Новости / Общество

«Мы і сыйдзем адсюль, а краіна застанецца». Юрый Жыгамонт сустрэўся з жыхарамі Баранавічаў на курсах «Мова Нанова»

11.10.2020, 11:16  / remove_red_eye 934   / chat_bubble5

Увосень па беларускіх гарадах на курсах «Мова Нанова» праходзіць серыя творчых сустрэч з акцёрам і тэлевядучым – Юрыем Жыгамонтам. Акцёр распавядае гісторыі пра Беларусь, пакінутыя за кадрам перадачы «Падарожжа дылетанта», а таксама адказвае на пытанні гледачоў.

«Мы і сыйдзем адсюль, а краіна застанецца». Юрый Жыгамонт сустрэўся з жыхарамі Баранавічаў на курсах «Мова Нанова»

Творчая сустрэча з Юрыем Жыгамонтам на беларускамоўных курсах "Мова Нанова" ў Баранавічах. Фота: Дыяна КАСЯКІНА

На першую сустрэчу ў новым сезоне беларускамоўных курсаў «Мова Нанова» ў Баранавічах завітаў Юрый Жыгамонт, знакаміты вядоўца перадачы «Падарожжа дылетанта». Каб пабачыць Юрыя, па словах арганізатараў, 7 кастрычніка на курсы прыйшла досыць вялікая колькасць людзей – каля сарака ўдзельнікаў.

Сваю размову Юрый Жыгамонт пачаў з таго, што трэба вучыцца жыць дзеля Бацькаўшчыны, што кожны прыходзіць на гэту зямлю і ўкладвае нейкі свой кавалачак у яе, уносіць свой камень у пабудову нашай Айчыны.

У наступным годзе споўніцца 20 гадоў, як артыст працуе ў «Падарожжы дылетанта», што зрабіла яго знакамітым. Юрый Жыгамонт адзначыў, што дзякучы «Падарожжам дылетанта» многія гледачы лічаць яго гісторыкам. Але на самой справе ён акцёр, скончыў тэатральна-мастацкі інстытут і працаваў большую частку жыцця ў тэатры. Але «Падарожжа дылетанта» насколькі захапіла Юрыя, што ён пачаў укладаць усе свае сілы і талент у гэту перадачу.

Юрый Жыгамонт. Фота: Дыяна КАСЯКІНА

Юрый Жыгамонт. Фота: Дыяна КАСЯКІНА

Яркія цытаты з выступлення Юрыя перад жыхарамі нашага горада:

«Я за тое, каб беларуская мова папулярызавалася і больш гучала, таму мы вядзем «Падарожжа дылетанта» выключна на беларускай мове і ў музычным суправаджэнні праграмы выкарыстоўваем толькі беларускіх аўтараў і спевакоў».

«Шмат гледачоў кажуць мне, што дзякуючы нашай перадачы яны сталі шукаць свой радавод у архівах, разумець, хто яны такія і адкуль узяліся. Часта падыходзяць і кажуць, што дзякуючы нашай праграме паступілі на гістарычны факультэт і сталі гісторыкам, таму што іх вельмі зацікавіла гісторыя нашага краю. Гэта вельмі прыемна».

«Калісьці, у 2012 годзе, Павел Латушка, які цяпер у апазіцыі, узнагародзіў мяне нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». Я гэтым вельмі ганаруся».

«Мая маці памерла ў гэтым годзе, 90 гадоў пражыла, бацька памёр раней, іх хата пустая… Але я заўсёды туды езджу: раз у тры месяцы імкнуся пабыць там, пажыць хаця б тыдзень. Два-тры крокі ў ёй зробіш і як быццам ніколі не выязджаў адтуль. Гэта ўсё настолькі жывое на Палессі. Там увогуле нейкая таямніца – памерлыя людзі ажываюць».

«Падчас апошніх падзей у Мінску я ішоў па Нямізе, раз – езде машына, дзверы адкрываюцца і выскокваюць у шлемах, чорныя, з дубінамі – вось гэта страшна, разумееце, калі такое адбываецца. І гэта не нейкі прывід…».

«Ты прыйшоў на гэтую землю, як у хату, паводзь сябе нармальна. Ты беларус у Беларусі, любі і шануй гэту землю, паважай мову, культуру, народ. Тут гэта ўсё было і раней існавала, векамі, стагоддзямі – Бог даў, а не хтосьці гэта цяпер прыдумаў».

«Як мы прыйшлі сюды, так мы і сыйдзем адсюль, а краіна застанецца. Наша энергія, нашы добрыя справы, якія мы рабілі і працягваем рабіць – яны ідуць разам з намі. Матэрыяльнае застаецца матэрыяльным, духоўнае паднімаецца да духоўнага».

«Калі мне цяжка на душы, я слухаю фальклорныя запісы маёй вёскі і іншых вёсак нашай Беларусі, якія не пераспяваныя кімсьці, а запісаныя намі ў бабулек ужывую, і мне вельмі дапамагае».

«Калі я нікуды не выязджаю, я сябе дрэнна адчуваю. Я ўвесь час знаходжуся ў руху і ніколі не сяджу на месцы. Мае вандроўкі ніколі не спыняцца: там, на небе, я думаю, таксама ёсць шмат прыгожых мясцін».

Фота: Дыяна КАСЯКІНА

Фота: Дыяна КАСЯКІНА

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
5 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Котяра

Хоть у кого-то есть интерес к белорусскому.

Scroll Up