Новости / Общество

«Вяртаньне да расейскай вайсковай прысутнасьці». Навошта Беларусі сумесны з Расеяй вучэбна-баявы цэнтар

31.08.2021, 10:33  / remove_red_eye 291   / chat_bubble1

Вайсковыя спэцыялісты з усходу ўжо пачалі прыяжджаць у Беларусь. Расейскія зьнішчальнікі прыбудуць у Баранавічы ў найбліжэйшыя дні.

«Вяртаньне да расейскай вайсковай прысутнасьці». Навошта Беларусі сумесны з Расеяй вучэбна-баявы цэнтар

Фото: russian.rt.com

Пра стварэньне на тэрыторыі Беларусі сумеснага з Расеяй вучэбна-баявога цэнтру падрыхтоўкі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны стала вядома на пачатку сакавіка 2021 году. Пра гэта паведаміла беларускае Міністэрства абароны ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале. Там жа ў канцы жніўня зьявілася інфармацыя аб прыбыцьці першых расейскіх вайсковых спэцыялістаў будучага цэнтру падрыхтоўкі. Расейскія зьнішчальнікі адной з найноўшых мадыфікацый мусяць зьявіцца ў Беларусі неўзабаве.

Сумесных вайсковых вучэбных цэнтраў будзе тры

Пагадненьне пра гэта кіраўнік Мінабароны Беларусі Віктар Хрэнін падпісаў разам са сваім расейскім калегам Сяргеем Шайгу на пачатку сакавіка 2021 году, журналістам пра яго расказалі 5 сакавіка. Яно стала часткай дамоўленасьці аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве, падпісанай на пяць гадоў. Паводле дакумэнту, адзін з новых беларуска-расейскіх вучэбна-баявых цэнтраў будзе створаны на тэрыторыі Беларусі ў Горадзенскай вобласьці, яшчэ два на тэрыторыі Расеі – у Ніжагародзкай і Калінінградзкай абласьцях. У той жа дзень 5 сакавіка Лукашэнка заявіў, што падтрымлівае ідэю разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскіх зьнішчальнікаў.

«Дайце нам гэтыя самалёты, – сказаў Лукашэнка на пачатку сакавіка. Але на гэтых самалётах, як тады, трэба, каб ляталі расейцы і беларусы разам. Базаў (вайсковых. – РС) дастаткова і бяз гэтага, навошта дарэмна грошы траціць. Лепш купіць і пабудаваць новыя самалёты для гэтага».

На тэрыторыі Беларусі вучэбна-баявы цэнтар створаць у Горадні

Пра зьяўленьне тут расейскіх вайскоўцаў 28 жніўня паведаміў тэлеграм-канал беларускага Міністэрства абароны.

«Для фармаваньня вучэбна-баявога цэнтру сумеснай падрыхтоўкі ВПС і войск СПА Беларусі і Расеі ў Горадню прыбылі падразьдзяленьні зэнітных ракетных войскаў Расейскай Фэдэрацыі, – гаварылася ў паведамленьні. – 3-га верасьня чакаецца прыбыцьцё авіяцыйнага складніку (самалётаў Су-30СМ ВКС Расеі) на аэрадром Баранавічаў».

Больш падрабязнай інфармацыі пра колькасьць расейскіх вайскоўцаў, а таксама віды ўзбраеньняў, якія яны прывезьлі з сабой, Мінабароны Беларусі пакуль не публікуе. Невядома таксама, колькі расейскіх зьнішчальнікаў СУ-30 перагоняць у Беларусь і на якіх умовах яны тут будуць знаходзіцца.

СУ-30 на сёньняшні дзень самы сучасны зьнішчальнік, якім валодае Мінабароны Беларусі. На тэрыторыі краіны пакуль разьмяшчаюцца 4 такія самалёты, якія новымі купілі ў Расеі. Заплянавана, што Беларусь будзе мець 12 такіх самалётаў.

«Вяртаньне да расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі»

«У тых умовах, калі ідэя аб сумесных вучэбна-баявых цэнтрах ўзьнікла, я б сказаў, што гэта больш палітыка, якая заключаецца ў пашырэньні расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі, — гаворыць вайсковы экспэрт Ягор Лебядок. — Аб’ектыўная неабходнасьць такога цэнтру ўзьнікае толькі ў выпадку, калі гарантавана Беларусь набудзе С-400 або «Панцыр-С» (сучасныя расейскія комплексы супрацьпаветранай абароны, якіх няма на ўзбраеньні Беларусі. – РС). У такім выпадку нашы курсанты і вайскова-тэхнічныя спэцыялісты могуць праходзіць навучаньне непасрэдна на баявой тэхніцы і ў працы з расейскімі спэцыялістамі. Але іх маглі б вучыць і ў расейскіх адмысловых цэнтрах».

