Новости / Общество

«Я сама стаяла ў ланцугу салідарнасці». Расказвае мама дзяўчынкі Сафіі, імя якой нібыта адгадаў Лукашэнка

31.12.2020, 8:45  / remove_red_eye 863   / chat_bubble0

24 снежня ў Палацы Рэспублікі прайшла галоўная ялінка краіны. На імпрэзе прысутнічаў і Аляксандр Лукашэнка, які глядзеў шоу сярод дзяцей. Тэлеграм-канал «Пул Першага» выклаў відэа, дзе Лукашэнка сеў побач з дзяўчынкай і з другой спробы адгадаў яе імя.

«Я сама стаяла ў ланцугу салідарнасці». Расказвае мама дзяўчынкі Сафіі, імя якой нібыта адгадаў Лукашэнка

Фото: Пул Первого

«Крысціна?» — «Не». — «Можа, Сафія?» Дзяўчынка кіўнула.

«Ух ты, з другога разу!» — усміхнуўся Лукашэнка.

«Наша Ніва» пагутарыла з мамай 12-гадовай Сафіі і распытала яе пра ўражанні дачкі і пазіцыю самой жанчыны.

«Сафія — выдатніца, акрамя таго, займаецца музыкай, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Спявае ў гуртах «Цёмыч і кампанія» і «Нескучный возраст» — з апошнімі ўдзельнічалі ў адборы на дзіцячае Еўрабачанне з вельмі прыгожай беларускамоўнай песняй «Файна», — расказвае Святлана Вітальеўна, мама Сафіі.

— Перад ялінкай нам пазванілі з адміністрацыі школы, запрасілі на мерапрыемства і папярэдзілі, што нам трапіўся такі квіток — маўляў, магчыма, побач з дачкой будзе сядзець прэзідэнт.

Я не ведаю, хто плануе рассадку. Ведаю, што, калі падаюцца спісы дзяцей, на кожнае дзіця робяць партфоліа з фота, указваюць дасягненні, узнагароды. Але, на маю думку, Сафію не выбіралі адмыслова для таго, каб сесці побач з Лукашэнкам — проста ёй трапіла такое месца.

Я прысутнічала таксама, мне далі квіток. Але дачка была на 18-м шэрагу, я — на 9-м.

Я папярэдзіла дачку, што, магчыма, сустрэнецца з Лукашэнкам — яна была ў захапленні і не магла дачакацца.

Пасля там была праграма такая: дзеткі, якія ўручылі падарунак прэзідэнту, адвялі яго на тое месца і самі селі побач.

Дачцэ Лукашэнка вельмі спадабаўся. Яна сказала: мама, ён такі добры, я б хацела, каб у мяне быў такі дзядуля!

Ці ведаў ён загадзя імя Сафіі, ці сапраўды здагадаўся — я не ведаю. Але наўрад ці ж яму загадзя паведамляюць імёны дзяцей. Мяркуючы па яго эмоцыях на відэа, сапраўды здагадаўся.

Ён увесь канцэрт прасядзеў побач з Сафіяй. Пытаўся ў Сафіі, ці падабаецца ёй казка. Яна сказала, што так, ёй падабаецца казка і чараўніцтва.

Пасля выхаду відэа, дзе Лукашэнка побач з Сафіяй, мне пісалі некаторыя знаёмыя, якія пастаянна ўдзельнічаюць у Маршах. Казалі, што лепш бы мы з дачкою з’ездзілі ў дзіцячы хоспіс, а не весяліліся на ялінцы Лукашэнкі. Але дзеці ж па-за палітыкай. Для іх ялінка — гэта свята, эмоцыі. І Сафія не выключэнне — для яе гэта была вялікая падзея, і па сёння яна гэта ўзгадвае. І прэзідэнцкая ялінка — гэта ж традыцыі, гэта штогадовае свята для дзетак, якія сваёй працай чагосьці дабіваліся ўвесь год: спявалі, танчылі, удзельнічалі ў алімпіядах».

Сафія спявае ў гурце «Нескучный возраст» разам з Арцёмам Макеем — сынам міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і Веры Паляковай.

«Яны раней нават вучыліся з Арцёмам у адным класе, разам пайшлі ў музычную школу, займаліся творчасцю. Цяпер ён, праўда, сышоў з гэтай школы: хлопец не вельмі любіў спяваць, яму больш пачало падабацца акцёрства.

З Уладзімірам Макеем ці Верай Паляковай я перасякалася, але толькі таму, што дзеці вучыліся і спяваюць разам. Мы не сябры, не прыяцелі. Але магу сказаць, што Уладзімір Макей мне вельмі імпануе: сціплы, прыстойны, добры чалавек. Вера Палякова вельмі працавітая, такая таленавітая! Любіць сваю працу і гледачоў. Я бачыла, як Палякова рабіла пастаноўкі з дзеткамі са школы — яна таленавіты чалавек ва ўсіх адносінах», — расказвае Святлана Вітальеўна.

– А якая сёння грамадскай пазіцыя ў самой жанчыны?

«Калі казаць пра ялінку, то ў мяне дваістыя пачуцці. Я рада, што майму дзіцяці было добра. Дачка вельмі радавалася, і ў гэтым мая матчына радасць таксама. Я не маю права нанесці дачцэ нейкую псіхалагічную траўму, расказваючы нешта. Дзяцей, можа, лепш агарадзіць ад усяго гэтага.

Дачка бачыла, як я выхадзіла з кветкамі на вуліцы — і ўспрымала гэта як свята. Пра Маршы на вуліцах ці бела-чырвона-белую сімволіку яна пытанняў не задавала, і я сама яе ўвагу не канцэнтравала на гэтым. І для мяне самой важная не столькі сімволіка, як тое, каб усе беларусы жылі ў дабрабыце, згодзе і любові.

У дачкі дзяцінства — і Новы год гэта свята, гэта традыцыі, ялінка… І сітуацыю я разглядаю так: з дачкою сядзеў прэзідэнт. А тое, што прозвішча яго — тое, супраць чаго сёння выступаюць многія, то тут маё дзіця не вінаватае, — тлумачыць Святлана Вітальеўна.

— Што тычыцца мяне — я індывідуальны прадпрымальнік. За каго сёлета галасавала, хай застанецца таямніцай. Але я супраць гвалту і ўсяго, што тычыцца рэпрэсій, якія прымяняюць да беларускага народа, бо ўсе мы маем права на сваю пазіцыю, на тое, каб выказацца ў той ці іншай форме.

Аднойчы я была ў ланцугу салідарнасці неўзабаве пасля 9 жніўня, стаяла з кветкамі. Выказвала такім прыгожым чынам сваю пазіцыю: што я супраць гвалту і крыві, што я за дыпламатычнасць і іншы падыход да вырашэння пытанняў».

Але ж хто вінаваты ў гэтым гвалце?

«Напэўна, наша ўлада вінаватая, калі адбываецца такая сітуацыя. Трэба шукаць іншыя шляхі вырашэння пытанняў, трэба пачуць адзін аднаго, пайсці на дыялог. Але ў медаля два бакі: ніхто з людзей ва ўладзе не быў у шкуры народа, і ніхто з народа не быў у шкуры ўлады. Кожны бок мае свае плюсы і мінусы, свой боль, сваё гора, — мяркуе жанчына. — Ці перамог Лукашэнка на выбарах? Не ведаю, я ж не магу палічыць колькасць бюлетэняў. Але мая мама жыве ў сельскай мясцовасці, яна бібліятэкар, зараз на пенсіі. І яна заўсёды ў выбарчых камісіях.

Я спыталася ў яе сёлета, мама кажа: падлічылі галасы, у нас Лукашэнка перамог. Таму, дапускаю, што ў правінцыі, у вёсках большасць за Лукашэнку. Сярод інтэлігенцыі і ў гарадах, дапускаю, перамагла Ціханоўская.

Але 80% у Лукашэнкі — малаверагодная лічба, калі глядзець па тым, што адбылося ў краіне, і па масавасці пратэстаў. Дапускаю 50–60%. 80% — не».

Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
0 Комментарий
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Scroll Up