Новости / Общество

«Ні допытаў, ні вочных ставак». Ігар Лосік без суду за кратамі 244 дні

23.02.2021, 19:58  / remove_red_eye 243   / chat_bubble2

Разам з Ігарам яшчэ 11 палітвязьняў працяглы час знаходзяцца за кратамі без суду.

«Ні допытаў, ні вочных ставак». Ігар Лосік без суду за кратамі 244 дні

Ігар Лосік. Фота: сацсеткi

Адміністратар тэлеграм-каналу і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік за кратамі ўжо 244 дні — з 25 чэрвеня 2020 году. За ўвесь гэты час ён быў на допытах усяго лічаныя разы. Па словах самога палітвязьня, яго проста трымаюць за кратамі безь якіх-небудзь сьледчых дзеяньняў, пiша «Радые Свабода».

«Па справе ў Ігара няма ніякіх зрухаў, — расказала Свабодзе жонка Ігара Лосіка Дар’я, якая адвезла мужу чарговую перадачу ў аўторак 23 лютага. — Абсалютна ніякай інфармацыі. Допыты і сьледчыя дзеяньні зь Ігарам праводзіліся ўсяго некалькі разоў за ўвесь гэты час. Не сказаць, каб іх было шмат. Ад самага пачатку Ігар проста сядзеў, і ўсё. Фактычна бязь нейкага сьледзтва».

Па словах жонкі, на здароўе Ігар цяпер ня скардзіцца. Нядаўна атрымаў адразу больш за 60 лістоў, у тым ліку 4 ад жонкі. Раней Ігар перадаваў, што ў камэры зьявіліся вошы. Гэтую праблему ўдалося вырашыць самастойна: Ігар разам з сукамэрнікамі перамылі адзеньне хлёркай.

«Па-мойму, апошні раз Ігар бачыў сьледчага 15 сьнежня 2020 году, калі яму прад’явілі новыя абвінавачаньні і калі ён абвясьціў галадоўку. Больш нічога не было. Ні допытаў, ні вочных ставак. Ігар вельмі злуецца праз гэта. Ён стаміўся сядзець, сядзець проста так. Ігар кажа, што проста стаміўся. Ён цяпер у такім досыць невясёлым стане. Кажа, што ўсё спынілася, няма ніякага руху. Хай бы ўжо хоць нешта адбывалася».

Дар’я дадае, што, на яе думку, сьледчыя самі ня ведаюць, што рабіць зь Ігарам. Па яе словах, тэрмін утрыманьня Ігара Лосіка пад вартай павінен скончыцца ў канцы сакавіка. Ці будзе ён працягнуты зноў, альбо Ігара Лосіка выпусьцяць з-пад варты, таксама невядома.

Хто з палітвязьняў за кратамі без суду даўжэй, чым Ігар Лосік

Сяргей Ціханоўскі — 270 дзён

Ціханоўскага затрымалі 29 траўня ў Горадні. Празь некалькі дзён яго абвінавацілі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», а таксама па 191-м — «перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў». Суд па справе Сяргея Ціханоўскага дагэтуль не пачаўся, яго ўтрымліваюць у сьледчай турме № 8 у Жодзіне.

Аляксандар Арановіч — 270 дзён

Паплечнік Сяргея Ціханоўскага, таксама быў затрыманы 29 траўня 2020 году ў Горадні. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках па 342-м артыкуле, а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Арановіча трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Мікола Статкевіч — 269 дзён

Быў затрыманы па дарозе на пікет ля Камароўскага рынку ў Менску. Першапачаткова адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, аднак празь месяц пасьля затрыманьня Статкевічу прад’явілі абвінавачаньні ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Знаходзіцца ў сьледчай турме ў Жодзіне. Пра пачатак працэсу над Статкевічам нічога невядома.

Арцём Сакаў — 268 дзён

Апэратар Сяргея Ціханоўскага быў затрыманы ў сваёй кватэры праз тыдзень пасьля інцыдэнту ў Горадні. Абвінавачаны ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Утрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Дзьмітрый Папоў — 265 дзён

Вёў акаўнты «Краіны для жыцьця» ў сацсетках, грамадзянін Расеі. Зьнік 4 чэрвеня 2020 году, 7 чэрвеня быў затрыманы ля Мазыра і дастаўлены ў Менск спачатку ў ізалятар на Акрэсьціна, а пазьней у СІЗА № 1, дзе знаходзіцца дагэтуль. Абвінавачаны ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Аляксандр Шабалін — 265 дзён

Сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, быў затрыманы раніцай 7 жніўня 2020 году ў Гомлі, калі зьбіраўся ехаць на пікет па зборы подпісаў за Ціханоўскую. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў, знаходзіцца ў СІЗА № 1.

Павал Севярынец — 265 дзён

Затрыманы 7 чэрвеня 2020 году ля свайго дому, калі вяртаўся зь пікету на Камароўцы. Абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў, знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пра ход сьледзтва і магчымы пачатак суду па справе Севярынца нічога невядома.

Уладзімер Цыгановіч — 263 дні

Аўтар ютуб-канала MozgON, затрыманы 9 чэрвеня 2020 году. Спачатку адбыў два адміністрацыйныя тэрміны па 15 сутак, потым яму прад’явілі абвінавачаньні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Знаходзіцца ў СІЗА № 1.

Зьміцер Казлоў — 262 дні

Аўтар ютуб-канала «Шэры кот». Пасьля затрыманьня 10 чэрвеня 2020 году адбыў адміністрацыйны арышт працягласьцю 20 дзён, пасьля быў абвінавачаны ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Трымаюць Зьмітра Казлова ў СІЗА на Валадарскага ў Менску.

Уладзімер Дудараў — 261 дзень

Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, былы намесьнік кіраўніка магілёўскага гарвыканкаму. Утрымліваецца ў турме № 4 Магілёва.

Сяргей Спарыш — 244 дні

Паплечнік Міколы Статкевіча, быў затрыманы ў адзін дзень зь Ігарам Лосікам — 25 чэрвеня 2020 году. 9 ліпеня Спарышу прад’явілі абвінавачваньні па артыкуле 342 КК — «групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Менску.

 

Поделиться:
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
2 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
marinaivanovna

У нас взрыв в метро быстрее расследовали. За несколько месяцеви преступников нашли, и приговор вынесли, и расстреляли. А тут тянут кота за яйца