Новости / Культура

Споўнілася дзесяць год, як не стала Яна Збажыны, выбітнага паэта з Баранавіч

10.02.2021, 9:16  / remove_red_eye 432   / chat_bubble0

10 лютага спаўняецца дзесяць гадоў, як памёр Ян Збажына, выбітны баранавіцкі літаратар і грамадскі дзеяч.

Споўнілася дзесяць год, як не стала Яна Збажыны, выбітнага паэта з Баранавіч

Ян Збажына чытае свае вершы ў Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэцы. Фота: intex-press

Іван Савіцкі, больш вядомы як Ян Збажына, нарадзіўся 31 сакавіка 1964 года ў Баранавічах. Скончыў гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Працаваў выкладчыкам у баранавіцкіх школах, захапляўся міравой літаратурай, філасофіяй, археалогіяй, астраноміяй і журналістыкай. Пачаў публікавацца ў пачатку 1990-х гадоў. Першыя вершы Яна былі надрукаваны ў беларускім грамадска-культурным тыднёвіку «Ніва».

Ян Збажына з’явіўся ў свеце беларускай літаратуры як сапраўдны мастак, у творах якога заўсёды было месца для эксперыментаў, ён вельмі шмат працаваў над формай верша. Пісаў санеты, хоку, трыялеты…

Ян Збажына ў 90-х гадах.
Фота з сямейнага архіву

Ян Збажына ў 90-х гадах. Фота з сямейнага архіву

За свой кароткі век яго творы паспелі з’явіцца на старонках многіх беларускіх выданняў. Ян Збажына шмат дапамагаў сваімі парадамі маладым баранавіцкім літаратарам, вычытваў іх вершы і прозу, рыхтаваў зборнікі. Дзякуючы яму шмат хто з баранавіцкіх паэтаў і празаікаў друкаваўся ў літаратурных часопісах ды выдаваў свае кнігі.

Дапамагаючы іншым, сам Янка пры жыцці паспеў выдаць толькі адзін свой зборнік – «Пыл саркафагаў» (2004).

«Ёсць людзі, у якіх няма іншага занятку, іншай працы, іншай альтэрнатывы — як толькі пісаць, шукаць і ствараць вершы. Усе яго прыгоды жыцця, яго вучоба, вывучэнне гісторыі, філасофіі і іншых навукаў з’яўляюцца пошукам свежага, свайго, не выкарыстанага нікім будынку верша», – напісала некалі пра Яна Збажыну Данута Бічэль-Загнетава, вядомая беларуская паэтэса з Гродна.

Яна Збажыны не стала 10 лютага 2011 года. За свой творчы шлях ён пакінуў нам добрую памяць аб сабе. Яго творы поўныя філасофіі, трансцэндэнтальнасці, думак пра вечнае і роднае сэрцу, пра ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны.

Ян Збажына – гэта выбітны пісьменнік, да канца недаацэнены літаратуразнаўцамі, які, як камета, нечакана заззяў на небе беларускай літаратуры, але, на жаль, вельмі рана сышоў ад нас.

Зорка бэзу

Між сабою шапочуцца зоркі.
Срэбны месяц
над дахам вісіць.
Вокны хаты глядзяць на пагоркі.
Ледзь начніца
ў акенцы гарыць.

Я стаю, зварухнуцца баюся,
Твой спакой парушаць
не хачу.
Сцяўшы зубы, скрозь
слёзы смяюся,
За табою маркотна сачу.

Мілагучнасцю ў такт
паланэзу
Мілы вобраз
з акенца мігціць.
Ды духмяная
зорачка бэзу
Недзе водарам легкім ляціць.

Поўня

Поўня чыстая,
поўня светлая,
Паратунак знямоглай душы,
Ахілі маё сэрца ветліва
Ў прамяністую ноч імшы.

Я заплачу,
і слёзы пырскамі,
Разляцяцца на небакрай,
Стануць поўнямі залацістымі –
Ты на пацеркі іх збірай!

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии