Новости / Выборы

«Вочы апускаюць»: 20-гадовую назіральніцу не пускаюць у школу яе ж настаўнікі

7.08.2020, 12:31  / remove_red_eye 2859   / chat_bubble6

Іве Амбражэвіч 20 гадоў. Адкуль такое незвычайнае імя? «Бацькі пастараліся», — смяецца дзяўчына.

«Вочы апускаюць»: 20-гадовую назіральніцу не пускаюць у школу яе ж настаўнікі

Фото: Наша Нiва

Яшчэ зусім нядаўна яна была вучаніцай школы №59 у Мінску, а сёлета паспрабавала стаць назіральніцай на адным з участкаў у роднай школе. З чым Іва сутыкнулася, яна расказала карэспандэнту «НН».

«Я вучылася тут з 6 да 9 класа. Потым паступіла ў каледж мастацтваў. І з вучобы ў каледжы, і па жыцці ў мяне былі сябры, якія цікавіліся палітыкай. Ёсць добры сябра з «Моладзі БНФ». Праз гэтыя каналы, праз знаёмых я трошкі валодала інфармацыяй. Але мне здавалася, што гэта не дужа тычыцца мяне, а я сама чалавек апалітычны. Натуральна, што ўсё гэта на паверхні і ўсіх тычыцца. Калі падчас вучобы праходзілі мітынгі, то пары нам пераносілі на вечар, каб мы не хадзілі. Дзесьці адлічвалі маіх сяброў з універсітэтаў.

Страшныя рэчы адбываліся, у такой сітуацыі быць апалітычным немагчыма. Палітыка ж яна проста вакол: калі ідзеш у краму і бачыш там цэны, калі бачыш пенсію бабулі, якая 40 гадоў адпрацавала на птушкафабрыцы, а цяпер мае 300 рублёў», — кажа Іва.

На гэтых выбарах яна не была ў ініцыятыўных групах кандыдатаў у прэзідэнты, не збірала подпісы за іх вылучэнне, хоць сама падпісвалася. А вось прапусціць магчымасць стаць назіральнікам не змагла.

«Я хацела спачатку стаць членам выбарчай камісіі. Калі я пра гэта даведалася, то мне падалося нечым нерэальным. Гэта аказваецца, што можна стаць чалавекам, які лічыць галасы! У «Сумленных людзей» усё так пазітыўна было апісана, гэта яны мяне падштурхнулі, сама б я, можа, не пайшла.

Было прыемна стасавацца з суседзямі, у нас у спальных раёнах не дужа прынята кантактаваць. І тут я пазнаёмілася з многімі людзьмі, што жывуць у маім доме, яны зычылі поспеху. Першае, што непрыемна здзівіла — гэта анлайн-трансляцыя з пасяджэння. Гэта значыць, што ніхто з нас не мог абараніць сваю кандыдатуру асабіста. Толькі па факце я ўбачыла, што за маю кандыдатуру ніхто не прагаласаваў. Затое пачула прозвішчы ўсіх маіх настаўнікаў.

Я падпісвалася за ўсіх кандыдатаў. Перажывала, калі не зарэгістравалі Бабарыку і Цапкалу. Пісала ў Фрунзенскі раён, каб мой подпіс прызналі, хадзіла стаяла ў чарзе ў ЦВК. Тыповыя беларускія забаўкі апошнім часам.

Потым мяне літаральна шакавала, што назіральнікам можа стаць кожны, я ніколі раней пра гэта не думала. Тое самае і пра членаў выбарчай камісіі, але гэтыя правы я не магу рэалізаваць.

Я пайшла ў назіральнікі з намерам паглядзець у вочы настаўнікам. Думала, што прыйду на ўчастак, гляну на іх, яны вочы апусцяць і скажуць: «Усё, хопіць». Натуральна, такога не адбылося.

Потым я звязалася з арганізацыяй «Права выбара», даведалася пра іх. У нас былі класныя трэнінгі, якія праводзіў Зміцер Салошкін, я вельмі рыхтавалася. Было страшна, што я стану назіральнікам, а потым затуплю, не так зразумею, не так зраблю, скаргу не падам. Але па факце я не магу выконваць сваю ролю назіральніка», — кажа Іва.

