Новости / Происшествия

«Аказалася, «барбершоп» — гэта нож». Хлопец падрабязна распавёў, як яго катаваў АМАП (18+)

25.08.2020, 13:59  / remove_red_eye 1994   / chat_bubble5

Мінчук падрабязна распавёў, як яго і іншых затрыманых катаваў АМАП: людзей білі, адстрыгалі валасы, прымушалі спяваць.

«Аказалася, «барбершоп» — гэта нож». Хлопец падрабязна распавёў, як яго катаваў АМАП (18+)

Фото: nn.by

Глеб Капцэвіч, 24 гады

«Увечары 11 жніўня я ішоў каля ГЦ «Рыга». Убачыў невялікую групу мірных дэманстрантаў, чалавек 30. Неўзабаве пад’ехалі 2 бусы, з іх выйшлі людзі ў вайсковай форме са зброяй і стаялі насупраць.

Я зразумеў, што пара сыходзіць дадому. Пайшоў па вуліцы Бяды, каля крамы «Буслік» мяне сустрэлі шарэнгай, наставіўшы зброю, людзі ў чорнай форме. Паклалі тварам у падлогу. Я крычаў, што нічога не зрабіў, іду дадому, зайшоў у краму ў «Рыгу». Праверыўшы мае асабістыя рэчы, сказалі: «Бягом дадому».

Па дарозе я сустрэў хлопца з дзяўчынай, якіх таксама адпусцілі. Але трохі далей нас сустрэлі іншыя супрацоўнікі (чалавек 7), накіраваўшы зброю з ліхтарыкамі з крыкамі: «Ляжаць!» Я лёг. Паўтараў зноў і зноў: «Толькі што адпусцілі, вашыя ж калегі, звяжыцеся з імі. Я нічога не зрабіў».

Супрацоўнік сказаў: «Паказвай тэлефон. Разблакіруй, адкрывай галерэю». Я адкрыў, ён убачыў фота з парапета «Рыгі». «Што гэта?! Пайшоў!»

Мне заламалі рукі і павялі ў мікрааўтобус, дзяўчыну з хлопцам таксама. З намі застаўся іншы супрацоўнік, пачаў ва ўсіх правяраць тэлефоны. Глядзеў галерэю, тэлеграм-перапіскі і каналы.

Хлопец доўга не мог растлумачыць, як разблакаваць яго тэлефон, таму што яго звязалі, а ў яго быў графічны ключ. Супрацоўнік пачаў нервавацца і злавацца. Я спрабаваў данесці, каб нас адпусцілі.

Я папрасіў патэлефанаваць жонцы і паведаміць, што я затрыманы, інакш яна з глузду з’едзе. Мне адказалі: «У мяне таксама жонка звар’яцела, праз вас, падонкаў».

Ім перадалі па рацыі, што ўсіх узялі, і мяне падвезлі да паркоўкі пад «Рыгай» і выцягнулі. Тэлефон застаўся ў машыне. Я ўбачыў некалькі аўтазакаў і шмат супрацоўнікаў АМАПа, якія пачалі біць мяне ўсе па чарзе дубінкамі па задніцы, нагах і спіне. Адзін з іх ударыў кулаком проста ў вока. З крыкамі: «Ну што, с*ка, перамен захацеў?..»

Я паспрабаваў яшчэ раз сказаць, каб мяне адпусцілі. Але кожнае маё слова каштавала мне ўдару. Мяне пачалі закідваць у аўтазак, сказаўшы: «Паўзі». У гэты момант у мяне выпалі ключы ад машыны. Я звярнуў на гэта ўвагу, на што атрымаў адказ у жорсткай форме з чарговым ударам.

У гэты момант прамільгнула думка «Чаму паўзі?» І тут, калі мяне закінулі ў аўтазак, я зразумеў, што я ляжу на людзях. Мінімум у два пласты, адзін на адным, стогнуць ад болю. Я поўз у канец, імкнучыся нікога не задушыць, да гэтага моманту мая пятая кропка была настолькі адбітай, што кожны ўдар суправаджаўся лямантам, што цешыла АМАП. Яны білі мяне і казалі: «Паўзі хутчэй!»

Калі я заняў пазіцыю ў сярэдзіне аўтазака, па нас пачалі хадзіць супрацоўнікі. Хтосьці з ніжняга пласта сказаў: «Я задыхаюся». Больш я нічога ад яго не чуў.

Чалавек, які ляжаў пада мной, прашаптаў мне: «Рука зламаная». І тут я зразумеў, што яго рука вывернутая ў іншы бок. Я паспрабаваў перамясціцца, за што атрымаў. Пасля кожнага ўдару я вішчаў ад нечалавечага болю, але сілавік працягваў біць. Я зразумеў логіку і, сашчаміўшы зубы, імкнуўся не крычаць. Нібыта пранесла, перастаў.

У аўтазаку не было чым дыхаць. Не ведаю, колькі дакладна людзей там знаходзілася, чалавек 50 ці больш. Я падумаў: «Мне яшчэ пашанцавала, што я не раздушаны знізу», але, аказалася, што тыя, хто зверху, пастаянна атрымлівалі дубінкамі. Пастаянна.

Адзін з сілавікоў, напэўна, нейкі начальнік, пачаў хадзіць за намі туды-сюды і казаў: «Таварышы ГРАМАДЗЯНЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ! Сардэчна запрашаем да супрацоўнікаў АМАП. Вы ўсе тэрарысты. Трэція суткі не можаце супакоіцца, с*кі. Вам усім п***ц. Вы сядзеце на 15 гадоў. Вам усім заплацілі ўсяго па 1 даляру? Вельмі мала. У каго барбершоп?» Аказалася, барбершоп — гэта нож. Потым ён абвясціў: «Так, хто хоча пастрыгчыся ў маім барбершопе?» У адказ цішыня. Тады сілавік заўважыў хлопца з дрэдамі. «Так, ты хочаш. Сюды!» Я не бачыў нічога, таму што ўсе глядзелі ў падлогу, але чуў, як яго стрыгуць, а ён жудасна крычаў. Пазней у камеры аказалася, што разам з дрэдамі яму адрэзалі вялікі кавалак скуры на патыліцы. Адтуль пастаянна ішла кроў.

Потым хтосьці адкрыў аўтазак і спытаў: «А дзе гэты з фарбай? Нам сказалі знайсці з фарбай». Я не зразумеў каго, але ўсе замітусіліся, таму што пасыпаліся ўдары. «Хутка знайсці з фарбай, хутчэй!» Аказалася, быў нейкі хлопец, у якога пры затрыманні знайшлі балончык фарбы. Дык яму сілавікі ўвесь балон вылілі проста ў твар. Але ўдары сыпаліся, а ён так і не знайшоўся. Сказалі хутка сесці, хто збоку. Я сеў. Нехта ў іншым канцы аўтазака пачаў крычаць: «Тут чалавек не дыхае!» Аказалася, там нехта даўно ляжаў без прытомнасці, яго дасталі і вынеслі.

Мы паехалі. Па дарозе нам сказалі спяваць гімн усім. Мы спявалі. У нейкі момант хтосьці збіўся, за што верхні пласт зноў атрымаў з каментаром: «Нават гімн не ведаеце, с*кі. Заслалі нам піндосы». Мы спыніліся. Нам сказалі пры выхадзе трэба як мага мацней крычаць: «Я люблю АМАП». Па адным людзі папаўзлі на выхад. Выходзілі і крычалі як мага мацней «Я люблю АМАП!». Пры гэтым кожнага, хто выходзіў, білі па спіне / нагах / пятай кропцы. Супрацоўнікі гучна смяяліся.

Фото: nn.by

Калі падышла мая чарга, мяне спынілі і сказалі: «Чакай». І тут я атрымаў кулаком удар пад дых, ад якога пацямнела ў вачах. Я ледзь не адключыўся. Удары ўжо амаль не адчуваліся ад шоку. Нас перасадзілі ў іншую машыну з маленькімі камерамі. Мне яшчэ пашанцавала: нас было двое. Хлопцы казалі, што іх зачынялі так па пяцёра. Сесці там нельга, паветра не было амаль зусім. Я пачаў задыхацца.

Не памятаю, колькі мы ехалі ў гэтай машыне, з мяне цёк пот не перастаючы, стала вельмі дрэнна, быў на мяжы страты прытомнасці. Машына спынілася. Нас спыталі: ці памятаем мы, што трэба крычаць пры выхадзе?

Пачалі выпускаць аднаго за адным. Мы былі ў канцы, я ўважліва прыслухаўся. Чуў вар’яцкія крыкі і ўдары. Ні адзін не мог нават нармальна дагаварыць фразу: «Я люблю АМАП». Перабіваўся на крыкі ад болю.

Ад таго, што падыходзіла чарга, нам станавілася млосна. Калі мяне вывелі з машыны, я паспеў убачыць, што па абодвух баках стаяць супрацоўнікі АМАП і міліцыя, ствараючы «калідор», па якім трэба хутка бегчы. І кожны, кожны па шляху б’е цябе.

Удары былі з усяе сілы. Рукі былі за галавой, ратуючы патыліцу ад удараў. Штук 10 атрымаў дакладна, бегчы трэба было да сцяны. Там усіх, хто дабег, ставілі на кукішкі, рукі трэба было падняць уверх над нейкай невялікай трубой максімальна высока.

Па дарозе заўважыў машыну хуткай дапамогі. Некаторыя падалі, страчвалі прытомнасць. Пастаянна былі ўдары па нагах, спіне і ягадзіцах з крыкамі: «Вышэй рукі трымаць, сукі!»

Калі ўсіх паставілі да сцяны, пачалося самае цяжкае. Мы проста стаялі. Не ведаю колькі. На фоне яны крычалі: «А вось і арганізатары! Перамен яны хацелі, агенты дзярждэпу. Вам усім п***ец».

Ногі і рукі пачалі зацякаць проста жахліва. Спроба стаць на калені замест кукішак прывяла да ўдару. Да таго моманту мая задніца была настолькі адбітая, што мне быў балючы кожны найдрабнейшы дотык, а ўдар нават немагчыма апісаць…

Кожны, хто спрабаваў хоць нешта сказаць, атрымліваў шмат і моцна. Хтосьці спрабаваў сказаць: «Я проста ішоў дадому». На што быў адказ: «Ты не проста ішоў, ты нападаў на супрацоўнікаў АМАПа. Нашы ляжаць у бальніцы з-за вас, жывёлы».

Я быў упэўнены, што нас не адпусцяць. Як мінімум, пакуль не знікнуць пабоі з цела. А, мяркуючы па маёй руцэ (тады я яшчэ не бачыў сваю 5 кропку), яна была ўся сіняя і пальцы сталі ў 2 разы большымі. На перадплеччы была вялікая надзьмутасць. Я падумаў, што мне зламалі руку. Думкі былі самыя чорныя: «Яны ж не змогуць дапусціць, каб мы выйшлі і распавялі ўсё, што з намі было!»

Ногі і рукі ўжо не вытрымлівалі. Адзін мужык казаў: «Не магу, у мяне плячо зламанае». Яго працягвалі біць і казалі: «Так мне пох***, вышэй рукі падняў!»

Хтосьці падаў, страціўшы свядомасць. У кагосьці пачаўся прыступ эпілепсіі. Я ўвесь цёк потам і ледзь дыхаў. Пачаў адключацца. Хлопцы побач са мной пачалі казаць, што чалавеку побач зусім дрэнна. Мне дазволілі стаць на калені, спыталі, у чым справа. Я сказаў, што мне кепска, я выключаюся, бо ў мяне бываюць праблемы з ціскам. Падышла лекар, узрост быў гадоў 50, бландзінка. Па твары стала зразумела, што яна не на нашым баку. Яна сказала сесці, дала мне таблетку, гліцын, і памерала ціск і сказала АМАПу пра мяне, што «ён нармальны, хвалюецца проста».

Я атрымаў удар за «падман» і вярнуўся ў строй. Таблетку акуратна выплюнуў. Не ведаю, што гэта было насамрэч.

Праз нейкі доўгі час нас паставілі на калені. Удары працягваліся. Я чуў, як хлопцы побач плакалі.

Я маліўся. Чытаў «Ойча наш» і «Багародзіцу». Маліўся шэптам, каб ніхто не чуў, таму што маглі ўдарыць. У гэты час працягвалі пад’язджаць машыны, і ў шэраг станавілася ўсё больш людзей.

Раптам амапаўцы пачалі казаць пра кагосьці: «А гэта хлопцы, якія збілі міліцыянераў. Вось с*кі». Тых хлопцаў пачалі біць. Да сцяны іх не ставілі нават, паклалі і білі. Вельмі доўга. У нейкі момант крыкі спыніліся. Услед яшчэ пару удараў — і іх павезлі на хуткай.

Калі ўсіх апыталі — сказалі налева. Гужам наперад. Рук да таго моманту я ўжо не адчуваў, ногі анямелі настолькі, што я ўпаў. Такіх было шмат. Мы яшчэ атрымалі за гэта. Рухаліся наперад дзесьці па 10 крокаў гужам і спыняліся. Потым нас паставілі на калені.

Так доўжылася некалькі гадзін. Мы перасоўваліся налева, стаялі то на кукішках, то на каленях. У нейкі момант на кукішках я ўжо стаяць не мог. Я стаяў толькі на каленях. За што атрымліваў. Станавіўся на кукішкі на секунду і зноў падаў на калені. У пэўны момант на гэта закрылі вочы, калі зразумелі, што ўдары нічога не даюць. Я ўсё роўна падаў на калені міжвольна.

Рукі пастаянна ва ўсіх апускаліся. Па іх білі, каб паднімалі назад. Аказалася, мы перамяшчаліся так па ўсім Акрэсціна. Я ў той момант ведаў, што мы ў Мінску, але не разумеў дзе.

У нейкі момант нам трэба было па чарзе пераходзіць да другой сцяны. Калідор з удараў суправаджаў нас. Цяпер нас паставілі да сцяны ў поўны рост, рукі за спіну. У той момант я перастаў адчуваць ногі. Яны не згіналіся. Так прайшло першыя 3—4 гадзіны. Мы паціху прасоўваліся да камер. Хтосьці сказаў, што хоча ў туалет «па вялікаму». Яму сказалі пайсці пад сябе. Запахла вельмі непрыемна… Адзін з нашых пачаў узнікаць: «Вы што наогул робіце?» Яго білі, але ён ужо не рэагаваў на ўдары, казаў: «І што вы зробіце, заб’яце мяне?» Яго прымусілі замаўчаць ударам галавы аб сцяну.

Пасля ўсё ж нас адвялі ў памяшканне. Людзей паставілі на калені на бетон. Патлумачылі, што трэба зняць усё з сябе, уключаючы шнуркі і скласці ў пакет. Так і зрабіў. Потым сказалі распрануцца і прысесці. Гледзячы на маю па-вар’яцку апухлую сінюю «пятую кропку», супрацоўнікі смяяліся. Я папрасіў лекара, таму што рука вельмі спухла. Думаў, зламаная, а па ёй яшчэ білі. Аказалася, я не адзін такі. У кутку сядзелі яшчэ тры цалкам збялелыя чалавекі. Мне дазволілі сесці да іх.

Пакуль ішла чарга, адзін з тых, хто сядзеў у лекара, адключыўся. Доктарка сказала: яму проста трэба вады. Супрацоўнік прынёс літровую бутэльку вады, той прачнуўся ад нашатыру і пачаў піць. Супрацоўнік сказаў яму: «Пакінь на ўсіх, гэта ўсім». Мы ўсе зрабілі па маленькім глытку.

Дайшла чарга да мяне. Доктарка агледзела маю руку. Я здзівіўся, калі яна спытала мяне: «І што тут?» Я кажу: «Магчыма пералом, глядзіце ўсе пальцы сінія, не магу варушыць, тут падпухла». Яна адказвае: «Дык гэта трэба здымак рабіць, што тут скажаш». І ўсё.

Мяне паднялі з бутэлькай вады, адкрылі дзверы і завялі ў памяшканне. Я быў у шоку.

Такога я ніяк не чакаў убачыць. Гэта было памяшканне 5 на 5 метраў з кратамі замест даху і бетоннай падлогай. І ўсё яно было застаўлена людзьмі. Так, што не прапхнуць. Я змог спакойна падняць галаву, а дзверы ззаду зачыніліся. Я ўбачыў людзей. Маладых, дарослых і старых. Усе былі збітыя да паўсмерці, як і я, некаторыя, каму зусім дрэнна — сядзелі.

Я аддаў ваду людзям. Усе сказалі: «Спачатку яму», паказаўшы на хлопца, які сядзеў на падлозе і ледзь дыхаў. Яго асабліва моцна збілі. За ўвесь час я не пачуў ад яго ні слова… Ён папіў, потым бутэлька пайшла па руках. Пра тое, што трэба моцна эканоміць тлумачыць не даводзілася, усе змочвалі горла і перадавалі адзін аднаму. Людзі ўсё разумелі — у канцы нават засталося трохі вадкасці. Спыталі: «Ёсць тыя, хто не піў?»

Бутэльку папрасілі не аддаваць назад. Спытаў, чаму? Мне паказалі на кут. Там стаяла 3 бутэлькі, напоўненыя мачой і маленькае вядро да верху запоўненае тым жа. Мача расцякалася далей. Адзін з нас сядзеў ля сцяны проста на ёй, яму было ўжо ўсё роўна.

Мы пачалі размаўляць, адкуль, за што, каго. Амаль усе казалі, што няма за што. Выпадкова ўзялі. Па людзях і іх вопратцы было відаць, што яны сапраўды не збіраліся будаваць ніякіх барыкад і супраціўляцца. Шорты, майка, тэпцікі ці красоўкі. Хтосьці плакаў, было шмат тых, у каго ішла кроў з галавы, твару і рук.

Мы сядзелі па чарзе, бо не было месца. Абменьваліся вопраткай і абуткам, каб сагрэліся іншыя. Усе дамаўляліся паміж сабой. Асобна з’явілася чарга ў туалет, у які выпусцілі толькі аднаго чалавека па выніку, па-вялікаму. Ён быў увесь скручаны: курчыўся так, ледзь стрымліваўся. Мы нават казалі яму: «Не пакутуй, што тут ужо, зрабі ў куце». Але ён не мог.

Мы спадзяваліся, што раніцай адпусцяць. Але нас распіхалі па камерах: высветлілася, што да гэтага мы стаялі ў прагулачным дворыку.

У камеры на 5 месцаў было 25 чалавек. Але нарэшце быў кран з вадою і туалет: дзірка ў падлозе.

Вельмі ратавалі людзі, якія стаялі пад Акрэсціна. Яны крычалі, які дзень, колькі гадзін. Гэта і дапамагала арыентавацца, і проста было лягчэй.

Пасля выводзілі падпісваць пратаколы. Вывелі і мяне. На паперы, амаль пустой, была шапка «Пратакол аб адміністратыўным папярэджанні». Сказалі: копіі няма. Ці падпісваеш, ці назад у камеру. Я падпісаў.

Пасля вывелі на двор зноў, паставілі да сцяны. Там амапаўцы пыталіся: у каго ёсць судзімасці, татуіроўкі? Такіх людзей адводзілі ўбок і зноў білі.

Цікавы момант: з намі стаялі нейкія дзіўныя персанажы. Не збітыя, дзіўна апранутыя: у камуфляжных штанах, напрыклад. Міліцыянты іх запісвалі на дыктафон. Тыя хлопцы расказвалі: так, не беларусы, так, нам заплацілі.

Я вельмі баяўся, што зараз нас пачнуць катаваць зноў, але ўсё ж выпусцілі. Людзей пад Акрэсціна сустракалаі валанцёры, але многія былі ў такім шоку, што проста ішлі ад іх убок, паскараючыся, з перапалоханымі вачыма. Я і сам супакоіўся толькі, калі дабраўся дадому. Цяпер я ў бальніцы з гематомамі і чэрапна-мазгавой траўмай. Скажу шчыра: ад віду міліцыі мяне ўсё яшчэ падкідвае і пачынаецца паніка.

Наша Нiва

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
5 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии

ён убачыў фота з парапета «Рыгі». «Што гэта?! Пайшоў!»

Вось з чаго пачалося…….

Scroll Up