Пра загадкі і таямніцы беларускіх гарадоў раскажуць на курсах «Мова Нанова» ў Баранавічах
Прыняць удзел у традыцыйных занятках па беларускай мове могуць усе жадаючыя.
Пятыя заняткі «Мова Нанова» ў новым сезоне пройдуць у сераду, 11 лістапада, у 18.30, у бізнес-цэнтры на вул. Савецкая, 84 (побач з крамай «Сласцёна»). Сустрэчы «ўжывую» на бясплатных занятках па беларускай мове аднавіліся толькі ў кастрычніку пасля перапынку з-за эпідэміялагічнага становішча ў нашай краіне.
На мерапрыемстве традыцыйна адбудзецца моўная размінка і моўная частка, а пасля запланаваная гутарка з госцяй Настай Грышчук – рэдактарам незалежнага культурніцкага праекта Haroshak.by, вядомага ролікамі пра знакамітых беларусаў і беларускія гарады.
– На нашых занятках мы часта прыходзім да высновы, што вельмі мала ведаем пра Беларусь. Яе скарбы застаюцца для нас загадкава-таямнічымі. Вывучаць яшчэ і вывучаць! – паведаміла Intex-press Ганна Ліцкевіч, адна з арганізатараў курсаў. – А другая вядучая, Наста Курылёнак, падрыхтавала віктарыну з каверзнымі пытаннямі, таму заўтрашняя сустрэча 2 у 1: і веды пра Беларусь і беларусаў праверыць, і даведацца пра класную крыніцу, дзе іх можна паглыбляць.
Арганізатары заклікаюць прыходзіць на курсы у масках, каб не падвяргаць рызыцы сваё здароўе.
«Мова Нанова» — бясплатныя курсы беларускай мовы, якія ладзяцца па ўсёй Беларусі з 2014 года. Яны разлічаны на шырокую аўдыторыю і карыстаюцца поспехам у людзей рознага ўзросту. Арганізатары прапануюць неакадэмічнае вывучэнне мовы ў інтэрактыўных формах. Навучанне бясплатнае, запрашаюцца ўсе жадаючыя.
Комментарии
Правила комментирования