Новости / Общество

«Ставілі на расцяжку і білі па шчыкалатках». Як сядзеў на сутках арыштаваны за БЧБ-скрыню ад тэлевізара LG

19.05.2021, 12:55  / remove_red_eye 562   / chat_bubble6

27-гадовы Андрэй Пархоменка цяпер адпачывае пасля 15-сутачнага арышту. Падчас адбыцця пакарання ён захварэў на COVID-19, таму цяпер аднаўляе здароўе і сілы. Гаворка ідзе пра таго самага хлопца, якога затрымалі 26 красавіка за БЧБ-скрыню ад тэлевізара LG на балконе першага паверха. Супраць яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Адразу яго справу адправілі на дапрацоўку, але ў хуткім часе яго ўсё ж такі асудзілі на 15 сутак. Арышт Пархоменка адбываў у ІЧУ на Акрэсціна і ў Жодзіне. «Вясна назірае» паразмаўляла з Андрэем пра холад у жодзінскіх камерах, цікавых суседзяў і таемны агляд кватэры міліцыянтамі.

«Ставілі на расцяжку і білі па шчыкалатках». Як сядзеў на сутках арыштаваны за БЧБ-скрыню ад тэлевізара LG

Фота ілюстрацыйнае

«Выпытвалі, за каго галасаваў на выбарах» — як затрымлівалі Андрэя

Як распавёў Андрэй Пархоменка, за два тыдні да затрымання дадому да Андрэя прыходзілі міліцыянты, але дома хлопца не было. Каб пазбегнуць праблемаў, Андрэй вырашыў зняць скрыню з акна на балконе і паставіць яе на падлогу. 26 красавіка ў дзверы ўсё ж такі пагрукалі людзі ў цывільным. Яны паказалі пасведчанне, але прадставіўся толькі адзін з іх — участковы Ленінскага РУУСа. Супрацоўнікі патлумачылі, што на Андрэя складзены пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне. Супрацоўнікі міліцыі адразу пайшлі да балкона, дзе, на іх думку, і праводзіўся пікет. У пратаколе, з якім яны прыйшлі, было пазначана, што Андрэй пікетаваў, размясціўшы папяровае палатно бел-чырвона-белага колеру на шкле балкона. Але замест папяровага палатна міліцыянты знайшлі скрыню. Гэта іх здзівіла, але і не спыніла перад затрыманнем. Таму яны прапанавалі Андрэю сабраць рэчы і праехаць разам з імі, пiша «Вясна назірае».

Са словаў хлопца, у Ленінскім РУУСе вопіс рэчаў праходзіў у гаражы. Андрэй адзначыў, што ў той дзень, 26 красавіка, з ім было каля сямі чалавек, затрыманых у цэнтры Мінску. У кабінеце, куда яго прывялі для гутаркі, у яго выпытвалі, за каго ён галасаваў на выбарах, ці не хацеў бы ён з’ехаць з краіны, якія ў яго адносіны да павышэння падаткаў і ці ведае хлопец пра тэлеграм-канал «Карнікі». Пасля «прафілактычнай гутаркі» Андрэя адправілі ў актавую залу разам з астатнімі затрыманымі і пратрымалі там амаль да гадзіны ночы. Затым да суда яго перавялі ў камеру ў РУУСе, а яшчэ праз суткі — у ІЧУ на Акрэсціна. У пятніцу Пархоменка этапавалі ў Жодзіна, дзе ён правёў астатнія 10 сутак.

Суд прайшоў у закрытым рэжыме

Першы суд над мінчуком адбыўся 27 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Яго абвінавацілі ў «пікетаванні шляхам размяшчэння папяровага палатна бел-чырвона-белага колеру на шкле балкона». Справу Пархоменкі разглядала суддзя Ленінскага раёна Юлія Інчына.

Сваю віну Пархоменка не прызнаў, бо, па яго словах, скрыню пакінулі мінулыя жыхары. У матэрыялах справы маецца чорна-белае фота скрыні, але суддзя Юлія Інчына вырашыла запрасіць у супрацоўнікаў РУУСа каляровае відэа. На відэа суддзя заўважыла, што на акне ў хлопца яшчэ вісіць нейкі малюнак, які мае белы і чырвоны колеры. Андрэй жа патлумачыў, што гэта герб Лепеля, на якім прысутнічаюць яшчэ сіні і жоўты колеры. Больш да гербу суддзя не вярталася. У выніку суддзя Інчына адправіла справу Андрэя на дапрацоўку. Больш яго справа ў раскладзе Ленінскага суда не з’яўлялася, таму валанцёры «Вясны» не патрапілі на пасяджэнне па справе Пархоменкі.

