Новости / Спадчына

Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года. Чаму яна вельмі важная для беларусаў

8.09.2021, 9:41  / remove_red_eye 348   / chat_bubble0

У гэты дзень, больш за пяць стагоддзяў таму, нашыя продкі адстаялі сваю незалежнасць і разбілі войскі маскоўскага княства пад Оршай.

Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года. Чаму яна вельмі важная для беларусаў

Эпізод карціны "Бітва пад Воршай". Ганса Крэля

Аб слаўнай перамозе ВКЛ тады даведалася ўся Еўропа – у Рыме ў гонар трыумфу пад Оршай адслужылі набажэнства, а ў Нюрнбергу выдалі ўлётку з апісаннем бітвы, якая на некаторы час спыніла маскоўскую агрэсію і дазволіла Вялікаму Княству Літоўскаму вярнуць страчаныя раней землі. Савецкія гісторыкі замоўчвалі гэтую дату, а частка беларусаў адзначае 8 верасня як Дзень беларускай воінскай славы.

Чаму мы ваявалі?

Яшчэ пяць стагоддзяў таму зарадзілася ідэя так званага «рускага свету», калі маскоўскі князь Іван ІІІ праз дынастычны шлюб парадніўся з візантыйскім імператарам і абвесціў сябе «князем всея Руси» і «самодержцем». На думку крамлёўскага гаспадара, яго маладой дзяржаве не хапала часткі тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага, дзе пераважна жыло праваслаўнае насельніцтва. «Нашы гарады і воласці, і землі, і воды кароль за сабою трымае…» – папракаў Іван ІІІ літоўскага князя і польскага караля Казіміра Ягайлавіча. Пасля смерці апошняга маскоўцы нават не адправілі пасла да новага Вяліка Князя, а адразу пачалі вайну. Тады крывавы канфлікт атрымалася вырашыць дыпламатычна, аднак ВКЛ страціла Вязьму.

Тым часам маскоўцы не спынялі сваю падрыхтоўку да буйнога канфлікту з ВКЛ і шукалі сабе хаўруснікаў у Заходняй Еўропе. Якраз праз перахопленую перапіску Масковіі і Тэўтонскага Ордэна нашым продкам стала вядома аб падрыхтоўцы нападу на ВКЛ. Выкрытаму маскоўскаму князю тады нічога не заставалася, як абвесціць вайну і ў 1514 годзе перайсці мяжу паміж дзяржавамі. Над Бацькаўшчынай навісла сур’ёзная небяспека.

Напярэдадні бітвы

Першым горадам на шляху 80 тысяч маскоўскіх акупантаў стаў Смаленск – тамтэйшы ваявода Юрый Салагуб здаў яго, не дачакаўшыся падмогі. Неўзабаве палі Крычаў і Дуброўна. Натхнёныя маскоўцы рушылі далей і былі так перакананы ў хуткай перамозе, што князь Васіль ІІІ загадваў сваім ваяводам «войскі літоўскія і польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць».

У адказ на ўварванне літоўскі князь Жыгімонт Стары сабраў толькі блізу трыццаці тысяч ваяроў – амаль у тры разы меней, чым было ў ворага. Аднак на чале аб’яднанага літоўска-польскага войска стаў легендарны гетман Кастусь Астрожскі, які рушыў насустрач акупантам. Пасля пары невялікіх сутычак з маскавітамі тыя сталі недалёка ад Оршы ў спадзяванні бітвы і лёгкай перамогі над колькасна меншым войскам Астрожскага. Крамлёўскія ваяводы нават не сталі атакаваць войска праціўніка падчас пераправы праз Дняпро – чакалі, пакуль войска збярэцца, каб знішчыць яго цалкам.

Эпізод карціны «Бітва пад Воршай» з Канстанцінам Астрожскім. Ганса Крэля

Бітва пад Оршай

Раніцай 8 верасня 1514 года на беразе Дняпра і невялічкай рэчкі Крапіўна пастроіліся войскі праціўнікаў. Генію Астрожскага супрацьстаялі маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца, якія з-за ўласных канфліктаў нават не жадалі дапамагаць адзін аднаму на полі сечы. Яны пастроілі свае войскі ў тры шэрагі, жадаючы атачыць войска праціўніка і прыціснуць яго да ракі. На такую тактыку маскоўцаў Кастусь Астрожскі адказаў хітрасцю, якая ў выніку каштавала захопнікам дзясяткаў тысяч жыццяў – ён схаваў усю сваю артылерыю ў лесе паблізу, за спінамі сваіх вершнікаў. У разгар бою нашая кавалерыя спыніла ціск і пачала адступаць, неўзабаве ўвогуле кінуўшыся на ўцёкі. У спадзяванні на хуткую перамогу асноўная частка маскоўцаў пачала пераслед, як раптам вялікалітоўская конніца расступілася і па ворагу ўсёй моцай ударыла нашая артылерыя. Страты ў шэрагах захопнікаў былі такімі велізарнымі, што яны кінуліся прэч з поля бітвы, паказаўшы нашым продкам свае спіны.

Падчас пагоні тысячы маскоўцаў былі знішчаны ці патрапілі ў палон. Хроніка Літоўская і Жамойцкая паведамляе, што з 80-тысячнага маскоўскага войска не выратаваўся амаль ніхто: “…была война великая, бо москвы было пятькрот болш, ниж поляков, руси и литвы. И помогл бог войску полскому и литовскому, иж всю москву наголову побили и настарших воевод их поимали… а дЂтей боярских живых приведено личбою 596; тых всЂх послано по замках литовских до вязеня, а иншии москалЂ вси побиты, и сам гетман их Иван АндрЂевичь Челядин зостал на пляцу забитый есть”.

Вядомы расійскі гісторык М. Карамзін у сваёй “Истории государства Российского” таксама паведамляе, што яго супляменнікам у той дзень не пашанцавала: “Литовцы никогда не одерживали такой знаменитой победы над Россиянами: гнали, резали, топили их в Днепре и в Кропивне; телами усеяли поля между Оршею и Дубровною…”.
Агульныя страты маскоўскага войска, паводле гісторыкаў, вагаюцца паміж 30–40 тысячамі чалавек, пры гэтым 8 з 11 варожых ваяводаў патрапілі ў палон да Астрожскага. З боку хаўруснікаў загінулі 4 паны, каля 500 рыцараў і пару тысяч простых жаўнераў. У сваіх лістах да еўрапейскіх каралёў Жыгімонт Стары пісаў, што “маскавіты не хрысціяне, а жорсткія варвары, якія адносяцца да Азіі і ў змове з туркамі і татарамі прагнуць знішчыць хрысціянскі свет”.

Партрэт Канстанціна Астрожскага. З Нясвіжскай партрэтнай галерэі, копія больш ранняга партрэта XVII ст. (?). Беларускі нацыянальны мастацкі музей.

Вынікі перамогі

Пасля трыумфу пад Оршай літоўскае войска пачало вяртанне страчаных раней земляў, аднак Смаленск вярнуць так і не атрымалася. Тым не менш агрэсія Масквы супраць ВКЛ была спынена на доўгія гады, а ў Еўропе пачаў складвацца негатыўны образ Маскоўскага Княства. Праз некалькі гадоў пасля бітвы невядомы мастак (лічыцца, што гэта быў Ганс Крэль) намаляваў батальную карціну, на якой адлюстраваў моманты з бітвы пад Оршай.

Кастусь Астрожскі – дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, адзін з самых славутых ваяроў свайго часу. Адзначыўся поспехамі ў змаганні з крымскімі татарскімі і маскоўцамі. Сучаснікі называлі Кастуся Астрожскага «другім Ганібалам», «Ромулам» і «Сцыпіёнам» – сцвярджалася, што ён святкаваў перамогу ў больш чым 60 бітвах. У 1500 годзе гетман Астрожскі патрапіў у палон да маскоўцаў і, прысягнуўшы Васілю ІІІ, уцёк назад у ВКЛ, а праз некалькі гадоў перамог маскоўскіх захопнікаў пад Оршай.

Акрамя баявых подзвігаў, Кастусь Астрожскі праславіўся як мецэнат – ён ахвяраваў грошы на будаўніцтва Траецкага і Жыдзічынскага манастыроў, шматлікіх цэркваў. Памёр слаўны ваяр у сталым узросце ў Тураве, пахаваны ва Успенскім саборы Кіева-Пячэрскай Лаўры.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии