Новости / Общество

Хто такі журналіст Івашын, якога арыштавалі за «ўмяшальніцтва ў дзейнасць МУС»?

16.03.2021, 10:19  / remove_red_eye 205   / chat_bubble0

Вечарам 12 сакавіка быў арыштаваны гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын, ператрус адбыўся ў яго дома.

Хто такі журналіст Івашын, якога арыштавалі за «ўмяшальніцтва ў дзейнасць МУС»?

Фота з сайта: nn.by

У панядзелак сілавікі прыйшлі да 95-гадовай бабулі Дзяніса. Мужчыну абвінавачваюць па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса — «умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка МУС», пiша «Наша Нiва».

Справа ў тым, што Івашын знайшоў у адкрытым доступе спіс амапаўцаў, якія стаяць у чарзе на льготныя кватэры. Журналіст праверыў іх прозвішчы праз пошукавікі і высветліў, што некаторыя з іх раней служылі ва ўкраінскім «Беркуце» і разганялі Майдан. На падставе гэтага Івашын напісаў публікацыю на сайце «Новага часу», у выніку — крымінальная справа і пагроза трох гадоў зняволення.

Дзяніс Івашына нарадзіўся ў 1979 годзе ў Гродне. Бацька працаваў інжынерам на «Азоце», мама — выхавацелькай у дзіцячым садку.

«Ён настолькі спакойным, міралюбівым быў хлопчыкам, — расказвае ягоная мама Людміла Івашына. — Ён ніколі ні мне, ні астатнім не надакучаў. У мяне з ім не было праблем. Такім ён і застаўся. У школу, калі я прыходзіла на бацькоўскія сходы, то сядзела заўсёды з горда ўзнятым носам, не тое што галавой. Дзяніс — бязмерна сумленны, адказны чалавек. Ганарылася і ганаруся такім сынам».

У школе Дзяніс вучыўся добра, але медаль так і не атрымаў, бо здарыўся канфлікт з настаўніцай нямецкай мовы, якая паставіла яму «чатыры». Потым паступіў вучыцца ў Мінскі інстытут кіравання (МІУ), атрымаў дыплом эканаміста. Па сканчэнні ВНУ папрацаваў па адукацыі ў прыватнай фірме. Потым Дзяніс разам з мамай адкрылі ў Гродне камп’ютарны клуб. Спачатку бралі тэхніку ў арэнду, потым набылі сваё. Клуб праіснаваў шмат гадоў. Але з часам, калі ў людзей пачала з’яўляцца ўласная тэхніка, то патрэба ў такім месцы адпала, і клуб закрылі.

«На Дзяніса вельмі моцнае ўздзеянне зрабіў Майдан ва Украіне 2014 года ў плане патрыятызму, самааддачы людзей. Здаецца, менавіта на гэтай хвалі захапіўся журналістыкай», — расказвае мама.

Дзяніс шмат пісаў пра ўплыў «рускага свету» ў Беларусі, у тым ліку ў сілавых структурах. Супрацоўнічаў з украінскім рэсурсам «Інфармпалм», беларускім «Новым часам». Чаму Івашын так захапіўся Украінай?

«У яго нават ёсць «карта ўкраінца». Бацька Дзяніса быў украінцам з Дняпра, на жаль, ён ужо памёр. Дзяніс маляваў генеалагічнае дрэва сям’і, зайшоў вельмі далёка, магчыма, з гэтага ўсё і пачалося. У маленстве ён часта ездзіў ва Украіну да бабулі з дзядулем, іншых сваякоў».

Вяселле Вольгі і Дзяніса Івашыных. Фота з фэйсбука

Івашын жанаты. З Вольгай пабраліся ў 2019 годзе, да гэтага на працягу пяці гадоў сустракаліся. «Такія ўжо дзе галубкі. Вольга — крыштальна сумленны чалавек, такія рэдка сустраюцца цяпер». Вольга — актывістка каталіцкага руху, сям’я Івашыных праваслаўныя. Шлюб бралі паводле грэка-каталіцкага абраду.

У юнацтве Дзяніс прайшоў праз школу «Маладога фронту». «Канечне, тады ж усе былі ў «МФ», — смяецца мама. На суткі, праўда, патрапіў толькі ў 2017 годзе падчас святкавання Дня Волі, быў асуджаны да 5 сутак арышту. «Я тады падняла на вушы ўсіх каго магла, у выніку да Дзяніса ў камеру прыходзіў адзін з кіраўнікоў Мінска, пытаўся, ці ўсё ў яго нармальна. Зусім іншыя тады часы былі ўсё, не было таго зверства, якое мы бачым цяпер».

Ці не планаваў Івашын з’ехаць з краіны пасля хвалі рэпрэсій, якія пачаліся 9 жніўня?

«Такой думкі ніколі не меў. Гэта наша зямля, і мы адсюль не з’едзем».

nn.by

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Scroll Up