Новости / Общество

«Дабіваць параненага — гэта апошняя стадыя нізасьці». Доктар-рэаніматоляг пра траўмы і пакуты пацярпелых ад сілавікоў

17.08.2020, 19:28  / remove_red_eye 2185   / chat_bubble8

Доктар-рэаніматоляг Юры Сіраш апавядае, як на месца выбухаў не прапускалі машыны хуткай дапамогі, як АМАП зьбіваў валянтэраў і дабіваў параненых, у якім стане прывозілі людзей з Акрэсьціна. І чаму, на яго думку, ўлада страціла павагу.

«Дабіваць параненага — гэта апошняя стадыя нізасьці». Доктар-рэаніматоляг пра траўмы і пакуты пацярпелых ад сілавікоў

Фота: svaboda.org

Загадчык аддзяленьня рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (для пацыентаў хірургічнага профілю) Менскага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі Юры Сіраш даў вялікае інтэрвію «Радые Свабодзе».

«Асноўныя зьвесткі атрымлівалі ад брыгадаў хуткай дапамогі — афіцыйнай інфармацыі не было»

— Калі вы пачалі прымаць пацярпелых?

— Я дзяжурыў 9 жніўня, быў адказным лекарам па шпіталі. Брыгады хуткай дапамогі пачалі прывозіць увечары траўмаваных сьвятлашумавымі гранатамі. Мы чакалі большай колькасьці пацыентаў, але асноўны ўдар прыняў на сябе вайсковы шпіталь. І гэта правільна, бо міна-выбуховая траўма, агнястрэлы — гэта іхны профіль. Адзінае, мы разумелі — калі будзе вельмі вялікая колькасьць пацярпелых, вайсковы шпіталь мае пэўныя памеры, ня зможа ўсіх прыняць. Наш шпіталь усе гэтыя дні адпрацаваў з запасам, з рэзэрвам.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Усю інфармацыю атрымлівалі праз «вуснае радыё», бо афіцыйнай інфармацыі не было — нуль, інтэрнэт вырубаўся, ТБ верыць нельга. Асноўная інфармацыя, якая да нас прыходзіла, — менавіта ад брыгадаў хуткай дапамогі. Прыяжджалі «хуткія», казалі: «Зараз узрываюцца сьвятлашумавыя граматы, нам трэба рыхтавацца да таго і таго, пусьцілі сьлезацечны газ — да іншага. Дзякуй хлопцам з «хуткай» — яны інфармавалі нас. Я хачу падзякаваць усім сваім калегам. 9-га ўсё аддзяленьне выйшла на працу, у наступныя дні таксама людзі тут начавалі, выходзілі не ў свае зьмены.

«Хуткія дапамогі» не пускалі, валянтэраў зьбівалі і затрымлівалі

— А ці праўда, што мэдыкаў не пускалі аказваць мэдычную дапамогу на месцы, іх білі, затрымлівалі?

Так. Крыўдна было. Здаецца, 11 жніўня «хуткім» забаранілі прыяжджаць туды. Брыгады маглі выехаць на месца, у асяродкі супраціву толькі на выклік міліцыі — 102. Іх туды не пускалі! Гэта нас вельмі моцна расстроіла, бо гэта баявая траўма: чым раней ты акажаш дапамогу, тым больш шанцаў пацярпеламу выжыць.

Але адчаю не было. Я ведаю прыклады, як мае калегі-валянтэры проста надзявалі будаўнічыя каскі, матацыклетныя шаломы, бралі выявы чырвоных крыжоў і ішлі «на перадавую». Пакавалі аптэчкі, бралі ўсё з сабой і ішлі аказваць дапамогу проста на поле бою.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Але наступны этап — калі іх таксама ўзялі. Мой знаёмы казаў: «Прабач, але ў мяне людзей не засталося, нашых таксама забралі і адправілі на Акрэсьціна». Дактароў-рэаніматолягаў, мэдсёстраў. У выніку аказалася, што людзі, якія знаходзяцца ў асяродках паражэньня, засталіся без мэдычнай дапамогі.

Паводле сусьветнай практыкі, у такой сытуацыі на дапамогу прыходзіць чырвоны крыж. Людзі падымаюць чырвоны крыж, і іх ніхто не чапае. Яны дапамагаюць абодвум процілеглым бакам. Так, могуць быць канфлікты, але людзей з чырвоным крыжам ніхто ня мае права кранаць. Параненых ніхто ня мае права дабіваць. Афіцыйны «Чырвоны крыж» у нас — гэта крыху іншая гісторыя. Але валянтэры стараліся. Яны мне скідвалі здымкі, як проста пакідалі на месцах перакіс вадароду, перавязачны матэрыял, каб людзі маглі надаць самадапамогу ці перавязаць параненага.

Я яшчэ падазраю, што многія з раненьнямі знаходзяцца дома, баяцца перасьледу ўладаў. І мы будзем мець яшчэ наступствы — ускладненьні ад гэтых раненьняў…

Валянтэры яшчэ апавядалі, што іх білі АМАПаўцы. Валянтэраў з чырвоным крыжам! «Я аказваю дапамогу — удар дубінкай мне ў сьпіну і ўдар па тым чалавеку, якому я аказваю дапамогу», — казаў валянтэр. Дабіваць параненага — гэта ўжо апошняя стадыя нізасьці. Гэта сапраўды сьведчаньні зь першых вуснаў.

— Ці даводзілася вам раней сутыкацца з такім траўмамі, аскепкавымі раненьнямі, кулявымі раненьнямі?

— Адкажу радком зь беларускага гімну: «Мы, беларусы, мірныя людзі». Калі Расея заўсёды з кімсьці ваюе — то Каўказ, то Крым, то Сырыя — то для нас гэта адзінкавыя выпадкі. Нават вайскоўцы нашыя рэдка з гэтым сутыкаюцца. Гэта няшчасныя выпадкі падчас вучэньняў. Ці пэтарды. Мы, шчыра кажучы, ведаем пра гэта тэарэтычна, але амаль не сутыкаліся на практыцы.

«Падымаеш майку — а там месіва, фарш. Мала таго, іх яшчэ мецілі незмывальнай фарбай»

—Акрамя параненых, траўмаваных на вуліцах, у шпіталь хуткай дапамогі прывозілі жорстка зьбітых людзей з пастарункаў і Акрэсьціна. Зараз, калі іх пачалі выпускаць, яны прыходзяць самі па дапамогу альбо каб зафіксаваць пабіцьцё. Якія пашкоджаньні ў іх?

— Так, калі спыніліся сутычкі на вуліцах, тысячы людзей закінулі за краты. І пачалі везьці людзей з Акрэсьціна, з РУУСаў. На іх было страшна глядзець — людзей тупа «адпрацоўвалі». Калі прывозілі людзей са спалучанымі траўмамі — жывога месца на іх не было, падымаеш майку — а там месіва, усё сіняе, фарш. Спрабуеш хлопца перакласьці з насілак на каталку — а ён раве ад болю.

Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Мала таго, іх яшчэ мецілі незмывальнай фарбай — лоб і руку. Навошта — я ня ведаю. Прычым гэта ніякія не бандыты, ані наркаманы, ані крымінальнікі. Гэта нармальныя маладыя хлопцы. Не было п’яных, забулдыг, алькаголікаў, асацыяльных людзей.

Вось гэта і прымусіла нас падняцца. Гэта ўжо па-за межамі.

У Беларусі акцыі заўсёды былі мірнымі. Скажыце, што перашкаджала дазволіць правесьці 6 жніўня акцыю ў парку Дружбы народаў? Я быў на папярэдняй акцыі на Бангалоры 31 ліпеня, там не было ніводнага хулігана, бандыта. Там былі нармальныя людзі, Я, палітычна нэўтральны чалавек, прыйшоў зь сям’ёй. Там былі прыгожыя людзі. Гэта быў драйв, сіла. Гэта быў момант, калі нараджаецца нацыя. Нам забаранілі зьбірацца мірна, і калі людзі выйшлі на пратэст, улада пачала выкарыстоўваць баявую зброю. Гвалт нараджае гвалт — па-іншаму быць ня можа.

«Апошняй кропляй стала затрыманьне рэаніматоляга Багдана Шыльнікоўскага»

— Ці былі вы на вуліцах у «гарачых пунктах» падчас сутыкненьняў? Ці выходзілі на акцыі пратэсту мэдыкаў?

— Я не хадзіў на барыкады не таму, што я баюся. Я проста ўсьведамляў, што ў клініцы буду больш карысным.

А на пратэсты мы таксама выходзім. 12 жніўня выходзілі да мэдычнага ўнівэрсытэту на мірную акцыю. Гэта было так узьнёсла! Апошняй кропляй стала затрыманьне нашага калегі доктара-рэаніматоляга Багдана Шыльнікоўскага, і народ зразумеў, што далей ўжо трываць нельга. Бо калі затрымліваюць суседа, знаёмага — гэта адно. Калі сваяка ці калегу — іншае. Як сказаў мне іншы калега, аднакурсьнік і сябар Багдана, «за што затрымліваць гэтага „пяльменя“, ён жа найдабрэйшы чалавек!»

Мы зьвярнуліся да галоўнага лекара: трэба тэрмінова яго вызваляць. Галоўны лекар нас зьбіраў, зьвязваўся з намесьнікам міністра і езьдзіў на Акрэсьціна яго шукаць. Але інфармацыя пра тое, што лекар зьбіты, пайшла ўжо па ўсёй сыстэме, і брыгада хуткай дапамогі яго вывезла з Акрэсьціна. У яго ёсьць праблемы са здароўем, не зьвязаныя з траўмай (цукровы дыябэт), і ўдалося яго вывезьці нават раней, чым на Акрэсьціна прыехаў галоўны лекар. Зараз Багдан знаходзіцца ў нас у стацыянары. Ён ужо бадзёры, нават жартуе.

— Міністэрства здароўя абвесьціла пару дзён таму, што вызваленыя 16 мэдыкаў з Акрэсьціна і іншых месцаў. Ці пісалі мэдыкі зварот, каб вызвалілі ўсіх іхных калег?

— Я супраць гэтага, бо лічу, што трэба змагацца не паводле прафэсійнай, этнічнай ці яшчэ якой прыкметы. Трэба змагацца за ўсіх. Там яшчэ застаюцца людзі, і многія ў цяжкім стане. Мы павінны патрабаваць вызваліць усіх. Мы не павінны пагаджацца на саступкі: вось вашага калегу выпусьцім, а іншага пакінем. Гэта антыгуманна. Гэта мая думка.

«Я не пускаю журналістаў у аддзяленьне, бо пацыенту давядзецца паўторна перажыць траўму»

— На Вашу думку, ці скончылася усё самае страшнае для пацярпелых, ці застаюцца яшчэ наступствы, ускладненьні?

— Вядома, застануцца. Любая стрэсавая сытуацыя так проста не праходзіць. Байцоў АМАП, САХР, міліцыянтаў адмыслова трэнуюць, яны прывычныя, гэта іх прафэсія, а мы звычайныя людзі. Бясьсьледна гэта ня пройдзе. Тут, у шпіталі, мусяць працаваць прафэсійныя псыхолягі. А да нас прыходзяць толькі валянтэры-псыхолягі.

Мы не павінны нічога хаваць, нічога не павінна замоўчвацца — гэта нашы грамадзяне. Павінны быць сьпісы ўсіх затрыманых і месцы, дзе яны знаходзяцца. А ня так, што валянтэры шукаюць людзей па ўсіх пастарунках і шпіталях. Павінен быць даведачны цэнтар для сваякоў, каб яны маглі апэратыўна атрымаць інфармацыю.

Мы рыхтаваліся да найгоршага. У мяне ў аддзяленьні дагэтуль застаюцца дзьве рэанімацыйныя палаты, дзе можна разьмясьціць па 4 чалавекі ў кожнай. Але, дзякуй Богу, у нашам аддзяленьні няма
вельмі цяжкіх пацярпелых, якія мелі патрэбу ў інтэнсіўнай рэанімацыі.

Чаму я зараз не пускаю журналістаў да сваіх пацярпелых пацыентаў? Журналісты будуць распытваць, а чалавеку давядзецца паўторна перажыць гэтую траўму. Граматна перажыць яе пацярпелыя могуць толькі пры дапамозе псыхоляга. Калі чалавек перажыве гэта ўсё, ён, магчыма, будзе ў стане расказаць журналісту пра перажытае. Але гэта не павінна быць паўторным траўмавальным фактарам.

Я разумею, што сьвет мусіць ведаць зь першых вуснаў, што адбылося — пра гвалт, бясчынствы, боль гэтых людзей. Але гэтым людзям трэба спачатку дапамагчы.

Тыя хлопцы, якія да нас трапілі, першыя суткі-двое проста спалі. Зойдзеш у палату, павітаесьця, яны сьпяць. Пад вечар апрытомнеюць, прачнуцца: «Вітаю, доктар!» А я ўжо разоў 10 туды заходзіў.
Аднаго хлопца прывезьлі з Акрэсьціна на «хуткай дапамозе». Там яго трое сутак тупа білі. І ён, калі перагружалі ў машыну хуткай дапамогі, пытаўся: «А мяне ня будуць больш біць?» А хлопцу 20 гадоў! За што?

«Улада, якая ня мае павагі, — гэта канец!»

— Як вы даяце рады, як перажываеце стрэс, бачачы ўсё гэта і фактычна тыдзень ужо працуючы ў вельмі напружаным рытме?

— Сьпіртное я ня п’ю, не куру. Усе дні адстаяў у прыёмным аддзяленьні, усё бачыў, разьмяркоўваў, сам аказваў дапамогу. Што ратавала — проста хадзіў вакол шпіталя. Хадзіў, хадзіў кругамі. Калі злосьць закіпала — сьціскаў зубы ад свайго бясьсільля.

Калі ладзілі акцыю — паўстала пытаньне, ці пайду я на акцыю. Адназначна пайду! Я разумеў, што мне хранова і толькі гэтым я магу ратавацца ад стрэсу. Калі мы выйдзем усе разам і скажам «Не!» — тады мы сіла! І толькі разам мы можам зьмяніць сытуацыю.

Калі ўлада моцная, я яе слухаю. Я даю інтэрвію, не пытаючыся дазволу ў прэс-службы, як нам усім загадалі. Я не раблю нічога процізаконнага. Вы, улады, дапусьцлі гэтае цемрашальства, а я буду ў вас дазволу прасіць на тое, каб гаварыць?

Улада страціла павагу. Яны не разумеюць, што ўлада, якая ня мае павагі, — гэта канец!

Поделиться:
Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
8 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
Kol_ya_n

«Вы, улады, дапусьцлі гэтае цемрашальства, а я буду ў вас дазволу прасіць на тое, каб гаварыць?
Улада страціла павагу. Яны не разумеюць, што ўлада, якая ня мае павагі, — гэта канец!»
100%!
P.S. Только ‘тарашкевица’ ужасна. Беларуская мова звучит как песня, но такая грамматика ломает мозг.

Scroll Up