«Не было б БНР – не было б і Беларусі». Жыхары горада Баранавічы – аб тым, чаму Дзень Волі важнае для іх свята — Проекты Интекс-пресс

«Не было б БНР – не было б і Беларусі». Жыхары горада Баранавічы – аб тым, чаму Дзень Волі важнае для іх свята

Дзень Волі адзначаецца ў нашай краіне 25 сакавіка. У гэты дзень у 1918 годзе была зацверджана Трэцяя Устаўная грамата, якая абвяшчала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Intex-press спытала ў жыхароў горада Баранавічы, для каторых Дзень Волі – важны дзень, чаму гэта свята трэба адзначаць.

Віктар Мязяк, сябра Рады ГА «Таварыства беларускай мовы»:

– Адзначаць гэта свята трэба, таму што гэта Дзень Незалежнасці. Усе краіны ў свеце адзначаюць тыя дні, калі яны сталі незалежнымі. У кагосьці гэта адбылося не так даўно, як у нас, а ў кагосьці і сто, і дзвесце гадоў таму. Звычайна гэта суправаджалася падпісаннем нейкай дэкларацыі ці граматы. Дык вось, у Беларусі такая падзея адбылася 25 сакавіка 1918 года, калі была прынятая Трэцяя Устаўная грамата БНР – гэты дзень трэба лічыць пачаткам беларускай дзяржаўнасці. Дарэчы, з 1991-га па 1994 год гэта свята адзначалі на дзяржаўным узроўні, але ў апошнія дзесяцігоддзі людзям даводзіцца атрымліваць дазвол на святкаванне гэтай даты, выходзіць на плошчы пад пільным позіркам сілавікоў.
Для мяне гэта адно з самых найважнейшых святаў, нават на сямейным узроўні. Сям’я ў меня беларускамоўная, усе ведаюць гісторыю, таму разумеюць, што 25 сакавіка – вельмі важны дзень. Не было года, каб мы не збіраліся за сталом. Усё, што я магу зрабіць для сям’і, я раблю, каб мае родныя таксама адчувалі сябе беларусамі і разумелі «Што, дзе, калі».

Галіна Дуброўка, пенсіянерка:

– З гісторыі відаць, што Беларусь не мела і не мае свабоды што ў мінулыя стагоддзі, што цяпер. Але трэба аддаць даніну памяці тым людзям, якія 25 сакавіка 1918 года ажыццявілі спробу стварэння першай беларускай незалежнай дзяржавы, хоць яна і праіснавала, на жаль, нядоўга. Аднак абсалютна відавочна, што без БНР не было б ні БССР, ні сучаснай Рэспублікі Беларусь. І, на мой погляд, гэта найважнейшая дата ў гісторыі нашай краіны. Кожны год патрыёты адзначаюць гэтае свята, іншая справа, што не заўсёды ўдаецца правесці яго масава. Улада не хоча прызнаваць гэтую дату.
Асабіста мне вельмі б хацелася, каб гэта было самае галоўнае дзяржаўнае свята ў нашай краіне. Гэтую дату я адзначаю даўно, пастаянна сачу за падзеямі: як святкуюць гэты дзень у Мінску, як у іншых гарадах, за мяжой. На жаль, цяпер людзі баяцца выходзіць і паказваць, колькі нас насамрэч. Я ўпэўненая, калі б у гэтым годзе свята было б афіцыйна дазволенае, на вуліцы беларускіх гарадоў выйшлі б мільёны чалавек.

Мікалай Падгайскі, намеснiк старшынi Баранавiцкай гарадской арганiзацыi ГА «Таварыства беларускай мовы»:

– Беларусы дамагаліся набыць сабе свабоду яшчэ з часоў падзелу Рэчы Паспалітай: былі паўстанні, выступленні супраць царскай і савецкай улады, загінула шмат людзей. Беларусы заўсёды марылі аб дзяржаўнасці. Таму толькі свая дзяржава дае народу максімум зрушнасці для жыцця. Незалежнасць – мара некалькіх пакаленняў, яшчэ з часоў, калі беларусы называліся «ліцвінамі». І акт аднаўлення цяперашняй незалежнасці можна лічыць актам справядлівасці, таму што наш народ заслужыў гэта права. Я лічу, што калі б не было падзей 25 сакавіка, то не было б і Рэспублікі Беларусь.
Дзень Волі – для мяне надзея, што хутка ўсё будзе добра. Што ў нас будзе дэмакратыя, нармальная дзяржава і жыццё.
Надзея, што калісьці на нашай зямлі будзе панаваць беларуская мова і культура.

Дзмітрый Асіповіч, гісторык:

– Я лічу, што гэты дзень – адзін з найважнейшых для беларусаў. Гэта даніна памяці тым людзям, якія стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. І, наогул, любая гістарычная дата мае важны сэнс, незалежна ад ідэалогіі і палітычнага ладу. Гэта наша гісторыя, якую трэба ведаць і цаніць.
На жаль, узровень гістарычнай адукаванасці нашага насельніцтва па большай частцы ніжэй сярэдняга. Мала хто ведае, што было да XX стагоддзя. «Хадзілі беларусы пад бізуном, былі тупымі мужыкамі і не ведалі роду свайго». Але на самай справе ўсё было зусім не так. У нас глыбокая, шматвекавая гісторыя, якую мы павінны ведаць і паважаць. Узровень ведання гісторыі свайго народа роўны ўзроўню патрыятызму і любові да Радзімы.
Для мяне гэтая дата важная з той прычыны, што 103 гады таму беларусы канчаткова заявілі, што яны гатовыя быць самастойнымі, сфармаваліся як нацыя і хочуць, што называецца, «людзьмі звацца».

