Новости / Общество

«Нож схапіў дзеля самаабароны». Як затрымлівалі актывіста-інваліда з Баранавічаў

22.06.2021, 20:35  / remove_red_eye 865   / chat_bubble2

Баранавіцкага краязнаўцу і актывіста, інваліда другой групы Уладзіміра Гундара 20 траўня асудзілі на 3 гады калоніі за гвалт ці пагрозу ўжывання гвалту да службовай асобы. Апроч таго, ён — фігурант справы Мікалая Аўтуховіча аб «тэрарызме», суда па якой яшчэ не было. Мы з’ездзілі ў Баранавічы і спыталі ў родных зняволенага, хто такі Уладзімір Гундар і што з ім адбываецца за кратамі.

«Нож схапіў дзеля самаабароны». Як затрымлівалі актывіста-інваліда з Баранавічаў

Владимир Гундарь. Фото: Intex-press

Не трапіў у Афганістан, стаяў ля вытокаў БНФ, страціў нагу

Дачка Уладзіміра Гундара Інга з мужам і малодшай дачушкай сустракае нас і вязе да татавай жонкі спадарыні Алены. Менавіта з гэтай маленькай утульнай кватэры, вокны якой выходзяць на палісаднік, уласнаручна высаджаны сужэнцамі, паўгода таму іх роднага чалавека пасля ператрусу забралі супрацоўнікі КДБ, пiша Новы Час.

Дачка Уладзіміра Гундара Інга і жонка Алена 

Дачка Уладзіміра Гундара Інга і жонка Алена

Уладзімір Гундар прыйшоў да Беларусі падчас «Перабудовы», на хвалі нацыянальнага Адраджэння, стаяў ля вытокаў БНФ.

— Ён часта ўспамінае сваю бабулю, якая, хоць і была неадукаванай, але заўсёды ведала, што ёсць што ў нашай краіне, хто па-сапраўднаму любіць свой край, а хто — прыхадні. Мабыць, гэта было закладзена ў ім з дзяцінства, таму, калі пачалася хваля Адраджэння, яна адразу яго захапіла, — распавядае спадарыня Алена.

Сёлета 15 сакавіка — на Дзень Канстытуцыі — сужэнцы адзначылі 18-ю гадавіну шлюбу. Але сваё свята яны сустрэлі паасобку: на той час Уладзімір ужо тры месяцы знаходзіўся за кратамі.

Яны пазнаёміліся ў бібліятэцы, дзе Алена працавала, а Уладзімір ладзіў прэзентацыю кнігі. І Алена, і Уладзімір на той момант былі ў разводзе, абодва мелі дачок. Алену захапілі яго актыўнасць і моц: нягледзячы на інваліднасць (Уладзіміру ампутавалі нагу), мужчына не ўпаў у роспач, не апусціўся, не пачаў ужываць алкаголь, а наадварот, ладзіў шмат культурніцкіх праектаў у родных Баранавічах.

Калі Алена і Уладзімір яшчэ не ведалі адзін аднаго, яны, пэўна, некаторы час былі недзе зусім побач: яна тады вучылася ў інстытуце ў Пярмі, ён у гэты час служыў у войску ў Арэнбургу.

— Калі пачаліся падзеі ў Афганістане, ён пісаў заяву, хацеў туды трапіць, але яго туды, дзякуй Богу, не адправілі: ён служыў у касмічнай сувязі. Дзесьці пісалі, што ён «афганец», але ён там не быў — проста яго звязалі з Аўтуховічам, а той — «афганец».

Меркаванне пра ўдзел у вайне ў Афганістане магло ўзнікнуць і таму, што некалі Уладзімір Гундар страціў нагу — але насамрэч гэта адбылося праз хваробу, а не ў выніку баявых дзеянняў.

Займаўся асветніцтвам і заснаваў грэка-каталіцкую парафію

Далучыўшыся да нацыянальнага руху, Уладзімір Гундар адразу пачаў размаўляць па-беларуску і карпатліва вывучаць гісторыю Беларусі. Гэта і перадвызначыла ўсё яго далейшае жыццё: у Баранавічах, дый па-за іх межамі, ён — вядомы краязнаўца, культурны дзеяч, распрацоўшчык макетаў кніг многіх мясцовых літаратараў.

