Новости / Общество

Лукашэнка падзякаваў Сталіну. А што той насамрэч зрабіў з беларусамі?

10.08.2021, 14:21  / remove_red_eye 663   / chat_bubble0

Падчас «Вялікай размовы» з прэсай Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларусы мусяць быць удзячнымі Іосіфу Сталіну. Як ён аргументаваў сваю пазіцыю і за што нашыя суайчыннікі насамрэч мусяць «дзякаваць» кіраўніку СССР?

Лукашэнка падзякаваў Сталіну. А што той насамрэч зрабіў з беларусамі?

На думку Аляксандра Лукашэнкі, беларусы павінны быць удзячныя Сталіну за далучэнне Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе. Сам Лукашэнка падзякаваў яму за тое, што «адваяваў тую тэрыторыю».

«Трэба дзесьці яму помнік за гэта паставіць. Вельмі выразна вырашыў гэтую праблему яшчэ да вайны», — адзначыў Лукашэнка.

За што беларусы насамрэч мусяць «дзякаваць» кіраўніку СССР?

У яго страшнай біяграфіі ёсць дзве нібыта пазітыўныя старонкі, звязаныя з Беларуссю.

У канцы 1918-га беларускія бальшавікі не згаджаліся з абвяшчэннем БССР, але Сталін аддаў загад падпарадкавацца. Аднак вялікай заслугі тут мала.

Будучы кіраўнік Саюза з’яўляўся наркамам (міністрам) па справах нацыянальнасцяў і проста трансляваў рашэнне бальшавікоў. Фактычна БССР стала адказам на абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Ды і праіснавала яна тады нядоўга, літаральна некалькі месяцаў.

Што тычыцца аб’яднання Беларусі ў 1939 годзе, дык гэта была частка вялікай геапалітычнай гульні. Так, пасля падпісання пакта Молатава-Рыбентропа рэспубліка змагла стаць адзінай. Але адразу пасля ўз’яднання ў Заходняй Беларусі пачаліся рэпрэсіі і дэпартацыі.

Дык за што трэба «дзякаваць» Сталіну?

За ўсталяванне таталітарнага рэжыму. Камуністычная партыя на чале з ім цалкам манапалізавала ўладу і кантралявала ўсе сферы жыцця грамадства. Гэтая ўлада трымалася на гвалце і запалохванні, насельніцва было адхілена ад вырашэння і абмеркавання пытанняў і праблем. Дэмакратычныя свабоды, падзел улады былі ліквідаваныя.

За масавыя рэпрэсіі. Іх ахвярамі сталі праціўнікі Сталіна, людзі, якія спачувалі ім, і нават яго прыхільнікі. Дакладную лічбу рэпрэсаваных дагэтуль высветліць немагчыма, бо архівы КДБ усё яшчэ закрытыя для даследчыкаў.

Афіцыйныя дадзеныя называў у 2017-м намеснік старшыні КДБ Ігар Сергіенка, які цяпер узначальвае Адміністрацыю прэзідэнта. Паводле яго слоў, з 1920-х да 1950-х у Беларусі рэпрэсавалі 235,5 тысячы чалавек. З іх 176 тысяч былі рэабілітаваныя. Незалежныя гісторыкі называюць вышэйшыя лічбы. Але нават калі ўзяць гэтыя, то яны велізарныя.

За знішчэнне беларускай мовы і літаратуры. Беларуская мова паслядоўна і мэтанакіравана знікала з паўсядзённага ўжытку. Праводзілася палітыка русіфікацыі. Знішчаліся і найлепшыя беларускія пісьменнікі (ад Максіма Гарэцкага да Андрэя Мрыя). На свабодзе засталіся лічаныя адзінкі — Янка Купала, Якуб Колас, але нават над імі вісела пагроза арышту.

За знішчэнне сялянства і развал сельскай гаспадаркі. На рубяжы дваццатых—трыццатых гадоў з Беларусі былі выселеныя больш за 70 тысяч чалавек, якіх назвалі кулакамі. Гэта была сялянская эліта нацыі. З таго часу сельская гаспадарка так да канца і не аднавілася.

Наогул за знішчэнне эліты. 29 кастрычніка 1937 года ў страшную «ноч расстраляных паэтаў» НКУС знішчыла больш за сто прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты — літаратараў, дзяржаўных дзеячаў, вучоных.

У розныя гады былі расстраляныя амаль усе даваенныя кіраўнікі БССР. Прычым усе яны аддана выконвалі загады таго ж Сталіна і рэпрэсавалі іншых.

Цягам жахлівых сталінскіх часоў беларусы існавалі ў атмасферы параноі і страху. Наступствы той палітыкі адчуваюцца дагэтуль.

Nashaniva.com

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии