Новости / Общество

«Вашая хата больш не з краю, яна – у самым цэнтры пекла». Зварот жыхара Баранавіч да настаўнікаў

1.09.2020, 10:13  / remove_red_eye 4062   / chat_bubble8

У рэдакцыю Intex-press неабыякавы гараджанін даслаў ліст, у якім звярнуўся да настаўнікаў краіны.

«Вашая хата больш не з краю, яна – у самым цэнтры пекла». Зварот жыхара Баранавіч да настаўнікаў

Фота: Таццяна МАЛЕЖ

Магчыма, ліст будзе даволі пафасным. Такім, якімі бываюць прамовы ў школах на выпускных вечарах альбо на лінейках 1 верасня.

Жнівеньскія падзеі мала каго ў Беларусі пакінулі абыякавым. У народа з’явілася вельмі шмат пытанняў, у тым ліку да настаўнікаў. Настаўнікі, у сваю чаргу, просяць даць ім спакойна працаваць і спакойна рабіць сваю работу. Але я вось сёння ўжо не ўпэўнены, што мне хочацца, каб вы працягвалі спакойна рабіць сваю работу, шаноўныя настаўнікі. Вынік вашай работы — гэта вашыя вучні. І гэта вашыя вучні збівалі людзей да сіняга мяса і катавалі жанчын і мужчын у ізалятарах па ўсёй краіне. Гэта вашыя вучні, сённяшнія дактары, адмаўляліся афармляць збіццё належным чынам. Гэта вашыя вучні адмаўляюцца прымаць заявы па фактах збіцця. Гэта вашыя вучні распачынаюць крымінальныя справы на людзей, якія прыходзяць скардзіцца на дзеянні міліцыі. Гэта вашыя вучні бегаюць па дварах па начах і зрываюць бела-чырвона-белыя сцягі з балконаў. Гэта вашыя вучні накідваюцца цэлым натоўпам на тралейбус і выцягваюць адтуль людзей, каб закінуць іх у аўтазак. Гэта вашыя вучні ствараюць гідкую і мярзотную афіцыйную прапаганду. Гэта вашыя вучні прыходзяць на вашае месца і працягваюць вашую справу. Мабыць, не вельмі прыемна чытаць? Ну нічога, на Акрэсціна некаторым вашым вучням, дзякуючы некаторым вашым вучням, было цяжэй, таму цярпіце.

Вядома, што пасля школы вашыя вучні атрымалі адпаведную адукацыю і спецыялізацыю, але ж вы нас усіх вучылі, што менавіта школа дае той падмурак, з якім чалавек крочыць далей па жыцці, які застаецца з ім назаўсёды. Безумоўна, сярод вашых вучняў ёсць неверагодная колькасць годных, таленавітых, цудоўных людзей. Але размова не пра іх цяпер. Таксама як з хворым на рак чалавекам не будзеш абмяркоўваць, якія прыгожыя ў яго вочы. Ёсць праблема, і пра яе трэба гаварыць. Пра медалістаў і прыгожыя вочы пагаворым іншым разам. Вы кажаце, што не ўсе з вас вінаватыя. І мы не кажам, што вінаватыя ўсе.

Вы кажаце, што акрамя вас у выбарчых камісіях былі калектывы прадпрыемстваў, фабрык і інш. І мы гэта цудоўна ведаем, і да ўсіх тых людзей у нас тыя ж самыя пытанні. Проста з імі нашыя дзеці не праводзяць па 11 гадоў жыцця, не яны ствараюць той самы «падмурак». Дык можа, таму да вас пытанняў трохі больш? І, можа, прыйшоў час самім зразумець, што такое адказнасць за свае ўчынкі, а не проста расказваць пра гэта дзецям на ўроках? Як вы наогул можаце вучыць дзяцей адказнасці?

Разумею, што такія абвінавачванні цяжка чытаць тым з вас, хто не фальсіфікаваў. Разумею, што на ўсе гэтыя абвінавачванні хочацца таксама спытаць «дык а што рабіць цяпер?».

Што вам рабіць? Калі вы правільна палічылі, калі не ўкідвалі стосы «левых» галасоў, калі адпрацавалі сумленна, то вам і хвалявацца няма чаго. Але яшчэ можна хаця б перастаць прасіць людзей прад’яўляць вам прэтэнзіі, бо, па-першае, яны маюць на гэта права, па-другое, гэта выглядае проста недарэчна. Бо ў іх прэтэнзіі не толькі да вас і не да ўсіх з вас, а да тых, хто ўдзельнічаў у гэтым фарсе, з любой сферы. Можна і трэба пытацца сваіх калег, праз дзеянні каторых вашая рэпутацыя так моцна пацярпела, як сталася тое, што сталася і што з гэтым рабіць. Можна і трэба перастаць маўчаць. Вашая хата больш не з краю, яна – у самым цэнтры пекла.

Вы хочаце заставацца па-за палітыкай, але сваімі дзеяннямі ствараеце невыносную сітуацыю ў краіне. І прапануеце іншым рабіць тое самае, што робіце вы – маўчаць.

Прэзідэнт сказаў пра пратэстоўцаў «как крысы разбежались», а гэта можна было б сказаць пра вас у вечар 9 жніўня, калі вы ўцякалі з участкаў, а вас прыкрывала міліцыя. Такіх адкрытых лістоў можна было б напісаць дзясяткі. Дактарам, каторыя стагналі падчас эпідэміі з-за недахопу абсалютна ўсяго і прымалі любую дапамогу ад людзей, а потым пападпісваліся за прэзідэнта. Міліцыі, каторая «дарасла» да таго, што ўзровень камандзіраў і начальнікаў па ўсіх параметрах сёння роўны тым вашым вучням, якіх вы называлі ў свой час дэбіламі, ідыётамі, у якіх кідаліся крэйдай і ўказкамі. Шмат каму.

Напэўна, вы скажаце, што не ўсё так проста, што я шмат чаго не ведаю, шмат чаго не разумею. А я вам скажу, што ўсё не проста «не так проста», а ўсё ўжо суперскладана і вы разам з намі ў гэтым усім і лёгка цяпер не будзе нікому.

1 верасня – Дзень ведаў. Са святам! Цяпер мы сапраўды ведаем, на жаль.

Ігар Ганчарук. Выпускнік СШ №19 г. Баранавічы. Двойчы настаўнік.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
8 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
ДедСаша

Но, эти же учителя учили и протестующих и самого Игоря Гончарука…

Scroll Up