Новости / Общество

Расказваем цікавыя факты пра новага кіраўніка Брэсцкай вобласці Юрыя Шулейку

27.01.2021, 14:27  / remove_red_eye 1238   / chat_bubble1

Новым старшынёй Брэсцкага аблвыканкама стаў 52-гадовы Юрый Шулейка. Анатоль Ліс узначальваў рэгіён апошнія шэсць гадоў.

Расказваем цікавыя факты пра новага кіраўніка Брэсцкай вобласці Юрыя Шулейку

Юрый Шулейка. Фота mazyr.by

Пра Юрыю Шулейку вядома не так шмат. Ён ураджэнец мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. Вучыўся ў Магілёўскім тэхналагічным універсітэце (1992). Потым стаў працаваць на Гродзенскім мясакамбінаце, дзе з невялікімі паўзамі адпрацаваў да 2005 года, пiша «Наша Нiва».

Потым яшчэ сем гадоў аддаваў працы ў сферы мяса — у Лідзе і Гродне. У 2012 спачатку стаў намеснікам старшыні Гродзенскага райвыканкама, а ў 2013 — аблвыканкама. У 2017-м Лукашэнка прызначыў Шулейку памочнікам па Гомельскай вобласці, дзе чыноўнік даслужыў да сённяшняга дня.

«НН» патэлефанавала ў Дзятлаўскі раён, дзе адшукала маму новага старшыні Брэсцкага аблвыканкама Ядзвігу Уладзіміраўну Шулейку, якая расказала нам пра сына.

«Рос у звычайнай сям’і. Бацька Вітольд Баляслававіч працаваў выкладчыкам у мясцовым прафтэхвучылішчы (было добрае вучылішча, але ўжо расфарміравалі), выкладаў правілы дарожнага руху, вучыў карыстацца трактарам, а я — была бухгалтарам», — пачынае спадарыня Ядзвіга.

«Юрка хадзіў у школу, звычайным вучнем быў. Я не хачу дужа хваліць, але ён выхаваны быў, бацькоў слухаўся.

Калі падраслі, то пачалі хадзіць на дыскатэку, дык калі бацька скажа, што а 12-й мусіш быць ужо дома, то і прыбягае ў час. Я пытаюся: «Сынок, чаго ты так успацеў?» «Татка сказаў час, калі мушу прыйсці».

Спакойны, акуратны, ніхто мне на яго не скардзіўся. У нас і карова была, то і на пасту мог зганяць, і сустрэць кароваў, ну звычайны вясковы хлопец. У нас пасёлак невялікі, але сваё вучылішча было, школа, бальніца, перасоўная механізаваная калона (ПМК), рабілі мэблю яшчэ», — дзеліцца ўспамінамі мама чыноўніка.

«Калісьці школьнікам давалі саджаць цукровыя буракі, то Юрка ён заўсёды быў брыгадзірам, налічваў грошы, адзначаў, хто колькі праполіць барознаў. Нават у дзіцячыя гады вылучаўся дысцыплінаванасцю. Нават не ведаю, што ён любіў з прадметаў, можа, рускую мову, бо матэматыку і хімію ён дакладна не любіў. Вучыўся на 4 і 5, але медаля не было».

Бацькі Юрыя Шулейкі паходзяць з аднаго хутара Маськоўцы, яго ўжо не існуе, а ў Казлоўшчыне жывуць больш за 50 гадоў, пабудавалі дом. «Дзіцячая любоў. Калі былі малымі, то ўжо паглядалі адно на аднаго, так і пажаніліся. Хутка ўжо 60 гадоў сумеснага жыцця». Бацькам па 84 гады. «Муж хварэе, можа, і нічога, але ногі не слухаюцца, сасуды».

Ядзвіга Уладзіміраўна расказала кранальную гісторыю, як Юрый Шулейка паехаў паступаць на вайскоўца ў Расію.

«Спачатку яго бацька павёз на Волгу, паступаць у Вышэйшае вайсковае інтэнданцкае вучылішча, нават ужо не помню горад. Але Юра паглядзеў, што там такая жорсткая дысцыпліна, узяўся за дыпламат і кажа бацьку: «Я туды паступаць не буду». З імі ехаў адзін міністр з Мінска, вёз свайго сына. І Юрка плача, што не хоча вучыцца, а міністр кажа: «А мой хай падохне там, але пакіну». Мабыць, сын нягоднікам быў. Юра так і не паслухаў бацьку, не стаў паступаць, колькі не сварыліся. Крычаў, што мамку па паўгода бачыць не будзе — не хачу, не буду».

«Потым ужо яго бацька павёз у Магілёў. Тады ж забіралі з вучобы ў армію, хацелі ў Афган забраць. Але чалавек, які разбіраў дакументы, чамусьці Юрчыны адклаў убок, так ён у Афганістан і не трапіў. У выніку служыў у Пячах ад пачатку да канца. Я прыехала ў часць да яго, дык так там добра, і паўсюль партрэт сына, што на яго раўняцца трэба. Я ў афіцэра пытаюся, як ён сябе паводзіць? А ён мне кажа: «Мамаша, каб усе такія былі сыны, то нам бы ў арміі рабіць не было чаго».

«У Магілёве Юра закахаўся ў дзяўчынку з Гродна. У выніку яго спачатку адправілі на практыку на мясакамбінат у Гродна, а потым — і на працу туды. Дзяўчына хутка нарадзіла сына, адразу села ў дэкрэт. Яму было 21, а ёй — 19. 32 гады разам». Людміла Шулейка працуе намесніцай гендырэктара Гродзенскага мясакамбіната па ідэалогіі. У Гомель з мужам не паехала, бо трэба было, каб нехта даглядаў дом, ды і дзеці ў Гродне.

У Шулейкі сын і дачка. Дачка Дзіяна летась скончыла ўніверсітэт, працуе на мытні. А сын Максім — намеснік дырэктара ў страхавой кампаніі. Сястра старшыні аблвыканкама пайшла шляхамі бацькі, яна інжынер-педагог у ПТВ у Лідзе.

«Гэта пасада вельмі высокая, але і вельмі адказная, а здароўя ў яго вялікага няма. Усе пасады на нервах і нервах. Таблеткі ад ціску папівае, калі праўду сказаць.

Да нас нячаста прыязджае, калі ў Гродне было, то часцей. Цяпер яму хаця б дома пабыць, калі 600 кіламетраў ад Гомеля праедзе», — кажа мама.

Чытайце таксама: Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка Брэсцкай вобласці

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
1 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
777

А где теперь Лис?

Scroll Up