Новости / Общество

«А чаго табе не хапае?» Жыхаркі горада Баранавічы – аб ролі жанчыны ў беларускіх пратэстах і што заставіла іх выйсці на акцыі

12.03.2021, 10:30  / remove_red_eye 3282   / chat_bubble1

Жаночы пратэст стаў ключавым сімвалам беларускага апазіцыйнага руху, які ахапіў краіну пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020. Фотаздымкі жывых ланцужкоў з жанчын усіх узростаў з кветкамі і паветранымі шарамі абляцелі ўвесь свет. Чаму прадстаўніцы «слабога полу» не пажадалі варыць боршч падчас пратэстных акцый, а «палезлі» ў палітыку, Intex-press абмеркавала з актыўнымі гараджанкамі.  

«А чаго табе не хапае?» Жыхаркі горада Баранавічы – аб ролі жанчыны ў беларускіх пратэстах і што заставіла іх выйсці на акцыі

13 жніўня 2020 года. Ланцужок з дзяўчат і жанчын уздоўж праспекта Савецкага ў Баранавічах. Фота: Intex-press

«Каму ж яшчэ было бараніць мужчын, якіх збівалі і катавалі?»

Галіна Дуброўка – пенсіянерка, працавала настаўніцай. Пасля 9 жніўня 2020 года яна некалькі разоў выходзіла на мітынгі супраць фальсіфікацыі выбараў, стаяла ў жаночых ланцужках з кветкамі.

– Па спецыяльнасці я – настаўніца пачатковых класаў. Працавала ў школе, некаторы час у дзіцячым садку і бібліятэцы. Давялося і ў калгасе на ферме папрацаваць, каб «зарабіць» жыллё. Тады ў мяне ўжо нарадзіліся дзеці, а іх у мяне ажно сем. Было вельмі цяжка, трэба было працаваць, працаваць і працаваць.

Уладу – і тую, што была раней, і што цяпер, – я не паважала. Я не разумела, чаму я не магу выказваць сваё меркаванне, чаму я павінна рабіць тое, што мне кажуць. Усе адусюль кралі: хто дзе працаваў – адтуль штосьці нёс. Хто мала краў – сядзеў у турме, хто многа – у крэсле начальніка. І калі распаўся Савецкі Саюз, я вельмі ўзрадавалася, хоць і нялёгка тады было, выжывалі як маглі. Аднак змен асаблівых пасля 1994 года я не заўважыла. Я паглядзела толькі адзін выступ Лукашэнкі па тэлебачанні, і гэтага мне было дастаткова. Ні тады, ні потым за яго я не галасавала. Марны лёс.

Да мінулага года я ні разу не выходзіла на якія-небудзь акцыі. Але ў 2020-м шмат чаго змянілася. У першую чаргу мяне абразілі непрыстойныя выразы з боку Лукашэнкі. Ну як можна абражаць людзей такімі словамі: «народец», «овечки», «быдло»? Таму на гэтыя выбары я вырашыла ісці, нават вярнулася з дачы, куды вясной паехала, каб засцерагчы сябе ад каранавіруса.

Прагаласаваўшы, сустрэлася са сваёй сяброўкай на плошчы – паглядзець, што будзе адбывацца. Мы сядзелі на лаўцы. Людзей было няшмат, але ўжо хадзілі 5–7 міліцыянераў. Адзін з іх падышоў да нас, папрасіў сысці, таму што «тут будзе праводзіцца несанкцыянаванае мерапрыемства».

Было бачна, як людзей у цэнтры горада становіцца больш. Шмат дзяўчат, хлопцаў. Калі мы накіраваліся дахаты, каля фантана з’явіліся людзі ў шлемах. Гэта быў натуральны страх – такога я яшчэ не бачыла! Проста нейкі сюр, нібыта да нас прыляцелі іншапланецяне, каб захапіць.  

 «Думала, кошмар закончился, но все только началось». Жительницы Барановичей, чьих мужей задержали после выборов, – о том, что им пришлось пережить

Ужо дома пачула выбухі і страляніну. Не разумела, што адбываецца – інтэрнэта ж не было. Я не магла спаць.

Як вы думаеце, ці магла я, пабачыўшы і пачуўшы ўсё гэта, застацца абыякавай?! Таму і пачала выходзіць на акцыі, якія пачаліся пасля выбараў. Я разумею, што ўсё гэта здымалася на камеры. Але халера іх бяры! Колькі ж мне яшчэ баяцца?

Дзеці мяне падтрымалі. А вось акружаючыя аднесліся па-рознаму. Хтосьці скажа: ты ж пенсію атрымліваеш. Дык я ж усё жыццё працавала. І ўвогуле пра пенсію няма чаго казаць – яна ў меня трохі больш за 400 рублёў. За гэтыя грошы я не магу дазволіць сабе лекі, якія мне патрэбныя, даводзіцца купляць толькі самыя танныя. Каб не дзеці, не ведаю, што б я рабіла.

Некаторы час я наведвала розныя пенсіянерскія аб’яднанні, хадзіла ў харавыя калектывы і магу сказаць, што, на жаль, большасць з тых людзей усе ж такі падтрымліваюць уладу. З імі я ніколі не сварылася, пра палітыку мы не гутарылі. Сэнсу іх пераконваць не было: гэта безвынікова. Памятаю, як пасля аднаго з летніх маршаў я села ў аўтобус і сустрэла знаёмую. Яна спытала, адкуль я еду, і, калі я адказала, выраз яе твара рэзка змяніўся, стаў такім злым. «А чаго ты туды хадзіла? А чаго табе не хапае? А колькі табе заплацілі?» – пасыпаліся пытанні. Я сказала, што я – жанчына самастойная і сама вырашаю, куды мне хадзіць, а куды не. Пасля гэтага яна змоўкла.

Быў і такі выпадак: да мяне падышла дзяўчына і папрасіла, каб я па тэлефоне сказала яе бабулі, якая падтрымлівае Лукашэнку, чаму я супраць яго. Было смешна пачуць такую прапанову.

Тое, што жанчыны сталі сімвалам пратэсту-2020, гэта сапраўды так. Ну, а каму ж яшчэ было бараніць мужчын, якіх збівалі, катавалі ў турмах? Таму жанчыны і пачалі выходзіць у гэтыя ланцужкі – у белых адзеннях, з кветкамі.

Насамрэч, смешна глядзець, як Лукашэнка ставіцца да жанчын, як ён іх сур’ёзна не ўспрымае. «Як гэта так, каб кухарка стала прэзідэнтам? Хай гатуе катлеты ды варыць боршч!». Хаця  вакол яго жанчын вельмі шмат. І я лічу, што ў жанчын павінны быць такія ж правы, як і ў мужчын, не павінна быць дыскрымінацыі. Але ж спачатку трэба дабіцца хоць якіх-небудзь правоў для ўсяго народа.

Жанчынам я хачу пажадаць у першую чаргу не здавацца. Калі ўжо ступілі на гэты шлях. І як бы ні было страшна, як бы ні было цяжка, не здавацца. Рана ці позна ўсё у нас зменіцца, калісьці мы вып’ем усё шампанскае. І нават я вып’ю. Думаю, што дажыву да нашай светлай будучыні, нягледзячы на тое, што прыйдзецца вельмі цяжка.

 

«Зараз фактычна кожная жанчына, дзяўчына, кабета – ваяркі»

Таццяна Малашчанка, старшыня камісіі па выкарыстанні беларускай мовы, выхаванні і адукацыі ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны», дабівалася стварэння беларускамоўных класаў у Баранавічах, жанчына з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Яе муж Алег у снежні 2020 года быў высланы з краіны, па меркаванні Таццяны, як адзін з «зачыншчыкаў» пратэстаў на авіязаводзе.

– Я ніколі не змагалася супраць чагосьці, наадварот – заўсёды была за штосьці. Людзі не могуць па-сапраўднаму аб’яднацца супраць чагосьці, а за нешта – могуць. Таму я заўсёды ставіла задачу – за штосьці.