— На хвалі незалежнасці ён з паплечнікамі пачаў асветніцкую дзейнасць. У нашых гарадскіх актывістаў было грамадскае аб’яднанне «Варута» — паводле легенды, гэта гара, дзе Міндоўг заснаваў нашу незалежную дзяржаву ВКЛ. І яны разам займаліся з дзецьмі і моладдзю вывучэннем гісторыі і беларускай мовы.

Калі Уладзімір Гундар захварэў і ў яго аднялі нагу, сябры накіравалі яго на камп’ютарныя курсы — гэта быў 1998 год, персанальныя камп’ютары тады толькі пачыналі з’яўляцца. Пасля навучання Уладзімір Гундар разам з гісторыкам Віктарам Сырыцам і баранавіцкай моладдзю пачалі выдаваць бюлетэнь «Варута», дзе публікавалі гістарычныя артыкулы, а таксама пісалі пра сваю дзейнасць. Яшчэ быў падобны бюлетэнь «Альтанка». А потым Уладзімір сам стаў выдаваць гістарычны альманах «Рыцар Свабоды».

— Але, мусіць, самая галоўная яго справа — ён быў заснавальнікам нашай баранавіцкай грэка-каталіцкай парафіі, яе зарэгістравалі ў 1999 годзе, — зазначае спадарыня Алена.

Пра падзеі 2020 года гаварыў: «Гэта не мая вайна»

Жанчына гаворыць, што яе муж, у сілу сваёй актыўнасці, заўжды быў «пад назіраннем». Але за ўсе амаль 27 гадоў рэжыму Лукашэнкі і ўдзелу ў барацьбе з гэтым рэжымам Уладзіміра Гундара ні разу не саджалі нават на суткі — ніхто не наважваўся кінуць у ізалятар чалавека без нагі, таму адміністрацыйныя справы супраць яго звычайна заканчваліся штрафамі. Цікава, што ў леташняй перадвыбарчай кампаніі і звязаных з ёй пратэстах, па якіх цяпер даюць турэмныя тэрміны, ён не ўдзельнічаў. Але пад самы сыход 2020-га па яго прыйшлі.

Спадарыня Алена гаворыць: муж чакаў, што рана ці позна гэта можа здарыцца, бо бачыў, якая хваля рэпрэсій пайшла пасля пратэстаў.

— Але ж Валодзя ў іх не ўдзельнічаў, бо ён быў супраць усіх. Тут таксама вельмі яскрава праявіўся яго характар: ён лічыў, што ні адзін з кандыдатаў не пасуе для Беларусі, усе яны не за Беларусь — і на гэтай падставе пасварыўся з многімі сябрамі. Ён сядзеў дома ўвесь год праз сітуацыю з кавідам, бо ў яго аслаблены імунітэт.

— Я памятаю, як мы сабраліся ўсёй сям’ёй і абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне, і ён сказаў: «Гэта не мая вайна», — дадае Інга.

Спадарыня Алена працягвае:

— Ён лічыў, што мірным шляхам нічога зрабіць нельга. І на гэтай падставе, я так разумею, яны з Міколам (Аўтуховічам. — НЧ) перапісваліся. Іх погляды супадаюць. Але быццам бы яны нешта задумвалі — я больш чым упэўненая, што гэтага не было. Калі ствараўся БНФ, фарміраваліся атрады самаабароны, якія не нападалі, а абаранялі людзей, што выйшлі на тую ці іншую дэманстрацыю. Гэта, можа, і было ў іх галовах. Але тое, што нібыта былі нейкія змовы са зброяй — не было гэтага. Але паколькі ён з Міколам трымаў сувязь, на гэтай падставе ўсё і здарылася. Асабліва калі на Аўтуховіча зладзілі паляванне, Валодзя зразумеў, што міма яго гэта не пройдзе.

Але, гаворыць жонка вязня, калі яму прапанавалі з’ехаць, ён сказаў: «Гэта мой дом, я нікуды не паеду».

«Нож схапіў дзеля самаабароны»

Гэта адбылося раніцай 30 снежня. У Алены была начная праца, а 8-й раніцы яна вярнулася дахаты, схадзіла ў душ. І тут раздаўся настойлівы званок у дзверы.