Паводле экспэрта, неабходнасьці падрыхтоўкі беларускіх лётчыкаў на расейскіх зьнішчальніках СУ-30СМ, якія хутка прыбудуць у Баранавічы, няма. Амаль такія ж самалёты ёсьць і ў Беларусі.

«Нашы лётчыкі ўжо лятаюць на іх, — падкрэсьлівае Ягор Лебядок. — Пытаньне можа быць толькі ў перадачы досьведу іх прымяненьня, напрыклад у Сырыi. Але гэта можна зрабіць i на тэрыторыі РФ, шмат часу для гэтага ня трэба. Гэта проста вяртаньне да расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі, як у 2014 годзе, калі расейскія лётчыкі былі на нашых аэрадромах быццам для аховы паветранай прасторы СД падчас чэмпіянату сьвету ў хакеі».

«Незразумела, хто будзе аддаваць загады ў гэтым цэнтры – расейцы альбо беларусы»

Па словах экспэрта, у навучальным пляне для расейцаў сумесная праца зь беларусамі амаль бессэнсоўная. Спэцыялісты Мінабароны Беларусі наўрад ці змогуць нечаму навучыць усходніх суседзяў. У Расеі дастаткова сваіх навучальных цэнтраў для падрыхтоўкі вайсковых спэцыялістаў зэнітна-ракетных войскаў і лётчыкаў. Таксама невядомым застаецца, хто прафінансуе стварэньне вучэбна-баявых цэнтраў. Па словах экспэрта, хутчэй за ўсё, гэта будуць расейскія сродкі.

«Мяркую, забесьпячэньне расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі будзе за кошт расейскага боку, — гаворыць Ягор Лебядок. — Беларускі бок, як правіла, у падобных выпадках дае магчымасьць разьмяшчэньня вайскоўцаў і іх семʼяў, камунальнае абслугоўваньне часткі, энэргазабесьпячэньне і іншае. Грошай за падрыхтоўку нашых вайскоўцаў, думаю, расейцы браць ня будуць».
Важным таксама застаецца пытаньне, што можа азначаць слова «баявы» ў назьве навучальнага цэнтру, які зьбіраюцца стварыць у Горадні. Ягор Лебядок адзначае, што сыстэмы супрацьпаветранай абароны нароўні з навучальнымі могуць альбо будуць выконваць і баявыя функцыі.

«Ці будуць расейскія падразьдзяленьні, што прыбылі ў Беларусь, знаходзіцца ў рэжыме баявога дзяжурства ў рамках Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА Беларусі і Расіі, пакуль незразумела, — адзначае экспэрт. — Але магчыма, што так. Паколькі ў адкрытым доступе адсутнічаюць хоць нейкія пагадненьні аб гэтым цэнтры, то незразумела, хто ў выпадку баявога дзяжурства гэтых комплексаў будзе аддаваць загад на зьнішчэньне парушальніка паветранай прасторы Беларусі — расейскі бок або беларускі».

Якія іншыя расейскія вайсковыя аб’екты ўжо ёсьць у Беларусі

Пакуль у Беларусі дзейнічаюць два расейскія вайсковыя аб’екты. Гэта радыётэхнічны вузел ля Ганцавічаў і 43-і вузел сувязі ля Вілейкі. Ганцавіцкі аб’ект быў выведзены на баявое дзяжурства ў 2003 годзе, ён займаецца выяўленьнем балістычных ракет і касьмічных аб’ектаў. Вілейскі вузел сувязі дапамагае Мінабароны РФ забясьпечваць сувязь з караблямі і падводнымі лодкамі вайскова-марскога флёту, ён дзейнічае з сярэдзіны 60-х.

Дамовы на дзейнасьць абодвух расейскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі была падпісаная неўзабаве пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады ў 1995 годзе тэрмінам на 25 гадоў. Пра падаўжэньне тэрмінаў пагадненьняў і іх умовы афіцыйна не паведамлялася. Агульная колькасьць расейскіх вайскоўцаў, якія пастаянна знаходзяцца на абодвух аб’ектах, дасягае прыкладна 850 чалавек. Ва ўсіх афіцыйных дакумэнтах радыётэхналягічны вузел ля Ганцавічаў і 43-і вузел сувязі ля Вілейкі названыя не вайсковымі базамі, а менавіта аб’ектамі.

Радыё Свабода

Читайте также: Мнение: «Москва и Минск ведут торг о транзите белорусской власти»

Российские военные вертолеты прилетели в Беларусь

Что за люди в военной форме появились на улицах Барановичей

Присоединяйтесь к нам в ViberInstagramВКонтакте или Telegram, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или иметь возможность обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
1 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
zolak

Для российской правящей элиты такие проекты выгодны — можно неплохо баблишка под это дело попилить.