Новости / Общество

Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, якая рыхтавала публікацыю пра Рамана Бандарэнку, забралі ў КДБ

20.11.2020, 9:35  / remove_red_eye 276   / chat_bubble1

Увечары 19 лістапада ў Менску затрымалі журналістку парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч, якая рыхтавала матэрыял пра Рамана Бандарэнку.

Журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч, якая рыхтавала публікацыю пра Рамана Бандарэнку, забралі ў КДБ

Кацярына Барысевіч, архіўнае фота

Як стала вядома рэдакцыі, Барысевіч павезьлі ў СІЗА КДБ. У пятніцу яе мусяць дапытаць, у якім статусе — невядома, паведамляе БелаПАН.

«Невядомыя ў цывільным і ў масках вывелі Кацярыну Барысевіч з дому і павезьлі. Куды — мы пакуль ня ведаем», — паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На відэа відаць, як Барысевіч выходзіць да мікрааўтобуса з пад’езду свайго дому ў Менску ў суправаджэньні людзей у цывільным.

Дачка Барысевіч расказала Tut.by, што Кацярына выйшла ў краму, а неўзабаве ў суправаджэньні сілавікоў вярнулася дадому. Паводле слоў дачкі, у кватэры прайшоў ператрус, забралі ноўтбук. Менш як праз гадзіну журналістку павезьлі невядомыя ў масках.

Перасьлед за публікацыю мэдабсьледаваньня Рамана Бандарэнкі?

Незадоўга да гэтага Генэральная пракуратура паведаміла пра завядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да лекара шпіталя хуткай дапамогі і «іншай асобы» паводле прыкмет злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт.178 Крымінальнага кодэксу (раскрыцьцё лекарскай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы).

«Дзейнічаючы наўмысна, без службовай неабходнасьці, падазраваны ўступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу (Tut.by), якому паведаміў зьвесткі аб выніках мэдычнага агляду Рамана Бандарэнкі. Тым самым ён раскрыў лекарскую таямніцу, пры гэтым перадаў несапраўдную інфармацыю», — паведамляе аддзел інфармацыі Генпракуратуры.

«Дзеяньні названых асоб пацягнулі за сабой цяжкія наступствы, якія выявіліся ў павышэньні напружанасьці ў грамадзтве, стварэньні атмасфэры недаверу да кампэтэнтных дзяржаўных органаў, падахвочваньні грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеяньняў. Падазраваныя затрыманыя», — гаворыцца ў паведамленьні.

Вынікі мэдабсьледаваньня памерлага пасьля выкраданьня і зьбіваньня Рамана Бандарэнкі, якія першым апублікаваў партал Tut.by, пацьвердзілі, што ён прыбыў у менскі шпіталь хуткай дапамогі абсалютна цьвярозы — насуперак вэрсіі, якую выказвалі ўлады і асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Частка 3 артыкула 178 КК прадугледжвае пазбаўленьне волі да трох гадоў са штрафам і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю, альбо без пазбаўленьня.

 

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
1 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
eni.

Тяжела работа журналиста…….

Scroll Up