На выбарчым участку ў школе дзяўчына сутыкнулася з класнай. «Мая класная кіраўніца Эла Уладзіміраўна Апаровіч адпускае ў дачыненні да мяне ўсялякія рэплікі. Я спачатку не разумела, што такое, а потым стала ясна — яна ж намесніца старшыні ўчастковай выбарчай камісіі. Мы калі з ёй на вуліцы бачыліся выпадкова, то добра стасаваліся. Заўсёды цікавілася, як справы.

31 ліпеня я прыйшла падаваць дакументы, каб быць назіральнікам, а Апаровіч на мяне не глядзіць, чытае выключна паперы. «Вы нейкую фігню прынеслі», — гаворыць яна мне. Я падавала заяву на галосны і адкрыты падлік галасоў. Вядома ж, мне сказала, што ніхто так рабіць не будзе, як напісана ў заяве. Калі Апаровіч — намесніца старшыні камісіі, то і адказнасць на ёй адпаведная. Плюс да ўсяго мяне назіраць адпраўляла Партыя БНФ, а на партыйных тут яшчэ горш пазіраюць.

У школе №59 чатыры ўчасткі для галасавання. На 30-м участку, дзе старшынёй камісіі з’яўляецца дырэктарка школы Наталля Чухманава, назіральнікі сядзяць адны і тыя ж. На 32-м участку мяняюцца. «Сядзяць толькі тыя, каго хоча камісія. Мы не ведаем, ад каго там назіральнікі», — гаворыць Іва.

4 жніўня ў якасці назіральнікаў дырэктарка школы выйшла і забрала сваіх. «Чаму сваіх? Бо гэта тыя настаўнікі, якія вялі ў мяне прадметы. Яны з дырэктаркай прайшлі, большасць з настаўнікаў я ведаю. Яны спасылаюцца на 115-ю пастанову, дзе абмяжоўваецца колькасць назіральнікаў у памяшканні для галасавання, але чаму нельга знаходзіцца ў самой школе? Кажуць, звяртайцеся да дырэктара школы. Тая нічога не дазваляе».

Колькасць назіральнікаў на ўчастках абмежавалі праз эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, але ўсе назіральнікі, якіх змаглі ўбачыць на 30-м і 32-м участках, былі без масак і пальчатак. Усе члены камісій таксама без масак і пальчатак. Швейцар, які адчыняе дзверы ў школу, ні разу не апрацаваў ручкі.

У першы дзень незалежныя назіральнікі змаглі налічыць 264 чалавекі, але тут ходзяць і работнікі школы, і людзі, што прыходзяць у басейн. 264 — гэта максімальная колькасць! А ў іх нібыта 318.

«Мы цэлы дзень стаім на вуліцы, у туалет прайсці нельга. Учора ўвесь дзень паліла сонейка, — кажа Іва Амбражэвіч. — Чухманава нас здымала на камеру. Магчыма, каб паказаць супрацоўнікам міліцыі, каго трэба «прымаць», каб ведалі ў твар усіх.

Іва і сама папрацавала троху выкладчыцай керамікі, але ў недзяржаўным цэнтры. «Настаўнікаў сваіх бачыла. Не пыталася, ці ім сорамна. Мы ж у дзелавых адносінах. Прынамсі з майго боку гэта так. Тут такі раён, што шматдзетныя сем’і і льготнікі. Настаўнікі бралі на сябе выхаваўчыя функцыі. Той жа мой класны кіраўнік, мне заўсёды было цікава на яе ўроках. І настаўніца па беларускай мове, яна таксама ў камісіі. Уявіць не магла, што такі цырк можа быць. Я ж з гэтымі настаўнікамі сядзела побач, стасавалася, а цяпер нават павітацца не магу. Вечарам, калі выходзяць, то не вітаюцца, вочы апускаюць», — расказала дзяўчына.

Читать также
Комментарии

Правила комментирования

Подписаться
Уведомление о
6 Комментарий
большинство голосов
новее старее
Ответы по тексту
Посмотреть все комментарии
злой кот

Учитель ..в советские годы была уважаемая профессия))) это же надо так ее испоганить))

Scroll Up