Новости / Общество

«У Жодзіне адвялі ў душавую і сталі дубасіць. А пры вызваленні міліцыянер сказаў: «Давайце яму дубінку ў сраку засунем»

7.04.2021, 17:27  / remove_red_eye 776   / chat_bubble6

Лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч адбыў 15-суткавае пакаранне ў турмах на Акрэсціна і ў Жодзіне.

«У Жодзіне адвялі ў душавую і сталі дубасіць. А пры вызваленні міліцыянер сказаў: «Давайце яму дубінку ў сраку засунем»

Дзяніс Урбановіч. Фота Волі Афіцэравай

Кіраўніка «Маладога фронту» прэвентыўна затрымалі напярэдадні Дня Волі. Сваімі ўражаннямі ад зняволення хлопец падзяліўся з «Нашай Нівай».

«Мяне затрымалі 21 сакавіка. Я прачытаў, што ранкам затрымалі спадара Ігара Барысава з БСДП, а праз паўгадзінкі выйшаў з хаты ў Малінаўцы, перайшоў дарогу да прыпынку — і ўжо з усіх бакоў да мяне пабеглі.

Паказалі пасведчанне, прапанавалі праехаць у Кастрычніцкае РУУС. Я пытаюся: «А які пратакол?» Мне адказвае амапавец: «Ну вы ж самі ўсё разумееце, так трэба». Міліцыянеры склалі пратакол, што я не падпарадкаваўся нейкаму іхняму патрабаванню.

Мяне адвезлі на Акрэсціна. У панядзелак быў запланаваны суд, ён прайшоў за пару хвілін. Быў незразумелы сведка ў масцы, які расказаў, што ён прапанаваў мне прайсці на прафілактычную гутарку, я адмовіўся, сеў на асфальт, пацягнуў яго за рукавы. Стандартная такая схема, судзіла мяне Вольга Няборская — 15 сутак. Было шмат людзей у той дзень, якіх судзілі.

Потым мяне перавялі на ЦІП. У двухмясцовай камеры нас было 10 чалавек. Усё як звычайна: вядро хлёркі на праверцы. Добра так пякло вочы, цяжка дыхаецца. Асабліва кепска, калі ты сядзіш на другім ярусе. Недзе праз гадзінку завялі да нас Ігара Барысава. Спалі на падлозе, хто як можа. Адну ночку перажылі, і нас павезлі на Жодзіна.

У нас у аўтазаку было 22 чалавекі: 12 хлопцаў і 10 дзяўчат. Спачатку ў Жодзіне ўсё было добра: 10 чалавек на 10-мясцовую камеру. Але потым падкінулі яшчэ пяць чалавек. Калі нас было ўжо пятнаццаць, то прыйшла міліцыя, якая забрала ў нас матрацы, падушкі, кнігі, ручкі, сканворды, судоку, шашкі, гульню «Уна». Забіралі з фразай: «Добра жывяце? Ну цяпер будзеце яшчэ лепш жыць».

На Акрэсціна на падлозе спаць лепш, бо там падлога драўляная, а ў Жодзіне на плітцы халаднавата. Калі ў 2015 годзе я сядзеў па крымінальнай справе ў Жодзіне, то ведаў, што гэты корпус, дзе цяпер сядзяць палітычныя, для «крытчыкаў» — вязняў, якія сядзяць ва ўмовах крытага рэжыму, а таксама было дзве камеры з «малалеткамі». Калі я ўвайшоў у камеру, то адразу зразумеў, што яна была для «крытчыкаў», бо двое дзвярэй, а таксама ёсць дзірка для здымання кайданкоў. Калі заходзіць міліцыя, то трэба стаць тварам да сценкі і рукі трымаць ззаду — гэта таксама выкарыстоўваецца толькі ў дачыненні да «крытчыкаў». Для адміністрацыйнікаў такога не павінна быць. Нават калі я сядзеў пад следствам у СІЗА, то такога не было.

1 красавіка ад ранку — не ведаю, што ў іх там здарылася — забралі з нашай камеры штангіста Сашу Ціхановіча і збілі. Яго вывелі літаральна на 10 хвілін і прывялі назад. Тады дзяжурны паказвае пальцам на мяне: «Ты таксама выходзь». Я чысціў зубы, нават не спаласнуў, толькі шчотку паклаў. Мяне адвялі ў душавую. Я нават не паспеў нічога зразумець, як дасталі дубінку і сталі дубасіць. Урэзалі па срацы два разы і разы чатыры па спіне джганулі. Я пытаюся: «Што такое?» Адказваюць: «Ты смуту ў камеры не наводзь». Якую смуту, я так і не зразумеў. Кажа: «Ты ж не шараговы апазіцыянер, павінен разумець».

У Жодзіне прысутнічае рэзерв — гэта група падаўлення. Калі зэкаў вядуць, і яны нападаюць на канвой, то клічуць рэзерв. Гэта амапаўцы. Тады яны ўжо сцелюць усіх запар: б’юць па галовах, ні па чым іншым. Заўсёды трэба закрываць галаву рукамі, хай лепш па іх б’юць.

Потым адвялі ў камеру, я ім нешта яшчэ сказаў, маўляў, што вы за ўсё будзеце адказваць. Праз гадзіну задзіраю майку, дык у мяне ўся спіна сіне-фіялетавая, нават цяпер яшчэ жоўтае пятно засталося. На праверцы чуюцца крыкі, стогны, мы ўжо ўсе замерлі — у асноўным жа студэнты сядзелі, радыёфізікі і юрысты, — а там плескачы, крык за дзвярыма. І тут заходзяць да нас, называюць прозвішчы. Трэба выбягаць з камеры з галавой уніз. Калі не бяжыш, то цябе б’юць дубінкамі па руках, нагах, падганяюць.

Паставілі ў калідоры на такія расцяжкі, што я думаў штаны трэснуць, рукі вывернутыя далонямі вонкі. Камусьці дубінкай далі па спіне, камусьці нагой па назе, мне каленам у паясніцу, а потым проста прыціснулі да сценкі. І так ва ўсіх камерах крыкі: «Не біце».

У аднаго хлопца на прасціне знайшлі надпіс «Жыве Беларусь», сталі збіваць, ён ці заплакаў, ці што, толькі тады спыніліся. У дзяўчат ціха было, іх не білі. Хлопцаў ганялі ўсіх.

Яны былі ў міліцэйскай форме і балаклавах. Забіралі цукаты, арэшкі, калі цягам двух дзён не з’ясі. Нават вільготныя сурвэткі забралі. Праверкі былі ноччу па два разы, рабілі пераклічку.

Паводзяць сябе нахабна, крычаць, абражаюць. Адзін чалавек крычаў на іншых: «Я вас вучыў, як праводзіць вобшук, як ствараць умовы, чаму вы гэта не робіце?» Ён крычаў на міліцыянераў, я не мог глянуць, хто дакладна гэта быў. Значыцца, ініцыятыва сыходзіла не ад іх, а ад кагосьці зверху.

Калі вызваляўся, то пашанцавала троху. Яны троху паблыталі, правяралі на наяўнасць лістоў, запісак, кагосьці білі, кагосьці да сценкі прыціскалі, а я гэта ўсё засунуў у ручнік і бялізну і кінуў у кут. Яны мяне распранулі да трусоў, але нічога не знайшлі. Тады малады дзяжурны глядзіць маю справу. Кажа, о, глядзіце, колькі разоў яго прыцягвалі, Урбановіч, ты зусім нахабным стаў? Давайце яму дубінку ў дупу засунем! Скруцілі, паклалі на стол, я думаў, мне ўжо кірдык, але амаль адразу адпусцілі, нічога не рабілі. Сэрца грукае — гэта ўжо перабор. Потым павялі мяне на вызваленне.

Са мной вызвалялі такога хлопца Адамовіча, дык яго шлёпнулі аб сценку, ім не падабалася яго прозвішча. Яшчэ не любілі прозвішча Ціхановіч, бо падобнае да Ціханоўскага. Ціхановіча білі выключна за прозвішча. Ён там пяты раз сядзіць, да яго прыйшлі проста дадому і забралі. А мяне білі чыста праз «Малады фронт», я так думаю.

Сядзелі ў асноўным студэнты са мной, іх затрымлівалі на Бангалоры 27 сакавіка. Калі заехаў, то там сядзелі двое «бывалых», якія сварыліся з палітычнымі, што праз нас яны не кураць, вельмі тузаныя хлопчыкі. У аднаго з іх міліцыянер вырваў клок валасоў, я такога ніколі не бачыў.

Усім супрацоўнікам ад 20 да 25 гадоў — яны ўсе маладыя. Я пазнаў аднаго міліцыянера, які раней працаваў у ізалятары на Скарыны ў Мінску, ён мяне таксама пазнаў.

Мы сядзелі і думалі, што ж іх так пераклініла. А яны нам казалі, што мы тэракты праводзім, вайну. Якія, блін, тэракты, пра што вы? Яны нам казалі, што нашы дзеці будуць на іх маліцца, што яны, маўляў, вайну не дапусцілі ў краіну. Я такога дэбілізму яшчэ не чуў».

nn.by

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
6 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
zolak

Это всё что нужно знать о сути белорусского государства. Отрицательная селекция в действии.

Scroll Up