Новости / Протесты

Сілавікі супраць школьнікаў: як падлеткі трапляюць пад рэпрэсіі

12.11.2020, 14:53  / remove_red_eye 744   / chat_bubble2

За апошнія шэсць месяцаў у Беларусі было распачата больш за 900 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі і выбарчай кампаніяй. Сярод фігурантаў справаў ёсць у тым ліку няпоўнагадовыя – на дадзены момант мы маем звесткі прынамсі пра 11 такіх выпадкаў. Частка з іх цяпер знаходзіцца пад вартай. Belsat.eu разбіраўся ў крымінальных справах, распачатых супраць падлеткаў у сувязі з масавымі пратэстамі.

Сілавікі супраць школьнікаў: як падлеткі трапляюць пад рэпрэсіі

Барановичи в августе 2020-го. Фото: Intex-press

«Татачка, калі ж мяне біць перастануць?»

Мікіта Залатароў. Фота прадастаўлена бацькамі хлопца

Мікіта Залатароў. Фота прадастаўлена бацькамі хлопца

Мікіце Залатарову з Гомля 16 гадоў. Падлетак знаходзіцца за кратамі ўжо тры месяцы – яго затрымалі яшчэ 11 жніўня ў межах крымінальнай справы паводле ч.3 арт. 339 (злоснае хуліганства) КК. Школьніку пагражае да 10 гадоў зняволення, пiша «Белсат».

Мікіта 10 жніўня знаходзіўся на плошчы Леніна ў Гомлі падчас разгону акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў.

«Мікіта стаяў на прыпынку, чакаў сябра. Тут бягуць людзі, крычаць: уцякайце, зараз усіх будуць біць. Ну і ён пабег разам з усімі. Збягалі праз двары… Не ведаю, што там было далей, але ў выніку ён схаваўся», – распавядае belsat.eu бацька Мікіты Міхаіл.

Мікіту забралі з дома раніцай 11 жніўня, у той момант бацькі былі на працы. «Суседзі казалі, што Мікіта адчыніў брамку (сям’я Мікіты жыве ў прыватным доме – заўв. belsat.eu) у адных майтках і яны пачалі яму рукі заламваць. Хацелі так у майтках і забраць, але суседзі павыхадзілі, абураліся. Папрасілі, каб яму хаця б апрануцца далі», – кажа Міхаіл.

У той дзень з 10:30 да 17:30 хлопчык знаходзіўся ў пастарунку без адваката і без бацькоў. Сілавікі затрымалі таксама Уладзя – 18-гадовага брата Мікіты.

«У міліцыі Мікіту білі, патрабавалі пароль ад тэлефона, але ён не гаварыў. Ён дробны-дробны, але па характары – крэмень. Тады яму заламалі рукі і прыклалі да тэлефона (да сэнсарнай панэлі разблакіроўкі – заўв. belsat.eu). Уладзік сядзеў у калідоры і чуў, як Мікіту білі. Калі Мікіту вывелі – у яго была разарваная майка, ён быў увесь у кравападцёках. Уладзік спытаў: што вы робіце з братам? А яму адказалі: закрый рот, а то атрымаеш п… (паб’ем – заўв. belsat.eu)».

Падчас першага афіцыйнага допыту (ужо ў прысутнасці адваката і маці) Мікіце стала кепска і яму выклікалі хуткую дапамогу. Юнака завезлі ў Гомельскі абласны дзіцячы клінічны шпіталь. У палаце выставілі ахову і нікога не пускалі, нават бацькоў. Міхаіл напісаў заяву ў Следчы камітэт з просьбай правесці праверку наконт збіцця сына.

Заява ў Следчы камітэт наконт збіцця

Заява ў Следчы камітэт наконт збіцця

«Я ж на той момант ужо і з журналістамі звязаўся, хацеў агалоскі. Але, каб да сына не было ніякага доступу, на наступны дзень міліцыянты яго забралі проста з рэанімацыі і даставілі ў ІЧУ. Я ўпэўнены, што гэта было зроблена пад ціскам, бо з рэанімацыі не выпісваюць на наступны дзень», – распавядае Міхаіл.

У эпікрызе лекары напісалі, што падлетак быў шпіталізаваны з эпілептычным прыпадкам – пра збіццё там не было ніводнага слова.

Эпікрыз Мікіты Залатарова з лякарні

Эпікрыз Мікіты Залатарова з лякарні

Пра збіццё Мікіта распавядаў і маці ў дзень затрымання, і потым бацьку, калі яны бачыліся падчас следчых дзеянняў.

«Мікіта паклаў мне галаву на плячо і сказаў: татачка, калі ж мяне біць перастануць? Казаў, што б’юць па галаве ззаду, па патыліцы. Пасля галава кружыцца, ён прытомнасць губляе», – распавядае Міхаіл.

«У мяне такое ўражанне, што яго трымаюць у закладніках»

Мікіту абвінавачваюць у тым, што 10 жніўня, збягаючы ад сілавікоў падчас разгону акцыі пратэсту, ён нібыта кінуў бутэльку з гаручай сумессю ў бок міліцыянта. Пры гэтым ніхто не пацярпеў. Сам падлетак катэгарычна не прызнае сваёй віны.

Паводле Міхаіла, ад ягонага сына патрабуюць нейкую інфармацыю – імаверна, каб ён даў паказанні супраць іншага чалавека. Яшчэ на самым пачатку следства бацьку далі зразумець, што калі Мікіта назаве нейкае прозвішча, то яго вызваляць пад хатні арышт.

«У мяне такое ўражанне, што яго трымаюць у закладніках. Да мяне ўжо тройчы падыходзілі на вуліцы незнаёмыя людзі, кажуць: здароў Мішаня, а што твой Мікіта так маўчыць? Сказаў бы – і пайшоў ужо дадому».

Пра каго ідзе гаворка – Міхаіл не ведае. Але па справе Мікіты праходзіць яшчэ некалькі чалавек. «Я яго запытваю падчас следчых дзеянняў: сынку, табе ёсць што сказаць? Не, тата, няма. Я нічога не рабіў».

Паводле заканадаўства, следчыя дзеянні з няпоўнагадовымі мусяць праходзіць у прысутнасці бацькоў.

«Самі допыты не вельмі працяглыя – можа паўтары-дзве гадзіны. Але праз чаканне, паўзы ўсё можа зацягвацца вельмі доўга. Быў выпадак, калі я прыйшоў а 14-й гадзіне і толькі пасля 21-й усё скончылася. Аднойчы, калі следчы выйшаў, адзін з міліцыянтаў, які ахоўваў Мікіту, падышоў да мяне, нахіліў галаву і кажа: вы – быдла, мы вас п…(у сэнсе – білі), п…і будзем п…. Гэта даслоўна», – прыгадвае Міхаіл.

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г. Фота: ТК / «Белсат»

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г. Фота: ТК / «Белсат»

Праз 10 дзён пасля затрымання Мікіту перавялі з ІЧУ ў СІЗА, дзе ён застаецца дагэтуль. Толькі ў кастрычніку яму далі першае спатканне з маці. Што тычыцца фізічнага гвалту, то апошнім часам яго не білі. Але Мікіта скардзіцца на агульнае недамаганне і галавакружэнне.

«Ён жа хворы, у яго эпілепсія. Ён мусіць кожны дзень прымаць лекі. Адразу пасля затрымання – ў КПЗ ды ІЧУ – яму лекаў не давалі. Цяпер нібыта даюць, але Мікіта кажа, што нерэгулярна. Дзіцяці 16 гадоў, ён не разумее, што адбываецца наагул. Чаму яго пасадзілі? Кажа, што хоча ўбачыць неба, дрэвы, людзей. У іх шпацыры па 15 хвілінаў, і там такія дворыкі прагулачныя, што бачна толькі трошкі неба», – распавядае Міхаіл.

Па справе Мікіты за тры месяцы змянілася ўжо некалькі следчых. Паводле Міхаіла, цяпер новы следчы хоча правесці экспертызу, якая высветліць узрост псіхалагічнага развіцця Мікіты. Калі атрымаецца, што псіхалагічны ўзрост не дасягае 16 гадоў, то гэта можа стаць падставай для спынення крымінальнага пераследу.

Таксама разглядаецца магчымасць перакваліфікацыі ягонай справы з арт. 339 на арт. 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) – гэта больш мяккае абвінавачванне, максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу складае 3 гады зняволення.

Новыя справы і першы прысуд

Справа Мікіты Залатарова, бадай, самы вядомы выпадак пераследу падлетка за пратэсты. Часцей за ўсё бацькі неахвотна ідуць на кантакт са СМІ і праваабаронцамі, таму пра абставіны справаў вядома мала.

Удзельнікі акцыі салідарнасці ў Горадні, Беларусь. 23 жніўня 2020 г. Фота: Аляксандр Саенка / belsat.eu

Удзельнікі акцыі салідарнасці ў Горадні, Беларусь. 23 жніўня 2020 г. Фота: Аляксандр Саенка / belsat.eu

Напрыклад, невядомы лёс 16-гадовага дзесяцікласніка з Горадні, якога вінавацяць у тым, што падчас акцыі пратэсту 13 верасня «кідаў камяні ў АМАП». Справа была распачатая паводле арт. 364 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў). Прычым у прэс-рэлізе МУС не ўдакладнялася, ці пацярпеў ад дзеянняў школьніка хаця б адзін амапавец.

Таксама невядома, дзе цяпер знаходзіцца 16-гадовы навучэнец 11-й класы адной з берасцейскіх школаў, якога байцы ГУБАЗіК затрымалі напрыканцы кастрычніка. Яго вінавацяць у тым, што падчас пратэстаў 10 жніўня ён кінуў у бок міліцыянтаў бутэльку – справа распачатая паводле арт. 293 (масавыя закалоты) КК. МУС распаўсюдзіла таксама відэа здарэння, дзе бачна, як хлопец кідае бутэльку, але тая не далятае да шэрагу сілавікоў і падае ў некалькіх метрах ад іх.

На відэа МУС затрыманы падлетак прызнаецца, што ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі пратэсту і тлумачыць гэта жаданнем «збягаць ад міліцыі». Таксама на відэа ён павініўся ў здзейсненым.

«Цяпер гэта наагул распаўсюджаная з’ява, калі здымаюць відэа з затрыманымі, якія нешта там гавораць, прызнаюць і г.д, – канстатуе намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. – І заўсёды паўстае пытанне: а праваахоўныя органы ўвогуле тлумачылі правы затрыманым? А ў затрыманых у тым ліку ёсць права не сведчыць супраць сябе самога.

Трэба адзначыць, што ў большасці выпадкаў такія відэа здымаюць у адсутнасці адвакатаў – то бок парушаецца права на абарону. А ў выпадку няпоўнагадовых таксама мусяць прысутнічаць іхныя законныя прадстаўнікі або педагогі. Потым гэтае відэа органы могуць выкарыстоўваць як доказ таго, што чалавек здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні, ён нібыта прызнаўся. Але я б наагул не разглядаў доказы, якія былі здабытыя ў парушэнне заканадаўства».

МУС раней публікавала відэа з прызнаннем падлеткаў 15 і 16 гадоў, якіх вінавацілі ў тым, што яны 11 жніўня кінулі кактэйль Молатава ў бок машыны міліцыі, што стаяла побач з мясцовым АУС. У выніку гэтага ўчынку ніхто не пацярпеў – была толькі пашкоджана абшыўка службовай «Газэлі».

15-гадовага падлетка, які вырабіў кактэйль Молатава, проста паставілі на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх, бо ўзросту крымінальнай адказнасці ён не дасягнуў. А ягонага старэйшага сябра Елісея Кузняцова 5 лістапада Жабінкаўскі суд прызнаў вінаватым і пакараў яго «хатняй хіміяй» тэрмінам у 2,5 гады. Паводле прэс-рэлізу Вярхоўнага суду, падлетак прызнаў сваю віну і нават напісаў яўку з павіннай.

За кратамі ці пад хатнім арыштам

У Мазыры на мінулым тыдні ў суд была накіраваная справа па арт. 342 КК у дачыненні двух 17-гадовых хлопцаў. Іх абвінавачваюць у тым, што падчас аднаго з мітынгаў яны кідалі камяні «у бок прыпыначнага пункта грамадскага транспарту, дзе стаяў адмысловы грузавы аўтамабіль МАЗ, які належыць вайсковай частцы 5525». У выніку гэтых дзеянняў было пашкоджана ветравое шкло і кузаў грузавіка. Сума шкоды склала 160 рублёў. Паводле пракуратуры, хлопцы знаходзяцца пад хатнім арыштам.

Максім Бабіч. Фота: sping96.org

Максім Бабіч. Фота: sping96.org

А вось у Менску двух 17-гадовых хлопцаў, якім выстаўлена абвінавачванне паводле арт. 342 і арт. 339 КК, узялі на час следства пад варту. Падставай для пераследу стаў інцыдэнт, які меў месца 13 кастрычніка ў Серабранцы. Тады група людзей блакавала дарогу на перакрыжаванні Ракасоўскага і Пляханава, але з адным з кіроўцаў у іх адбыўся канфлікт , які перарос у бойку.

Адзін з фігурантаў справы – студэнт другога курсу Менскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжу Максім Бабіч. Яго затрымалі раніцай 19 кастрычніка, калі ён ішоў на вучобу, і змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Пры гэтым Бабіч мае праблемы са здароўем – у яго парок сэрца. Праваабаронцы ўжо прызналі хлопца палітвязнем.

У адкрытых крыніцах ёсць інфармацыя яшчэ пра тры выпадкі крымінальнага пераследу няпоўнагадовых:

У Жлобіне Віталя Прохарава затрымалі ўвечары 11 жніўня, калі ён ішоў увечары дадому са спартовай пляцоўкі. Як распавядаў «Нашай Ніве» бацька хлопца, Віталя збівалі людзі ў балаклавах, прывязалі яго да крэсла. Здзекі ў пастарунку працягваліся дзве гадзіны. «Уся спіна ў слядах ад дубінак, ногі ў ранах, падбітае вока, гузы на галаве, гематомы па ўсім целе. На абедзве нагі кульгае», – распавядаў тады бацька. Спачатку на хлопца проста склалі адміністратыўны пратакол, але ў канцы жніўня распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК. На якой стадыі знаходзіцца расследаванне – невядома.
У Менску, паводле ПЦ «Вясна», фігурантам крымінальнай справы паводле арт. 293 КК стаў 17-гадовы Уладзімір Каспяровіч, у яго ўдоме адбыўся ператрус.

Арцём Зелянкоў з маці ў судзе. Крыніца: spring96.org

Арцём Зелянкоў з маці ў судзе. Крыніца: spring96.org

У Берасці на мінулым тыдні распачаўся суд над 17-гадовым жыхаром Кобрына Арцёмам Зелянковым, якога вінавацяць у тым, што ён парваў дзяржаўны сцяг (арт. 370 КК). Арцём прызнае сваю віну, пад варту хлопца не бралі.

Валянцін Стэфановіч канстатуе, што ў Беларусі выпадкі палітычна матываванага пераследу няпоўнагадовых сустракаліся і раней. Адна з найбольш вядомых гісторыяў – гэта пераслед у 2006-2007 гг. актывістаў «Маладога фронта» паводле арт. 193-1 (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Шэраг актывістаў, у тым ліку Іван Шыла і Наста Палажанка, яшчэ былі няпоўнагадовымі (праўда, тады іх не змяшчалі ў СІЗА). Раней, у 1997 годзе, за палітычнае графіці трапіў за краты 16-гадовы актывіст Вадзім Лабковіч – ён паўгода правёў у СІЗА.

«Таму ў прынцыпе з’ява не новая. Але мы заўсёды акцэнтуем увагу на ўзросце, бо няпоўнагадовыя ў турме – гэта ўсё ж асаблівая з’ява. Не важна нават, ці палітычна матываваны гэта пераслед. Гэта ўсё роўна мусіць быць абумоўлена нейкімі крайнімі выпадкамі, калі сапраўды здзейснена нейкае цяжкае злачынства. Усё ж дзеці павінны знаходзіцца дома, суд мусіць улічваць іхны узрост і не выносіць пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем волі», – падкрэслівае праваабаронца.

Стэфановіч лічыць, што нават дарослых не мае сэнсу трымаць пад вартай, калі іх вінавацяць паводле «масавых закалотаў» або ў «грубым парушэнні грамадскага парадку», бо гэтыя артыкулы (293 і 342) не адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

«А калі казаць пра палітычна матываваны пераслед, то патрабаванні нашыя адназначныя: неадкладнае вызваленне гэтых людзей», – падкрэслівае ён.

Присоединяйтесь к нам в Viber или Telegram, чтобы быть в курсе важнейших событий дня или иметь возможность обсудить тему, которая вас взволновала.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
2 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
злой кот

Школоте бы дома сидеть возле мамкиной юбки а не под пулями бегать)))

Scroll Up