— Я адразу зразумела, што яны прыйшлі. Адчыніла дзверы, Валодзя яшчэ спаў. Ніякіх дакументаў не паказалі, толькі паперу на вобшук у сувязі з абвінавачаннем па крымінальным артыкуле (289, ч. 2 — «Акт тэрарызму». — НЧ). Гэта былі мінскія «кадэбэшнікі». Яго паднялі, а Валодзя папрасіўся ў спальню, каб перавязаць нагу: у яго ад пратэзу рана на кульці, і ён кожную раніцу рабіў сабе перавязку.

Пра далейшае развіццё падзей распавяла Інга, якая прысутнічала падчас следчых дзеянняў у кватэры. У спальню з Уладзімірам прайшоў адзін з супрацоўнікаў. Пасля перавязкі гаспадар узяў у рукі свой тэлефон, але супрацоўнік захацеў яго забраць. У выніку Гундар упаў, супрацоўнік разам з ім, адбылася штурханіна, і тэлефон аказаўся разбітым.

— Потым Валодзя прыбег на кухню, супрацоўнік кінуў на стол разбіты тэлефон, звяртаючыся да іх галоўнага: «Вось, глядзі, што ён зрабіў», — і пабег у кухню за Валодзем. Я стала паміж імі. Калі б я не стала і калі б Валодзя не схапіў нож, магчыма, гэты супрацоўнік на яго накінуўся і стаў біць. Але нож ён схапіў толькі дзеля самаабароны — я ў гэтым на 100 адсоткаў упэўненая, — гаворыць спадарыня Алена.

Далей усё адбывалася без фізічнай сілы, хіба што на Гундара надзелі кайданкі, але ж потым сцямілі, што з імі і на адной назе ён проста не зможа ісці, таму хутка знялі.

Менавіта той эпізод і стаў падставай, каб распачаць яшчэ адну крымінальную справу — за «гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да службовай асобы» (арт. 366 КК), па якой Уладзіміра Гундара судзілі закрытым судом і пакаралі трыма гадамі калоніі. Што да артыкула 289, то па ім ніякіх дзеянняў не праводзіцца, вядома толькі, што мужчыне падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 2 верасня.

У СІЗА КДБ не давалі таблеткі, перанёс гіпертанічны крыз

Актывіста забралі пасля ператрусу. Жонка сабрала яму неабходныя лекі — таблеткі ад ціску, якія трэба прымаць кожны дзень, Біблію на беларускай мове. Але ўсё гэта Уладзіміру Гундару не перадалі.

— Яго забралі перад святамі, і нам удалося даведацца, дзе ён, толькі 5 студзеня, — распавядае Інга. — Што адбывалася да гэтага — мы не ведаем. Толькі потым у лісце тата напісаў, што яму не перадалі яго таблеткі і не давалі свае. І ён перанёс гіпертанічны крыз з ціскам 260, калі ў яго пры 140 ужо баліць галава.

Тады Уладзіміру Гундару выклікалі «хуткую» і пасля гэтага пачалі даваць нейкія таблеткі, ад якіх яму стала толькі горш.

— Як потым мне сказалі ў КДБ, для іх гэта — надзвычайнае здарэнне, — зазначае Алена.

Толькі 5 студзеня родным патэлефанавала дзяржаўная адвакатка, якая паведаміла, што Уладзімір Гундар знаходзіцца ў Мінску ў СІЗА КДБ. Хаця адразу пасля затрымання Інга рабіла запыт у КДБ, і 4 студзеня ёй даслалі адказ, што яго ў іх няма.

На Дзень Волі, 25 сакавіка, вязня перавялі з КДБ у СІЗА на Валадарскага, дзе ён правёў 10 дзён. Родныя пра гэта не ведалі. Уначы з 3 на 4 красавіка яго на суткі этапавалі ў СІЗА ў родныя Баранавічы, а затым — у Брэст, дзе ён знаходзіцца і зараз.

— Потым тата гаварыў, што самае жахлівае стаўленне да яго было ў баранавіцкім СІЗА, ён быў для іх тэрарыстам. Яму там нават не дапамаглі з рэчамі: на адной назе ён сам цягнуў у адной руцэ аграмадныя торбы, у другой — дзве мыліцы (бо пратэз ад самага пачатку не прынялі).

