирают руки и радуются что сотням детей запретили изучать польский язык.