Новости / Общество

«Нам хацелася, каб перамога была заўтра. Так бывае, але ў казках»

18.09.2020, 11:37  / remove_red_eye 500   / chat_bubble3

Жыццё больш складанае і разнастайнае. Тое, што адбылося з Беларуссю, павінна было здарыцца, каб мы нарэшце расплюшчылі вочы.

«Нам хацелася, каб перамога была заўтра. Так бывае, але ў казках»

Акция протеста в Барановичах 16 августа. Фото: Руслан РЕВЯКО

Журналіст Новага Часу Аксана Колб разважае пра падзеі апошняга месяца:

Нам хацелася, каб перамога была заўтра. Нам хацелася, каб ужо праз тыдзень мы зажылі ў іншай новай Беларусі. Так бывае, але ў казках. Жыццё больш складанае і разнастайнае. Тое, што адбылося з Беларуссю, павінна было здарыцца, каб мы нарэшце расплюшчылі вочы.

Калі ля Акрэсціна я размаўляла з тымі, хто прайшоў праз пекла першых паслявыбарчых дзён, амаль усе пыталіся:

— Як думаеце, нешта зменіцца, гэта ўсё не дарэмна?

— Канечне зменіцца, — адказвала ім. — Я 26 гадоў у гэта веру.

Да чаго гэта я? 26 гадоў, калі пасля 10 ліпеня Беларусь атрымала Лукашэнку, мне было горка і сумна. Я злілася на недальнабачнасць мільёнаў. На сябе, што мала каго змагла пераканаць. І яшчэ шмат на каго. Але ў той жа час адчаю не было. Была надзея і вера ў тое, што ўсё будзе добра.

Можа таму, што мне было ўсяго 26 гадоў, як тым хлопцам і дзяўчатам, што размаўлялі са мной ля Акрэсціна. А можа таму, што і тады і цяпер было ўнутранае адчуванне справядлівасці гэтага свету і таго, што дабро заўсёды перамагае.

Тое, што здарылася з нашай краінай пасля 9 жніўня, павінна было здарыцца, каб тыя, хто шмат гадоў не заўважаў, куды мы кацімся, нарэшце расплюшчылі вочы. Каб замест купкі «адмарозкаў», якім «няма чаго рабіць», на плошчы і вуліцы Беларусі выйшлі сотні тысяч.

Каб наш сцяг, ад якога так лёгка ўсе адмовіліся 25 гадоў таму, сёння стаў сімвалам нашай перамогі, сімвалам супраціву і новай Беларусі. Каб тыя, хто дасюль верыў дзяржаўнай беларускай і расійскай прапагандзе, нарэшце ўключылі мазгі.

Тое, што сёння адбываецца ў нашай краіне, праз колькі год будуць вывучаць палітолагі ўсяго свету. Мы зламалі ўсе схемы. Мы парушылі ўсе паліталагічныя законы. І мы абавязкова зрынем гэты, ужо літаральна вар’яцкі рэжым.

На кожную навіну пра затрыманне і гвалт ёсць дзесяць пра салідарнасць і грамадзянскую пазіцыю. Гэта не можа не дадаваць аптымізму. Таму я веру, мой унук абавязкова будзе ганарыцца, што нарадзіўся ў самай лепшай краіне ў свеце — у Беларусі!

Ну а для тых, хто ўсё ж яшчэ ў адчаі і роспачы, прапаную пачытаць пост Стася Карпава. Каюся, узяла яго не дачакаўшыся дазволу, хаця і спыталася. 

«Я тут час ад часу чытаю пасты людзей, якія ўпадаюць у адчай, — піша Стась Карпаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». — Ну, яны так і пішуць, што я ў адчаі, усё прапала. Людзі збіраюцца валіць ці звальваюць і расказваюць, што я валю ці збіраюся валіць, бо я ў адчаі, ага.

Дык вось ваш адчай і вашы жаданні валіць — гэта вашы асабістыя справы, дарагія мае. Унутры мяне я гатовы кожнага пару гадзін гладзіць па галаве. Але.

Справа ў тым, што ўвесь наш рэсурс — гэта калектыўная вера ў свае сілы.

Народ у адрозненні ад чалавека — ён такі, якім ён сябе бачыць сам. Калі мы — народ, які змагаецца за свае правы — то мы народ, які змагаецца за свае правы. Калі мы ў адчаі, то мы народ у адчаі.

Калі мы верым у перамогу і кажам пра гэта суседу, каб сусед не вешаў нос — мы перамагаем. Калі мы кажам суседу, што ўсё марна — то якога выніку вы хочаце дасягаць?

Увесь «Фэйсбук» апошнія гадоў дзесяць быў поўны такой «дапамогай». Беларусы — сапляжуі. Беларусы — лукашысты. Беларусы — не выйдуць. Беларусы ніколі не збяруцца. У кожнага хата з краю…

Дзякуючы гэтым енкам мы страцілі некалькі гадоў і нават зараз у нас у сэрцах жыве гэтае гнілое зерне спадзеву на тое, што «а давайце хуценька прадуем, паперажываем, паплачам і будзем жыць як жылі».

Нельга. Сумуйце моўчкі. Валіце моўчкі.

Вы так радваліся, калі мянты масава звальняліся адзін за адным. Гэта надавала вам сіл. Гэта забірала сілы ў іх. Цяпер, калі вы самі вырашылі «звольніцца» — звальняйцеся, але не аб’яўляйце пра гэта «ім». Вашы скавытанні — гэта іх справаздачы аб «затуханні пратэсту». Гэта іх вера ў тое, што трэба проста ў два разы часцей уламвацца ў кватэры, у пяць разоў часцей штрафаваць і збіваць, у дзесяць разоў вышэй падскокваць, каб сарваць свежанькі бчб. Вы думаеце, ім не патрэбна вера? Вы думаеце, яны не хочуць упэўненасці ў перамозе?

Быць разам — гэта не значыць разам выходзіць кожную нядзелю. Гэта значыць БЫЦЬ. Быць разам. Штохвілінна.

Наш сум і адчай — гэта проста эмоцыя. Хімія. Калі 11-га веры было болей, а зараз меней — то гэта не таму, што змянілася ральнасць. Гэта значыць, што вы не былі гатовыя гэтую рэальнасць прымаць. Прыміце рэальнасць і вярніце веру туды, дзе была.

Вера і ўпартасць у называнні белага белым, а чорнага — чорным — вось што такое «разам».

Вы стаміліся. Усе стаміліся. Але ці з’яўляецца стома дастатковай прычынай, каб перастаць быць часткай таго народа, якім вы так захапляліся месяц таму? Стома — гэта проста стома.

Адчай ці вера — гэта проста выбар. Задайце сабе пытанне, чаму вы ў адчаі? І вы зразумееце, што вы выбралі быць у адчаі. Вы ў адчаі таму, што хацелі, каб усё было хутка. Няспраўджанае хаценне хуткасці — дастаткова паважная прычына, каб быць у адчаі?

Вы бачыце шмат несправядлівасці. Вы верыце ў яе вечнасць? Вы наогул верыце ў вечнасць?  На працягу некалькіх месяцаў вы былі сведкам імгненных зменаў усяго. І цяпер за пару тыдняў паверылі ў нязменнасць несправядлівасці?

Але яшчэ крыху несправядлівасці і абсурду — гэта ўсё, што можа зрабіць дзед з апрычнікамі.

Вы лічыце, што прыняць іх пасланне і зрабіць іх пасланне карцінай свайго свету — гэта ваш выбар?

Верыць, усміхацца, дапамагаць адзін аднаму, не пакідаць адзін аднаго са сваёй стомай — вось што такое быць разам. І гэта тое, што ўсім нам абсалютна па сілах. Будзем разам, бо разам мы пераможам».

Дзякуй, Стась! Дзякуй усім тым, хто верыць! Жыве Беларусь!

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
3 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
eni.

Кому сегодня легко……….

Scroll Up