«Вы спрабуеце зрабіць з мяне тэрарыста, але тэрарысты — вы»

Пазней, калі ад Уладзіміра Гундара сталі прыходзіць лісты, ён пісаў, што ўжо супакоіўся і гатовы да таго, што будзе. Увогуле, з ліставаннем справы не вельмі: лісты Уладзіміру Гундару прыходзяць толькі ад родных — за вельмі рэдкім выняткам. За ўвесь час да яго прабіліся толькі тры паштоўкі ад несваякоў, хаця пішуць многія. За пяць месяцаў Алена атрымала 35 лістоў ад мужа, хаця ён дасылаў 41. Інга таксама не атрымала адзін бацькаў ліст.

У лістах шмат не напішаш, але нейкі настрой мужа Алене ўдаецца ўлоўліваць.

— Ён як быў Рыцар Свабоды, так ім і застаецца. Ён трымаецца, пачаў нават пісаць, як ён гэта называе, «складанкі-нескладанкі». Яго падтрымліваюць яго сіла духу і вера ў Бога.

Прысуд у тры гады і сам Уладзімір Гундар, і спадарыня Алена ўспрынялі аднолькава: абы не 5 — менавіта столькі прадугледжваў артыкул, па якім яго судзілі. Пасля суда родным дазволілі спатканне з Уладзімірам Гундарам. Гэта адбылося 28 траўня, акурат на дзень народзінаў вязня.

— Ён усміхаецца, спрабуе жартаваць, але схуднеў, — зазначае Алена. — Я толькі адзначыла для сябе, што ён быў паголены, для мяне гэта нязвыкла, бо ўсе 18 гадоў ён быў з барадой.

У брэсцкім СІЗА Уладзіміра Гундара паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму. Інга распавядае за што:

— Адзін з начальнікаў падышоў да таты і спытаў, як ён ставіцца да існуючай улады. Тата гаворыць, што ніяк не ставіцца, бо гэта не ўлада. «А як вы ставіцеся да дзеючага прэзідэнта?». А тата — чалавек рэзкі, ён адказвае, што гэта не прэзідэнт, а самазванец. Потым тату выклікалі на нейкую камісію, дзе ён пацвердзіў свае словы. І дадаў: «Вы спрабуеце зрабіць з мяне тэрарыста, але насамрэч тэрарысты — вы». У гэты ж вечар яму павесілі на ложак шыльду, што ён схільны да экстрэмізму. Цяпер пры кожным абыходзе ён павінен гэта гаварыць — але ён, канешне ж, гэтага не робіць. Тата нам на спатканні пра гэта не сказаў, толькі пазней мы даведаліся ад адваката: яны ставяць яму рысачкі, ужо далі вымову, і калі будуць яшчэ дзве вымовы — яго могуць адправіць у карцар. А яшчэ яго пасадзілі ў камеру з крымінальнікам, які сядзіць ужо не першы раз, і ў яго быў туберкулёз.

Апроч таго, над Уладзімірам Гундарам усё яшчэ «вісіць» «тэрарыстычны» артыкул, які прадугледжвае ад 8 да 20 гадоў зняволення.

— Я жыву з думкай, што такога проста не можа быць, — гаворыць Алена. — Гэта ж Оруэл, «1984». Я чытала яго ў студэнцтве, а ў гэтыя месяцы праслухала аўдыёкнігу. Гэта забылася, бо было неактуальна, нейкія законы ў нас раней існавалі. Калісьці я чытала і думала пра савецкі час, 30-я гады. А цяпер гэта ўсё пераходзіць на нас. Я не магу прымірыцца з тым, каб у нас было як у Оруэла.

«Трэба змагацца за яго і з гэтай сістэмай»

— Нам цяпер трэба быць вельмі моцнымі — эмацыйна, маральна, фізічна. Яшчэ больш моцнымі, чым мы былі. Бо калі не мы тут — то хто будзе яго падтрымліваць? Сціснуў зубы — і руш наперад, — зазначае Інга.

Для яе бацька — чалавек, з якога хочацца браць прыклад і моц духу якога захапляе.

— Ён вельмі шмат чаго зрабіў сам — самаадукацыя і самаразвіццё, пастаяннае імкненне наперад. Ён вакол сябе сабраў такіх цікавых асоб: гісторыкаў, мастакоў, пісьменнікаў. Я заўжды ганарылася і ганаруся ім, удзячная яму за выхаванне, хоць характар у яго не з лёгкіх: калі ён нешта вырашыў — так і будзе. Ён паказаў мне Беларусь і яе гісторыю, я вучылася ў беларускамоўным класе, мы ездзілі на рыцарскія турніры — тата стварыў рыцарскі клуб.

