Новости / Происшествия

«Паўліна пытае, дзе тата». Баранавiцкi блогер Ігар Лосік за кратамі 500 дзён

7.11.2021, 13:51  / remove_red_eye 450   / chat_bubble0

7 лістапада спаўняецца роўна 500 дзён зняволення прызнанага мiжнароднымi праваабаронцамi палiтвязьнем, кансультанта «Радыё Свабода» Ігара Лосіка. Журналіста затрымалі дома ў Баранавічах летась 25 чэрвеня. Суд па яго справе дагэтуль не скончаны. Свабода расказвае, што за гэты час здарылася з ім за кратамі.

«Паўліна пытае, дзе тата». Баранавiцкi блогер Ігар Лосік за кратамі 500 дзён

Игорь Лосик. Фото: Instagram.com/radiosvaboda

Тры турмы і ІЧУ

Ігара Лосіка затрымалі раніцай 25 чэрвеня 2020 года ў яго дома ў Баранавічах. Першыя тры дні трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, затым ён змяніў тры турмы. У СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску выставілі першыя абвінавачанні. Там ён прабыў няпоўныя два месяцы.

Неўзабаве пасля выбараў Ігара Лосіка перавезлі ў следчую турму № 8 Жодзіна, дзе ён прабыў 10 месяцаў. Незадоўга перад пачаткам судовага працэсу, у сярэдзіне чэрвеня 2021 года, разам з іншымі фігурантамі перавезлі ў СІЗА-3 Гомеля. Там яго трымаюць дагэтуль.

Колькі камер змяніў за гэты час, не можа сказаць нават жонка Дар’я Лосік. Па яе словах, мужа пастаянна перакідвалі з адной у іншую, спрабуючы такім чынам дамагчыся ад Iгара «добрых паводзінаў».

«Яго то ў добрую камеру змяшчалі, то вышморгвалі адтуль і пераводзілі ў камеру карцарнага тыпу, — расказвае Дар’я. — Спрабавалі такім чынам паказаць, што калі будзе сябе добра паводзіць, то і сядзець будзе добра. Такое вельмі часта адбывалася, немагчыма нават прасачыць колькасць камер. На Валадарскага мне ўвогуле не казалі, дзе ён. У Жодзіне магчыма было прасачыць. У Гомлі я таксама не ведаю, куды Ігара пераводзяць і калі».

Тры артыкулы абвінавачання

Першыя абвінавачанні Ігару Лосіку прад’явілі неўзабаве пасля затрымання. Гэта артыкул 342 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх».

15 снежня 2020 года, праз пяць месяцаў пасля затрымання, Ігару прад’явілі дадатковыя абвінавачанні па артыкуле 293 КК РБ — «Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». Абвінавачанні па трэцім артыкуле КК Iгару былі выстаўленыя 11 сакавіка 2021 года ў прысутнасці адваката на тэрыторыі следчай турмы Жодзіна.

У чым яшчэ абвінавацілі Ігара Лосіка, невядома дагэтуль. Яго адвакат даў падпіску аб невыдаванні і не можа раскрыць падрабязнасцей нават блізкім сваякам.

Першыя два артыкулы абвінавачання, выстаўленага Ігару Лосіку, прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 4 і да 8 гадоў адпаведна.

Дзве галадоўкі і спроба парэзаць вены

За 500 дзён за кратамі Ігар Лосік двойчы абвяшчаў галадоўкі. Першы раз у сярэдзіне снежня 2020 года, калі яму прад’явілі абвінавачанні па новым артыкуле. Разам з Ігарам галадоўку на працягу шасці дзён трымала яго жонка Дар’я. У выніку Ігар адмаўляўся прымаць ежу на працягу 42 дзён. Падчас галадоўкі яго разам з сукамернікамі перавялі ў іншую камеру, абсталяваную відэаназіраннем.

Пасля 30 дзён галадоўкі стан здароўя Ігара значна пагоршыўся, у яго пачаліся праблемы з ціскам. На 42 дзень ён спыніў галадоўку, патлумачыўшы сваё рашэнне просьбамі соцень беларусаў, якія дасылалі яму лісты за краты.

«Я вырашыў спыніць галадоўку, — перадаў ён. — Чаму? Сапраўды па ўласным жаданні. Я не прымаў ежу больш за 40 дзён і адчуваю ў сабе сілы і магчымасці пратрымацца яшчэ. Але мяне ўзрушыла неверагодная хваля салідарнасці. А таксама просьбы сотняў і тысячаў беларусаў спыніцца, дачакацца нашай агульнай перамогі здаровым. А яшчэ я ведаю, што многія таксама пачалі галадоўку, пакуль галадаю я. Я не магу ўзяць на сябе такі вялікі груз адказнасці, не хачу, каб за мой свядомы выбар пакутавалі іншыя. Чытаючы вашы просьбы ў лістах, я зразумеў, што проста не магу прымушаць хвалявацца сваю сям’ю і ўсіх вас».

Другі раз галадоўку Ігар Лосік абвясціў 11 сакавіка 2021 года, калі даведаўся пра новы артыкул абвінавачання. У той жа момант на вачах у следчага ён таксама пашкодзіў сабе руку на запясці ў раёне венаў. За адмову ад ежы Ігара змясцілі ў карцар. Ежу ён не прымаў чатыры дні.

Адна сустрэча з жонкай Дар’яй

За 500 дзён зняволення Ігар Лосік пабачыў жонку Дар’ю толькі аднойчы. Гэта адбылося за месяц да пачатку суда па ягонай справе — 27 траўня 2021 года.