Пазней высветлілася, што справу ўсё ж такі разглядзелі амаль перад закрыццём суда. Суд фактычна прайшоў у закрытым рэжыме. На другім судзе прысутнічаў сведка-міліцыянт, які сцвярджаў, што замест скрыні асабіста бачыў на акне ў хлопца папяровае БЧБ-палатно. У выніку суддзя Інчына паверыла сведку і арыштавала Пархоменку на 15 сутак.

Асуджаны за Пагоню на пашпарце, былы следчы, затрыманы за трусіка з БЧБ-аброжкам. З кім хлопец сядзеў на «сутках»

Андрэй пацвердзіў, што цяпер у ізалятарах уся карэспандэнцыя забароненая, таму ўсё, чым ім было дазволена займацца, — размаўляць. Ён згадаў, што з ім сядзеў хлопец, які быў асуджаны на 15 сутак арышту за герб з Пагоняй на вокладцы пашпарта. Але даведаліся аб гэтым супрацоўнікі міліцыі толькі пасля таго, як яго квадракоптар заляцеў на тэрыторыю адміністрацыйнай установы, якая пацягнула адпаведную праверку.

Яшчэ нейкі час яму давялося сядзець побач з былым следчым — Мікітам Старажэнкам, які звольніўся пасля жнівеньскіх падзей. Яго затрымалі напапярэдні «Чарнобыльскага шляху» 23 красавіка і пакаралі 15-сутачным арыштам нібыта за непарадпадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Мікіта распавёў у камеры, што пасля звальнення ніякага ціску на яго не аказвалі, таму амаль восем месяцеў ён спакойна працаваў на іншым месцы, пакуль да яго не прыйшлі ў красавіку.

Фота: са старонкі Мікіты Старажэнкі ў сацыяльных сетках

Але самая прыемныя ўспаміны для Андрэя пакінуў 59-гадовы Аляксандр. Гэтага мужчыну ўжо некалькі разоў затрымлівалі па палітычным артыкуле за пікетаванне. Апошні раз яго затрымалі каля метро «Магілёўская» за тое, што ў труса, якога ён прадаваў, быў БЧБ-аброжак. Аляксандр Кутас не мае дому, але мае заробак і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Па словах Андрэя, менавіта праз добрыя адносіны супрацоўнікаў ізалятару да Аляксандра аблегчылі ўмовы і для ўсіх астатніх.

Скінуў 7 кілаграм за 15 сутак. Якія ўмовы ў ІЧУ

Андрэй распавёў, што першыя два дні з моманту затрымання яго ўвогуле не кармілі, а ваду можна было піць толькі з-пад крана. Ізалятары па-ранейшаму перапоўненыя: у ЦІПе на два спальныя месцы сядзелі 11 чалавек. У пятніцу ў Жодзіна этапавалі 70 чалавек і там стала трохі больш месца — 15 чалавек на 10 месцаў.

На вуліцу асуджаных выводзілі некалькі разоў, а вось у душ — толькі адзін раз за два тыдні. Андрэй распавёў пра харчаванне ў Жодзіне:

«Калі на Акрэсціна маглі даць нават катлету, то ў Жодзіне часам давалі толькі тушонку або адварную курыцу без смаку. Суп наогул выглядаў як вада».

7 кілаграм — менавіта столькі страціў у вазе Андрэй за 15 сутак.

«Білі па нырках, але гэта было па лайце, каб сінякоў не заставалася». Як ставяцца да «палітычных» у турме

Андрэй Пархоменка распавёў пра катаванні, якія працягваюцца ў ізалятарах да гэтага часу:

«У жодзінскім ІЧУ нас ставілі на расцяжку і камусьці білі па шчыкалатках, ад чаго заставаліся гематомы. Таксама білі па нырках, але гэта было па лайце, каб сінякоў не заставалася. Рабілі яны гэта ў «прафілактычных мэтах». Хлопцы там працуюць у асноўным маладыя і агрэсіўныя, таму дыялогу ў нас з імі не было. Яны спрабавалі нас палохаць сваімі крыкамі».

Аляксандр Пархоменка адзначыў, што ў жодзінскіх камерах холадна, таму ён там захварэў. На волі хлопец здаў тэст на COVID-19, які пацвердзіўся. Таблеткі ў турме — раскоша, якую атрымаць могуць не ўсе. Матрацаў у камерах, у якіх за 15 сутак паспеў пабываць Андрэй, таксама не было.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
6 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Су-30

смешна жа, не знайшоу месца для каробкі ў хаце, толькі ля вакна… 15 сутак сам зарабіў.

Последнее изменение около 25 дней назад
Scroll Up