Новости / Общество

«Яны хочуць ужо кантраляваць нашыя думкі». Як за два месяцы змяніліся Беларусь і Баранавічы

16.10.2020, 15:13  / remove_red_eye 2417   / chat_bubble3

«Пабачыш міліцыю – пераходзь на іншы бок вуліцы» –  такія настаўленні бацькі сыну, які выходзіў на прыпынку ў цэнтры горада, пачуў я ў аўтобусе.

«Яны хочуць ужо кантраляваць нашыя думкі». Як за два месяцы змяніліся Беларусь і Баранавічы

Кадр з фільма «1984»

За некалькі месяцаў мы прызвычаіліся да новых абставінаў жыцця. Нікога ўжо не дзівіць перакрытая па выходных бязлюдная плошча ў Баранавічах, стотысячныя маршы па нядзелях у Мінску падаюцца штодзённасцю, збіццё людзей пры затрыманнях міліцыяй – таксама не навіна. Кадры з савецкіх фільмаў пра чэргі ў царскія ці фашысцікя турмы за гэты час сталі рэальнасцю.

Сход жыллёва-будаўнічых кааператываў цяпер адбываецца на лесвічных пляцоўках у пад’ездах ці падвалах дамоў. Знаёмыя старшыні ЖБК расказваюць, што перад тым як сабраць людзей, звязваюцца са сваімі ўчастковымі, каб папярэдзіць пра мерапрыемства. Але ім настойліва раяць не збірацца нават у сваім двары. Сход могуць палічыць за нейкае незаконнае дзеянне, і «ніхто ў міліцыі на месцы разбірацца не будзе».

На днях майго добрага знаёмага затрымалі ў адным з мікрараёнаў горада. Некалькі дзясяткаў міліцыянераў на трох аўтамабілях прыехалі ўвечары ў Бараўкі, каб перашкодзіць жыхарам мікрараёна сабрацца на алеі. Ніхто з людзей не быў п’яны, некаторыя прыйшлі з дзецьмі ці сабакамі. Яны не рабілі ў той час нічога супрацьзаконнага. Проста стаялі і размаўлялі. Усе міліцыянты былі ў масках ці балаклавах і адмаўляліся паказваць свае службовыя пасведчанні ці называць сваё званне і прозвішча, што, дарэчы, патрабуе закон.

Чаму нельга стаяць і размаўляць на алеі, супрацоўнікі праваахоўных органаў так і не здолелі патлумачць. У людзей перапісалі пашпартныя дадзеныя, а двух мужчын, сярод якіх быў і мой знаёмы, адвезлі ў гарадскі аддзел унутраных спраў, дзе пратрымалі тры гадзіны.

Знаёмы расказаў, што так і не атрымаў уцямнага адказу ад праваахоўнікаў, дзе можна хадзіць, а дзе нельга, з кім і калі можна стаяць, а з кім не. Яго апытвалі як сведку, але ніхто не мог  адказаць на яго пытанне: «Сведкам чаго я быў? Што некалькі чалавек стаялі і размаўлялі?». Затое яго папрасілі ўключыць тэлефон, каб паглядзець фота і сацсеткі. Мужчыне не было чаго хаваць, таму ён гэта зрабіў. Пабачыўшы беларускамоўны інтэрфэйс, адзін з міліцыянтаў прамовіў: «Усё панятна!». Выходзіць, што адна з дзяржаўных моваў у міліцыянера асацыюецца з нечым незаконным? У якой іншай краіне такое можа быць?

Потым міліцыянеры ўбіліся ў месанджары і сацсеткі знаёмага, чытаючы пасты і шукаючы там бел-чырвона-белыя сцягі і Пагоні. Прагледзелі сямейныя здымкі на тэлефоне ў пошуках нечага недазволенага. Усё гэта, заўважу, без складання пратаколу дагляду.

– Раней яны сачылі, каб людзі не парушалі напісаныя ўладай законы, але цяпер самі не здольныя выконваць іх. Што яны шукалі ў маім тэлефоне? Раней яны хацелі кантраляваць нашыя дзеянні, цяпер яны ўжо хочуць кантраляваць нашыя думкі! – зрабіў высновы мой знаёмы.

Падчас гутаркі мой сябра атрымаў магчымасць задаць пытанне, якое мучыла яго некалькі дзён.

– Я нагадаў афіцэру, які мяне апытваў, ці чуў ён словы намесніка міністра МУС, што міліцыя ў выпадку патрэбы пачне выкарыстоўваць зброю супраць пратэстуючых. І спытаў, ці гатовы менавіта ён, калі паступіць загад, страляць у людзей, у жыхароў горада, напрыклад – у мяне.

Па словах знаёмага, міліцыянт адказаў яму, што «я офицер, я давал присягу, я пойду до конца».

На жаль, змены ў нашым грамадстве адбываюцца вельмі імкліва. Ужо выразна бачны раскол паміж беларусамі, які наўрад ці атрымаецца залагодзіць за кароткі час – злосць і крыўда назапашваецца. І гэта расколіна імчыць усё ніжэй – калі ў жніўні былі толькі ахвотныя катаваць людзей, дык цяпер з’явіліся тыя, хто гатовы пачаць страляць.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

Чытайце таксама: Баранавічы пад акупацыяй. Жнівень-2020

Меркаванне. Чаму змаганне з COVID-19 у Беларусі нагадвае савецкую спробу спыніць нашэсце каларадскага жука

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
3 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии

Пабачыш міліцыю – пераходзь на іншы бок вуліцы

Дагоняць, калi трэба…

Scroll Up