Новости / Общество

17 дзён у штучнай коме. Беларус з Нідэрландаў распавёў, як ледзь ачуняў пасля каранавіруса

4.06.2021, 12:55  / remove_red_eye 241   / chat_bubble4

17 дзён у штучнай коме, галюцынацыі... Колішні актывіст БНФ Зміцер Жалезнічэнка, які жыве ў Амстэрдаме і працуе праграмістам, расказаў, як каранавірус можа ўдарыць па здароўі, нават калі табе 33 гады.

17 дзён у штучнай коме. Беларус з Нідэрландаў распавёў, як ледзь ачуняў пасля каранавіруса

Фота: nn.by

Спачатку захварэла жонка Дар’я з дзіцем, пасля сімптомы з’явіліся ў Змітра, пiша Наша Нiва.

— Быў некамфортны стан, які цяжка было выносіць, таму я мусіў прымаць анальгетыкі, — распавядае мужчына. — У Нідэрландах усё лечаць парацэтамолам, тут талерантныя межы, колькі яго можна ўжываць. Я жыў на леках, бо без іх было непрыемна. Праз некалькі дзён пачало фарміравацца балючае адчуванне ў грудзях. Трымалася тэмпература высокая, часам больш за 40 градусаў. Я чытаў, чым людзі лечацца, замаўляў шмат розных вітамінаў, але не дапамагала. Я не мог гадзіну лішнюю працягнуць без таго, каб не з’есці таблеткі, таму што было вельмі кепска.

У нас такая сістэма, што ўсё лекаванне мусіць ісці праз хатняга доктара. Менавіта ён, напрыклад, выпісвае накіраванне ў шпіталь. Наш доктар проста параіў: пі парацэтамол, і ўсё будзе добра. Двойчы мы тэлефанавалі ў службу дзяжурных дактароў (яны абслугоўваць у непрацоўны час). У першы іх візіт тэмпература было больш за 40 градусаў, сатурацыя — 92, але нам таксама сказалі, што нічога страшнага.

На мяне ўжо парацэтамол амаль перастаў дзейнічаць, таму праз пару дзён зноў патэлефанавалі ў дзяжурную службу — мяне запрасілі на агляд у шпіталь».

Дар’я паехала з мужам.

— У мяне хвароба праходзіла адносна лёгка. Але пасля балела спіна. І я запытала, ці ёсць якія абязбольвальныя, каб можна было б сумяшчаць з кармленнем дзіцяці. Дактары распыталі і прапанавалі таксама прыехаць. У выніку знайшлі трамбоз лёгкіх, — расказвае яна.

Змітра пасля тыдня хваробы дома паклалі ў шпіталь. Пачалі даваць кісларод — спачатку праз трубку, пасля, калі гэтага стала недастаткова, праз маску. Але насычанасць лёгкіх кіслародам усё адно падала. Тады мужчыну падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

— Гэта была медыцынская кома, я ляжаў так 17 дзён. Гэта вельмі доўга. Па адчуваннях кома не тое самае, калі засынаеш і звычайна прачынаешся. У мяне былі моцныя глюкі, я іх добра запомніў. Я быццам прыехаў у нейкі горад і там трапіў у шпіталь. У тым месцы я жыў два тыдні, і ўсё было вельмі павольна. Гэта было так яскрава, падавалася рэальным, — згадвае Зміцер.

Дар’і практычна кожны дзень тэлефанавалі са шпіталя — справаздачыліся пра стан мужа, але без аніякіх прагнозаў. Тэлефанавалі таксама з сацыяльнай службы, каб падтрымаць. Пазней змагла прыляцець маці Змітра.

— Нідэрланды вельмі строгія ў плане каранціну, замежнікаў пускаюць толькі калі нехта са сваякоў памёр. Мне так і казалі: пакуль нельга. Але з дапамогай сацыяльных службаў я змагла патлумачыць, што мне цяжка адной з дзіцем і сабакам і свякрові дазволілі прыехаць у краіну, — тлумачыць Дар’я.

Пасля Змітра чакала рэабілітацыя.

— Калі чалавек ляжыць на ШВЛ, не рухаецца, арганізм пачынае з’ядаць усе мышцы. Я страціў кілаграмаў пад 20, і гэта быў не тлушч. Два тыдні я правёў у інтэнсіўнай тэрапіі, не мог з ложка падняцца, мяне медперсанал карміў, — кажа ён.

— Калі ён прыйшоў у сябе, выглядаў як чалавек пасля інсульту, — дадае жонка. — Былі галюцынацыі, панічныя атакі — я рэальна баялася, што гэта будзе мець наступствы.

— Потым мяне перавялі ў звычайную палату — там я пачаў рабіць практыкаванні, паднімаў рукі, ногі. Стаў паднімацца з ложка, патрошкі хадзіць. Мне казалі, што я аднаўляюся вельмі хутка. Праз месяц выпісалі. Звычайна пасля шпіталя людзі едуць у адмысловы рэабілітацыйны цэнтр, але там трэба было чакаць чаргу, таму вырашыў застацца дома.

Агулам Зміцер прахварэў два з паловай месяцы. Ні кепскіх звычак, ні хранічных хвароб у яго не было, толькі падвышаная вага.

Дар’і на тры месяцы прапісалі лекі для разрэджвання крыві. «Калі я захачу цяжараць, мушу ўсю цяжарнасць калоць гэтыя ўколы, бо мяне будуць успрымаць як чалавека з рызыкай трамбозу», — кажа яна пра наступствы.

Лячэнне ў Нідэрландах пакрывае страхоўка, але ёсць нюансы.

— Існуе так званая франшыза, калі кожны год першыя некалькі соцен еўра трэба плаціць самому. Гэта франшыза можа быць ад 385 да 885 еўра. Чым яна большая, тым таннейшая страхоўка. У нас была максімальная, бо мы звычайна не хварэем і гэту суму не выбіраем. А ў гэтым годзе абедзве франшызы выбралі.

Мне нават не дасылалі рахунак за шпіталь, толькі за перавоз са шпіталя ў Амстэрдаме ў Утрэхт (у сталіцы было мала месцаў). Мяне кіламетраў 40 везлі на хуткай дапамозе, і за гэта прыйшоў рахунак на 560 еўра. Прыходзіў рахунак за лекі — я плачу за іх, пакуль франшыза не скончыцца, а далей пакрывае страхоўка.

Па словах Дар’і, у Нідэрландах праз загружанасць медыцынскай сістэмы адцягваюць шпіталізацыю. Але ўжо ў саміх установах дапамога на высокім узроўні. Усіх медсёстраў навучаюць працы з ШВЛ, у дапамогу да персаналу адпраўляюць вайсковых медыкаў.

— Цяпер думаем наконт прышчэпак. Вакцынацыя бясплатная, выклікаюць па чарзе ў залежнасці ад узросту. Гэта будзе або Pfizer, або Moderna. У залежнасці ад таго, што застанецца, бо моладзь зараз яшчэ не колюць.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
4 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии

Што за дзiу’ная сiстэма: купi страхоу’ку- i усё адно плацi. I за сваi ж грошы яшчэ i сам да шпiталю дабiрайся. Не прывядзi Гасподзь там хварэць…

Scroll Up