Таццяна Малашчанка, старшыня камісіі па выкарыстанні беларускай мовы, выхаванні і адукацыі ГА «Таварыства беларускай мовы»:

– Гэты дзень я заўсёды разглядала як дзень Дабравешчання, таму што я грэка-каталік, і ў гэты дзень мы святкуем Добрую вестку. 25 сакавіка, з аднаго боку, для мяне царкоўнае свята, а з другога – нацыянальнае – Дзень Волі. Я ўпэўнена, што гэта адзін з самых знакавых і сакральных дней у беларускай гісторыі. Тады фактычна зарадзілася наша дзяржаўнасць, і гэта трэба памятаць.
Адзначаць гэты дзень я пачала ў 2006 годзе. 25 сакавіка мы ўсёй сям’ёй накіраваліся ў Мінск, дзе прайшліся з нацыянальнымі сімваламі да сквера Янкі Купалы. Тады ўпершыню я адчула гэтую моцную энергетыку беларусаў – такіх жа людзей, блізкіх мне па духу, з такімі ж гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Ну і потым кожны год мы спрабавалі адзначыць гэты дзень ці ў Мінску, ці у Баранавічах. Але, на жаль, у нашым горадзе не заўсёды была такая магчымасць.

Евгений Малиновский, настоятель парафии святых Кирилла и Мефодия

– Для меня 25 марта – это в первую очередь Благовещение Пресвятой Богородицы. Кто не отмечает Благовещение – тот не может надеяться на День Воли. Вначале было слово, а потом уже нация. Нация – это только конструкция, приобретенное качество, которое исходит из слова Божьего. А с этого слова и логика. Если мы празднуем этот день безо всякой логики, то чего можно ожидать от такого Дня Воли? Если белорусы не молятся и не знают, что такое logos и Иисус Христос, ничего хорошего ждать не приходится. И через какие бы усилия и жертвы не приходилось бы пройти, без Бога мало что получится.
Конечно, я понимаю, что этот праздник очень много значит для белорусов. Я часто хожу по улице с национальной символикой, бывает, что люди говорят мне: «Жыве». И я в ответ: «Жыве». Это придает много сил. И я перестаю бояться, потому что знаю, что со мной Господь и поддержка людей.

Таймлайн. Стварэнне БНР

Германія абвяшчае вайну Расіі, пачынаецца Першая сусветная вайна.

Немцы займаюць Вільню.

У Расіі адбываецца Лютаўская рэвалюцыя, цар Мікалай ІІ адракаецца ад пасаду.

У Мінску адбываецца З’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які абірае Беларускі нацыянальны камітэт.

У Мінску праходзіць З’езд беларускіх арганізацый і партый, утвараецца Цэнтральная рада беларускіх арганізацый.

У Мінскую гарадскую думу выбраны будучыя дзеячы БНР Аркадзь Смоліч і Лявон Заяц.

У Мінску адбываецца першая сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый.

Адбываецца другая сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, утвараецца Вялікая беларуская рада.

Бальшавікі ўчыняюць у Петраградзе дзяржаўны пераварот.

Вялікая беларуская рада асуджае бальшавіцкі пераварот.

Бальшавікі захопліваюць уладу ў Мінску.

У гарадскім тэатры ў Мінску (цяпер — тэатр імя Янкі Купалы) пачынае працу Усебеларускі з’езд.

У Брэсце пачынаюцца расійска-нямецкія мірныя перамовы.

Бальшавікі разганяюць Усебеларускі з’езд.

Утвараецца Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда.

Пачынаецца агульны наступ нямецкіх войск на Усход, у выніку якога занятыя краіны Балтыі, Беларусь, частка Расіі, Украіна, частка Паўночнага Каўказа.

Выканаўчы камітэт Рады выдаў Першую Устаўную грамату, абвесціўшы сябе Часовым урадам на Беларусі. У Грамаце сцвярджалася, што ўрад павінен складацца згодна з воляй народа краіны і адрыналася неабходнасць заставацца ў складзе Расіі.

Брэсцкі мір. Зацверджаны мірныя пагадненні Расіі з Германіяй.

Рада Усебеларускага з’езда выдала Другую Устаўную грамату, паводле якой абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка (БНР).

У Мінску Рада БНР зацвердзіла Трэцюю Устаўную грамату, якая абвяшчала БНР незалежнай і вольнай дзяржавай.

Рада БНР зацвердзіла Часовую Канстытуцыю БНР і перайменавала Народны сакратарыят у Раду Народных Міністраў БНР, на чале якой стаў Луцкевіч.

Камп’енскі мір. Пагадненне аб спыненні ваенных дзеянняў паміж Германіяй і Антантай. Прадугледжвала адмову Германіяй ад умоў Брэсцкага міру і вывад войск за межы былой Расійскай імперыі.

Автор: Іван РЫМША

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Scroll Up