Незвычайны канцэрт адбыўся у касцёле ў Мядзведзічах. Паслухайце, як гучыць старажытны арган
На мерапрыемствах, што праходзілі 27 чэрвеня ў мястэчку Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна, можна было паслухаць сусветную класіку, паглядзець фільм пра гэта месца, а таксама пакаштаваць мёду з пчальніка ксяндза.
Калі вандроўкі ў іншыя краіны прыходзіцца часова прыпыняць, можна выехаць за межы свайго горада або вёскі і паслухаць арганную музыку ў старажытным беларускім касцёле. 27 чэрвеня такі канцэрт пад назвай «Маці Міласэрнасці» адбыўся ў касцёле св. апосталаў Пятра і Паўла ў Мядзведзічах, што на Ляхавіччыне.
Кампазіцыі Ё. С. Баха, П. І. Чайкоўскага, Б. Э. Мюллера і іншых вядомых класікаў выконвалі музыканты з Пінска і Мінска. Гэта вядомая арганістка Вікторыя Куцько і валтарніст Максім Зімніцкі з Пінска, а таксама выпускніца дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л. П. Александроўскай г. Мінска Марыя Камарава і выхаванец гэтай школы Павел Прымакоў.
На канцэрце прысутнічалі таксама канцлер Курыі Пінскай Дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, а таксама прадстаўнікі Ляхавіцкага райвыканкама, якія выступілі з прывітальным словам перад слухачамі.
Канцэрт быў цэнтральнай часткай духоўна-культурнай праграмы, якая ўключала ў сябе таксама святую Імшу, прэзентацыю дакументальнага фільма «Мядзведзічы. Вяртанне жамчужыны» і выступленне мясцовага народнага калектыву.
Каля святыні была наладжана выстава-продаж сувенірнай прадукцыі і мёду з пчальніка пробашча парафіі ксяндза Вінцэнта Сеўрука.
Пра арган і не толькі
Мядзведзічы – гэта прыклад таго, як, дзякуючы намаганням розных арганізацый і энтузіястаў, можна ўдыхнуць новае культурнае жыццё ў старое беларускае мястэчка. Сёлетняе свята ўжо не першае па ліку за апошнія амаль два гады. 27 чэрвеня 2020 года адбылася прэзентацыя адноўленага аргана, якая таксама сабрала шмат гледачоў з розных мясцінаў нашай Бацькаўшчыны.
Затым, больш чым праз месяц, прайшла «Летняя акадэмія трубы» – серыя майстар-класаў і канцэртных вуступленняў, у якой удзельнічалі навучэнцы розных музычных установаў пад кіраўніцтвам выкладчыка Аляксандра Ахрэмкі.
І вось зараз зноў старажытны інструмент аб’яднаў вакол сябе слухачоў і музыкантаў з розных мясцін Беларусі.
Мядзведзіцкі арган быў збудаваны ў 1912 годзе ў Вільні фірмай Пятра Вайцяховіча. Гэта найбуйнейшы старажытны інструмент поўнасцю рамантычнага стылю, які захаваўся ў аўтэнтычным выглядзе. Апошнія гады ён знаходзіўся ў непрацоўным стане. Яшчэ адзін з мінулых пробашчаў парафіі, кс. Андрэй Шода, які служыў у Мядзведзічах 15 гадоў, марыў аб тым, каб арган быў адрамантаваны. Мара пачала здзяйсняцца ўжо пры новым пастыры тры гады таму.
У 2018 годзе на сустрэчы біскупа Пінскага Антоні Дзям’янкі і прадстаўнікоў Ляхавіцкага райвыканкама было вырашана сумеснымі намаганнямі касцёла, грамадскасці і дзяржаўных уладаў адрамантаваць гэты інструмент.
Рамонтам займалася вялікая група энтузіястаў на чале са складальнікам энцыклапедыі «Арганы Беларусі» Аляксандрам Бурдзялёвым. Працы па аднаўленні распачаліся летам 2019 года і працягваліся 10 месяцаў.
Нядаўна ў Сеціве таксама з’явіўся першы ў Беларусі прафесійны запіс акадэмічнай музыкі на гістарычным касцёльным аргане. Зроблены ён якраз на мядзведзіцкім аргане.
Назад у гісторыю
Мядзведзічы маюць багатую гісторыю, таму турысты тут знойдуць для сябе цікавыя месцы для даследавання. Касцёл, пабудаваны ў 1908 годзе намаганнямі жыхароў мястэчка і людзей з суседніх вёсак, захаваўся амаль непашкоджаным да нашага часу. Усё дзякуючы простым людзям, якія кожны вечар на працягу некалькіх гадоў яго вартавалі і маліліся, бывала, нават на снезе, не даючы савецкай уладзе пераўтварыць святыню ў чарговы склад або спартыўную залу…
У 1918 годзе да мясцовых вернікаў пачаў прамаўляць па-беларуску, а не па-польску, субдыякан Пётр Татарыновіч, які паходзіў з гэтых мясцінаў. Ён, дарэчы, потым стаў заснавальнікам Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё і скончыў сваё жыццё ў Рыме, у якасці папскага прэлата.
Больш за 40 гадоў у Мядзведзічах жыў і служыў каталіцкі святар Вацлаў Пянткоўскі, якога жыхары вельмі любілі за чалавечнасць і адкрытасць. Ксяндза Вацлава саветы абвінавацілі ў падбухторванні сялянаў не ўступаць у калгас, назвалі «Агентам Ватыкана» і саслалі ў казахскія стэпы на шэсць гадоў.
Адбыўшы ссылку, Пянткоўскі вярнуўся ў Мядзведзічы і арганізаваў тут у 70-х гадах падпольную каталіцкую семінарыю, дзе выкладаў гісторыю касцёла, этыку, кананічнае права і іншыя дысцыпліны. У ёй вучыліся сучасныя беларускія біскупы Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец, а таксама некаторыя святары. На той час бліжэйшая семінарыя была ў Рызе, і многія не маглі туды даехаць адразу. Таму Мядзведзічы сталі такім стартам для духоўнай фармацыі будучых каталіцкіх пастыраў.
Пахаваны кс. Вацлаў на мясцовых могілках, якія таксама можна наведаць падчас паездкі ў Мядзведзічы.
У Мядзведзічах захавалася старая двухпавярховая школа, а таксама прыдарожная капліца, пабудаваная з нагоды адмены прыгоннага права ў 1861 годзе на сродкі жыхароў мястэчка.
Комментарии
Правила комментирования