Калі Інга вучылася ў 10-м класе, бацька прапанаваў ёй рабіць школьную газету, якая называлася «Школьны перапыначак». Школьнікі пісалі туды матэрыялы, а Уладзімір Гундар займаўся вёрсткай. Так атрымалася, што школьным праектам зацікавіліся шведы і прапанавалі абмен досведам. Спачатку яны прыехалі ў Баранавічы ў сям’ю Інгі, а потым запрасілі школьнікаў да сябе — так дзякуючы бацьку Інга трапіла ў Швецыю.

Цяпер дачка Уладзіміра Гундара гаворыць, што не ўпэўненая ў сваёй бяспецы і бяспецы сваёй сям’і.

— Гэта жахліва, што такія думкі лезуць у галаву, але я не ўпэўненая, што па мяне не прыйдуць. Таму я сказала мужу: «Як што са мной здарыцца — хапай дзяцей і з’язджай».

— Першыя дні я нічога не рабіла, толькі сядзела і чакала, — узгадвае спадарыня Алена час пасля затрымання мужа. — А потым зразумела, што трэба браць сябе ў рукі і пачынаць нешта рабіць. Часам хочацца легчы і не ўставаць — але нічога, гэта 5–10 хвілін. Ты разумееш, што табе трэба ўстаць, паесці, хоць і не хочацца. Бо калі ты працягнеш ногі, не зможаш нічога зрабіць. Я ніколі ў жыцці не лічыла сябе слабой, даводзілася самой усяго дамагацца, потым злягла мама і была 9 гадоў у мяне на руках. Але цяпер патрэбна ў 10 разоў больш сіл, бо трэба змагацца не толькі з сабой, трэба змагацца за яго і з гэтай сістэмай.

Спадарыня Алена прызнаецца: ніколі ў жыцці яна не задумвалася пра грошы: колькі іх ні было — а ў бібліятэкара іх было няшмат, заўсёды хапала. Але зараз даводзіцца змагацца і за іх: каб было на што зрабіць мужу перадачу, каб ён нешта атрымліваў на рахунак. Толькі цяпер жанчыне ўдалося вырашыць пытанне з пенсіяй мужа. Яго рахункі заблакаваныя, і Алене ўдалося дамагчыся атрымліваць гэтую пенсію самой.

Сям’і зняволенага дапамагае трымацца тое, што яны яму патрэбныя, а таксама тое, што яны ёсць адно ў аднаго. А яшчэ — вялізная хваля салідарнасці ад знаёмых і незнаёмых людзей. Але пакуль Уладзімір Гундар застаецца ў зняволенні, яго сям’і патрэбная дапамога. Калі вы хочаце яе падтрымаць, просім вас звярнуцца ў рэдакцыю па кантакты спадарыні Алены.

Ці прызнаюць Уладзіміра Гундара палітвязнем?

Уладзіміра Гундара не прызналі палітвязнем, хаця родныя вельмі гэтага хацелі б.

— Я не выключаю, што можа паўтарыцца сітуацыя гандлю палітвязнямі. Гэта адзін са спадзеваў выцягнуць яго адтуль, — тлумачыць Інга.

Рашэнне аб прызнанні палітвязнем прымаецца супольна некалькімі праваабарончымі арганізацыямі. Існуе «Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень»», прынятае прадстаўнікамі праваабарончай супольнасці шэрагу постсавецкіх краін. Яно заснаванае на міжнародных стандартах абароны правоў чалавека.

Чаму ў адных выпадках людзі прызнаюцца палітвязнямі адразу пасля затрымання, а ў іншых — пасля абвяшчэння рашэння суда і нават пазней? Таму што гэта залежыць ад кожнай канкрэтнай крымінальнай справы. Так, адразу праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі тых, хто трапіў за краты ў сувязі са сваімі перакананнямі — палітычнымі, рэлігійнымі, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем сваіх грамадзянскіх правоў, напрыклад, на свабоду слова, перакананняў, свабоды сумлення, мірных сходаў. Таксама адразу палітзняволенымі прызнаюць людзей, якія аказаліся ў турме праз дзеянні па абароне правоў чалавека.

Сам судовы працэс, яго вынікі таксама могуць стаць падставай для прызнання палітвязнем.

Ці ёсць шанцы на прызнанне палітычным зняволеным Уладзіміра Гундара? «Новаму Часу» тлумачыць намеснік старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

— Уладзімір Гундар праходзіць па «справе Аўтуховіча», па якой у нас няма зараз ніякай інфармацыі. Таму пакуль мы не ведаем, у чым канкрэтна абвінавачваюць Гундара. Вядома толькі, што іх усіх абвінавачваюць у тэрарызме, але якія дзеянні Гундара ставяць яму ў віну, якая канкрэтна яго роля ў гэтым — нам невядома. Таму пакуль ніякіх высноў зрабіць немагчыма. Тую ж Вольгу Маёраву прызналі палітзняволенай, таму што было паведамлена, у чым яе абвінавачваюць — у вядзенні Тэлеграм-канала Аўтуховіча. І таксама паведамілі, што яна не была ў курсе таго, што ён рабіў, планаваў і г. д. У яе выпадку была інфармацыя з афіцыйных крыніц, якую можна было ацаніць.

Паводле слоў праваабаронцы, артыкулы, у якіх прысутнічае абвінавачанне ў гвалце, выклікаюць пытанні і патрабуюць больш дасканалага вывучэння ўсіх абставін. Выключэнне складаюць выпадкі самаабароны, калі чалавек бараніў сябе і іншых ад непрапарцыйных дзеянняў прадстаўнікоў улады і такім чынам учыніў гвалт да той асобы, якая ўчыняла гвалт адносна яго.

— Актыўныя перашкоды прадстаўнікоў улады ў рэалізацыі свабоды сходаў нельга разглядаць як дзейнасць па захаванні грамадскага парадку. Таму падчас разгонаў мірных масавых пратэстаў мы ўсю адказнасць усклалі на ўлады — бо тады былі непрапарцыйныя дзеянні міліцыі. І ёсць некалькі спраў, калі палітвязнямі прызналі людзей, якіх абвінавачвалі нават у замаху на забойства сілавікоў (тая ж справа Ціхана Осіпава і інш.) — па такіх справах, апроч калектыўнай заявы, праваабаронцы робяць асобныя заключэнні. Бо ў чалавека прамой задумы на замах не было, ён так дзейнічаў, бо была рэальная пагроза яго жыццю, — тлумачыць Валянцін Стэфановіч.

У такіх выпадках праваабаронцы настойваюць на пераглядзе спраў. У гэтым адрозненне ад выпадкаў, калі людзей знявольваюць за абарону сваіх правоў і свабод — тады праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення.

— Калі чалавек загадзя не рыхтаваўся да гвалтоўных дзеянняў, а дзейнічаў у адказ у выніку правакацыі сілавікоў, мы прызнаём яго палітзняволеным, — працягвае Валянцін Стэфановіч. — Але мы не прызнаём мірнымі дзеянні па знішчэнні маёмасці, калі гэта не наносіць сімвалічную шкоду. А гэтыя справы патрабуюць дадатковай інфармацыі. Бо спальванне машын і выбухі (што нібыта інкрымінуюць «групе Аўтуховіча». — НЧ) — гэта не мірныя дзеянні.

Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што самым першым крокам па ўрэгуляванні сітуацыі ў Беларусі павінна стаць вызваленне ўсіх — і гэта прынцыповы момант — палітзняволеных, таму гэты статус мае значэнне, нягледзячы на агульнае беззаконне ў краіне. Найперш, перакананы Стэфановіч, павінна адбыцца шырокая палітычная амністыя — такія прыклады ёсць у суседняй Расіі, дзе палітычная амністыя ўжывалася некалькі разоў нават за больш цяжкія дзеянні.

Читайте также: «Володю не увидела, зато передачу передала». Жена барановичского фигуранта «дела Автуховича» – о суде над мужем

«Над нами всеми навис большой страх». Жена барановичского активиста, которого обвиняют в терроризме, о жизни после ареста супруга

Воспользуйтесь услугой по доступу к информации в виде PDF газеты Intex-press. Присоединяйтесь к нам в Viber или Telegram, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или иметь возможность обсудить тему, которая вас взволновала.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
2 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
ДедСаша

То, что рассказала жена может добавить к его сроку…

Scroll Up