Новости / Коронавирус

«Такой колькасці рэанімацыйных ложкаў у нас не было ніколі». Як Віцебск патанае ў кавідзе

21.10.2021, 14:45  / remove_red_eye 1594   / chat_bubble0

Віцебск, які быў эпіцэнтрам у першую хвалю, зноў стаў гарачай кропкай. «Наша Ніва» пагаварыла з гарадскімі медыкамі — пра загружанасць бальніц, узрост пацыентаў у рэанімацыі і атрады студэнтаў.

«Такой колькасці рэанімацыйных ложкаў у нас не было ніколі». Як Віцебск патанае ў кавідзе

Фота: Наша Нiва

«Сярэдні ўзрост пацыентаў у рэанімацыі — каля 40 год. Раней ён быў каля 50»

Дактары адзначаюць, што наплыў пацыентаў большы, чым у папярэднюю хвалю. Так, віцебская бальніца хуткай дапамогі першы корпус пад кавід перапрафілявала ў пачатку верасня. А ўжо да канца месяца пад пацыентаў з каранавірусам аддалі ўсю бальніцу, хоць планавалася, што гэта адбудзецца на паўтара тыдня пазней, паведамляе Наша Нiва.

«Сітуацыя па горадзе цалкам цяжэй у тым плане, што цяпер наогул не засталося ніводнага стацыянара, у якім бы не лячылі каранавірусных пацыентаў. Раней у нас заўсёды заставаўся чыстым кардыялагічны дыспансэр. А літаральна тыдзень таму нават яго часткова перапрафілявалі», — кажа рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

У бальніцы хуткай дапамогі каля 500 ложкаў. За апошні час іх стала больш, бо даставілі дадатковыя — у некаторых палатах, напрыклад, замест трох па чатыры. Дадактовыя месцы разгарнулі на паверсе ў радзільні, дзе мусіла быць кафедра і праводзіцца заняткі.

«У папярэднія хвалі ў нас было каля 30 рэанімацыйных ложкаў. Цяпер 46. Такой колькасці не было ніколі. Гэта вельмі шмат, і, сыходзячы з гэтага, можна меркаваць пра цяжкасць захворвання. Прычым ложкі запоўнены практычна заўсёды. Кожную раніцу мы даем справаздачу па іх — у нас максімум вольнае адно месца. Запоўнены яны звычайна людзьмі, якія маюць патрэбу ў кіслароднай падтрымцы і ў якіх пагражальны стан.

Маладых стала больш. Сярод тых, хто памірае, працэнтаў 70 — людзі, старэйшыя за 70. Але бываюць і 30-гадовыя — гэта даволі цяжка для нас маральна і фізічна. Калі паглядзець па рэанімацыі, дзве траціны займаюць людзі да 65 год. Сярэдні ўзрост тых, хто ляжыць там, — каля 40. Раней гэты ўзрост быў каля 50 год», — звяртае ўвагу доктар на тэндэнцыю.

Звычайна пацыентаў трымаюць у бальніцы каля 10 дзён (так прадпісвае пратакол). Калі стан непагражальны, выпісваюць. Часам гэтых дзён не хапае на лячэнне, але з улікам вялікага наплыву пацыентаў даводзіцца выпісваць людзей, каб набіраць новых.

«Такі вялікі наплыў, хутчэй за ўсё, звязаны з новым штамам, які прыйшоў у Беларусь ці выпрацаваўся ўласна ў нас. У прынцыпе прагназавалі, што ўвосень пачнецца пік інфекцыі. Але што ён будзе настолькі цяжкі, ніхто дапусціць не мог.

Калі меркаваць па адміністрацыйных рашэннях, якія прымаліся, мы не былі цалкам гатовыя. Нічога радыкальна новага не прымалася, каб засцерагчы насельніцтва ад інфекцыі.

Дый людзі, якое пражылі ўжо паўтара года ў каранавірусным этапе, проста стаміліся ад усяго гэтага. Бачна, што ўсвядомленасць, якая была ў першую хвалю, знізілася. Тады людзі баяліся заразіцца больш і больш актывізаваліся на барацьбу з каранавірусам — і насілі маскі, і вытрымлівалі дыстанцыю. Цяпер многія сталі ставіцца наўдалую. І гэта таксама мае свае негатыўныя наступствы».

каранавірус, кароновирус

Фото: Наша Ніва

«Частка студэнтаў-медыкаў раз’ехалася працаваць па сваіх гарадах»

У абласной бальніцы чыстым застаецца толькі галоўны корпус.

«Асобныя аддзяленні забіты кавіднымі пацыентамі. Рэанімацыя запоўнена. Адкрылі яшчэ адно аддзяленне рэанімацыі, на восем ложкаў, і павялічылі рэанімацыю ва ўралагічным корпусе да 12 чалавек. Дактары стараюцца, але месцаў усё адно мала», — кажа медык, які працуе ў гэтай установе.

У дапамогу дактарам прыцягваюць шмат студэнтаў — і ў паліклініку, і ў абласную бальніцу, і на абзвон людзей. Частка моладзі раз’ехалася па сваіх гарадах. Тых, хто дапамагае з пацыентамі, перавялі на дыстанцыйнае навучанне.

«Я пачаў працаваць у папярэднюю хвалю, але гэта больш маштабная, калі не хапае ложка-месцаў, якія былі раней. Ход хваробы падобны — тэмпература, недахоп паветра, кіслародазалежнасць. Класічная карціна пнеўманіі», — кажа суразмоўца.

Сам ён перахварэў на карону ў лістападзе.

«З мер прафілактыкі — мыю рукі, нашу маску і перыядычна мяняю яе, вітаміны прымаю. Антысэптык па-за працай не выкарыстоўваю».

Афіцыйна: кавідных пнеўманій больш, чым у папярэднія хвалі

У Віцебскай вобласці пад пацыентаў з кавід перапрафілявана 4100 ложкаў (гэта 35% ад усіх месцаў у стацыянарах рэгіёна), з іх у Віцебску — 2178.

Каранавірусных хворых у горадзе прымае абласная бальніца, абласная інфекцыёнка, гарадская бальніца хуткай дапамогі, абласны скурвендыспансэр, абласная радзільня, цэнтр пульманалогіі і фтызіятрыі, цэнтр медрэабілітацыі, дзіцячы клінічны цэнтр, клінічны онкадыспансэр, 1-я гарадская бальніца, абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр.

Калі ў мінулыя хвалі на піку з кавіднымі пнеўманіямі ляжала 3,5 тысячы пацыентаў, то цяпер такіх — 3,8 тысячы чалавек. Такія лічбы нядаўна агучыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. У бальніцах задзейнічана 84% кіслародных кропак ад усёй колькасці.

Па статыстыцы, вакцынаваных сярод тых, хто ляжыць у стацыянарах, 2-3%.

Больш за 200 студэнтаў Віцебскага медуніверсітэта ўладкаваны ў паліклінікі і бальніцы.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии