Новости / Общество

«Працуюць на лесапілцы ці мыюць вагоны». Асуджаная студэнтка распавяла пра ўмовы на жаночай «хіміі»

7.09.2021, 17:02  / remove_red_eye 1301   / chat_bubble0

Халодныя пакоі, адзін душ на ўсіх і праца на лесапілцы або ў лакаматыўным дэпо. Студэнтка з Ліды Дар'я Чайко, якой далі 2,5 гады абмежавання волі за каментары ў чатах, расказвае пра ўмовы на жаночай «хіміі».

«Працуюць на лесапілцы ці мыюць вагоны». Асуджаная студэнтка распавяла пра ўмовы на жаночай «хіміі»

Фота: nashaniva.com

У Дар’і Чайко не было ні затрыманняў, ні штрафаў. Таму візіт міліцыі ў сакавіку стаў для яе нечаканасцю, пiша «Наша Нiва».

«Да мяне дадому прыйшлі аператыўнікі і спрабавалі забраць у аддзел, каб я дала тлумачэнні, дзе я знаходзілася 8 сакавіка 2021 года і ці не ведаю я нейкую Крысціну. Тады дома быў тата, сказаў, што я нікуды не пайду, і выправадзіў іх. Я яшчэ паказала даведку, што на кавід хварэю.

На наступны дзень мне трэба было ў паліклініку. На выхадзе з яе да мяне падышлі тры чалавекі без формы, сказалі, што з міліцыі (я дваіх пазнала — яны прыходзілі да мяне дадому). Адвезлі ў апорны пункт. Завялі ў кабінет і тады толькі сказалі, што ёсць пастанова пракурора на маё затрыманне.

У мяне праходзіў допыт на працягу пяці гадзін без адваката. Мне адкрыта казалі: ад таго, наколькі лаяльна пройдзе дыялог, залежыць, ці выйду я адсюль сёння альбо праз пару гадоў. Узялі мой тэлефон, глядзелі «Тэлеграм», лідскі чат».

«Дамовіліся, што я яму пад распіску кампенсую 500 рублёў маральнай шкоды і ён адзаве іск»

Прычынай затрымання сталі каментары на адрас лідскага следчага, якія дзяўчына пакінула ў верасні мінулага года. У чаце тады пісалі, што ён нібыта прымушаў людзей падпісваць пратаколы і пагражаў пасадзіць у «правільную» камеру. Дар’я ў каментарах выказала стаўленне да такіх дзеянняў.

«У канцы са мной запісалі відэа, надыктавалі тэкст, які я павінна сказаць. Дубляў 10 здымалі, пакуль іх не задаволіла. І далі афіцыйнае папярэджанне — я падпісала паперу, што праведзена гутарка і што, калі яшчэ недзе траплюся, будзе больш сур’ёзная адказнасць. Мяне адпусцілі, але забралі тэлефон на экспертызу».

Праз тыдзень Дар’і паведамілі, што на яе завялі крымінальную справу па артыкуле 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Пасля дадаўся і артыкул 342 («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») — за паведамленні ў гарадскім чаце. Дзяўчына пісала, што не трэба даваць людзям без апазнавальных знакаў сябе збіваць, а калі пратэстоўцы бачаць АМАП у форме, то лепш сысці.

«Следчы падаў на мяне іск на 2500 рублёў маральнай шкоды. Я за некалькі тыдняў да суда схадзіла да яго папрасіць прабачэння, патлумачыць, чаму так напісала. Ён мне сказаў, што ўсё цудоўна разумее, зла не трымае, прасіў зразумець яго. Маўляў, да яго прыйшлі, паказалі каментары і сказалі пісаць заяву.

Мы дамовіліся, што я яму пад распіску кампенсую 500 рублёў маральнай шкоды і ён адзаве іск. На судзе следчы прасіў для мяне мяккага пакарання, не звязанага з абмежаваннем волі».

«Гарачая вада ўключаецца раніцай на дзве гадзіны, удзень — на тры і ўвечары — на дзве»

Дар’я вучылася на бюджэце на першым курсе БДУ, на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі. Вясной праз хваробу лёгкіх яна сыходзіла ў акадэмічны адпачынак. Збіралася перапаступаць на першы курс, але «хімія» змяніла планы.

У папраўчую ўстанову Дар’я паехала тыдзень таму.

На ўсіх жанчын там два халадзільнікі, дзве пліты, адна душавая кабіна і два туалеты. У пакоях жыве ад 6 да 12 чалавек.

Камуналка за камендатуру летам складае 10–15 рублёў, узімку — 50–55.

«Гарачая вада ўключаецца раніцай на дзве гадзіны, удзень — на тры і ўвечары — на дзве. Бойлер награвае ваду, і пасля колькі чалавек паспелі пад ёй памыцца, столькі паспелі. Пліты таксама працуюць па гадзінах. Там адразу збіраецца чарга — за тыдзень я яшчэ ні разу нічога не прыгатавала на пліце».

«Заробкі ў асноўным 400–450 рублёў»

Дар’я пакуль на каранціне. Кажа, жанчын тут адпраўляюць на цяжкую фізічную працу.

«Напрыклад, на лесапілку, у калгас капаць, садзіць. Некаторыя прыбіральшчыцамі працуюць у лакаматыўным дэпо, мыюць вагоны, кабінеты. Адна дзяўчына — прыбіральшчыцай у віцебскім СІЗА. Побач знаходзіцца вытворчасць нітак на станках — там таксама працуюць.

Працоўныя дні ў каго па 8 гадзін, у каго па 10, ёсць начныя змены. Заробкі ў асноўным 400–450 рублёў. На лесапілцы большыя, там у асноўным занятыя абавязаныя асобы — у каго ці аліменты, ці даўгі.

Нас выводзяць пад наглядам у найбліжэйшую краму. Хто працуе у цэнтры, можа зайсці ў краму па дарозе, але спачатку трэба пазваніць спытаць дазволу. Можна замаўляць дастаўку прадуктаў».

Па назіраннях дзяўчыны, да пэўных асуджаных на хіміі асаблівага стаўлення няма. Апроч аднаго — адразу ставяць на ўлік як схільных да экстрэмізму.

«Гэта значыць, што ты спіш толькі на верхнім ложку, кожную гадзіну ў непрацоўны час прыходзіш адзначацца.

У 19 гадоў гэта не тое месца, куды хацелася б патрапіць», — уздыхае дзяўчына.

Чытайце таксама: Профессор психологии: «Что нужно по отношению к быдлу? Кнут, устрашение»

Вы не поверите: в Европе есть правитель, руководящий дольше Лукашенко. Как удалось?

Присоединяйтесь к нам в ViberInstagramВКонтакте или Telegram, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или иметь возможность обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии