Новости / Общество

«У чым сэнс жыцця?». Пра што пішуць палітвязні ў лістах

4.04.2021, 13:08  / remove_red_eye 245   / chat_bubble0

Большасць — пазітыўныя, поўныя ўпэўненасці ў сваіх сілах і будучыні. Але часам прыходзяць сігналы і пра дэпрэсію. І самі сабой ствараюцца механізмы ўзаемападтрымкі.

«У чым сэнс жыцця?». Пра што пішуць палітвязні ў лістах

Фота: nn.by

Два месяцы таму я з азартам узялася пісаць палітвязням. Штотыдзень стараюся адправіць прынамсі 3—5 паштовак або лістоў тым, чые гісторыі мяне закранулі, і тым, каму менш пішуць, цытуе Паўліну Скурко «Наша Ніва». Сайтаў са спісамі і дадзенымі палітвязняў тры: dissidentby.com, prisoners.spring96.org і politzek.me. На першым і апошнім ёсць магчымасць зарэгістравацца і пазначаць, каму ты пішаш. Так ствараецца карцінка, каму пішуць больш, каму менш. Каму падтрымка патрэбнейшая.

Лісты даходзяць слаба. Як пішуць самі вязні, гэта латарэя — чый дойдзе. Каму лісты не даходзяць, ёсць іншы спосаб — грашовы перавод. Душу туды не ўкладзеш, цёплых слоў не напішаш, але знак ёсць знак (вязень атрымае квітанцыю з вашым прозвішчам і зможа атаварыць грошы ў турэмнай краме або, калі захоча, забярэ іх пры выхадзе з турмы).

У адмысловай групе ў «Фэйсбуку» нехта напісаў скрушлівы допіс: маўляў, пішу-пішу — і ніводнага адказу. У каментах высветлілася, што адказы складаюць прыкладна 10% ад адасланага. «Я адправіла 180 лістоў і атрымала на іх 18 адказаў», — піша жанчына.

Людзі выказваюць назіранні, што ў калоніі лісты перадаюць лепш, чым у СІЗА.

«Над нами всеми навис большой страх». Жена барановичского активиста, которого обвиняют в терроризме, о жизни после ареста супруга

Таксама загадка, ці ўплывае на нешта тып ліста. Просты канверт, канверт 1-га класа ці заказны з паведамленнем — здаецца, большасці цэнзараў усё адно. Нехта, праўда, заўважае, што з лістоў дайшлі выключна канверты 1 класам, а простых — ніводнага. Таксама пішуць, што ў ізалятар у Жодзіне найлепш даходзяць заказныя з паведамленнем…

Чаму адны лісты адхіляюць, іншыя прапускаюць — загадка. Іх чытаюць і не пускаюць? Іх выкідаюць не чытаючы? Што ж, некалі ўсё гэта стане вядома. Відаць, ёсць тут і разлік дэмаралізаваць грамадства. Ёсць, відаць, і нейкая логіка.

Гісторыкі адзначаюць, што ў Савецкім Саюзе лісты ў турмы даходзілі ўсе гарантавана. Такім чынам, і ў гэтым цяперашні рэжым перафарсіў савецкі.

Грамадства спее на вачах, і самі сабой ствараюцца механізмы ўзаемападтрымкі. У рэгіёнах існуюць тэлеграм-чаты родных і сяброў палітвязняў. У групе «Лісты салідарнасці» ў «Фэйсбуку» ўжо 2500 чалавек. Яны дзеляцца напісаным ды атрыманым і не думаюць здавацца. Чытаць тамтэйшыя допісы — проста тэрапія. Аказваецца, душа беларуса шырокая, як жнівеньскае неба, і ўсеяная зоркамі. Уражваюць драбнічкі.

Нехта дасылае хлопцам спецыяльныя наборы паштовак, каб віншавалі сваіх дзяўчат з 14 лютага. Сямейным укладаюць налепкі, каб перасылалі сваім дзецям такія вітанні з турмы. Для палітвязня з псіхічнай хваробай (у яго свядомасць 7-гадовага дзіцяці) пішуць лісты друкаванымі літарамі і адпраўляюць фота сваіх хатніх гадаванцаў.

Пісьмы маме і тату ад Дзімы Гопты. Гэтага 21-гадовага юнака з разумовай адсталасцю таксама адправілі ў калонію за ўдзел у процістаянні з міліцыяй падчас пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Рэквізіты, па якіх можна дапамагчы сям’і Дзмітрыя Гопты: 4344 8434 2060 1346 (03/22) — БелІнвестБанк (Volha Hopta). Турэмны адрас Дзмітрыя Гопты: Дзмітрый Валер’евіч Гопта СІЗА-3, Гомель вул. Кніжная 1А, 246003

Маё галоўнае назіранне: не столькі мы падтрымліваем вязняў, колькі вязні — нас. Такі чысты дух ідзе ад гэтых лістоў! Большасць — пазітыўныя, поўныя ўпэўненасці ў сваіх сілах і будучыні. Але часам прыходзяць сігналы пра дэпрэсію. Тады народ піша: трэба падтрымаць хлопца. І дзясяткі лістоў, пераводаў назаўтра ляцяць на яго падтрымку.

* * *

Ведаю, што многія хацелі б, але не ведаюць, як адправіць грашовы перавод вязню. Гэта вельмі проста. Гэта можна зрабіць анлайн, праз інтэрнэт-банкінг (але тады не прыходзіць пацверджанне, яго можна атрымаць толькі з адвакатам або ў пісьме; СІЗА-1 — выключэнне, у яго праз банкінг не пашлеш), а можна паштовым пераводам. Трэба ведаць імя, прозвішча і пажадана імя па бацьку адрасата (палітвязня) і месца зняволення. «Мне трэба адправіць грашовы перавод» — кажаце вы і даяце работніцы пошты імя, адрас ды грошы. Гатова.

* * *

Пра што пісаць незнаёмцам? Я пісала пра сваю сям’ю, вясёлыя выпадкі з апошняга часу, цікавосткі сваёй работы, мары. Таксама пераказвала нейкія факты з сусветнай культуры, якія нядаўна прачытала і якія мяне ўразілі.

«С адвокатом общаюсь чаще, чем со своей мамой». Дарья Лосик – о жизни в ожидании освобождения мужа, отношениях, которые познаются в беде, и мечтах

Я адправіла каля сарака лістоў. Атрымала (пакуль?) толькі тры адказы ад незнаёмцаў. А таксама ўжо некалькі — ад Алы Шарко, затрыманай па справе «Прэс-клуба». Яна ў кожным лісце адпраўляе малюнак. Перажывае, што колеры насамрэч не такія, як яна іх бачыць — у камеры кругласуткавае бляклае электрычнае асвятленне. А сонца — толькі на прагулцы. «Шмат хто не любіць «Рускае радыё», што грае. Я не задумваюся ўжо на гэты конт: навошта кожны раз раздражняцца? А на днях там круцілі некалькі разоў прыгожую песню Цоя «Кукушка». Там такія прыгожыя словы… Шукаеш моманты радасці — знаходзіш іх. Не шукаеш — не будзе ўсмешак, — піша Ала ў нядаўнім лісце. — А песня «Самый лучший день проходил вчера…» кожным разам выпадае на мыццё ўнітаза. Цуд нейкі!:)» Пісала, што развучваюць танцы народаў свету і па выхадзе падумваюць даваць канцэрты ансамбля «Валадарачка».

Ліст ад Вольгі Залатар, мамы пяці дзяцей, зняволенай на Валадарцы. Яе адрас: Вольга Віктараўна Залатар. СІЗО-1, Мінск вул. Валадарскага 2, 220030

А незнаёмцы — вельмі розныя. Адказаў мне з «хіміі» магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў, 58 гадоў. Яго віна — аблаяў суддзяў падчас суда. Сумуе, што Магілёў спіць — «на 30 лістоў з Мінска — 1 з майго Магілёва». Перажывае за жонку, піша, што гэта не вязням — гэта іх сем’ям прысуджаюць гады пакут. «Падтрымка? Я з тых, каму ніхто і нішто не трэба, я — самадастатковы. Але кожны ліст, паштоўка — каменьчык у падмурак новай Беларусі». Цяпер палітвязень у магілёўскай турме — «на хіміі» ён дамагаўся мінімальнага заробку, гарантаванага дзяржавай, інакш адмаўляўся працаваць. Яго перавялі ў турму, яму пагражае артыкул «ухіленне ад адбыцця пакарання».

З СІЗА Гомеля атрымала адказ ад Аляксандра Баброва, 38 гадоў. Гэта рабочы БМЗ у Жлобіне, які ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў разам з іншымі рабочымі перакрываў дарогу для тэхналагічнага транспарту на тэрыторыі завода. 2,5 гады калоніі. «У мяне настрой падымаецца дый час мінае хутчэй, калі прыходзяць лісты. І разумееш, што некаму не абыякавы твой лёс», — піша Аляксандр.

Ён — гітарыст-віртуоз і запрашае ўсіх на свой youtube-канал з каверамі.

Рэквізіты, па якіх можна дапамагчы сям’і Бабровых: 5470 8740 4219 5485 (да 09/23) — Беларусбанк (Instant Card, не іменная карта сям’і). Турэмны адрас Баброва — тут.

Жлобін асабліва пацярпеў. У горадзе металургаў — ужо паўтара дзясятка палітзняволеных, пераважна рабочых.

Вельмі крануў ліст ад 25-гадовага Уладзіслава Еўсцігнеева з Маладзечна. Ён кінуўся бараніць чалавека ад ціхароў яшчэ ў той дзень, калі людзі выйшлі пратэставаць супраць цынічнай нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі. Памятаю, як мяне ўразілі тыя кадры. Тры гады калоніі ў Наваполацку.

Ад ліста Улада ў мяне здарыўся катарсіс. Упершыню за многа месяцаў выступілі слёзы. Адступіла з душы чарната.

«Будь весёлым, дерзким, шумным, драться надо — так дерись», — вучыла Чарапаха Тарціла. Я пісала Уладу, што апошнія паўгода пастаянна згадваю гэты выраз з дзіцячага фільма. Ён у адказ піша, што выхоўваўся на мульціках і фільмах пра караля Артура, Робіна Гуда, Артура і мініпутаў. «Дабрыня, чысціня сэрца, каханне і любоў, здольнасць прыйсці на дапамогу — менавіта на гэтых маральных устаноўках я і вырас. І пакуль у сэрцы чалавека будзе жыць дзіця, ён ніколі не зробіць іншаму шкоды».

Дарья Лосик не получает писем от мужа. Барановичский политзаключенный Игорь Лосик за решеткой уже 281 день

Дзіця і сям’я — самае важнае ў жыцці, піша хлопец. «Маё дзіця ніколі не будзе слухаць хлусні на тэлебачанні, і, калі ў адукацыйнай установе яго паспрабуюць агітаваць на амаральныя дзеянні, добра той установе не будзе!» Яго дзяцінства было не вельмі радасным. З 7 класа выхоўваўся ў прыёмных бацькоў… «Тэма дзяцінства выклікае ў мяне шмат пачуццяў…»

Я прасіла Уладзіслава распавесці пра сябе, і ён распавёў. Гэта насычаная і няпростая біяграфія. Харашыст, сярэдні бал у школе быў большы за 7. Але прыйшлося памяняць тры школы. Вучыўся і ў школе мастацтваў. Скончыў каледж па спецыяльнасці тынкоўшчык і плітачнік. Доўга не мог уладкавацца на працу, казалі, не стае досведу ці адукацыі. Рабіў на будаўніцтве — з нуля навучыўся ўзводзіць хаты. Вельмі ўпадабаў гэта, планаваў вывучыцца на архітэктара, але не паступіў. Потым — апаратчык на мясакамбінаце, а з-за скарачэнняў перайшоў у лякарню і ў час COVID амаль паўгода працаваў дэзінфектарам.

«Як Вы лічыце, у чым сэнс жыцця?» — пытае Уладзіслаў на палях.

Турэмны адрас Уладзіслава Еўсцігнеева: ІК №1, 211440, Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8

Страшэнна крыўдна, што такія людзі, як Улад, цяпер за кратамі. Найлепшыя людзі. Соль зямлі. Самыя адважныя, самыя рашучыя. Якія перамаглі ў сабе страх. Яны мусяць кахаць, будаваць хаты, выхоўваць дзяцей. Гэта людзі, пра якіх хочацца пісаць кнігу. Людзі, якія мусяць застацца — і застануцца — героямі нашай гісторыі.

Лапідарнае развітанне ад журналіста Андрэя Аляксандрава

Хочацца пакласці перад імі цэлы свет, упакаваць яго ў пасылку (але пасылкі можна дасылаць толькі ў СІЗА! у калонію гэта мусяць рабіць родныя!) або — у канверт.

Пішыце лісты! Мы падтрымліваем вязняў, але непараўнальна больш падтрымліваюць яны нас.

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии