Новости / Общество

Баранавіцкі актывіст Уладзімер Гундар: «Гэты суд будзе закрыты, а потым вернуць у Менск»

28.04.2021, 8:12  / remove_red_eye 331   / chat_bubble1

Фігурант справы аб падрыхтоўцы тэракту Ўладзімер Гундар ад пачатку красавіка знаходзіцца ў СІЗА Берасьця. Пра гэта паведаміла жонка актывіста Алена Гундар, якая спаслалася на лісты ад мужа, атрыманыя ўжо адтуль. Жанчына адзначыла, што лісты мужа ідуць зь Берасьця ў Баранавічы, дзе яна пражывае, амаль на тыдзень даўжэй, чым ішлі зь Менску, з «амэрыканкі». Як мяркуе Алена Гундар, перавод яе мужа ў вязьніцу ў Берасьці зьвязаны яшчэ з адным абвінавачаньнем, якое яму выставілі падчас расьсьледаваньня справы «аб тэрарызьме».

Баранавіцкі актывіст Уладзімер Гундар: «Гэты суд будзе закрыты, а потым вернуць у Менск»

Владимир Гундарь. Фото: Intex-press

«Паводле справы Аўтуховіча, у Валодзі 289-ы артыкул — аб тэрарызьме, але яму выставілі яшчэ і 366 артыкул — аб пагрозе жыцьцю праваахоўнікаў. Гэта зусім іншы эпізод. Пра яго я мала што ведаю. Паводле сьледзтва, Уладзімер падчас вобшуку ў хаце нібыта пагражаў сьледчым і разьбіў свой мабільны тэлефон. За гэта яму пагражае яшчэ 5 гадоў, але віну ён не прызнае. Гэты эпізод вылучылі ў асобную справу і перавялі мужа ў Берасьце, дзе павінен прайсьці суд. Але калі ён будзе, пакуль ня кажуць. Уладзімер мяркуе, што працэс над ім у Берасьці зробяць закрытым, а потым вернуць яго ў Менск, каб чакаў суду па справе Аўтуховіча аб тэрарызьме», — цытуе “Радые Свабода” жонку Ўладзімера Гундара Алену.

Зь яе словаў, перад Берасьцем Уладзімер яшчэ некалькі дзён пасядзеў у Менску на «Валадарцы», куды яго перавялі зь СІЗА КДБ.

Як і іншыя вязьні — фігуранты спраў па артыкуле аб тэрарызьме, Уладзімер Гундар цяпер абмежаваны ў атрыманьні грашовых сродкаў на асабісты рахунак, паведаміла Алена Гундар. Яе мужу давялося падпісваць адмысловую заяву, каб толькі даведацца, колькі грошай у яго засталося на рахунку з тых 80 рублёў, што жонка перавяла яму ў студзені.

Сядзіць Уладзімер у камэры на 4 чалавекі, на ўмовы ня скардзіцца. Адзначае, што кормяць у Берасьцейскім СІЗА нармальна, таму яму не патрэбныя харчовыя перадачы. Затое ёсьць праблемы з кнігамі, газэтамі і ліставаньнем.

«Ён любіць чытаць па-беларуску, але беларускіх кніг, што я перадавала, яму не аддалі. Нават вымаюць з канвэртаў беларускія вершы, якія ўкладала. Прыкладам, не дайшоў верш Ларысы Геніюш. Лісты ад сяброў большасьцю таксама не даходзяць. А наконт падпіскі на выданьні такая сытуацыя. У СІЗА абвясьцілі, што ня будзе магчымасьці падпісаць яго на газэты з волі, а толькі каб сам падпісваўся ў вязьніцы. А што яны там прапануюць, вядома — „Саўбелку“ ды такога ж кшталту дзяржаўную прапаганду. То бок спрабуюць абмежаваць вонкавую інфармацыю цалкам. Але ён не здаецца. Напісаў, што шчыра верыць, што Бог зь ім і Ён не дапусьціць несправядлівасьці», — сказала Алена і дадала, што яе мужу, шчыраму верніку, у няволі так і не дазволілі карыстацца Бібліяй.

«Самыя важныя малітвы перапісала ад рукі і даслала ў лістах. Па іх моліцца»

Уладзімер Гундар — інвалід, у яго вышэй за калена ампутавана адна нага. Да арышту Ўладзімер карыстаўся пратэзам, але ў «амэрыканку» браць пратэз забаранілі.

«Напісаў, што карыстаецца мыліцамі безь перашкод. А галоўнае, што паступова зажыла кукса, якую нацёр, калі забаранілі пратэз, і цяпер можа нармальна перасоўвацца, выходзіць на прагулкі. У камэры іншыя вязьні яго падтрымліваюць, быццам празь яго нават ня кураць, чаму ён вельмі рады, бо не пераносіць тытунёвага дыму», — паведаміла жонка Ўладзімера Гундара Алена. Жанчына таксама перадала словы падзякі валянтэрцы зь Берасьця Вользе, якая апякуецца яе мужам.

“Радые Свабода”

Чытайце таксама: «Над нами всеми навис большой страх». Жена барановичского активиста, которого обвиняют в терроризме, о жизни после ареста супруга

«Протез в СИЗО ему носить не разрешили». История Владимира Гундаря из Барановичей, которого власти обвиняют в терроризме

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
1 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Су-30

расьсьледаваньня

какой флаг, такой и язык у радио…

Scroll Up