Знакамітая настаўніца Ганна Севярынец завітае на беларускамоўныя анлайн-курсы «Мова Нанова» ў Баранавічах
Прыняць удзел у традыцыйных занятках па беларускай мове могуць усе жадаючыя.
Заняткі «Мова Нанова» пройдуць у сераду, 27 студзеня, у 19.30, у анлайн-фармаце на платформе Zoom. На мерапрыемстве традыцыйна адбудзецца моўная размінка і моўная частка, а пасля запланаваная гутарка з госцем. Перад удзельнікамі выступіць Ганна Севярынец – выкладчыца, журналістка, пісьменніца і даследчыца беларускай літаратуры.
– Спадарыня Ганна распавядзе пра паэтаў дваццатых гадоў, чые творы нават праз стагоддзе гучаць надзіва актуальна. Робіць яна гэта вельмі займальна, – паведаміла Intex-press Ганна Ліцкевіч, адна з арганізатараў курсаў. – Гарантуем узбуджаную цікавасць да беларускай паэзіі і шмат развагаў пра яе сугучнасць з сучаснасцю!
Каб патрапіць на заняткі, трэба запоўніць невялікую форму рэгістрацыі.
Сачыць за анонсамі беларускамоўных курсаў можна ў афіцыйнай групе «Мова Нанова Баранавічы» ў Instagram і ў «ВКонтакте».
«Мова Нанова» — бясплатныя курсы беларускай мовы, якія ладзяцца па ўсёй Беларусі з 2014 года. Яны разлічаны на шырокую аўдыторыю і карыстаюцца поспехам у людзей рознага ўзросту. Арганізатары прапануюць неакадэмічнае вывучэнне мовы ў інтэрактыўных формах. Навучанне бясплатнае, запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Комментарии
Правила комментирования