Ідэя ведаць свае карані апанавала мяне ў 90-х гадах. На той час мы з мужам, савецкім афіцэрам, жылі ў Расіі. Але мой брат дасылаў мне газеты, гістарычныя кнігі пра ліцвінаў і моцных ліцвінскіх жанчын. Мабыць, гэта і заклала аснову майму будучаму актыўнаму грамадскаму руху. Я захапілася гісторыяй і ідэямі асветніцтва.

Насамрэч, увесь час мяне застаўляюць змагацца за лепшае мае дзеці. Калі ў 2004 годзе ў нас нарадзілася другая дачка, мы вярнуліся ў Беларусь і вырашылі размаўляць па-беларуску хаця б у рамках адной сям’і. І ў нас гэта атрымалася. Калі мы падавалі дакументы ў першы клас на беларускае навучанне і дабіваліся стварэння такога класа, спачатку мы рабілі гэта для свайго дзіцяці. А потым і для іншых.

Дзесяць год таму назад былі людзі, якія былі супраць маёй актыўнай пазіцыі. Яны казалі, навошта мне гэта патрэбна. Зараз такіх амаль няма.

Пренебрегал законами Беларуси. Завершился суд по жалобе барановичского активиста о его высылке из страны

Я не адношу сябе да апазіцыі, бо я з народам. Людзі выйшлі на вуліцы, каб абараніць свой выбар. І калі раней мы ўвесь час марылі, каб нас падтрымліваў народ, то зараз ён – хай хоць ускосна, хай не хапаецца за бчб-сцягі, хай яшчэ не гаворыць па-беларуску – не супраць нас. А хто не супраць, той за нас.

Канешне, ёсць страх, бо ты ідзеш супраць сістэмы. Але самае галоўнае, каб гэта пачуццё дапамагала перамагаць. Я менш за ўсё баюся за сябе. Больш за сваіх дзяцей і мужа. Я веру ў перамогу праўды і справядлівасці. У мяне толькі адзін страх ёсць, які ўзнікае перыядычна. Гэта страх таго, што ўсё гэта дарма, што мы молімся, хвалюемся, перажываем адзін за аднаго і гэта ніколі не скончыцца. Але я гэты страх адкідаю і веру ў тое, што хутка ўсё пераменіцца. І што нам толькі трэба самім перамяніцца.

Роля жанчыны ў Беларусі заўсёды была вельмі вялікая. Успомніце ліцвінак, якія глядзелі за сям’ёй і ваявалі. Гэты ліцвінізм дайшоў і да нашых жанчын праз вякі. Канешне, савецкая сістэма вельмі парабаціла не только беларускіх жанчын, наш дух быццам быў вытраўлены. Насамрэч, не. Калі жанчыны пачалі «лезці» ў палітыку, для мяне гэта было зразумела. Гэта нашыя карані адгукнуліся і жыццё выставіла свае задачы. І многа зроблена нашымі жанчынамі менавіта сёння.

Зараз фактычна кожная жанчына, дзяўчына, кабета – ваяркі. Фактычна ўсе: і пенсінеркі, і дзяўчаты-студэнткі. І я лічу, што мы проста ўзгадалі, хто мы ёсць. Жанчына бярэ на сябе адказнасць не только за сваю сям’ю, але і за ўсю грамадскасць і не баіцца пакарання.

Я думаю, што гэта не толькі беларуская сучаснаць, проста прыйшоў жаночы час.

 

«Калі пачалі выходзіць дзяўчаты, і я пайшла: было сорамна заставацца дома»

Валянціна Куцавапенсіянерка, усё жыццё (амаль 38 гадоў) працавала ў сферы гандлю. У жніўні 2020 года выходзіла на жаночыя маршы пратэсту з патрабаваннем спыніць гвалт.

– За Лукашэнку я не галасавала, нават у 1994 годзе. Я не магла зразумець, як гэта старшыня калгаса можа стаць прэзідэнтам? Таму аддала свой голас за Кебіча. Для мяне прэзідэнт – гэта чалавек адукаваны, з досведам у палітыцы, які разбіраецца ў эканоміцы. А Лукашэнка мне такім не здаваўся, ён у мяне асацыяваўся з Хрушчовым: такі ж амбіцыйны, гэтак жа адчытваў усіх гэтых чыноўнікаў. Я не разумела, як можна настолькі па-хамску размаўляць з людзьмі.

З іншага боку, нельга сказаць, што ён зусім дрэнны прэзідэнт. У краіне ўсё ж такі шмат чаго было пабудавана і палепшана. Але правіць столькі гадоў нельга. І нельга быць прэзідэнтам у краіне, калі натоўп крычыць табе «сыходзь». Трэба сыходзіць так, каб народ быў табе ўдзячны, трэба мець у сабе мужнасць сказаць: «Я сыходжу».

У пачатку гэтай перадвыбарчай кампаніі я збіралася галасаваць за Віктара Бабарыку. Ён здаўся мне граматным чалавекам, з вялікім досведам у кіраванні. І для мяне было шокам, калі яго арыштавалі разам з сынам.

Мне здаецца, што калі б ЦВК на выбарах «напісаў» Лукашэнку хоць 60%, то людзі не абурыліся б настолькі моцна, большасць, хутчэй за ўсё, у гэта паверыла б. Але 80% – гэта ўжо залішне. Таму людзі і выйшлі. Проста выйшлі на вуліцы, каб выказаць сваё абурэнне: мірна, спакойна, цывілізавана. Пагаджуся, няхай дзесьці была агрэсія з боку пратэстоўцаў, але я ўпэўнена, што там не абышлося без правакатараў.

Я на свае вочы бачыла, як было ў нас у горадзе. Пабітыя машыны, пабітыя людзі. Хтосьці стаяў на прыпынку, хтосьці ехаў у госці, хтосьці ішоў са спаткання – іх білі, прыніжалі, абражалі. Як успомню, аж слёзы на вочы наварочваюцца. А потым па тэлевізары сказалі, што ўсе гэтыя сінякі намалявалі фарбай. Ну як такое можна трываць?

Я выдатна разумею: асноўная частка насельніцтва ў сельскай мясцовасці за Лукашэнку. Вяскоўцаў усё задавальняе, яны не бачылі лепшага жыцця, ім дастаткова мець на стале кавалак хлеба і шклянку гарбаты. Мне кажуць: «Якіх ты хочаш пераменаў?». А я хачу, каб мае дзеці і ўнукі жылі ў свабоднай краіне, каб яны маглі выйсці і сказаць, што ім падабаецца, а што не, і каб ніхто іх за гэта дубінкай па галаве не ўдарыў.

«Совершенно незнакомых людей объединила одна беда». Барановичский участник протестов и волонтер – о поддержке и помощи

І калі праз некалькі дзён пасля выбараў пачалі выходзіць дзяўчаты ў белым адзенні ў нас, я таксама пайшла. Пайшла, бо не магла проста так сядзець і нічога не рабіць, мне было сорамна заставацца дома. Потым я хадзіла на плошчу разам з усімі людзьмі, каб высветліць у старшыні гарвыканкама, чаму склалася такая сітуацыя ў горадзе, але ён так і не выйшаў.

Я абсалютна перакананая ў тым, што жанчына змагла б кіраваць і ў нас у краіне. Паглядзіце, колькі ёсць паспяховых жанчын, якія кіравалі ў Германіі, Літве, Чылі. Лічу, што жанчыны мудрэйшыя за мужчын.

У Беларусі жанчына – гэта рабацяга (на ёй праца, дзеці, быт), ёй не хапае асабістай свабоды, яна залежыць ад мужчыны. І, як правіла, яна нічога ў жыцці не бачыла, акрамя працы, дзяцей, бытавухі.

На мой погляд, жанчыны павінны жыць у сваё задавальненне і знайсці сябе. І я веру, што ўсё будзе добра, што наша моладзь будзе жыць значна лепш, чым мы. Я ўпэўнена: моладзь гэтага даб’ецца.

 

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
1 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
marinaivanovna

Подписываюсь под каждым словом. Я с Вами

Scroll Up