Новости / Экономика

Беларусы вынеслі з банкаў рэкордную колькасць грошай. Эксперт: «Гэта крытычна для банкаўскай сістэмы»

15.09.2021, 21:35  / remove_red_eye 327   / chat_bubble1

Толькі з пачатку года беларусы знялі з рахункаў $750 мільёнаў дэпазітаў, а за паўтара года гэтая сума складае амаль два мільярды даляраў. Эксперты называюць адток дэпазітаў адной з галоўных праблем банкаўскага сектара. І калі тэндэнцыя працягнецца, то банкаўскую сістэму чакае сур’ёзны крызіс. Тлумачым чаму.

Беларусы вынеслі з банкаў рэкордную колькасць грошай. Эксперт: «Гэта крытычна для банкаўскай сістэмы»

Фота: Наша Нiва

«Тэндэнцыя зняцця вялікіх аб’ёмаў дэпазітаў пачалася яшчэ з прыходам кавіду: люты — пачатак сакавіка мінулага года, — адзначае старшы навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC (Кіеў) Дзмітрый Крук. — І яны значна ўзмацніліся ў жніўні — верасні мінулага года на фоне ўсіх палітычных падзей. У прынцыпе, гэта задало ўстойлівы трэнд, пiша Наша Нiва.

Усё разам я б патлумачыў нарастаннем непакою за бяспеку сваіх сродкаў і несупастаўнасцю ставак па дэпазітах з рызыкай, якую ацэньваюць людзі. Гэта той самы ключавы трыгер, які прымушаў і прымушае людзей забіраць свае зберажэнні.

Цяпер новы ўсплёск, вядома, меншы, і ён напрамую звязаны з санкцыямі. Асабліва тое, што пад санкцыі патрапілі ў тым ліку і дзяржбанкі. Гэта ўсё ўпісваецца ў трэнд, які я назваў. Ідзе нарастанне недаверу да банкаўскай сістэмы і непакой за свае зберажэнні.

Па словах эканаміста, рэгулятар паспрабаваў запаволіць гэты трэнд і ўзняў працэнтныя стаўкі па валютных дэпазітах.

«Але, як мы бачым, Нацбанк спазніўся з гэтай мерай. У людзей экзістэнцыяльная (я б яе так назваў) трывога за свае зберажэнні, то невялікае павышэнне працэнтных ставак наўрад ці прымусіць іх перадумаць», — лічыць ён.

Па словах Дзмітрыя Крука, тое, што беларусы выносяць дэпазіты з банкаў — гэта галоўная праблема для банкаўскай сістэмы і ўсяго фінансавага рынку Беларусі апошнія 1,5 года.

«Усе перабоі з ліквіднасцю, вымушаная неабходнасць банкаў «сушыць» свае крэдытныя партфелі — гэта ў першую чаргу звязана з адтокам дэпазітаў. А для дзяржбанкаў — гэта выражаецца ў перабоях з валютнай ліквіднасцю, у неабходнасці шукаць больш актыўныя валютныя пасівы і абмяжоўваць свае валютныя аперацыі.

Агулам гэта тэндэнцыя істотна падрывае фінансавую стабільнасць. Гэта галоўная пагроза, што метадычна і ўстойліва падточвае фінансавую стабільнасць 1,5 года».

«Той аб’ём, які ўжо знялі, можа зрабіць крытычным ледзь не любы даляр»

Ці ёсць нейкая крытычная сума, пасля зняцця якой наступіць крызіс? Дзмітрый Крук кажа, што цяпер ніхто з экспертаў не можа казаць пра гэта.

«Глядзіце, што адбываецца: банкі наколькі могуць спрабуюць скарачаць валютна-крэдытны партфель. То-бок гэта асноўны механізм адаптацыі, — тлумачыць ён. — Банкі часткова замясцілі грошы, што забралі кліенты, сродкамі юрасобаў. І тут, можна сказаць, пашчасціла, бо ідзе экспартны бум. І астаткі сродкаў на рахунках юрасобаў павялічваюцца.

Галоўная балансная штука — банкі рэжуць аб’ёмы валютнага крэдытавання».

«І вось пытанне: калі адток дэпазітаў будзе працягвацца, ці змогуць банкі і далей скарачаць валютнае крэдытаванне? Ці не прывядзе гэта да праблемаў з плацежаздольнасцю прадпрыемстваў і фірм?»

Назваць дакладную крытычную суму тут я не вазьмуся, яе ў прынцыпе няма. Гэта залежыць не толькі ад самога адтоку, але і ад таго, колькі сродкаў будзе ў юрасобаў і ўсё ж як будуць паводзіць сябе банкі.

Але, безумоўна, калі такая тэндэнцыя будзе працягвацца паўгады-год, то, натуральна, будзе пагаршацца валютная ліквіднасць банкаў. А далей праблема можа перакідвацца і на астатнія сферы эканомікі.

Які даляр стане крытычным, сказаць немагчыма. Але той аб’ём, які ўжо знялі, можа зрабіць крытычным ледзь не любы даляр.

Пакуль сродкаў юрасобаў і скарачэння валютнага крэдытавання дастаткова. Але гэта не азначае, што ў будучыні будзе так.

«Санкцыі запускаюць шмат дробных механізмаў, якія складваюцца ў адно»

Што тычыцца санкцый ЕС, то, па словах Дзмітрыя Крука, іх эфект банкаўская сістэма адчуе не адразу (таму, уласна кажучы, Нацбанк пакуль і заявіў, што банкаўскі сектар адчувае сябе ўстойліва). Бо нягледзячы на тое, што ў спісе тры сістэмаўтваральныя банкі, дзейныя кантракты санкцыі не адмяняюць. Яны пачнуць працаваць ужо пасля сканчэння іх тэрміну.

«Нейкага шокавага ўздзеяння на фоне адтоку сродкаў з банкаўскай сістэмы гэтыя санкцыі не аказалі, — працягвае Дзмітрый Крук. — Ну, і важна адзначыць, што сродкаў рэзідэнтаў ЕС у нашых дзяржбанках не шмат. У сярэднім да 3% агульнага аб’ёму пасіваў. Таму санкцыі ЕС у той фармулёўцы, што ёсць, прамога моцнага ўдару не аказваюць.

Другое пытанне нашмат больш важнае. Санкцыі запускаюць шмат спадарожных механізмаў. Напрыклад, той факт, што замежныя банкі закрываюць карэспандэнцкія рахункі, блакуюць магчымасці разлікаў для кліентаў гэтых банкаў.

Банкі спрабуюць прапаноўваць запасныя варыянты, але гэтыя разлікі становяцца больш дарагімі і, што больш важна для плацельшчыкаў, больш павольнымі. Колькі цяпер будзе ісці плацеж, ніхто сказаць не можа. Але яўна не 2-5 дзён, як звычайна, а пару тыдняў.

Для бізнэсу такая непрадказальнасць — вялікія праблемы. Патэнцыяльныя наступствы — адток кліентаў з гэтых банкаў.

Таксама па ўсіх дадатковых небанкаўскіх аперацыях, такіх як, напрыклад, пастаўка абсталявання і гэтак далей. Партнёры пачынаюць глядзець з засцярогай на падсанкцыйныя банкі, пагаршаюць умовы кантрактаў альбо ўвогуле адмаўляюцца мець з імі справу.

Ну і ізноў-такі. Хоць 3% ад пасіваў — і невялікі аб’ём, іх усё роўна трэба нечым замясціць. У такім разе банкі спрабуюць падвышаць стаўкі па дэпазітах, каб дадаткова прыцягнуць грошы (але як я напачатку казаў, у іх не вельмі гэта атрымліваецца). Гэта дадатковыя выдаткі.

То-бок гэтыя санкцыі запускаюць шмат дробных механізмаў, якія складваюцца ў адно і будуць пагаршаць фінансавыя паказальнікі і ствараць канкрэтныя фінансавыя праблемы з валютнай ліквіднасцю.

Але іншае пытанне, што гэта адбываецца павольна. Тут можна прымяніць прыказку «Вада і камень точыць». Усе абазначаныя фактары наслойваюцца адзін на аднаго і ствараюць вельмі топкую глебу для падсанкцыйных банкаў. А паколькі гэтыя тры банкі — аснова ўсёй банкаўскай сістэмы Беларусі, то і для ўсёй фінансавай сістэмы».

Читайте также: С 1 сентября пересмотрят цены на некоторые сигареты

Украинское пиво больше не будут продавать в Беларуси? Что известно

Запрещен вывоз большинства зерновых культур из Беларуси

Почему в Беларуси заметно выросли цены

Присоединяйтесь к нам в ViberInstagramВКонтакте или Telegram, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или иметь возможность обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
1 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
wik

я и не вносил туда … ничего — лет так =15 🙂