«Ігар без маскі быў, мы размаўлялі праз тэлефонную трубку, паміж намі было шкло, — расказвала пра тую сустрэчу Дар’я Лосік. — Эмацыйны стан у Ігара нестабільны крыху. Ён вельмі ўсцешыўся, што нам далі спатканне. Не чакаў, што яго дазволяць. Вельмі шмат распытваў пра дачку. Плакаў, калі я расказвала пра яе. Пра тое, як яна расце, чаму навучылася ўжо за той час, як яго не было дома. Усе навіны пра дачку выклікалі ў Ігара слёзы».

Сустрэчы з сынам прасілі і бацькі Ігара Лосіка, аднак суд вырашыў, што гэта «немэтазгодна». Спатканне з жонкай Дар’яй 27 траўня 2021 года — пакуль адзінае, на якім Ігар змог пабачыць блізкага чалавека.

За 500 дзён, што Ігар за кратамі, Дар’я атрымала ад яго каля 300 лістоў. Па яе словах, колькасць допісаў, якія не прапусціла цэнзура, ацаніць немагчыма. Перыяды актыўнага ліставання за гэтыя 500 дзён змяняліся перыядамі поўнага маўчання.

«Як толькі Ігара перавялі ў гомельскае СІЗА, было проста цудоўна з лістамі, — кажа Дар’я Лосік. — Лісты адтуль да Баранавічаў даходзілі літаральна за тры дні. Але цяпер СІЗА-3 Гомля блакуе перапіску ўжо, напэўна, другі месяц. Лістоў адтуль няма ні для мяне, ні для бацькоў Ігара. Калі Ігар быў у Жодзіне, то ў гэтым плане было крыху лепш».

500 дзён дачка не бачыла бацьку

У момант арышту бацькі Паўліне Лосік было паўтара года. Па словах Дар’і Лосік, тады яна яшчэ не магла свабодна размаўляць.

«Цяпер гэта ўжо паўнавартасны чалавек, які можа весці з табой размову, — кажа Дар’я. — Які ўжо сам усё робіць, які есць сам. Паўліна ўжо гуляе сама, яе не трэба неяк забаўляць. Яна сама сабе гаспадыня. Яна стала вельмі самастойнай. І гэты час, што Ігар за кратамі, — вельмі крыўдна за яго. Бо ён прапусціў моманты сталення дачкі. Гэта этап, калі дзіця вельмі моцна мяняецца».

У сям’і Ігара вырашылі пакуль не расказваць Паўліне, што з бацькам. Яна думае, што ён у камандзіроўцы.

«Паўліна пытае, дзе тата і калі яна зможа пайсці з ім гуляць у парк, — расказвае Дар’я Лосік. — Калі ён павядзе яе ў краму, каб набыць ёй сюрпрыз. Хоць ёй было паўтара года, калі забралі Ігара, але яна памятае яго кубак, яго вопратку. Гэта ўсё вельмі сумна, папраўдзе».

Рэзалюцыя Кангрэсу ЗША і званок Джулі Фішэр

21 красавіка 2021 года Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла рэзалюцыю аб сітуацыі ў Беларусі, у якой выказалася ў падтрымку народу Беларусі і ягоных дэмакратычных памкненняў, а таксама асудзіла фальсіфікацыі выбараў і наступныя жорсткія рэпрэсіі супраць мірных пратэстоўцаў.

У дакуменце згадваўся і Ігар Лосік. «Незалежныя журналісты і свабодныя СМІ сутыкнуліся з запалохваннем, гвалтам, масавымі арыштамі і пераследам. Многіх замежных журналістаў пазбавілі акрэдытацыі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Раніцай 20 кастрычніка Дар’і Лосік затэлефанавала прызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.

«З Джулі Фішэр мы размаўлялі каля 20 хвілін, — кажа Дар’я. — Я расказала, што адбываецца з Ігарам. Яна паведаміла мне, што пра Ігара ў Вашынгтоне гавораць практычна кожны дзень. І ніхто ні ў якім выпадку яго не забыў. Любымі спосабамі будуць яму дапамагаць, самае галоўнае — дапамагчы вярнуцца Ігару дадому. Джулі таксама сказала, што мы можам быць на сувязі ў любы момант. Калі раптам нешта здарыцца, альбо я буду ведаць пра тое, што з Ігарам нешта адбывалася, заўсёды магу адразу пра гэта ёй паведаміць».

Чатыры месяцы тайнага суду

Суд па справе Ігара Лосіка пачаўся 24 чэрвеня 2021 года — амаль роўна праз год пасля затрымання. Працэс ідзе ў памяшканні СІЗА-3 Гомля. На яго змаглі трапіць толькі адвакаты абвінавачаных і журналісты дзяржаўных СМІ, у тым ліку супрацоўніца СБ Людміла Гладкая, якая апублікавала адтуль відэа. Родныя абвінавачаных на працэс трапіць не змаглі.

Акрамя Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага і Міколы Статкевіча, пад судом яшчэ Уладзімір Цыгановіч, Дзмітры Папоў і Арцём Сакаў.

Паседжанні ідуць амаль бесперапынна з аўторка па пятніцу. Дар’я Лосік кожны дзень працэсу праводзіць пад сценамі СІЗА-3 Гомля. Адвакатам забаронена расказваць пра тое, што адбываецца ў залі пасяджэнняў.

Вядома, што там няма Міколы Статкевіча, якога суддзя выдаліў з залі на трэці дзень працэсу, да моманту пачатку спрэчак бакоў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, суд па справе Ігара Лосіка і астатніх можа скончыцца ў першай палове лістапада.

 

Читайте также: Кричали «мордой в пол, работает ОМОН». Четырех жителей Барановичей задержали по подозрению в разбойном нападении

Присоединяйтесь к нам в ViberInstagramВКонтакте или Telegram, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или иметь возможность обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии