Новости / Общество

Як Мёрскі край заквітнеў на найбуйнейшым балоце Беларусі

16.04.2021, 12:01  / remove_red_eye 714   / chat_bubble0

Моладзевыя ініцыятывы, спартыўныя святы, экалагічныя імпрэзы – шэраг актыўнасцяў нібы надаў паўночнаму раёну краіны другое жыццё. Сюды варта прыехаць не толькі каб атрымаць асалоду ад унікальных краявідаў, але і каб навучыцца ў мясцовых жыхароў развіваць, дзякуючы партнёрам, тое каштоўнае, што дала прырода.

Як Мёрскі край заквітнеў на найбуйнейшым балоце Беларусі

Экасцежка на балоце Ельня. Усе фота Настасся УТКІНА

Ад 2019-га да 2022 года Мёрскі райвыканкам у партнёрстве з «Аховай птушак Бацькаўшчыны» і Латвійскім сельскім форумам рэалізуе праект «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». Фінансуе праект Еўрапейскі саюз.

Каардынатар праекта па сацыяльнай інфраструктуры Наталля Будзько.

Каардынатар праекта па сацыяльнай інфраструктуры Наталля Будзько.

Развіваюць раён самі жыхары

Праект закранае розныя накірункі. Для таго, каб жыхары самі ўплывалі на развіццё раёна, пры Мёрскім раённым Савеце дэпутатаў стварылі першы ў Беларусі Грамадскі савет. Разам жыхары і ўлада распрацоўваюць Стратэгію ўстойлівага развіцця раёна, плануюць распрацаваць Моладзевую стратэгію ўстойлівага развіцця, а таксама дапаможнік па стратэгіі развіцця сельскіх тэрыторый. Паседжанні Грамадскага савета праводзяць раз на месяц, каб своечасова разглядаць пытанні, што хвалююць жыхароў.

Для таго, каб укараніць распрацаваную Стратэгію, праводзяць шэраг семінараў і трэнінгаў. Мясцовыя жыхары вучацца розным актуальным навыкам, распрацоўваюць ідэі, афармляюць іх у праекты. Сярод жыхароў летась правялі конкурс мясцовых ініцыятыў, па выніках якога дзесяць пераможцаў атрымалі фінансаванне. У межах праекта таксама набылі аўтамабіль для хуткай дапамогі і аўтамабіль для прыродаахоўнай установы «Ельня».

Каардынатар праекта па «зялёнай» інфраструктуры Марына Гернат.

Каардынатар праекта па «зялёнай» інфраструктуры Марына Гернат.

Тэматычны каардынатар па сацыяльнай інфраструктуры Наталля Будзько адказвае за тры накірункі: адукацыя, культура, медыцына. Тут галоўная задача – зрабіць жыццё мясцовых жыхароў і больш камфортным, і цікавым.

Напрыклад, удзельнікі інтэлектуальнага клуба «Мірэя» да пандэміі арганізоўвалі квізы для дарослых у кавярні. Жыхары ўдзельнічаюць у валанцёрскіх акцыях па прыборцы смецця на Ельні. Падчас сёлетніх веснавых канікул арганізавалі школьны летнік, на якім вучні распрацоўвалі ідэі для сёлетняга свята «Журавы і журавіны Мёрскага краю», якое ладзяць у верасні.

2021 год. Школьны летнік падчас вясновых канікул.

2021 год. Школьны летнік падчас вясновых канікул.

– У мінулым годзе было дзесяць сустрэч са школьнікамі раёна, падчас якіх маладым людзям расказалі, што такое мэты ўстойлівага развіцця і навошта яны патрэбныя, – патлумачыла каардынатар. – Нашай задачай было атрымаць адказ на пытанне: «Якім вы хочаце бачыць Мёры для вас, моладзі, каб хацелася сюды вяртацца, будаваць сям’ю і кар’еру?».

Школьнікі ўдзельнічаюць у розных актыўнасцях праекта: валанцёрскія ўборкі, распрацоўка Моладзевай стратэгіі, навучальныя трэнінгі.

За два праектныя гады тут паспелі ўпрыгожыць паўвостраў – цяпер усталёўваюць ліхтары, адрамантавалі дарожку, усталявалі артаб’ект «Мёры», дзіцячы гульнявы комплекс, лаўкі з выявамі з брэндбука.

Арт-аб’ект каля возера з элементамі брэндбука.

Брэндбук – таксама важная навінка, якая абагульвае самыя розныя аб’екты ў раёне ў адно стылістычнае цэлае. Напрыклад, у афарбоўцы лаўкі каля дзіцячай пляцоўкі адразу ўгадваецца адметная журавінка. Кожная з такіх выяў нібы замест хэштэга «#мёры». Такія элементы працуюць на візуальнае ўражанне, а таксама адразу ж пазнаюцца на фотаздымках.

Лаўкі, устаноўленыя ў рамках праекта, упрыгожаныя малюнкамі з брэндбука Мёрскага раёна.

– Мы імкнемся разбудзіць актыўнасць мясцовых жыхароў, далучаць іх да мерапрыемстваў праекта, каб яны мелі магчымасці для развіцця, – расказвае Наталля Будзько. – Удзельнікі конкурса мясцовых ініцыятыў, якія атрымалі гранты ў межах праекта, атрымаўшы столькі інфармацыі і ўбачыўшы магчымасці, усвядомілі, наколькі гэта важна. Цяпер наведваюць усе нашы трэнінгі. Прычым на трэнінгі прыходзяць не толькі школьнікі, але і студэнты, дарослыя, кіраўнікі арганізацый – яны разумеюць, што гэта і цікава, і патрэбна.

У гэтым годзе дзясятае свята «Журавы і журавіны» набудзе крыху іншы фармат. Моладзь сама распрацоўвае, што арганізуе на моладзевай пляцоўцы, і яна абавязкова здзівіць гасцей.

Умацоўваюць здароўе

Каардынатар па развіцці спорту Уладзіслаў Уткін.

Тэматычны каардынатар па развіцці спорту Уладзіслаў Уткін расказаў, што ўсе мерапрыемствы яго накірунку праводзяць як за кошт Еўрасаюза, так і з дапамогай суфінансавання сектара спорту і турызму райвыканкама. У спартыўнай школе выканалі капітальны рамонт падлогі, усталявалі спартыўныя пляцоўкі для воркаўта з вулічнымі трэнажорамі ў вёсцы Язна і ў аграгарадку Узмёны.

У спартыўнай школе праводзяць капітальны рамонт падлогі.

Дзіцячая пляцоўка на паўвостраве ў Мёрах, устаноўленая ў рамках праекта.

Таксама на тэрыторыі спорткомплекса паставілі тры глядацкія трыбуны з навесамі, кожная на 19 месцаў – дзве каля пляцовак для міні-футбола і адну каля пляцоўкі для пляжнага валейбола. У планах – устанавіць навес над глядацкімі трыбунамі каля гарадскога футбольнага поля.

У межах праекта таксама ладзяць спартыўныя мерапрыемствы – спаборніцтвы па валейболе, футболе, ладзілі «Мёрскую лыжню». Правялі першы на Мёршчыне велапрабег, два калядныя турніры па міні-футболе.

Унікальнае месца прыцягвае турыстаў

Экасцежка дазваляе ўбачыць ландшафт балота

Адметнасць Мёрскага раёна – балота Ельня. Гэта самае вялікае верхавое балота ў Беларусі і пятае па велічыні ў Еўропе. Да нядаўняга часу наведаць прыродную каштоўнасць было вельмі няпроста. Аднак падчас папярэдняга праекта, дзякуючы фінансаванню Еўрасаюза, атрымалася зрабіць драўляны насціл – экасцежку, па якой можна з камфортам прайсці па балоце.

Каля экасцежкі ўсталююць дзве назіральныя вышкі.

Экасцежка на балоце Ельня.

Экасцежка на балоце Ельня.

Аднак да самой экасцежкі быў прыкладна кіламетр бездарожжа, пераадолець якое было вельмi цяжка, асаблiва ў міжсезонне, а таксама ў сезон дажджоў. Сёлета ж гэтую праблему атрымалася вырашыць – у межах праекта праклалі драўляны насціл. Дзесяць хвілін – і вы на кемпінгу, дзе абуладкаванае месца для вогнішча, туалет, навес. А побач – ужо сама экасцежка. За гэтую задачу адказвае тэматычны каардынатар па «зялёнай» інфраструктуры Марына Гернат:

– Быў шэраг складанасцяў падчас будаўніцтва насціла. Гэта тэрыторыя заказніка, таму спатрэбілася ўсё дасканала ўзгадняць. А саму работу праводзіць так, каб не нашкодзіць прыродзе. Ніводнае дрэва падчас будаўніцтва на тэрыторыі заказніка не пацярпела!

На экасцежцы размешчаныя інфармацыйныя стэнды.

Калі раней Ельня для многіх мясцовых жыхароў была месцам збору журавін, то цяпер такі ажыятаж вакол аб’екта і ў іх саміх выклікаў зусім іншае стаўленне да месца. У 2020 годзе падчас пандэміі многія жыхары Беларусі не мелі магчымасці выехаць на адпачынак за мяжу, таму Ельня стала месцам прыемнага і экалагічнага адпачынку. У межах праекта каля экасцежкі яшчэ зробяць вышкі, з якіх будзе зручна назіраць і за балотам, і за птушкамі.

Дзякуючы праекту Мёрскі край развівае свае магчымасці і прыцягвае турыстаў. А самае галоўнае – становіцца ўсё больш прывабным для саміх мясцовых жыхароў, якім хочацца тут заставацца і рабіць яго яшчэ лепшым.

У 2021 годзе ў рамках праекта пабудавалі драўляны насціл, які вядзе да экасцежкі.

У 2021 годзе ў рамках праекта пабудавалі драўляны насціл, які вядзе да экасцежкі.

Балота, утворанае апошнім ледавіком

Каля балота можна выявіць шмат валуноў, пакрытых мохам, якія засталіся пасля апошняга ледніка.

Марына Гернат падзялілася захапляльнымі фактамі пра Ельню:

1. Балоту каля 9000 год. Яно ўтварылася пасля адступлення апошняга ледавіка. Паабапал дарогі, якая вядзе да балота, вы можаце заўважыць пакрытыя мохам валуны, якія засталіся яшчэ ад ледавіка.
2. У маі паверхня балота пакрытая белым – гэта расліна пушыца.
3. У савецкі час тут збіраліся правесці меліярацыю. Дзякуючы вычарпальным аргументам навукоўцаў атрымалася пераўпэўніць кіраўніцтва і дамагчыся, каб балота не асушалі.
4. Тут вельмі шмат сфагнума – гэта мох, які не мае каранёў. Сфагнум выкарыстоўвалі, каб абеззаразіць рану, у гігіенічных мэтах для жанчын.
5. Тут расце драпежная расліна расянка, якая харчуецца насякомымі.
6. Адзін гектар балота вырабляе ў дзесяць разоў больш кіслароду, чым лес аналагічнай плошчы.
7. У беларускай мове словы «журавы» і «журавіны» падобныя, магчыма, таму, што кветка журавіны нагадвае галаву журавоў.

Статья подготовлена в партнерстве с EU Neighbours East. Взгляды, выраженные в тексте, принадлежат исключительно автору статьи.

 

«B&S EUROPE» (Би энд Эс Юроп), № 0442.745.018

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии