Новости / Протесты

«Несправядлівасць раніць больш за кулі». Год таму сілавік страляў у журналістку, крымінальнай справы няма дагэтуль

10.08.2021, 18:01  / remove_red_eye 657   / chat_bubble2

Наталлю Лубнеўскую, журналістку Нашай Нівы, паранілі гумавай куляй 10 жніўня 2020 года — адзін з байцоў, меркавана «Алмаза», спыніўся за 10 метраў ад групы журналістаў у сініх камізэльках «Прэса» і прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі. Рэпарцёрка правяла ў бальніцы 38 дзён.

«Несправядлівасць раніць больш за кулі». Год таму сілавік страляў у журналістку, крымінальнай справы няма дагэтуль

Наталля Лубнеўская. Фота: Наша Ніва

Журналістка Нашай Нівы напісала пост да гадавіны ранення.

— Я рэдка згадваю той дзень. Няма сіл жартаваць на гэту тэму, а назапашваць у сабе нянавісць і крыўду мне не хочацца. Гэты год з’еў у ва мне вялікую частку любові і даверу да людзей. І нават калі цябе захлынае хваля салідарнасці, яна не можа запоўніць кожную дзірку, выпаленую сістэмай.

Але я выразна памятаю ўсё, што адбылося 10 жніўня. Як з парваных над каленам джынсаў хлынула цёплая кроў. Як маладыя дактары з бальніцы хуткай дапамогі з ашарашанымі вачыма аглядалі рану і паклікалі старэйшага калегу яе зашываць. Як у калідоры за каталкай цягнулася чырвоная лужына — прывезлі мужчыну з пратэстаў, якому пашанцавала менш. Як праз пару гадзін дактары ўжо здымалі мне швы — паступілі новыя ўказанні па лячэнні (агнястрэльныя раны нельга адразу зашываць).

Дзякуючы валанцёрам палата часам нагадвала санаторый. Яны прывозілі з кафэ то халаднік, то мяса па-французску, забяспечвалі вадой і вільготнымі сурвэткамі, заходзілі проста пагаварыць.

Памятаю, як недзе праз тыдзень у бальніцу прыехалі дэпутаткі — Марыя Васілевіч і Ірына Луканская (у мінулым галоўны доктар гродзенскай дзіцячай паліклінікі). Нас у палаце было двое пацярпелых: другая дзяўчына — гэта Маша Зайцава, якую аглушыла і моцна параніла святлошумавой гранатай (Маша цяпер у Чэхіі, і калі раны зацягнуліся, то слых на адно вуха так і не вярнуўся). Дэпутаткі распытвалі, ці патрэбна нам якая дапамога. Спачувалі. На прапанову асудзіць гвалт і фальсіфікацыі рэціраваліся: маўляў, што ад нас залежыць, мы дробныя людзі, няма паўнамоцтваў.

Пройдзе некалькі месяцаў, і людзі, ад якіх, па іх словах, нічога не залежыць, ухваляць папраўкі, якія зробяць больш жорсткім параканне за пратэсты і ўзаконяць выкарыстанне сілавікамі зброі супраць насельніцтва.

За год па маёй справе змяніліся трое следчых. Спачатку яе разглядаў Фрунзенскі раённы СК, пасля Мінскі гарадскі. Я не магу расказаць пра тое, што было ў кабінетах — падпіска аб неразгалошванні цяпер уваходзіць у базавы пакет камунікацыі з сілавымі органамі.

След ад кулі. Фота: Наша Ніва

Але магу расказаць пра запыты, якія прыходзілі рэдакцыі. Прасілі то характарыстыку на мяне, то копію майго службовага задання на 10 жніўня, то пацверджанне, што я прайшла інструктаж па ахове працы. Можна падумаць, там ёсць пункт, як уварочвацца ад куляў.

Пасля такога следства кожны раз заставалася адчуванне, што цябе хочуць надурыць. Пераканаць, што твае ўласныя вочы памыляюцца. Гэта прыніжальна — апраўдвацца, што ты пацярпелы. Не ўяўляю, што адчуваюць людзі, якія пасля траўмаў замест расследавання атрымалі тэрмін у калоніі. Несправядлівасць раніць больш за кулі.

Супрацоўнікі органаў апраўдваюць свае дзеянні тым, што «проста выконваюць сваю работу». У маім выпадку выканаць сваю работу ніхто не змог. Відэа выстралу і факт знаходжання ў бальніцы аказаліся недастаткова пераканаўчымі, каб завесці крымінальную справу. «Працягваецца праверка».

У мяне часам пытаюць, ці ведаю я, хто страляў. Не. Хоць аднойчы маім знаёмым пісаў чалавек, які нібыта можа падзяліцца гэтай інфармацыяй. Я не стала адказваць. Што зменіцца, калі я буду ведаць імя? Упэўнена, у самой сістэме і так у курсе, хто гэта — тое, што бачыла група байцоў, не можа быць таямніцай.

Калі-небудзь будзе суд. І мне не патрэбны будуць нічые выбачэнні — Крымінальны кодэкс не прадугледжвае такую меру адказнасці. Дый я не паверу ў шчырасць гэтых слоў.

Маё здароўе цалкам аднавілася — дзякуй ЛФК, фізіятэрапіі і маладосці. Застаўся выродлівы шрам (след ад гвалту, якога афіцыйна не было) — але хіба гэта сістэма пакідае пасля сябе хоць штосьці прыгожае? Унутры шмат нецэнзурных слоў і эмоцый. Толькі гэты год зрабіў мяне яшчэ больш стрыманай — я вельмі рэдка плачу, бо цяпер не час агаляць душу. Але ведаю, што выплачу ўсё слёзы, калі мае калегі будуць на волі.

Читайте также: «А правильно ли я поступил, что уехал?». Что стало с барановичскими героями перемен

Год после выборов. Как за это время изменилась жизнь, рассказали жители Барановичей

Присоединяйтесь к нам в ViberInstagramВКонтакте или Telegram, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или иметь возможность обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
2 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
zolak

На то они и силовики. У них есть на разрешение на любое насилие от государства. Им за это деньги платят.